Інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Навагодні квіз” для вучняў 9-га класа

- 8:34II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Воспитательная работа, Методичка, Сценарии

Сцэнарый гульні “Навагодні квіз” можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы навагодніх мерапрыемстваў, а таксама ў пазакласнай рабоце па беларускай літаратуры.

 

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна, 
Гродзенская вобласць

 

 

 

Падчас зімовых канікулаў вучням можна прапанаваць сабрацца разам у класным калектыве і з карысцю правесці час. Напрыклад, паўдзельнічаць у “Навагоднім квізе”.

Квіз (ад англ. quiz) – гэта віктарына, спаборніцтва, падчас якога каманды ўдзельнікаў адказваюць на пытаннні. 

Мэты: пашырыць веды вучняў па беларускай культуры і літаратуры, стварыць умовы для інтэлектуальнага развіцця вучняў і спаборніцтва, садзейнічаць выхаванню мастацкай культуры вучняў.

Абсталяванне: мульціборд, гульнявое поле, папера, ручкі.

Удзельнікі: дзве каманды, вядучы (настаўнік), журы.

Умовы гульні: вучні дзеляцца на дзве каманды і па чарзе выбіраюць нумары пытанняў на навагодняй ёлачцы (на мульцібордзе).

Цотныя нумары пытанняў не маюць падказак і каштуюць 10 балаў. Няцотныя нумары пытанняў з падказкай – 10 балаў, без падказак – 20 балаў. Пры няправільным адказе слова перадаецца другой камандзе.

Удзельнікі гульні на лістах паперы запісваюць, якія нумары яны выбралі, а таксама свае адказы. Члены журы падлічваюць балы кожнай каманды і падводзяць вынікі квіза.

 

Пытанні

1. Які беларуска-польскі пісьменнік нарадзіўся ў калядную ноч 1798 года?

Падказка: аўтар паэмы “Свіцязянка” (Адам Міцкевіч).

 

2. Які пісьменнік павіншаваў беларусаў вершам:

Год за годам – карагодам,
I ўжо сёння з Новым годам
Я сардэчна, ад душы
Вас віншую, малышы!
А чаго ж я вам жадаю?
Зараз, зараз прыгадаю…
Каб бадзёрымі былі вы,
Каб разумнымі раслі,
Каб прынёс вам Новы год
Многа радасных прыгод

I здароўя ў вашы хаты, –
Каб былі здаровы самі,
Каб былі здаровы мамы,
Каб былі здаровы таты,
Каб не ведалі напасці,
Каб і я за вас быў рад.
З новым годам!
З новым шчасцем!
Вас віншуе дзед Кандрат?

(Кандрат Крапіва).

 

3. Якая беларуская паэтка нарадзілася 1 студзеня 1938 года?

Падказка: аўтар верша “Роднае слова” (Данута Бічэль).

 

4. Хто аўтар радкоў:

Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам?

 (Якуб Колас).

 

5. Які верш Максіма Багдановіча Слава Дружынін пераклаў на рускую мову?

Падказка: паслухайце яго радкі:

Метель не вьюжит, замер ветер,
И вольный лёгких санок бег.
Как тени, белые берёзы
Под синевой ночной стоят,
А в небе звёзды от мороза
Похолодевшие дрожат (“Зімой”).

 

6. Устаўце імя бога зімы ў прымаўку: “… на дварэ – куцця на стале” (Зюзя).

 

7. Хто аўтар гэтай вясёлай песні пра зіму:

Ой, зіма, зіма, зіма!
Весялей цябе няма!
Горка, санкі, гоман, смех,
Сіні вечар, белы снег?

Падказка: аўтар напісаў таксама верш “Калі ласка” (Пятрусь Броўка).

 

8. Якое дрэва раней беларусы ўпрыгожвалі на Новы год? (Вішня).

 

9. Які пісьменнік у сваіх мемуарах “Доўгая дарога дадому” пісаў: “Новы, 1944 год сустрэў пад сціртай у заснежаным полі”?

Падказка: усе творы аўтара прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны (Васіль Быкаў).

 

10. Адгадайце загадку: Дзежка чорная, а века белае (Зямля пад снегам).

 

11. Які беларускі пісьменнік вельмі любіў маляваць калядныя паштоўкі ўласнаруч і віншаваў імі ўсіх сваіх сяброў?

Падказка: яшчэ гэты пісьменнік напісаў некалькі літаратурных казак, у тым ліку казкі “Чортаў скарб”, “Нямоглы бацька” (Уладзімір Караткевіч). 

 

12. Устаўце ў прыказку неабходны лічэбнік: “Мароз … баб павёз”. Што яна азначае? (Сем. Так жартуюць, калі вялікі мароз прыцісне).

 

13. Які верш знакамітага рускага паэта Аляксандра Пушкіна пра зіму перакладзены на беларускую мову Рыгорам Барадуліным?

Падказка: паслухайце яго радкі:

Бурштынным водсветам наўкола
Пакой асветлены. Вясёла
Трашчыць запаленая печ.
І цепліць думкі жар ляжанкі.
А ведаеш: кабылу ў санкі
Ты мне запрэгчы не пярэч.

Па роўні ранішняга снегу,
Друг любы, аддамося бегу
Каня, што нецярпліва мкне,
Праведаем палі пустыя,
Лясы, нядаўна скрозь густыя,
І бераг той, што любы мне.

   (“Зимнее утро”, Александр Пушкин).

 

14. Які твор Паўлюка Труса працягваюць радкі:

Зноў зіма паслала снежныя кілімы,
Зажурыла беллю паплавы, лугі,
І прыходзіць радасць у красе маўклівай.
Адплываюць хвілі смутку і тугі…
А сняжынкі сеюць кволую імглістасць,
Падаюць бялюткі за маім акном,
І цвіце на вішнях снежная ўрачыстасць,
Сцелецца на скронях перад раннім сном?

(“Падаюць сняжынкі”).  

 

15. Каго ў даўніну нашы продкі ўяўлялі душамі памерлых продкаў, якія вярталіся ў вёску і заглядалі ў кожную хату, каб даведацца, якжывуць іхнія нашчадкі?

Падказка: гэтыя людзі ўдзельнічаюць у абрадзе “ваджэння казы” (калядоўшчыкаў).

 

16. Пра якое свята спяваецца ў народнай песні: “Святая Васілля дзяжу мясіла, пірагі пякла і рагатыя і багатыя”? (Васілле – Стары Новы год).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий