Фарміраванне даследчых уменняў вучняў пачатковых класаў сродкамі вучэбнага прадмета “Чалавек і свет”

- 18:50Методичка, Начальная школа. Материалы к урокам

 

Таццяна ПЕЛЕШ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “ВПК Грынкоўскі дзіцячы сад – базавая школа Свіслацкага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Адна з галоўных задач пачатковай школы – навучыць дзяцей спосабам і прыёмам самастойнага авалодання ведамі. Важную ролю ў гэтым адыгрывае даследчая дзейнасць, якая пашырае ўяўленні навучэнцаў пра навакольны свет і дазваляе зрабіць любы ўрок цікавым і пазнавальным, знаходзячы працяг на факультатыўных і стымулюючых занятках, а таксама ў пазаўрочнай дзейнасці. Акрамя таго, гэта дзейнасць добра развівае інтэлектуальную і творчую ініцыятыву, фарміруе асаблівы тып мыслення, трывалыя веды і ўменне імі карыстацца на практыцы. [4, с. 57].

Даследчая дзейнасць каштоўная тым, што падчас яе правядзення навучэнцы вучацца самастойна набываць веды, атрымліваюць вопыт вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Менавіта даследчая дзейнасць фарміруе ў вучняў такія асобасныя якасці, як актыўнасць, нестандартнасць мыслення, так запатрабаваныя ў сучасным свеце.

Вядомы вучоны Аляксандр Ільіч Савянкоў сказаў, што “імкненне да даследавання генетычна ўласціва дзіцяці; пошукавая актыўнасць, выяўленая ў патрэбе даследаваць навакольны свет, – адна з галоўных і натуральных праяў дзіцячай псіхікі”. [2, с. 23].

Дзеці ўжо па прыродзе сваёй даследчыкі, і самыя каштоўныя і трывалыя веды здабываюцца імі самастойна, падчас уласных творчых пошукаў. Даследчая дзейнасць малодшых школьнікаў – гэта творчая дзейнасць, накіраваная на пазнанне навакольнага свету, адкрыццё дзецьмі новых для іх ведаў і спосабаў дзейнасці. [5, с. 123].

Так узнікла ідэя далучэння вучняў да даследчай дзейнасці на вучэбных занятках па прадмеце “Чалавек і свет”, паколькі ў самой вучэбнай праграме закладзены вялікія магчымасці для працы ў гэтым кірунку.

 

Мэта: фарміраванне ў вучняў уменняў даследчай дзейнасці праз прымяненне разнастайных формаў, метадаў і прыёмаў работы на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”.

Задачы:

1) ствараць умовы для развіцця ў навучэнцаў даследчых уменняў з мэтай раскрыцця іх асобаснага патэнцыялу;

2) развіваць уменне ставіць пытанні, назіраць, выказваць здагадкі, аналізаваць, параўноўваць, вылучаць гіпотэзы, рабіць высновы і абагульненні;

3) навучыць працаваць з дадатковай даведачнай і энцыклапедычнай літаратурай;

4) навучыць праводзіць доследы, эксперыменты, міні-даследаванні на пэўную тэму;

5) павысіць выніковасць удзелу вучняў у навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, прадметных алімпіядах і інтэрнет-алімпіядах.

 

Працягласць працы па фарміраванні ў навучэнцаў даследчых уменняў складае чатыры гады, з I па IV класы. У 2020/2021 навучальным годзе працую з навучэнцамі ў гэтым кірунку чацвёрты год.

У І класе я праводзіла прапедэўтычную працу па фарміраванні даследчых уменняў: задаваць пытанні, назіраць, параўноўваць.

Для фарміравання ўмення задаваць пытанні выкарыстоўвала наступныя заданні:

– паказвала малюнкі з выявамі людзей, жывёл і прапаноўвала задаць ім пытанні;

– іншае заданне: якія пытанні дапамогуць табе даведацца новае пра прадмет, які ляжыць на стале?

– выкарыстоўвала гульню “Знайдзі загаданае слова” (дзеці задавалі розныя пытанні пра адзін і той жа прадмет, ужываючы словы “што”, “як”, “чаму”, “навошта”).

Для развіцця ўмення назіраць выкарыстоўвала заданні на развіццё ўвагі і назіральнасці:

– паказвала дзецям які-небудзь прадмет; разам разглядалі гэты прадмет ўважліва; затым прапаноўвала дзецям заплюшчыць вочы, прыбірала прадмет і прасіла ўспомніць і назваць усе яго дэталі; наступны этап задання – намаляваць прадмет па памяці;

– выкарыстоўвала парныя карцінкі, якія змяшчаюць адрозненні (знаходжанне адрозненняў).

Добрую магчымасць для развіцця здольнасці да назірання даюць загадкі-апісанні, заданні з наўмысна зробленымі памылкамі. Так, апісваючы бярозу, наўмысна дапускала памылкі: лісце буйнае (невялікае), круглае (па форме нагадвае ромб), з зубчыкамі, плады-арэшкі сабраны ў завушніцы. Ці згодныя вы з такім апісаннем?

З улікам узроставых асаблівасцей дзяцей выкарыстоўвала розныя гульні: “Следапыт”, “Пільнае вока”, “З якой галінкі гэтыя дзеткі?”, “Загадкавы малюнак”, “Сляды добрага і дрэннага чалавека” і інш.

Уменне назіраць фарміравала пры правядзенні экскурсій, тэматычных прагулак, падчас якіх праводзілі самыя простыя назіранні за з’явамі і працэсамі прыроды.

Пачынаючы з I класа, практыкавала правядзенне экспрэс-даследаванняў і простых доследаў. Напрыклад, па тэме “Змяненні ў нежывой прыродзе зімой” дзеці даследавалі, ці чысты белы снег. Для гэтага паклалі сняжок на белую тканіну і змясцілі ў празрысты посуд, паставілі каля батарэі. Праз некаторы час снег ператварыўся ў ваду, а на белай тканіне засталася шэрая пляма. Так быў атрыманы адказ на пытанне.

Падчас вывучэння тэмы “Жыццё птушак зімой” навучэнцы атрымлівалі індывідуальныя і групавыя заданні: даследаваць, якія птушкі жывуць у ваколіцах школы. Вывучаючы тэму “Расліны – частка жывой прыроды”, шукалі адказы на наступныя пытанні: якія дрэвы растуць на тэрыторыі школы, вашага двара?

На першым этапе вучыла дзяцей працаваць з дзіцячымі энцыклапедыямі, даведачнай літаратурай. Пасільную дапамогу ў гэтым аказвалі бацькі, яны сумесна з дзецьмі чыталі артыкулы па тэме, выбіралі неабходную інфармацыю. А мы з навучэнцамі сабраныя звесткі аналізавалі і абагульнялі, затым навучэнцы рабілі паведамленні. Пры падрыхтоўцы паведамленняў вучыла дзяцей карыстацца выразамі: “на мой погляд”, “я думаю”, “я лічу”, “я згодны з меркаваннем”.

У выніку першага года працы ў навучэнцаў былі сфарміраваны першапачатковыя ўяўленні пра дзейнасць даследчыка, яны навучыліся ставіць пытанні, выказваць меркаванні, назіраць, праводзіць экспрэс-даследаванні, простыя доследы. Былі складзеныя кніжкі-малышкі на тэму “Жывая і нежывая прырода”, “Дзікія і хатнія жывёлы”.

У ІІ класе працягвалася работа па развіцці даследчых уменняў: бачыць праблемы, вылучаць гіпотэзы, даваць азначэнне паняццям, аналізаваць, параўноўваць, класіфікаваць, рабіць высновы, абагульняць.

На ўроках выкарыстоўвала наступныя формы і спосабы дзейнасці: назіранні па плане, складанне схем, міні-паведамленні, правядзенне доследаў сумесна з настаўнікам, эксперыменты, міні-даследаванні, стварэнне міні-праектаў пад кіраўніцтвам настаўніка па вывучаных тэмах.

З мэтай развіцця ўмення бачыць праблемы прапаноўвала розныя заданні. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Расліны – частка жывой прыроды” перад навучэнцамі была пастаўлена праблема: “У збожжасховішча засыпаюць толькі сухое насенне. Чаму?” Для вырашэння гэтай праблемы навучэнцы карысталіся дадатковай літаратурай, інтэрнет-крыніцамі, звярталіся па дапамогу да дарослых.

Услед за выяўленнем праблемы праводзіўся пошук яе рашэння. Таму далей вучыліся вылучаць гіпотэзу, г.зн. выказваць меркаванне. Для гэтага выкарыстоўвала наступныя заданні:

1) “Чаму?”: з’явы і працэсы навакольнага свету выбіралі ў якасці аб’ектаў даследавання (“Чаму аблокі не падаюць на зямлю?”, “Чаму расліны цягнуцца ўверх?”, “Чаму летам снег у гарах не растае?”);

2) “Калі б…”: рэальным аб’ектам прыпісваліся неўласцівыя ім функцыі і выказваліся меркаванні, што можа быць у выніку такіх дапушчэнняў (“Калі б людзі ўмелі ўстанавіць патрэбную тэмпературу паветра”, “Калі б можна было змяніць надвор’е”;

3) “Тлумачэнне сітуацый”: прапаноўвала сітуацыю, якую трэба растлумачыць як рэальнымі, так і фантастычнымі прычынамі (на ўроку па тэме “Расліны – частка жывой прыроды” была прапанавана наступная сітуацыя: “Чаму насенне пасаджанай расліны не ўзышло?”).

На ўроках выкарыстоўвала заданні, якія патрабуюць хоць бы невялікага самастойнага пошуку, абуджаюць думку навучэнцаў. Пры вывучэнні тэмы “Ахова жывёл” навучэнцам было прапанавана знайсці адказ на пытанне: “Падчас нерасту рыб забаронена званіць у званы. Чаму?” Вывучаючы тэму “Ядавітыя расліны”, навучэнцы шукалі дадатковую інфармацыю пра карысць ядавітых раслін.

Для таго каб навучыць дзяцей вызначаць паняцце, я ўжывала адносна простыя прыёмы: апісанне, параўнанне сваіх апісанняў з іншымі, распазнаванне (напрыклад, вясна і восень – поры года, але чым яны адрозніваюцца), абагульненне.

Пры вывучэнні тэмы “Расліны” выкарыстоўвала заданні:

1) Знайдзі часткі расліны. Параўнай сцябло і корань. Што ў іх агульнага і ў чым адрозненні?

2) Разгледзь клубень бульбы. Чым клубень бульбы адрозніваецца ад караняплода буракоў?

Для развіцця ўмення класіфікаваць я выкарыстоўвала папулярнае заданне “Чацвёрты лішні”. Пры вывучэнні тэмы “Харчаванне і здароўе” навучэнцы класіфікавалі агародніну і садавіну па асноўнай прымеце, па колеры, па форме і г.д. Чым больш дзялення, тым большая прадуктыўнасць мыслення. Выкарыстоўвала заданні на класіфікацыю з відавочнымі памылкамі. Такія заданні дазваляюць развіваць крытычнае мысленне, што вельмі важна ў даследчай дзейнасці.

З мэтай фарміравання даследчых уменняў праводзілі доследы. Пры вывучэнні тэмы “Глеба” былі праведзены наступныя доследы:

1) Кавалачак сухой глебы апусцім у шклянку з вадой. Што назіраем? Пра што гэта гаворыць? (Вылучаюцца бурбалкі, у глебе ёсць паветра).

2) Кавалачак глебы змесцім у бляшанку і будзем награваць. Над глебай патрымаем шкляную пласцінку. Што заўважым? (Кропелькі вады).

3) Працягваем награваць глебу. Што мы бачым і адчуваем? (Пах гару, згараюць рэшткі раслін, значыць, у глебе змяшчаецца перагной).

Праводзячы даследаванні з пяском і глінай, мы вызначалі іх уласцівасці і складалі параўнальную табліцу (Дадатак 1).

Вывучаючы ўласцівасці вады, паветра, глебы, вучыліся праводзіць эксперымент – найважнейшы з метадаў даследавання. Самыя цікавыя эксперыменты – гэта, вядома, рэальныя доследы з рэальнымі прадметамі і іх уласцівасцямі. Напрыклад, “Чаму паветраны шар не тоне ў вадзе?”, “Ці раствараецца ў вадзе мел?” (Дадатак 2).

У час вывучэння раздзела “Чалавек і здароўе” быў праведзены ўрок-даследаванне па тэме “Харчаванне і здароўе. Карысць мёду”. Метады і прыёмы, формы работы на ўроку былі накіраваны на развіццё даследчых уменняў навучэнцаў. Папярэдняй працай да ўрока быў пошук і збор інфармацыі навучэнцамі. У ходзе ўрока прапаноўвала заданні, накіраваныя на выяўленне розных уласцівасцей і карысці мёду, лагічныя задачы. Адным з этапаў урока было правядзенне доследаў пад кіраўніцтвам настаўніка хіміі (Дадатак 3).

На працягу навучальнага года навучэнцы праводзілі міні-даследаванні на пэўную тэму: пра жывёл, насякомых, птушак, пра расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу і інш. Вучні самастойна або з дапамогай бацькоў шукалі адпаведную інфармацыю. У класе пад кіраўніцтвам настаўніка заносілі патрэбныя звесткі ў ліст-схему. На ўроку прадстаўлялі кароткія паведамленні па выніках міні-даследавання.

Вынікам другога года работы па развіцці даследчых уменняў стала тое, што навучэнцы атрымалі навыкі правядзення міні-даследаванняў, навучыліся складаць простыя вусныя паведамленні па выніках даследавання, пазнаёміліся з агульнай схемай даследчай дзейнасці.

У ІІІ класе павялічылася складанасць вучэбна-даследчых задач, працавалі над уменнем праводзіць даследаванне ў адпаведнасці з планам. Пад маім кіраўніцтвам навучэнцы складалі план-графік выканання навучальнага даследавання: вызначалі часавыя рамкі, аб’ём працы і этапы яе выканання. Педагагічнае кіраўніцтва вучэбнымі даследаваннямі ажыццяўляла на ўсіх этапах выканання работы, але найбольш значным яно было на этапе фармулявання тэмы, мэты, задач, зыходных палажэнняў, а таксама пры аналізе выканання даследавання. Пры вывучэнні тэмы “Формы зямной паверхні” правялі даследаванне рэльефу сваёй мясцовасці.

Пачалі працаваць над складаннем даследчых работ. Тэму для даследавання выбіралі сумесна з навучэнцамі. Навучэнцамі было праведзена даследаванне крыніцы ў Белавежскай пушчы, якая дае пачатак возеру Пясец, і аформлена даследчая работа на тэму “Вытокі возера Пясец”, якая была ўдастоена дыплома III ступені ў абласным конкурсе даследчых і творчых праектаў “Я пазнаю свет” сярод малодшых школьнікаў (Гродна, 2019 год).

Да канца трэцяга года навучання дзеці навучыліся праводзіць міні-даследаванні па плане і афармляць іх вынікі. Дыягностыка сфарміраванасці даследчых уменняў, праведзеная ў адпаведнасці з крытэрамі, паказала, што паказчыкі павысіліся (Дадатак 4).

Працягваецца праца ў азначаным кірунку ў IV класе. Асноўная ўвага ўдзяляецца фарміраванню ў навучэнцаў умення планаваць свае дзеянні ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай даследавання; аналізаваць і супастаўляць інфармацыю, прадстаўленую ў розных крыніцах; выкарыстоўваць атрыманыя ўменні ў складанні даследчых праектаў.

Пры правядзенні міні-даследавання на зададзеную тэму (напрыклад, “Рэкі і азёры маёй малой радзімы”, “Адкуль пайшла назва нашай вёскі”, “Вырабы мясцовых майстроў” і інш.) навучэнцы ажыццяўляюць пошук неабходнай інфармацыі, выкарыстоўваючы рэсурсы бібліятэкі, інтэрнету, матэрыялы школьнага музея, сустракаюцца са старэйшымі жыхарамі вёскі. Па выніках праведзенага даследавання рыхтуюць кароткія паведамленні, з якімі выступаюць на ўроку. Пасля выступлення абавязкова праводзім яго абмеркаванне, аднакласнікам даецца магчымасць задаць пытанні па тэме даследавання.  

Як паказвае вопыт, удзел у даследчай дзейнасці павышае ўпэўненасць навучэнцаў у сабе, прывівае навыкі самакантролю, самаарганізацыі, развівае актыўнасць, адказнасць, што дазваляе больш паспяхова вучыцца. Сярэдні бал навучанасці класа – 8.76, па прадмеце “Чалавек і свет” – 8.67. Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах, алімпіядах і паказваюць добрыя вынікі. У малодшых школьнікаў з’яўляюцца вельмі важныя ўласцівасці асобы – жаданне і ўменне супрацоўнічаць са сваімі аднакласнікамі падчас выканання вучэбнай задачы, наяўнасць патрэбнасці пазнаваць новае. Гэта відаць з маніторынгу матывацыі да даследчай дзейнасці: у першым класе наяўнасць толькі сітуатыўнага інтарэсу, у пачатку чацвёртага класа – рост устойлівай цікавасці да даследчай дзейнасці.

Зыходзячы з вышэйсказанага, можна зрабіць выснову, што даследчая дзейнасць – гэта шлях фарміравання асаблівага стылю дзіцячага жыцця і вучэбнай дзейнасці. Яна дазваляе трансфармаваць навучанне ў саманавучанне, рэальна запускае механізм самаразвіцця. Даследчая дзейнасць у пачатковай школе спрыяе агульнаму развіццю школьнікаў, раскрыццю іх творчага патэнцыялу.

 

Дадатак 1

 

Прыметы параўнання

Пясок

Гліна

Стан (цвёрды, вадкі)

 

 

Будова (сыпучае, зямлістае)

 

 

Цвёрдасць (цвёрдае, мяккае)

 

 

Памеры часцінак (буйныя, дробныя)

 

 

Адносіны да вады (прапускае, не прапускае)

 

 

Пластычнасць

 

 

Пах

 

 

 

Дадатак 2

Эксперымент «Ці раствараецца мел у вадзе

Мэта эксперымента: вызначыць, ці раствараецца мел у вадзе?

 Ход эксперымента

Спачатку вызначаем, што значыць “растварыцца ў вадзе”. Для правядзення эксперымента ў пластыкавую бутэльку наліваем ваду. Дзеці адзначаюць, што вада празрыстая. Затым здрабняем кавалачак мелу, атрыманы парашок засыпаем у бутэльку, старанна ўстрасаем. Назіраем, што вада стала мутная, афарбафалася ў колер мелу. Затым ставім бутэльку на стол. Праз 5 хвілін вучні адзначаюць, што на дне бутэлькі ўтварыўся асадак. Вывад: мел у вадзе не раствараецца.

 

Дадатак 3

Фрагмент урока “Правільнае харчаванне. Карысць мёду”

     Настаўнік: Пры ўжыванні мёду неабходна ведаць, натуральны ён або ненатуральны. Пчалаводы гавораць, што калі набіраеш мёд на лыжку і пачынаеш выліваць, то ён павінен налівацца бесперарыўна горкай. Таксама натуральны мёд мае ўласцівасць хутка зацукроўвацца, станавіцца густым. Сёння мы будзем праводзіць доследы, у якіх нам дапаможа настаўнік хіміі (Сяргей Пятровіч Барэль).

     Настаўнік хіміі: Галоўнай складанай часткай мёду з’яўляецца глюкоза і фруктоза. Колькасць асноўных рэчываў залежыць ад гатунку мёду. Як вызначыць, ці натуральны мёд? Каб мёд прыносіў карысць, ён павінен быць натуральным. Па-сапраўднаму праверыць мёд можна, толькі правёўшы спецыяльны дослед. У састаў мёду ўваходзіць такі кампанент, як глюкоза. Чым больш глюкозы, тым хутчэй мёд зацукроўваецца, адпаведна ён натуральны, а калі ў саставе фруктоза – ён рэдкі і ненатуральны.

     Дослед № 1 “Вызначэнне глюкозы ў мёдзе”

Бярэм адну частку мёду і раствараем яго ў двух частках дыстыляванай вады. Затым дадаем 2 мл раствору шчолачы. Пасля гэтага – некалькі кропель раствору сульфату медзі. Атрымаўся раствор ярка-бэзавага колеру. Змесціва прабіркі падагрэлі. Раствор змяніў колер на жоўты, а затым з’явіўся асадак. Наш вопыт атрымаўся – у мёдзе сапраўды ёсць глюкоза.

Вывад: Мёд натуральны.

Адпаведна, калі мёд не зацукроўваецца і стаіць на прылаўках магазінаў рэдкім і празрыстым, значыць,ў яго састаў дабавілі другія рэчывы.

 

     Дослед № 2 “Вызначэнне крухмалу ў мёдзе” (праводзяць дзеці разам з настаўнікам)

Для таго каб праверыць, ці ёсць у мёдзе крухмал, неабходна разбавіць мёд у невялікай колькасці вады і капнуць туды 4–5 кропель ёду. Калі раствор пасінее, значыць для прыгатавання прадукту выкарыстоўвалі крухмал.

Вывад: Калі ў мёдзе ёсць крухмал – ён ненатуральны.

 

     Дослед № 3 “Наяўнасць прымесей мелу”

Калі ў той жа раствор замест ёду капнуць некалькі кропель воцатнай эсэнцыі, мы праверым мёд на наяўнасць мелу. Калі раствор не зашыпеў, значыць у мёдзе мелу няма.

 

Дадатак 4

 

 

Спіс літаратуры

1 Бойкова, И.Н. Организация исследовательской деятельности младших школьников. / И.Н. Бойкова // Начальная школа плюс До и После. – 2009. – № 11.
2 Гин, С.И. Использование компетентностных заданий при изучении предмета «Человек и мир». / С.И. Гин, М.И. Добродушенко // Пачатковая школа. – 2017. – № 4.
3 Мирончук, Н.Я. Юные исследователи. Организация исследовательской работы в начальной школе / Н.Я. Мирончук // Пачатковая школа. – 2007. – № 1.
4 Савенков, А.И. Путь в неизведанное. Развитие исследовательских способностей школьников : методическое пособие для школьных психологов / А.И. Савенков. – М. : Генезис, 2005.
5 Савенков, А.И. Методика проведения учебных исследований учащихся начальной школы / А.И. Савенков // Библиотека журнала «Директор школы». – 2001.
6 Трофимов, С.А. О новом УМК по Человек и мир. Методические рекомендации по проведению уроков по предмету “Человек и мир” в 1 классе. / С.А. Трофимов, Г.В. Трофимова // Пачатковая школа. – 2017. – № 5.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий