Інтэрактыўная экскурсія-віктарына “Беларуская хатка”  

- 14:23Воспитательная работа, Сценарии

Гэта распрацоўка можа быць выкарыстана пры правядзенні работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні як вучняў пачатковых класаў, так і выхаванцаў старшых груп дзіцячага сада, а таксама пры правядзенні ўрокаў-экскурсій па вучэбных прадметах “Чалавек і свет”, “Працоўнае навучанне”, “Выяўленчае мастацтва”.

 


Алена ЕРМАКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Жлобіна імя В.В.Гузава”,
Гомельская вобласць

 

 

 

Было, ёсць і будзе актуальным выхаванне ў моладзі грамадзянскай адказнасці за будучыню гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю, фарміраванне гонару і павагі да сваіх продкаў. Распрацоўка інтэрактыўнай экскурсіі-віктарыны ў куток “Беларуская хатка” дазваляе вучням пачатковых класаў у займальнай форме вывучаць асаблівасці этнаграфічнай культуры і побыту малой радзімы. Куток арганізаваны ў класным пакоі. Экспанатамі кутка з’яўляюцца прадметы побыту людзей першай паловы XX стагоддзя. Сцэнарый складзены так, што на працягу ўсяго часу экскурсіі-віктарыны падтрымліваецца ўвага і цікавасць ва ўсіх яе ўдзельнікаў. Спачатку вучні слухаюць і разглядаюць прадметы, а потым арганізавана ўдзельнічаюць у віктарыне. Адметна тое, што большую частку экскурсіі праводзяць дзеці – вучні пачатковых класаў.

 

Мэта: садзейнічаць фарміраванню ў вучняў пачатковых класаў грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, духоўна-маральнай і эстэтычнай культуры

Задачы:

— стварыць умовы для фарміравання ў вучняў пачатковых класаў павагі да гісторыі і культуры малой радзімы;
— садзейнічаць пашырэнню і паглыбленню пазнавальных магчымасцей вучняў.

Абсталяванне: экспанаты этнаграфічнага кутка: стол, абрус, гладыш, варэйка, талеркі, самапрадка, кудзеля з ільну, матавіла, пранік, прас, ступа, ручнікі, самавар, лапці дзіцячыя, лапці для дарослых, палавік, цацка “Дзяўчынка-беларуска”, пано з фотаздымкамі продкаў.

Удзельнікі:

— праводзяць экскурсію экскурсаводы – падрыхтаваныя вучні III–IV класаў (8–11 гадоў) пад кіраўніцтвам настаўніка;
— запрашаюцца: вучні I–IV класаў (6–11 гадоў).

 

Ход экскурсіівіктарыны

 I Арганізацыйны этап

     Мэта: падрыхтаваць вучняў да свядомага ўспрымання інфармацыі і культуры паводзін у час экскурсіі- віктарыны.

Настаўнік праводзіць уступную гутарку пра правілы паводзін у час экскурсіі. Перад дзецьмі ставіцца задача ўважліва слухаць, запамінаць, а потым удзельнічаць у віктарыне на аснове пачутага.

 

II Асноўны этап

     Мэта: пазнаёміць з побытам продкаў

Настаўнік

Гасцей у нашу хатку запрашаем
І сардэчна ўсіх вітаем!
З розных куткоў Беларусі прывезены рэчы
І гатовы да сустрэчы
З цікаўнымі вучнямі,
Сур’ёзнымі дарослымі.
Слухайце, цікаўцеся, памятайце.

Вучань 1

Дзень нараджэння куточка 1 верасня 2015 года. З гэтага часу ён расце і папаўняецца рэчамі. Сёння мы з вамі зазірнём у першую палову ХХ стагоддзя. Менавіта адтуль гэтыя рэчы. Вы даведаецеся, як яны называліся, як імі карысталіся, адкуль дастаўлены сюды.

Вучань 2

Беларуская вёска. Край сахі і касы. А яшчэ простых, але такіх неабходных прылад у паўсядзённым жыцці чалавека. Без іх нельга было абысціся.

Вось стол, засланы саматканым святочным абрусам. З’явіўся тут з Гомельскай вобласці Рагачоўскага раёна. На белым палатне прыгожыя кветкі: і чырвоныя, і блакітныя, і жоўтыя. Відаць, што народ імкнуўся да хараства і прыгажосці.

Вучань 3

На стале – ганчарны посуд. З Брэсцкай вобласці Столінскага раёна вось гэтыя глыбокія талеркі для кашы, баршча. Гарлачык з ручкай – для малака, маленькія збаночкі – для кветак. З Рагачоўскага раёна прывезена варэйка для смачнай кашы, гладыш.

У 1958 годзе зроблены самавар. Цікавы тым, што ў маленькую печачку клалі лучыну, а каб лепш гарэла, старым ботам, надзетым на трубу, падавалі паветра.

Вучань 4

Гэта дзяўчынка-беларуска з Калінкавіцкага раёна. На ёй доўгая спадніца, вышываная сукенка, камізэлька. На галаве святочная галавачка.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся першыя самапрадкі. Гэта самапрадка прывезена з Рагачоўскага раёна. Каб прывесці яе ў дзеянне, трэба нагой нажымаць на нажны педаль, які верціць кола (дэманструе прысутным). Побач стаіць прасніца, да якой прывязана кудзеля з ільну. Так вырабляліся ніткі. Атрыманыя ніткі намотваліся на матавіла. А з нітак на ткацкім станку выраблялі палатно.

Вучань 5

Сапраўдным упрыгожваннем кожнай хаты былі ручнікі. Яны суправаджалі чалавека ад нараджэння да самай смерці. Іх вышывалі доўгімі зімнімі вечарамі, спяваючы песні.

 

Дзяўчаты спяваюць беларускую народную песню “Ой, рэчанька, рэчанька”
(сядзяць на лаве, у руках сурвэткі; пры дапамозе іголкі з ніткай імітуюць працэс вышывання)

 

Вучань 6

Гэты ручнік з Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Галоўнае ўпрыгожванне – кветкавы арнамент. А вось на Гомельшчыне ручнікі часта аздабляліся чырвоным арнаментам з геаметрычных фігур. Важным быў ручнік, які вісеў у чырвоным куце.

Вучань 7

Важным прадметам у сялянскай хатцы была ступа. Гэта ступа трапіла да нас з Рагачоўскага раёна. Без яе немагчыма было атрымаць смачную духмяную кашу. Кожная гаспадыня ведала, як ёю карыстацца. Вось сюды, у сярэдзiну засыпалі зерне, напрыклад, проса і таўклі, пакуль не атрымаюцца крупы. Потым у печы варылі кашу.

Вучань 8

Каб адзенне, ручнікі выглядалі акуратна, людзі карысталіся прасам. Гэты прас са Жлобінскага раёна. А прыводзілі яго ў дзеянне вось так (дэманструе толькі з халоднымі вугольчыкамі). Гарачыя вугалькі засыпалі ў сярэдзіну. Прас награваўся і быў гатовы да выкарыстання.

Вучань 9

На саматканым палавічку стаяць лапці. Насілі іх на нагах і дарослыя, і дзеці, бо такіх боцікаў, чаравічак, якія ёсць у нас, не было. Вырабляліся лапці з лыка.

Вучань 10

Амаль у кожнай хаце на сцяне вісела рамка з фотаздымкамі родных і блізкіх людзей. На гэтых фотаздымках вы бачыце прабабуль і прадзядуль вучняў нашага класа. Вось мае продкі (адзін або два вучні расказваюць пра лёс сваіх прабабуль і прадзядуль. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць этапу Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дасягненням у працы).

Настаўнік:

Хочацца, каб наш маленькі нацыянальны куточак і далей рос, папаўняўся рэчамі.

 

III Віктарына

Настаўнік

А зараз запрашаем вас паўдзельнічаць у віктарыне. Правілы для ўдзельнікаў такія:

— для таго каб адказаць, трэба хутка ручку падымаць;
— уважліва слухайце адказ, калі трэба, удакладняйце, выпраўляйце;
— пераможца першым патрымае ў руках прас, пранік, патаўчэ проса ў ступе.

Пытанні віктарыны:

— Як называецца абутак нашых продкаў? Пакажы яго. З чаго яго выраблялі? (Лапці. З лыка)
— Што з’яўлялася ўпрыгожваннем у кожнай сялянскай хаце? (Ручнікі)
— У чым нашы продкі варылі смачную кашу? (У варэйцы)
— Пры дапамозе чаго можна было сагрэць ваду для гарбаты? (Самавара)
— Які прадмет абутку дапамагаў раздзьмуць паветра на самавары, каб лучынка добра гарэла? (Старыя боты)
— Пранік – так называліся смачныя ласункі? (Не. Прадмет для прання бялізны)
— Пакажыце, як карысталіся прасам.

 

IV Заключны этап

     Мэта: Падвесці вынікі ўдзелу ў віктарыне, выявіць пераможцаў.

Падводзяцца вынікі віктарыны. Спачатку пераможцы, а потым усе вучні па чарзе трымаюць прас, пранік, таўкуць проса ў ступе.

 

V Рэфлексія

Настаўнік

— Што вам, дзеці, асабліва спадабалася?
— Што вы раскажаце сваім бацькам пра побыт прабабуль і прадзядуль?

Настаўнік

На гэтым наша экскурсія скончана. Жадаем вам поспехаў. Да пабачэння, сябры.    

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий