Маладзёжны парламент Ленінскага раёна Гродна адгукнуўся на рэспубліканскі заклік прыняць удзел у абмеркаванні праекта абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і стаў арганізатарам і ўдзельнікам адкрытага дыялогу “#ІніцыятываМоладзьГродна”.
Пляцоўкай сустрэчы стаў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна, дзе рэгулярна праходзяць пасяджэнні раённага маладзёжнага парламента і абмяркоўваюцца самыя актуальныя праблемы часу і краіны.
На дыялогавай пляцоўцы юныя дэпутаты змаглі задаць і абмеркаваць хвалюючыя іх пытанні гасцям сустрэчы: старшыні Рэспубліканскай калегіі студэнцкай моладзі Наталлі Васілевіч, першаму сакратару Гродзенскага гарадскога камітэта БРСМ Арцёму Макарэвічу.
Старшыня маладзёжнага парламента Ленінскага раёна Гродна Цімафей Антонаў адзначыў: “Сёння ўдзел у дыялогавай пляцоўцы даў магчымасць задаць цікавыя для нас, юных парламентарыяў і навучэнцаў старшых класаў, пытанні, абмеркаваць некаторыя змены ў Асноўным Законе краіны, пачуць меркаванні, шукаць шляхі вырашэння праблем, якія нас хвалююць. Менавіта мы – будучыня Беларусі, і нам неабыякавы перспектывы яе развіцця”.
Падчас жывых зносін удзельнікі сустрэчы прадэманстравалі імкненне да пазітыўных змен і ўмацаваліся ў меркаванні, што ўсе прапанаваныя новаўвядзенні павінны паспрыяць развіццю і ўмацаванню Беларусі.
Гелена БАНЦЭВІЧ,
загадчык аддзела ЦТДіМ “Спектр” Гродна,
каардынатар маладзёжнага парламента Ленінскага раёна Гродна