Абрады і традыцыі Раства ад старажыла маладзечанскага краю

- 14:36Клуб юного журналиста, Проба пера

Раство – адно з самых любімых святаў у дзяцей і дарослых. З даўніх часоў захаваліся пэўныя абрады і традыцыі. Пра некаторых з іх расказала старажыл маладзечанскага краю Людміла Канапелька.

У часы сваёй маладосці жанчына часта ездзіла да цёткі ў вёску Запалякі, дзе ў песнях і вершах моладзь радавалася дню нараджэння Бога. Яна расказала, што святу папярэднічае пост – час, калі вернікі прытрымліваюцца асаблівага харчавання, ходзяць на службу.

– Пасціцца трэба не толькі ежай, але і душой, – кажа Людміла Аляксандраўна. – Трэба прабачыць усім, на каго вы былі ў крыўдзе, дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы, не брыдкасловіць і здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Напярэдадні свята адзначаецца Калядная куцця. Адмысловае напаўненне мае стол, які складаецца з 12 посных страў, напрыклад, селядца, круп, аладак, прыгатаваных на вадзе, квашанай і варанай капусты, ягаднага ці аўсянага кісялю, садавіны, гародніны. Абавязковай з’яўляецца куцця – традыцыйная страва з сушак, маку і вады. Пад абрус падкладаюць сена, бо яно было ў калысцы Хрыста. Усе пачастункі застаюцца на стале для нашых продкаў, тым часам праваслаўныя сыходзяць на ўсяночную службу ў царкву.

Людміла Аляксандраўна прыгадвае, што моладзь у святочныя дні хадзіла па дамах. У народзе гэта называецца калядкамі. Спявалі гаспадарам песні, жадалі дабра і поспехаў на наступны год. Узамен ім у кошыкі клалі каўбасы, цукеркі і садавіну. Так абыходзілі не толькі сваю вёску, але і суседнія.

Дзяўчыны асабліва чакалі Каляднай ночы, каб паваражыць:

– Напрыклад, абдымалі драўляны плот і лічылі, колькі брускоў ухапілі. Калі колькасць была цотнай, то ў новым годзе дзяўчына павінна была выйсці замуж. Я спрабавала такую варажбу: брала лісток, мяла яго, пасля клала на талерку і падпальвала. Потым трэба было агонь патушыць і пасвяціць на талерку, у цені з’яўляецца пэўны сілуэт, які і падказвае. Я тады ўбачыла грузавую машыну, і мой муж усё жыццё працаваў кіроўцам.

Многія пісалі запісачкі з імёнамі, якія хавалі пад падушку. Або дзяўчына ставіла пасудзіну з вадой, а наверх клала расчоску, каб убачыць сон, як будучы муж пераводзіць яе праз мост. Прадказаць лёс мог і певень: сыпалі проса каля сябе, чые крупы птушка дзяўбці пачне, той хутка знойдзе другую палову.

– На жаль, паміж людзьмі пачынае знікаць пачуццё пераемнасці. Толькі захоўваючы традыцыі і абрады, мы можам перадаць іх будучаму пакаленню, – лічыць Людміла Канапелька.

 

Паліна ШЫНКЕВІЧ,
навучэнка аб’яднання па інтарэсах
“Школа журналістыкі”
Маладзечанскага цэнтра
творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий