Актыўнае жыццё тут і цяпер

- 15:53В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Замежная мова — гэта дзверы ў вялікі свет, якія на працягу больш чым 20 гадоў адчыняе для сваіх вучняў Вераніка Арлова, настаўніца англійскай мовы гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра, настаўнік­-метадыст, кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра настаўнікаў замежных моў. Педагог выкарыстоўвае ў практыцы самыя сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, стварае дапаможнікі для настаўнікаў.

— Вераніка Фёдараўна, чаму вы выбралі педагагічную прафесію? Якіх прынцыпаў у рабоце прытрымліваецеся?

— Вырасла ў настаўніцкай сям’і, стала педагогам у трэцім пакаленні. Мая прафесія дапамагае трымаць руку на пульсе, быць заўсёды ў тонусе. Педагог сёння не транслятар ведаў, а коўч, які дапамагае накіраваць вучня і выбудаваць індывідуальную траекторыю яго развіцця. У школе рэалізуецца прынцып “роўны навучае роўнага”. Сёння я дапамагаю вучням разабрацца з нейкім матэрыялам, а заўтра яны тлумачаць мне, як функцыянуе новы мабільны дадатак або камп’ютарная праграма.

Мой прынцып работы наступны: канструктыўны дыялог + педагагічны альянс = спрыяльныя ўмовы для асобаснага развіцця і росту дзяцей, актыўнае жыццё “тут і цяпер”. Прыемна ба­чыць, як дзеці не ідуць, а бягуць на заняткі, з велізарным жаданнем атрымліваюць новыя веды, робяць поспехі. А праз многія гады ўспамінаюць, што з таго, чаму я іх навучыла, спатрэбілася ім у жыцці, бо замежная мова — гэта дзверы ў вялікі свет.

— Як складваўся ваш жыццёвы шлях?

— Я скончыла сярэднюю школу № 2 Жыткавіч імя А.В.Галавача з залатым медалём. Любоў да англійскай мовы прыйшла з першага ўрока, які правяла Галіна Юльянаўна Бандзюк у 5 класе. Паступіла па субяседаванні, без здачы ўступных экзаменаў, у МДПУ імя І.П.Шамякіна на факультэт замежных моў па спецыяльнасці “Англійская мова. Нямецкая мова”. З трэцяга курса пачала выкладаць англійскую і нямецкую мовы ў Мазырскім музычным каледжы. Скончыла ўніверсітэт з чырвоным дыпломам, аспірантуру па педагогіцы. Прайшла стажыроўкі ў Вялікабрытаніі і ЗША. Некалькі гадоў сумяшчала работу ва ўніверсітэце і ў школе, але школа перамагла. Больш за 10 гадоў прапрацавала ў сярэдняй школе № 14 Мазыра, якая дапамагла мне ад­чуць сябе прафесіяналам. Прайшла перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” ў АПА, якая дала разуменне таго, як далей выбудоўваць сваю прафесійную дзейнасць.

— Якія прафесійныя мэты і задачы вы ставіце перад сабой?

— Мэта — зрабіць усё магчымае, каб для кожнага вучня замежная мова стала інструментам усебаковага інфармацыйнага абмену і дазволіла стаць кампетэнтным спецыялістам, здольным выкарыстоўваць яе для прагрэ­су нашага грамадства, а таксама для зносін паміж носьбітамі розных моў у кантэксце дыялогу культур. Удзельнічаю ў канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, пачынаючы са студэнцкіх часоў. У маёй скарбонцы больш за 50 публікацый у перыядычных выданнях. Ёсць перамогі ў рэспубліканскіх конкурсах, падзякі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

У верасні 2021 года ў суаўтарстве з настаўнікам-метадыстам Н.У.Катчанка з Нясвіжскай гімназіі выпусціла дапаможнік для настаўнікаў англійскай мовы “Англійская мова. План-канспект урокаў” для 10 класа па абноўленай праграме. Зараз заканчваю работу над планамі-канспектамі да новага падручніка англійскай мовы для 11 класа. Для настаўнікаў, якія працуюць у 3-х класах, распрацавала дапаможнік ABC on wheels, які дапамагае навучыць дзяцей хутка чытаць. Працавала ў складзе групы, якая ажыццяўляла экспертную ацэнку падручніка па англійскай мове для 5 класа (павышаны ўзровень) у 2020 годзе. Зараз рэцэнзую рабочы сшытак па англійскай мове для 8 класа (павышаны ўзровень).

— Раскажыце аб дасягненнях вашых вучняў. 

— За 2017—2021 гады мае навучэнцы заваявалі больш за 20 дыпломаў у прадметнай алімпіядзе на раённым і абласным узроўні. У чэрвені 2021 года 6 вучняў былі ўдастоены дыпломаў на XXIII Міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе па англійскай мове для 7—11 класаў, арганізаванай Казахстанам. Мае выхаванцы актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, арганізаваных вышэйшымі навучальнымі ўстановамі (БДПУ імя Максіма Танка, Палескім дзяржаўным універсітэтам, Універсітэтам права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій Магілёва і г.д). Лічу, што гэта выдатная магчымасць для дзяцей праверыць узровень сваіх ведаў. Да пандэміі мае вучні Карына Хайлова і Паліна Найбіч прымалі ўдзел у міжнароднай алімпіядзе Skyeng і былі запрошаны ў Маскву для ўдзелу ў заключным этапе, дзе паспяхова прадставілі наш рэгіён. У 2020/2021 навучальным го­дзе адзінаццацікласніца Паліна Найбіч прайшла адбор і была ўключана ў Міжнародную STEM-праграму ад Junior Academy Нью-Ёркскай акадэміі навук.

Школа — гэта свет, у якім ты як педагог можаш нешта змяніць да лепшага, не толькі даць дзецям веды, але і дапамагчы ім сфарміраваць неабходныя для жыцця ў сучасным грамадстве кампетэнцыі.

— Якія адукацыйныя тэхналогіі, методыкі, прыёмы выкарыстоўваеце на ўроках?

— Актыўная ацэнка, медыяпісьменнасць, перавернутае навучанне, змешанае навучанне, разнастайныя інтэрактыўныя прыёмы Брытанскага пасольства, eduScrum, анлайн-платформы і рэсурсы — тое, без чаго не ўяўляю сёння сваёй дзейнасці. Актыўная ацэнка дапамагае выбудаваць лагічны ўрок, зрабіць яго крытэрыяльным і практыка-арыентаваным. Медыяпісьмен­насць дапамагае ўбудаваць у змест урока кантэнт, які запатрабаваны сярод падлеткаў, але пры гэтым паказаць: далёка не заўсёды можна ве­рыць таму, што размешчана ў інфармацыйнай прасторы. Медыяпісьменнасць дазваляе зрабіць урокі міжпрадметнымі і сфарміраваць у вучняў такую ключавую кампетэнцыю, як крытычнае мысленне. Перавернутае навучанне дапамагае навучыць дзяцей адказнасці за вынік сваёй дзейнасці. Работа ў класе пры гэтым ператвараецца ў жывое, інтэрактыўнае вучэбнае асяроддзе, дзе педагог дапамагае вучням паглыбляць веды па новай тэме і творча прымяняць атрыманыя навыкі. Змешанае навучанне дазваляе аптымізаваць працэс навучання праз інтэграцыю розных форм навучання і мне як настаўніку — змяніць статус ментара на статус памочніка навучэнца.

EduScrum уяўляе сабой сістэму арганізацыі сумеснага актыўнага праектнага навучання ў школе на аснове гнуткай метадалогіі Agile, Scrum,  адаптаванай для адукацыйных мэт. Гэта актыўная форма супрацоўніцтва, пры якой вучні ў камандзе выконваюць заданні ў фіксаваным рытме. Дзякуючы еduScrum адказнасць за вучэбны працэс перадаецца ад настаўніка да вучняў, якія вучацца планаваць і вызначаць сваю ўласную дзейнасць на ўроку, а таксама сочаць за сваім прагрэсам. Я як настаўнік вызначаю заданні, накіроўваю і даю парады, што яшчэ неабходна зрабіць, каб палепшыць вынік.

Дзякуючы пандэміі адкрыла для сябе анлайн-платформу Flipgrid, анлайн-дошкі Padlet, Miro, якія надалі новы фармат маім урокам, а анлайн-дошка Netboard стала інструментам, які дазволіў арганізаваць не толькі ўзаемадзеянне “настаўнік—вучні”, але і “настаўнік—настаўнік” праз стварэнне анлайн-пляцоўкі з метадычнымі матэрыяламі для раённага рэсурснага цэнтра настаўнікаў замежных моў Мазырскага раёна.

— Як вы працуеце над удасканаленнем прафесійнага майстэрства? Ці дзеліцеся сваім вопытам з калегамі?

— Перш за ўсё, я чытаю прафесійна-арыен­таваную літаратуру, аўтарскі блог нашай калегі, настаўніка-метадыста, начальніка Каардынацыйнага савета пры БДПУ імя Максіма Танка Інесы Зубрылінай. Акрамя таго, уваходжу ў шэраг прафесійных адукацыйных супольнасцей у сацыяльнай сетцы Facebook, напрыклад, у рэспубліканскі клуб настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, Беларускую асацыяцыю настаўнікаў англійскай мовы BelNATE. Актыўна супрацоўнічаю з абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей, АПА ў якасці лектара. Супрацоўнічаю з кафедрай замежных моў МДПУ імя І.П.Шамякіна, які скончыла, і з’яўляюся суаўтарам шэрага вучэбных праграм для студэнтаў спецыяльнасці “Англійская мова. Нямецкая мова”. Выступаю з майстар-класамі на рэспубліканскіх мерапрыемствах, арганізаваных АПА, напрыклад, калядным фестывалі “Пазнанне ў сумеснай творчасці”, Рэспубліканскім сацыяльна-адукацыйным праекце “Арыентацыя на будучыя пакаленні”, арганізаваным БДПУ імя Максіма Танка, і г.д. У складзе рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежных моў ажыццяўляю метадычныя выезды з мэтай трансляцыі свайго вопыту. Удзельнічаю ў рэспубліканскіх анлайн-вэбінарах і семінарах, якія праводзяць настаўнікі розных прадметаў і якія арганізаваны начальнікам цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА Аленай Радзевіч.

— Як пераадольваеце стрэ­сы, папярэджваеце прафесійнае выгаранне? Па­дзяліцеся рэцэптамі.

— Крыніца майго натхнення на ўвесь навучальны год — аўтарскі метадычны летнік “Альхоўка” прафесара АПА Мікалая Іванавіча Запрудскага. Гэта тое месца, якое некалькі гадоў назад, калі прафесійнае выгаранне падштурхоўвала мяне сысці з прафесіі, падарыла мне знаёмства з унікальнымі педагогамі нашай краіны і вярнула матывацыю! Некалькі гадоў з’яўляюся ментарам рэспубліканскага дыстанцыйнага курса “Актыўная ацэнка”. Дапамагаю настаўнікам замежнай мовы з усіх абласцей нашай краіны авалодаць прыёмамі актыўнай ацэнкі і зрабіць іх урокі сапраўды сучаснымі, адпаведнымі новаму адукацыйнаму стандарту і сацыя­культурнай сітуацыі.

— Падзяліцеся, калі ласка, вашымі планамі.

— З 2020 года, дзякуючы праекту “Гатовыя да дыстанцыйнага навучання”, арганізаванаму пры ўдзеле асацыяцыі “Настаўнік для Беларусі”, я стала часткай каманды праекта english BY camp. Яго мэта — стварэнне і прасоўванне ў дзяржаўных установах адукацыі англійскага школьнага лагера як формы вольнага часу для вучняў у канікулярны час. Нашай камандай са жніўня 2020 па снежань 2021 года напісана 5 праграм. Чатыры з іх — Camp Travel, Camp Jobs, Camp Pirates, Camp Winter — створаны для афлайн- і адна праграма Around the world — для анлайн-навучання ў англійскім школьным лагеры. Змест кожнай праграмы ўнікальны і раскрывае розныя тэмы, аб’яднаныя пэўнай сюжэтнай лініяй. Зараз мы праводзім анлайн-навучанне ўсіх жадаючых педагогаў праз сістэму бясплатных анлайн-трэнінгаў. Спадзяюся, што ў будучыні наш праект стане візітнай карткай краіны, бо ў яго няма аналагаў не толькі на постсавецкай прасторы, але і за яе межамі.

Надзея ЦЕРАХАВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий