Калі ўзяць у рукі пэндзлік і ўзброіцца творчым натхненнем  

- 17:58После уроков, Хобби

 

Наталля БОЙКА, 
кіраўнік фізічнага выхавання 
ДУА «Яслі-сад № 2 г. Свіслач», 
Гродзенская вобласць 

 

 

 

Нестандартны творчы падыход у вырашэннi пастаўленых задач – прыярытэтная мэта загадчыка ясляў-сада № 2 Свicлачы Алены Качко. Мэта, якая аб’ядноўвае педагагiчны калектыў, накiроўвае на бесперапынны творчы пошук i зладжаную адказную працу. Мяне і сацыяльнага педагога ўстановы Анастасію Рублік аб’ядноўвае наяўнасць мастацкiх здольнасцей, і ў нас склаўся дзіўны тандэм: сваю асноўную прафесiйную дзейнасць час ад часу мы разбаўляем творчымі ідэямі. 

Варта сказаць, што па сумяшчальнiцтве з асноўнай дзейнасцю мы абедзьве з’яўляемся педагогамі дадатковай адукацыі, вядзём заняткі ў творчых гуртках “Вясёлая палітра” і “Умелыя ручкі”. Я вучу дзетак маляваць у нетрадыцыйных тэхніках нестандартнымі для гэтага занятку прадметамі, а мая калега далучае выхаванцаў да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва – ручнога ткацтва на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення. Скажу шчыра: насычаныя творчасцю гады працы прынеслi нам пачуццё вялiкага задавальнення, рэалізацыю шматлікіх плённых ідэй.

            

Жаданне эстэтычна зменьваць рэчаiснасць, а таксама адчувальная падтрымка адміністрацыі, прывялi да з’ўялення арыгiнальнай думкi – падчас правядзення рамонтных работ ва ўстанове было вырашана размаляваць сцены дзiцячага садка, каб нашых маленькіх выхаванцаў штодзень сустракалі і радавалі іх любімыя казачныя героі. Так цiкавы роспic з’явіўся на сценах групавых пакояў, дзіцячых адпачывальняў, кабінета дэфектолага і фае. Усё гэта гарманiчна ўпicалася ў iнтэр’ер дзiцячай установы і кардынальна ператварыла яе памяшканнi.

      

Цяпер кожную раніцу ў дзіцячым садзе дашкалят вiтаюць не толькі любімыя выхавальнікі, але і добрыя намаляваныя звяркi: прыгожы слонік, плямiстыя жырафы, шустрыя малпы, грывасты леў, гарэзны Віні Пух. На сценах у фае казачна расцвітаюць незвычайныя кветкі і лётаюць экзатычныя птушачкі. А ў дзiцячых адпачывальнях хутчэй заснуць і ўбачыць салодкія сны дапамагаюць сонны мішка Тэдзі, дыназаўрык, якi спiць у начным каўпачку, дрымотны на месяцы мілы зайка, казачны аднарог і мудрыя cоўкi. Разнастайная каляровая гама роспiсу на сценах спрыяе ўзбагачэнню сэнсарнага досведу дзяцей; створаныя фарбамі i пэндзлямi вобразы, прадметы – фарміраванню пачуццяў, духоўнай асалодзе ад прагажосцi, у цэлым – развiцццю эстэтычнага густу выхаванцаў.      

Такія змены ў інтэр’еры дзiцячага сада выклікалі станоўчыя эмацыянальныя водгукi дзяцей, аднадушнае адабрэнне бацькоў і падзяку ад адміністрацыі. А гэта – самая галоўная ўзнагарода для педагогаў-мастачак і магутны стымул для самаўдасканальвання, паляпшэння i выкарыстоўвання сваiх творчых здольнасцей, каб ствараць новае, непаўторнае, сацыяльна значнае.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий