“Халодныя” кадры

- 10:05В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У Мінскім дзяржаўным механіка-­тэхналагічным прафесійна­-тэхнічным каледжы вучаць “халодным” прафесіям — тут рыхтуюць работнікаў для індустрыі мікраклімату і холаду. Такія кадры вельмі запатрабаваны, бо холад патрэбен усім і ўсюды. Халадзільная тэхніка развіваецца хуткімі тэмпамі, становіцца ўсё больш складанай і высокатэхналагічнай. А зараз галіна і ўвогуле стаіць на парозе карэнных змяненняў. І ўстанове трэба за гэтымі змяненнямі паспяваць. Дапамагае ў гэтым рэсурсны цэнтр, што дзейнічае ў каледжы. Сёння прапануем даведацца, як тут рыхтуюць “халодныя” кадры. 

Патрэбны кадры новай фармацыі 

Усе мы імкнёмся да цяпла і нярэдка недаацэньваем значэнне холаду. Аднак уявіце сабе: 17% электраэнергіі ў краіне ідзе на вытворчасць холаду! А ўсё таму, што холад патрэбен у мностве розных галін — у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлёвых арганізацыях. Халадзільнікі і кандыцыянеры ёсць не толькі ў жылых дамах, але і на многіх вытворчых аб’ектах, без іх не абыходзіцца ні адзін магазін. Холад патрэбен усюды, а значыць, патрэбны і тыя, хто ўмее з ім працаваць.  

Пра тое, што ўяўляе сабой індустрыя мікраклімату і холаду, добра ведае А.Р.Бамбіза, дырэктар Асацыяцыі прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду, якая аб’ядноўвае халадзільшчыкаў нашай краіны. Аляксандр Рыгоравіч адзначае, што сёння гэтая галіна ва ўсім свеце імкліва развіваецца і змяняецца. Па-першае, яна становіцца ўсё больш тэхналагічнай і энерганасычанай — як і ва ўсе іншыя сферы жыцця сюды пранікаюць сучасныя тэхналогіі, трэнды на аўтаматызацыю і робатызацыю. Па-другое, зараз галіна, па сутнасці, знаходзіцца на парозе глабальных змяненняў, бо замест традыцыйнага фрэону з’явіліся прынцыпова новыя віды холадагентаў, а значыць, і новыя падыходы да канструявання прыбораў, і ўсё абсталяванне паступова будзе заменена. 

Безумоўна, працаваць з такім абсталяваннем з ведамі, атрыманымі дзесяцігоддзі назад, немагчыма. Таму сёння індустрыі холаду падрэбны моцныя, высокакваліфікаваныя кадры, знаёмыя з сучаснымі тэхналогіямі. Менавіта ў гэтым кірунку ладзіцца супрацоўніцтва асацыяцыі з установамі адукацыі, дзе рыхтуюць кадры адпаведнай накіраванасці, і, у прыватнасці, з Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным прафесійна-тэхнічным каледжам. І рэсурсны цэнтр якраз цудоўна ўпісваецца ў агульную карціну.  

З верасня 2020 года ў рэсурсным цэнтры каледжа прайшлі навучанне па асноўных адукацыйных праграмах ПТА і ССА 258 чалавек. З іх 176 навучэнцаў з устаноў прафесійнай адукацыі Пінска, Слуцка, Маладзечна, Оршы, Іўя — у рамках сеткавага навучання. 83 чалавекі прайшлі навучанне па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых.

Для маладых і сталых  

Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж рыхтуе кадры па трох напрамках. Для сферы грамадскага харчавання рыхтуюць кухараў, кулінараў мучных вырабаў, абвальшчыкаў і жылоўшчыкаў мяса і субпрадуктаў, вырабляльнікаў мясных паўфабрыкатаў, складальнікаў фаршу. Усе гэтыя кваліфікацыі можна атрымаць на ўзроўні ПТА, а потым прадоўжыць навучанне на ўзроўні ССА па спецыяльнасці “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны” (кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг”). Для фармацэўтычнай вытворчасці рыхтуюць апаратчыкаў шырокага профілю вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў на ўзроўні ПТА.  

І трэці напрамак — гэта кадры для індустрыі мікраклімату і холаду. У каледжы на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць такія кваліфікацыі, як “слесар-зборшчык бытавой тэхнікі”, “машыніст халадзільных установак”. Прапануецца і другая ступень навучання — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна атрымаць спецыяльнасць “Мехатроніка (халадзільнае абсталяванне)”, а таксама “Нізкатэмпературная тэхніка. Тэхнік-механік”.  

Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Нізкатэмпературная тэхніка. Тэхнік-механік” пачалася ў каледжы ўпершыню ў бягучым навучальным годзе. Адкрылі яе, зыходзячы з патрэб заказчыкаў кадраў. І дарэчы, прадпрыемствы і арганізацыі, зацікаўленыя ў кадрах, узялі актыўны ўдзел у распрацоўцы вучэбных праграм і планаў для навучання па гэтай спецыяльнасці.   

У каледжы робяць усё магчымае для таго, каб рыхтаваць запатрабаваныя на рынку працы кадры. І эфектыўным крокам у гэтым кірунку стала стварэнне рэсурснага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў для прадпрыемстваў халадзільнай галіны. Цэнтр з’явіўся ў 2014 годзе, а ў 2019-м — атрымаў новае жыццё.  

— У 2019 годзе рэсурсны цэнтр быў мадэрнізаваны і да­аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дае нам магчымасць весці падрыхтоўку кадраў у каледжы на новым узроўні, — расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Святлана Васільеўна Андрэева. — Адзначу, што рэсурсны цэнтр працуе на карысць не толькі нашых навучэнцаў. У мінулым годзе мы пачалі сеткавую падрыхтоўку. Вучыцца ў рэсурсны цэнтр прыязджаюць прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія вя­дуць падрыхтоўку па адпаведных кваліфікацыях, з Пінска, Слуцка, Маладзечна, Оршы, Іўя. Усяго за мінулы навучальны год у рэсурным цэнтры пабывалі каля 150 юнакоў з розных рэгіёнаў. І гэта яшчэ не ўсё. Пры падтрымцы асацыяцыі ў рэсурсным цэнтры праводзіцца курсавая перападрыхтоўка працуючых спецыялістаў з усёй краіны, якія тут могуць павысіць сваю кваліфікацыю, азнаёміцца з новымі напрамкамі работы і сучасным абсталяваннем. 

Рэсурсны цэнтр стаў яшчэ і месцам правядзення прафесійных конкурсаў. Ды і ўвогуле ідэя правядзення конкурсу з’явілася дзякуючы таму, што тут пачалося сеткавае навучанне і актывізавалася ўзаемадзеянне з іншымі ўстановамі адукацыі “халоднага” профілю. Так, восенню тут упершыню ў краіне прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі” па кваліфікацыі “машыніст халадзільных установак”. 

Трэнды і стэнды 

Над аснашчэннем рэсурснага цэнтра плённа працавалі загадчык РЦ Андрэй Мікалаевіч Зіноўчык і выкладчык Мікалай Пятровіч Жук. Гэта ўнікальны тандэм спецыялістаў: яны вядуць заняткі, спалучаючы тэорыю і практыку і ўзмацняючы навучанне сваім багатым вопытам. На працягу года распрацоўвалі праект, чарцяжы, стэнды, каб стварыць максімальна эфектыўную для навучання прастору.    

У склад рэсурснага цэнтра ўваходзіць некалькі вучэбных аўдыторый. Так, у лабараторыі “Аўтаматызацыя халадзільных установак” размешчаны 12 вучэбных стэндаў, якія дазваляюць эфектыўна праводзіць практычнае навучанне электрамантажным і пусканаладачным работам. Тут навучэнцы збіраюць і апрабуюць схемы аўтаматызацыі хала­дзільных машын рознага ўзроўню складанасці. Па сутнасці, на практыцы вучацца збіраць асобныя сістэмы.  

Тэхнічна насычана і лабараторыя мантажу, эксплуатацыі і рамонту халадзільнага абсталявання. Яна раздзелена на дзве часткі. У першай можна ўбачыць вучэбны комплекс “Мантажная ўстаноўка для зборкі халадзільнай машыны” — гэта 5 індывідуальных рабочых месцаў, дзе навучэнцы з асобных дэталей, вузлоў, сістэм збіраюць адзіны механізм. Ну а потым пераходзяць да дзеючых халадзільных установак у лабараторыі, дзе практыкуюцца праводзіць пусканаладачныя работы, знаходзіць і выпраўляць няспраўнасці. 

Спецыяльная сістэма аддаленага маніторынгу дазваляе выкладчыку сачыць за работай навучэнцаў з суседняй аўдыторыі, што дае магчымасць навучэнцам працаваць максімальна самастойна. Адметнасць усяго абсталявання ў тым, што яно максімальна набліжана да рэальных умоў вытворчасці, адлюстроўвае ўсе этапы работы з халадзільным абсталяваннем і пры гэтым даволі кампактнае ў параўнанні з рэальнымі агрэгатамі.  

Рэсурсны цэнтр дапамагае навучэнцу пракласці найбольш кароткі і паспяховы шлях у прафесію. 

Дар’я РЭВА 
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий