Суаўтары Змітрака Бядулі

- 14:46В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўзнагародзілі пераможцаў літаратурнага конкурсу “Беларускі салавей”. Больш за 800 беларусаў сталі суаўтарамі знакамітага пісьменніка Змітрака Бядулі.

С.Плаўнік і М.Курбан.

Часта творчыя заданні, на­кшталт водгуку, эсэ, рэцэнзіі і нават звычайнага сачынення, выклікаюць у вучняў незадаволенасць і складанасці. Прычым калі ў пачатковай школе многім дзецям падабаецца ствараць казкі, вершыкі, загадкі, бо справіцца з імі дапамагаюць бацькі, то ў старшых класах ім вельмі няпроста выканаць такое заданне. І толькі па-сапраўднаму крэатыўныя асобы з радасцю і цікавасцю адгукаюцца на прапанову напісаць творчую работу.

Аднак, як паказаў літаратурны конкурс “Беларускі салавей”, прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі і праведзены Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, зацікаўленых юнакоў і дзяўчат, жанчын і мужчын, якія спрабуюць свае сілы ў напісанні празаічных твораў, — даволі шмат. Канкурсантамі сталі 827 чалавек ва ўзросце ад 6 да 71 года з розных куткоў Беларусі, пры гэтым найбольшую колькасць работ даслалі жыхары Мінскай вобласці — 198, Гомельскай — 185 і Брэсцкай — 184. Адно эсэ прыйшло з расійскага горада Кірсанаў Тамбоўскай вобласці. Такі маштаб не можа не ўражваць.

Генеральны дырэктар НББ Аксана Кніжнікава нагадала, што чатыры гады назад бібліятэка распачала маштабны праект “На хвалі часу, на плыні жыцця”, прысвечаны 100-гадоваму юбілею першага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. “У 2020-м узнікла ідэя аб’яўляць творчыя конкурсы да юбілеяў “маладнякоўцаў”. Першы быў прысвечаны У.Дубоўку, а другі — З.Бядулю. “Беларускі салавей” — гэта своеасаблівае асэнсаванне творчасці нашага знакамітага пісьменніка, — дадала яна. — Акрамя эсэ з prequel, sequel і spin-off, мы атрымалі 179 работ з разважаннямі і крытычнымі матэрыяламі. Нягле­дзячы на тое, што яны не адпавядалі ўмовам конкурсу, аргкамітэт вырашыў адзначыць найлепшых у намінацыях, якія прайшлі па-за конкурсам”.

Пераможцаў вызначылі ў наступных узроставых катэгорыях: 10—13, 14—15, 16—22, 23+ гадоў. У апошняй катэгорыі залатым прызёрам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Мазыра Марыя Міхайлаўна Курбан, якая адзначыла: “Я вельмі люблю творчасць З.Бядулі яшчэ з дзяцінства. Для конкурсу напісала эсэ “Падарожжа старых ботаў” — sequel да апавядання “Бондар”, бо я яшчэ з’яўляюся кіраўніком школьнага музея быту беларускага Палесся, і тэма гэтага апавядання вельмі пераплятаецца з тым, чым я займаюся. Героямі маёй работы сталі старыя боты Бондара, якія вырашылі злезці з гарышча і пайсці шукаць гаспадара, але не знайшлі і вярнуліся дажываць свой век зноў на гарышчы. Перамога ў конкурсе стала прыемнай нечаканасцю. Увогуле ў літаратурных конкурсах варта прымаць удзел, бо яны дапамагаюць развіваць нашу культуру і спадчыну, паказваючы самабытнасць нашага народа”.

Трэцяе месца ў гэтай жа намінацыі заняла метадыст сектара фарміравання Банка звестак аб гістарычна-культурнай спадчыне інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ Маргарыта Шабар. Яна напісала: “Змітрок Бядуля — душэўны пісьменнік, і яго творы кранаюць да глыбіні душы. Я напісала два эсэ — па апавяданні “Бондар” і аповесці “Салавей”. Звычайна я пішу вершы, і гэтыя творы сталі першай празаічнай спробай. Адзначылі маё эсэ “Вечнае” (sequel да “Бондара”). Творчыя спаборніцтвы дапамагаюць захоўваць памяць пра нашых выбітных дзеячаў культуры, звяртаюць на іх увагу мола­дзі і стымулююць развіццё нашай культуры”.

Конкурс “Беларускі салавей”, прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі, арганізавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Яго ўдзельнікамі сталі 827 чалавек ва ўзросце ад 6 да 71 года з розных куткоў Беларусі.

“Беларускі салавей” дапамог выявіць шмат талентаў сярод дзяцей і дарослых, чые творы хоць і не ўвайшлі ў лік пераможцаў, але таксама ўразілі судзейскую калегію. Сярод іх эсэ навучэнцаў Мінскага сувораўскага вучылішча. Пра конкурс юнакі даведаліся ад сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, а паколькі па школьнай праграме яны праходзілі апавяданне “На Каляды к сыну”, то і паспрабавалі скласці яго працяг. Максім Храмцоў напісаў эсэ “Матчын боль”. Хлопец прызнаўся: “Было вельмі няпроста напісаць гэты твор, і толькі праз некалькі дзён разважанняў і спроб нешта атрымалася”. Арсеній Кісель у сваім “Дзіўным сне” паказаў, што галоўны герой Лаўрэнцій Кіпрыянавіч у выніку зразумеў сваю памылку, усвядоміў, што ён дрэнна абыходзіўся з маці: “На жаль, ужо было позна, маці памірае. Але ў памяць аб ёй ён стварае фонд, у якім дапамагае пажылым людзям”.

А вось Марыя Куксёнак, вучаніца 10 класа Багушэўскай сярэдняй школы імя А.Э.Марфіцкага Сенненскага раёна, даслала твор “Ненароджанае дзіця” паводле “Бондара”. Школьніца адзначыла: “На жаль, не ўсе творы Змітрака Бядулі цікавыя і зразумелыя маім аднагодкам, але такія конкурсы да­юць падставу нібыта стаць на месца аўтара і паспрабаваць адчуць, як ён пісаў гэты твор і пра што думаў”.

Сотні такіх хвалюючых гісторый краналі душы чытачоў, у тым ліку і членаў журы. “Калі Леў Талстой пісаў свае творы, ён не думаў, што ў вачах Леніна стане люстэркам рускай рэвалюцыі. Так і арганізатары гэтага конкурсу не меркавалі, што конкурс стане люстэркам актуальнага літаратурнага працэсу ў Беларусі. Я маю на ўвазе, што заўважаны перакос увагі як колькасны, так і якасны да працягу апавядання “На Каляды к сыну”, і ў той жа час менш увагі ўдзялася крытыцы твораў пісьменніка. Таму можна зрабіць выснову, што беларусы — нацыя вельмі творчая і малакрытычная”, — рэзюмаваў сябра журы вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Трафімчык.

У сваю чаргу некаторыя ўдзель­нікі конкурсу напісалі вершы паводле твораў З.Бядулі. Іх творчы падыход і натхненне былі адзначаны спецыяльным прызам “За любоў да паэзіі”. Сябра журы, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык падкрэсліла, што ёй асабліва прыемна было пачытаць творы, аўтары якіх выказалі свае думкі, меркаванні менавіта ў паэтычнай форме: “Яна больш характэрна для ўзроставай катэгорыі 23+ і сведчыць пра тое, што літаратура і паэзія застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё”.

Варта адзначыць, што на ўрачыстым узнагароджанні пераможцаў конкурсу “Беларускі салавей” прысутнічаў сын Змітрака Бядулі — Яфім Плаўнік. Ён актыўна падтрымаў творчую ініцыятыву, сачыў за ёй, знаёміўся з работамі канкурсантаў. Сустрэча з такім цікавым чалавекам і віншаванні ад яго былі адным з найбольш каштоўных падарункаў для гасцей і ўдзельнікаў святочнай імпрэзы. “Думаю, што конкурс для яго ўдзель­нікаў стаў захапляючым падарожжам у літаратуру, і жадаю, каб яно не заканчвалася на гэтым!” — сказаў ён, звяртаючыся да пераможцаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий