Ідэя правядзення ўрока па прадмеце “Чалавек і свет” у 2-м класе па тэме “Значэнне і ахова вады”

- 11:46Методичка, Начальная школа. Идеи

 


Ніна ТРАХІМІК,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “ВПК Грынкаўскі дзіцячы сад – базавая школа
Свіслацкага раёна”,
Гродзенская вобласць

grinki.school@tut.by

 

 

 

У матэрыяле апісаны ўрок па прадмеце “Чалавек і свет” у 2-м класе па тэме “Значэнне і ахова вады”, які прайшоў пад дэвізам: “Вада – крыніца жыцця”.

 

У пачатковых класах вялікае значэнне ў экалагічным выхаванні малодшых школьнікаў мае прадмет “Чалавек і свет”. На ўроках вучні знаёмяцца з разнастайнасцю навакольнага свету, прыроднымі асаблівасцямі роднага краю, вучацца знаходзіць у прыродзе ўзаемасувязі, назіраць прыродныя з’явы, даведваюцца пра наступствы дзейнасці чалавека, як спрыяльнай, так і негатыўнай. Праграмны матэрыял садзейнічае фарміраванню ў навучэнцаў актыўнай пазіцыі абаронцы прыроды. Дзеці з ранніх гадоў вучацца жыць у згодзе з навакольным асяроддзем.

Чарговы ўрок па прадмеце “Чалавек і свет” у 2-м класе Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна прайшоў па тэме “Значэнне і ахова вады” пад дэвізам: “Вада – крыніца жыцця”. Эмацыянальны настрой, з якога пачаўся вучэбны занятак, настроіў дзяцей на працу. Каб актывізаваць пазнаваўчую дзейнасць вучняў, ім была прапанавана загадка. Па адгадцы вучні вызначылі тэму ўрока.

На ўрок да другакласнікаў “прыйшлі” дзве кроплі вады. Вучням трэба было вызначыць, адкуль яны з’явіліся. Ведаючы ўласцівасці вады, дзеці здагадаліся, што адна кропля прыйшла з крана (яна была чыстая і празрыстая), а другая – з лужы або з вадаёма, бо яна была брудная і ў ёй плавалі розныя бактэрыі, мікробы, нават рэшткі раслін. Быў зроблены вывад, што чыстая і празрыстая кропля прыгодная для ўжывання ў ежу, а яе сяброўка – не.

Каб праверыць, як вучні засвоілі тэму папярэдняга ўрока, вучням былі прапанаваны практычныя сітуацыі. Другакласнікі называлі ўласцівасці вады, якія праяўляюцца, калі мама дадае пральны парашок перад праннем адзення, калі дадае ў ваду соль у час прыгатавання ежы і ў іншых сітуацыях. Таксама вучні расказалі, дзе ў прыродзе сустракаецца вада.

У пачатку вывучэння новай тэмы вучням было прапанавана праблемнае пытанне: “Чаму вада з’яўляецца крыніцай жыцця на зямлі?”. Другакласнікі прывялі прыклады, што без вады не могуць жыць людзі, жывёлы і расліны.

Брудная кропля вады расказала вучням казку, як яна стала непрыдатнай для піцця. Вучні даведаліся, што сапсаваў ёй жыццё завод, які быў пабудаваны на беразе ракі. Завод браў чыстую ваду з ракі, а зліваў у яе брудную. Таму жыхары ракі вымушаны былі звярнуцца за дапамогай да чалавека. Вучні самі вырашылі, што трэба зрабіць чалавеку, каб палепшылася жыццё насельнікаў ракі. Дзякуючы казцы, другакласнікам у даступнай форме ўдалося рашыць складаную сітуацыю ў прыродзе і пераканацца, што трэба клапатліва адносіцца да навакольнага асяроддзя.

Настаўнік засяродзіла ўвагу вучняў на тым, што пагаршэнне асяроддзя пражывання – адна з актуальных праблем сучаснага грамадства. Наступствы актыўнага ўмяшання людзей у прыроду нясуць пагрозу далейшаму існаванню ўсіх жывых арганізмаў. Вучні разам з настаўнікам вывелі правілы беражлівага стаўлення да вады як крыніцы жыцця і асяроддзя пражывання.

Працуючы з артыкулам падручніка, вучні даведаліся, што арганізм чалавека на 2/3 складаецца з вады, і пераканаліся, што вада з’яўляецца асноўнай крыніцай жыцця на зямлі.

Для пашырэння і замацавання ведаў пра раслінны і жывёльны свет рэк, азёр, мораў і акіянаў вучням быў прапанаваны тэст. А ўявіць насельнікаў водных аб’ектаў дапамаглі карцінкі з іх выявамі. Таксама з дапамогай нагляднага матэрыялу другакласнікі высветлілі крыніцы забруджвання вады. На аснове гэтага вучні вывелі правілы пра тое, як яны могуць дапамагчы ў зберажэнні водных рэсурсаў краіны.

Пры падвядзенні вынікаў урока вучні выказалі свае меркаванні, чаму ваду трэба берагчы, і зрабілі вывад: ад якасці вады залежыць наша здароўе і здароўе ўсіх жывых арганізмаў, экалогія нашай краіны.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий