На занятках Школы Актыўнага Грамадзяніна вучні 9-га класа Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы яшчэ раз дакрануліся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Пасля прагляду відэафрагмента яны актыўна ўключыліся ў абмеркаванне тэмы.
Няма ў жывых ужо сведкаў вайны. Але матэрыялы, сабраныя ў школьным музеі “Спадчына”, яшчэ раз нагадваюць пра землякоў, якія былі ўдзельнікамі ваенных падзей, многія з іх загінулі за наша светлае будучае.
У музеі сярод іншых захоўваецца інфармацыя пра Тадывуша Уладзіміравіча Затаўку, які быў удзельнікам вайны. У 9-м класе школы вучыцца яго праўнучка Марыя Габрусевіч, якая падрыхтавала цікавы матэрыял і пазнаёміла з ім прысутных.
Вельмі зацікавіла вучняў класа выстава “Гэтых дзён не змоўкне слава”. У кнігах “Памяць. Бераставіцкі раён”, “Доўгія вёрсты вайны” многія вучні знайшлі прозвішчы і імёны сваіх родзічаў, памяць пра якіх захоўваецца ў сем’ях навучэнцаў. Гэтыя кнігі ствараліся дзесяткі гадоў, пачынаючы з чэрвеня 1941 года. Іх “пісалі” землякі, якія гінулі ў акопах і якія вярнуліся з перамогай, хто быў вывезены ў Германію, хто ваяваў у партызанскіх атрадах ці працаваў у глыбокім тыле. Гэтыя кнігі пра вайну, пра людзей, якія перажылі яе, пра Вялікую Перамогу.
Адыходзяць у мінулае ваенныя гады, становяцца гісторыяй тыя жудасныя падзеі, пра якіх нельга ніколі забываць!
Зоя УЦЕПЯРГЕНАВА,
класны кіраўнік 9-га класа
Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна