Педагог, які дорыць свята

- 18:10В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

“Мяне заўсёды цікавіла работа з дзецьмі, да якіх няпроста знайсці падыход, якія маюць асаблівасці ў развіцці. Але для таго, каб паспяхова з імі займацца, неабходны актыўны ўдзел іх бацькоў у гэтым працэсе, іх шчырая зацікаўленасць у выніках работы”, — гаворыць выхавальніца ясляў-сада № 79 Гродна Людміла Дарашкевіч. Некалькі пазітыўных гісторый пра тое, як наладзіць кантакт з сем’ямі, дзе выхоўваецца дзіця з абмежаваннямі.  

Калі ты не можаш быць для кагосьці дрэвам і абараніць яго ад пякучых промняў сонца, стань прыгожым кусцікам і падары людзям смачныя ягады. Калі не можаш быць шырокай дарогай — стань вузкай сцежкай і дапамажы знайсці шлях адзінокаму падарожніку. Адгукніся на просьбу таго, хто побач, падары яму свята — і ты ўбачыш, як свет пачне мяняцца да лепшага.

Палюбіць і прыняць кожнае дзіця 

— Бацькі асаблівых дзяцей часта паводзяць сябе замкнёна. У свет сваіх перажыванняў яны не пускаюць чужых людзей. Ім цяжка прыняць сваё дзіця. Што рабіць у такой сітуацыі педагогу? Палюбіць і прыняць асаблівае дзіця як звычайнае, — упэўнена педагог. — Калі малое пачынае давяраць мне, падтрымліваць са мной добрыя зносіны, то і з бацькамі ў мяне наладжваецца кантакт, яны прыслухоўваюцца да мяне, адгукаюцца на просьбы, абмяркоўваюць праблемы. У выніку я магу працаваць не толькі з дзіцем, але і з яго сям’ёй. 

“Маша, у цябе прыгожая сукенка!”, “А ў Сашы сёння новыя туфлі!” — так звычайна я вітаю кожную раніцу выхаванцаў. І бацькі радасна адказваюць: “Людміла Валянцінаўна, паглядзіце, якія поспехі дэманструе Маша!”, паказваючы чарговае сямейнае відэа. Некалькі месяцаў назад я працавала ў спецыяльным яслях-садзе № 7 (дагэтуль — у спецыяльным яслях-садзе № 5) Гродна. У гэтай установе я пазнаёмілася з цудоўным Сямёнам. На той момант яму было 4 гады. Знешне Сямён нагадваў мне персанаж Электроніка з дзіцячага фільма. Толькі ён не размаўляў, глядзеў быццам удалячынь, лунаючы ў сваіх думках. Лепшым сябрам у яго быў мяч — хлопчык не выпускаў яго з рук. Я назірала за ім. І мне так хацелася сказаць маме Сямёна, што ў яе выдатны сынок, вельмі прыгожы, загадкавы, што яна можа ганарыцца ім. Але мама была закрыта для зносін. 

…У дзень нараджэння хлопчыка я падрыхтавалася да нашай з ім ранішняй сустрэчы. Купіла прысмакаў, запаліла ліхтарык у выглядзе свечкі, уключыла музыку і з мікрафонам выйшла яго віншаваць. У гэтую раніцу я ўпершыню ўбачыла ўсмешку на твары яго мамы. З таго часу мы з ёй сябруем. Аднойчы ўзнікла пытанне адносна не вельмі акуратнай прычоскі хлопчыка, якому ўжо было пяць з паловай гадоў. Звычайна мама стрыгла яго прыгожыя светлыя і злёгку кучаравыя валасы машынкай. Сямён супраціўляўся, і прычоска атрымлівалася непрыгожай. Я спытала ў мамы: “Чаму вы не хочаце завесці сына ў цырульню?” Адразу атрымала адказ: “Што вы! Гэта немагчыма. Ён будзе крычаць і ўсё разбураць”. “Давайце я схаджу з вамі!” — прапанавала я. Мы сустрэліся ў суботу. Папярэдне я дамовілася са знаёмым цырульнікам. Было важна, каб цырульня знаходзілася ў асобным памяшканні і нам не перашкаджалі. Я расказала майстру аб асаблівасцях хлопчыка. З сабой прыхапіла любімыя прысмакі Сямёна. За руку з ім мы зайшлі ў пакой. Стрыжка з перапынкамі доўжылася паўтары гадзіны. Але гэта была наша з мамай хлопчыка першая сумесная перамога. Дарэчы, яна працягнула хадзіць з сынам у гэтую цырульню.

Свята атрымалася!

— З бацькамі мы свабодна абмяркоўваем любыя пытанні, звязаныя з паводзінамі дзяцей. Забароненых тэм няма. Магу параіць ім схадзіць да псіхолага, каб прапрацаваць пэўныя праблемы. Часам бацькі са мной дзеляцца патаемным, сямейнымі гісторыямі пра тое, як нараджэнне дзіцяці з асаблівасцямі становіцца адначасова і радасцю, і болем для ўсёй сям’і і як яны з гэтым спраўляюцца. Адна цудоўная мама, расказваючы пра свайго трэцяга сына, у якога сіндром Даўна, адзначыла, што напярэдадні родаў ёй паўсюль сустракаліся дзеці з гэтым сіндромам. У той час яна не ведала аб праблеме свайго будучага дзіцяці і толькі пасля нараджэння сына ўспомніла пра незвычайныя знакі лёсу. Хлопчыка завуць Мацвей. Прывёўшы аднойчы яго ў сад, жанчына падзялілася, што ў Мацвея дзень нараджэння. Я спытала: “А дзе шарыкі?” “Ой, Людміла Валянцінаўна, якія шарыкі? Ён жа не зразумее…” — сумнявалася маці. “Вядома, не зразумее, калі вы не будзеце яго віншаваць. Як дзіцяці ўвогуле зразумець, што сёння свята, калі вы не адзначаеце яго?” У той дзень мы купілі вялікія шарыкі і зрабілі сюрпрыз хлопчыку. Мацвей радасна гуляў з імі. Ужо на наступны год свята ў Мацвея было больш яркім. З яго сям’ёй я працягваю сябраваць. 

Аднойчы для выхаванца Кірыла мы зрабілі дзень нараджэння ў асобным дзіцячым пакоі, які трэба было арандаваць. На свята пазвалі дзяцей з яго групы разам з бацькамі. Для іх гэта было ўпершыню. Усё прайшло цудоўна! Уладальнікі пакоя нават грошай не ўзялі за арганізацыю свята.  

Людміла ДАРАШКЕВІЧ:

“Згаджаючыся на работу з асаблівымі дзецьмі, я разумела, наколькі мне будзе цяжка. Але мне хацелася дапамагаць ім, дзяліцца з імі сваёй любоўю. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў чаканні з’яўлення на свет свайго малыша — а адбылося гэта ў даволі познім узросце — ува мне назапасілася столькі мацярынскай любові, што хацелася аддаваць яе ўсім дзецям, якія маюць у ёй патрэбу”. 

Часам рэагаваць на зменлівыя паводзіны дзяцей даводзіцца імгненна. У мяне ў групе была дзяўчынка Караліна, якая не размаўляла. Ёй было 8 гадоў. Па медыцынскіх паказаннях некаторыя дзеці застаюцца ў садзе даўжэй, чым іх звычайныя аднагодкі. Такіх выхаванцаў у нашым садзе была большасць (дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, інтэлектуальнай недастатковасцю, сіндромам Даўна, парушэннямі зроку, цяжкімі парушэннямі маўлення, аўтыстычнымі парушэннямі). Увесь час Караліна хадзіла з сумачкай, дзе ляжалі дробныя рэчы: пярсцёнкі, дзіцячы посуд, пацеркі, цацкі з кіндэр-сюрпрызаў і г.д. Гэта былі скарбы, якія яна ні на хвіліну не выпускала з рук. А калі раптам на сумачцы ламаўся замок і яна не магла яе адкрыць або губляла цацку, то пачынала моцна крычаць, аж да істэрыкі. Па міміцы дзяўчынкі мне трэба было здагадацца, што адбываецца, і тэрмінова вырашыць яе праблему. У такія моманты я адчуваю сябе феяй з казкі, якая ўвесь час спяшаецца на дапамогу і стварае ва ўсіх святочны настрой.

Заняткі для кожнага 

— Дзеці з асаблівасцямі вельмі розныя, і ўсіх іх неабходна адаптаваць да жыцця ў грамадстве, навучыць пісаць, лічыць, чытаць і г.д. Часам яны мяне моцна здзіўляюць, — адзначае Людміла Валянцінаўна. — Мацвейка, у якога сіндром Даўна, — сапраўдны унікум. У 5 гадоў ён умеў чытаць, хоць і не ўмеў гаварыць. Я друкавала карткі са словамі і прасіла яго паказаць, дзе напісана, напрыклад, “сабака”. Ён заўсёды выбіраў правільную картку. Спачатку я думала, што ў яго добрая візуальная памяць, ён проста запомніў спалучэнне літар. Але, калі я ўводзіла незнаёмыя для яго словы, напрыклад, “ліхтар”, ён таксама паказваў правільна.

З дзецьмі мы часта танцуем пад музыку. Але трэба ведаць, што не ўсе з іх любяць музыку. Як правіла, дзеці з аўтыстычнымі парушэннямі, калі чуюць нізкія басы або вельмі высокія ноты, закрываюць вушы. Да выканання танцавальных рухаў заахвочваю малых з дапамогай цацак на пульце кіравання, напрыклад, машынкі-пярэкрута, якая паказвае розныя фігуры, быццам танцуе. Калі ўключаецца машынка, дзеці дзіўным чынам групуюцца вакол яе і пачынаюць рухацца. Так метадычна можна абыграць любую цацку. Напрыклад, з дапамогай гульні ў мячык дзеці выбіраюць сабе пару для танцаў. Гэты прыём спрацоўвае, калі яны становяцца па парах перад прагулкай. Час ад часу праводжу заняткі на вуліцы. Напрыклад, калі вывучаем тэму “Агарод”, ходзім у свой міні-агарод назіраць за пасадкамі. 

Заняткі ў спецыяльным садзе я праводзіла па падгрупах (6 чалавек у кожнай) па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. Адну падгрупу забірала настаўнік-дэфектолаг, а я займалася з другой. У працэсе падрыхтоўкі да заняткаў арыентавалася на асаблівасці пэўнага дзіцяці. Растлумачыць тэму малышу з аўтыстычнымі праяўленнямі — гэта не зусім тое ж самае, што растлумачыць яе дзіцяці з сіндромам Даўна. Для кожнага, па сутнасці, я павінна была прыдумаць свае заняткі, якія яго зацікавяць. З гэтай мэтай выкарыстоўвала бізіборды. Таксама спецыяльнае абсталяванне для мяне вырабляў муж. Я, напрыклад, гаварыла яму, што ў мяне ёсць дзяўчынка, якая любіць гуляць з кінестэтычным пяском і назіраць, як пераключаюцца яркія агеньчыкі ілюмінацыі. Толькі з іх дапамогай я магла акцэнтаваць яе ўвагу. Таму мне патрэбны быў спецыяльны вучэбны планшэт або міні-пясочніца з падсветкай, якой можна кіраваць, і набор трафарэтаў з выявамі фігурак жывёл, каб можна было рабіць пясочную анімацыю. Самаробныя дапаможнікі я апрабоўвала дома са сваім сынам. 

Пры рабоце з асаблівым дзіцем выхавальніку вельмі важна знайсці кантакт з настаўнікам-дэфектолагам. Паміж спецыялістамі павінна ўзнікнуць пераемнасць: настаўнік-дэфектолаг дае мне заданні для выканання з дзецьмі, а я прашу яго адпрацаваць пэўны матэрыял з канкрэтным выхаванцам. Так, кожны, на першы погляд, малы крок у развіцці асабліваму дзіцяці даецца няпроста, праз каласальную руцінную працу педагогаў, самога дзіцяці і яго бацькоў. 

Сёння я працую ў яслях-садзе № 79 Гродна. І зноў я разам з тымі, каму патрэбна мая дапамога, вопыт, уменнні — з дзеткамі з цяжкімі парушэннямі маўлення. Сярод іх ёсць тыя, хто зусім не размаўляе. Поспех выхавання і навучання такіх дзяцей у многім залежыць ад правільнай арганізацыі педагагічнай асветы бацькоў. Я падтрымліваю з імі бесперапынную сувязь. Разам мы вучымся разумець нашых дзяцей не толькі праз словы, але і праз эмоцыі, удзельнічаем у праектах, радуемся агульным перамогам і верым у тое, што дасягнуць поспеху можа кожны.    

Надзея ЦЕРАХАВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий