Прыйсці ў каледж і застацца працаваць тут надоўга — такая гісторыя часта здараецца ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы (філіял РІПА). Знаёмімся з Уладзіславам Арцюхом і Хрысцінай Кіслюк, для якіх каледж стаў першым працоўным месцам і нават нечым большым.
За справу ўзяўся майстар
У майстэрні дрэвааапрацоўкі пануе непаўторны пах драўнянага пілавіння, габлюшкі закручваюцца ў сімпатычныя завіткі, а брусы і цурбаны набываюць форму. Тут гаспадарліва завіхаецца малады майстар вытворчага навучання Уладзіслаў Арцюх. А для навучэнцаў, што прыходзяць да яго на заняткі, ён, канечне, Уладзіслаў Вадзімавіч.
Уладзіслаў нарадзіўся на Брэстчыне ў вёсцы з прыгожай назвай Краі. Падчас навучання ў школе ў яго з’явілася жаданне вучыць, і юнак нават раздумваў над тым, каб пасля 9 класа пайсці вучыцца ў педкаледж і стаць настаўнікам пачатковых класаў. Аднак блізкія яго адгаварылі, маўляў, не самая тыповая прафесія для мужчыны (ох, гэтыя стэрэатыпы!). Юнак застаўся вучыцца ў школе і скіраваў свой погляд у іншы бок — надумаўся быць механікам ці аўтамеханікам. Падумаць яшчэ раз зноў прымусіла меркаванне старэйшых. Дырэктар школы на выпускным вечары сказаў яму: “Ты талковы хлопец, трэба табе працаваць галавой. Паспрабуй! Закасаць рукавы і папрацаваць рукамі заўсёды паспееш!”
Індустрыяльна-педагагічны каледж, які ў выніку выбраў юнак, спалучыў усё, да чаго ляжала душа. Уладзіслаў выбраў спецыяльнасць “Тэхнічная праца і чарчэнне” і ў выніку атрымаў кваліфікацыю “настаўнік”. Каледж яму спадабаўся з першага дня.
— Кожны дзень быў па-новаму цікавы. Незадоўга да майго паступлення тэрмін навучання па спецыяльнасці быў скарочаны, навучанне было вельмі інтэнсіўным, прапанавалася многа практычных заняткаў, — узгадвае малады чалавек. — Мне заўсёды падабалася атмасфера ва ўстанове, у першую чаргу дзякуючы падыходу педагогаў і майстроў: нам дапамагалі, ішлі насустрач, імкнуліся зразумець. Ніколі не было такога, каб чалавека пакідалі сам-насам з яго праблемамі. Таму навучанне выклікала самыя прыязныя ўражанні. Пакідаць такое цёплае і душэўнае месца не хацелася.
Пакідаць каледж і не прыйшлося. Уладзіславу прапанавалі застацца тут у якасці майстра вытворчага навучання. Атрымаць такую прапанову, звярнуць на сябе ўвагу юнаку дапамаглі конкурсы прафесійнага майстэрства. Уладзіслаў браў удзел у спаборніцтвах у рамках руху WorldSkills у кампетэнцыі “Цяслярная справа”. На IV Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 ён заваяваў “бронзу”.
— Безумоўна, падрыхтоўка да конкурсаў, асабліва калі гэта ўжо рэспубліканскі ўзровень, няпростая, — гаворыць Уладзіслаў. — На гэта трацілася многа часу. Нават аднагрупнікі часам пыталіся, ці не надакучыла мне пасля заняткаў сядзець у мастэрні замест таго, каб адпачыць. Аднак мне гэта вельмі падабалася. Асабліва люблю работу з дрэвам: калі ты працуеш і габлюшкі ляцяць у розныя бакі — гэта ж проста замілаванне. І, як заўсёды ў каледжы, я не застаўся без падтрымкі. Выкладчыца Марына Мікалаеўна Булава дапамагала ўдасканальваць веды, каб разбірацца са складанымі чарцяжамі. Майстар вытворчага навучання Мікалай Міхайлавіч Вязовіч быў маім кіраўніком у майстэрні, дапамагаў даводзіць да дасканаласці навыкі, бо практычныя заданні вельмі складаныя.
Конкурсны рух патрабуе высокага ўзроўню экспертнасці. І гэта цяпер дапамагае ўпэўнена адчуваць сябе ў рабоце. Зараз Уладзіслаў вядзе заняткі па сталярных і слясарных работах. А яшчэ дапамагае рыхтаваць да прафесійных конкурсаў новыя пакаленні канкурсантаў.
Калі ён апынуўся ў каледжы ў новай ролі, то пераканаўся, што камфортная атмасфера тут не толькі для навучэнцаў, але і для работнікаў. Падтрымка калег дапамагла хутка і без цяжкасцей уліцца ў работу. Тым больш што добрыя навыкі ў яго былі, жаданне навучаць — таксама, заставалася толькі засвоіць некаторыя фармальнасці.
У рабоце галоўным лічыць добразычлівае стаўленне да навучэнцаў. Знайсці з імі агульную мову маладому майстру нескладана, бо яны заўсёды на адной, маладзёжнай хвалі.
— Як казаў мой дзядуля, калі прыходзіш на работу — пакінь свае крыўды і дрэнны настрой за парогам. Я так і раблю, — расказвае майстар аб сваім падыходзе да работы. — Калі ты адрасуеш чалавеку ўсмешку, то і ён табе ўсміхнецца. А калі ты хмурны і пануры — дык чаго чакаць у адказ?
Уладзіслаў можа пажартаваць і пасмяяцца з навучэнцамі і ніколі не шкадуе часу, каб патлумачыць тое, што засталося незразумелым. А яшчэ — умее запаліць у навучэнцах цікавасць.
— Паспяховая работа пачынаецца з цікавасці. І я перакананы, што ў майстэрні для кожнага можна знайсці занятак, які абудзіць гэтую цікавасць. Варта толькі добра пашукаць, — упэўнены малады чалавек.
За апошнія 5 гадоў 15 выпускнікоў Індустрыяльна-педагагічнага каледжа былі прыняты на работу ва ўстанову.
Гаспадыня ў лабараторыі
Прайшло ўсяго некалькі гадоў, як навучэнка Індустрыяльна-педагагічнага каледжа Хрысціна ператварылася ў Хрысціну Васільеўну Кіслюк, загадчыцу лабараторый установы. Гэтую прыгожую маладую дзяўчыну ўсё яшчэ можна пераблытаць з навучэнцамі — яе ўсмешка такая ж гарэзлівая і жыццелюбівая, а энергія, здаецца, бясконцая.
— Я ў старшых класах дакладна ведала, што хачу працаваць у будаўнічай галіне, хоць у маёй сям’і не было ніводнага будаўніка. Лічыла і лічу, што будаўнічыя прафесіі ва ўсе часы былі і будуць запатрабаваны, патрэбны людзям, — расказвае пра свой прафесійны выбар Хрысціна Васільеўна. — Калі зайшла на сайт Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, адразу зразумела — хачу вучыцца тут. Паступіла на спецыяльнасць “Прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва”. І ніколі не пашкадавала аб гэтым.
Хрысціна Кіслюк была такой навучэнкай, пра якую немагчыма не сказаць словамі з любімага кінафільма — студэнтка, камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня. Гурткі, спартыўныя секцыі, маладзёжныя арганізацыі, прафсаюз — яна паспявала ўсё і ўсюды. І, канечне, паспяхова засвойвала прафесію.
— Навучанне ў каледжы вельмі змястоўнае. Як кажуць, ніякай вады на занятках — толькі карысныя веды, якія можна прымяніць на практыцы. Усё, што нам выкладалі, — рэальна патрэбныя ў прафесіі навыкі і веды, і ў гэтым асаблівая каштоўнасць навучання ва ўстанове, — дзеліцца ўражаннямі малады педагог.
Яна ніколі не пашкадавала, што выбрала гэтую ўстанову. А ўстанова выбрала яе — на размеркаванні Хрысціне прапанавалі застацца і яна пагадзілася з радасцю. Сёння дзяўчына з’яўляецца загадчыцай лабараторый “Будаўнічыя матэрыялыі вырабы” і “Геадэзія”.
— Для мяне вельмі важна, што я працую ва ўстанове, якая пастаянна развіваецца і дае мне магчымасць развівацца. Мне падабаецца, што каледж ідзе ў нагу з часам, тут з’яўляюцца новыя сучасныя тэхналогіі і ёсць магчымасць даваць людзям актуальныя веды і ўменні. Так, у хуткім часе я буду вучыць навучэнцаў прымяняць аўтаматызаваныя сістэмы ў будаўніцтве, праграму для праектавання Revit. Праграма дае магчымасць ствараць 3D-мадэлі збудаванняў. У Расіі будаўнічыя арганізацыі ўжо актыўна выкарыстоўваюць гэтую праграму, хутка так будзе і ў нас. І нашы навучэнцы будуць гатовы да работы ў такіх умовах, — расказвае Хрысціна Васільеўна.
Тое, што педагог імкнецца да развіцця, — не пустыя словы. Адразу пасля заканчэння каледжа яна паступіла на скарочаную завочную форму навучання ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. І літаральна праз некалькі тыдняў дзяўчына будзе абараняць дыплом! А ўсё для таго, каб мець магчымасць быць як мага лепшай у сваёй рабоце.
Тое, што ў яе з навучэнцамі невялікая розніца ва ўзросце, Хрысціне Васільеўне не перашкаджае, а наадварот, дапамагае. Пры гэтым ёй удаецца знаходзіць баланс паміж даверлівымі, дружалюбнымі адносінамі і павагай да яе як да педагога.
— Паміж намі меншая эмацыянальная і ўзроставая дыстанцыя і навучэнцы адчуваюць сябе свабодна са мной. Яны не баяцца перапытваць, звяртацца па дапамогу. Увогуле, я з першых дзён імкнуся стварыць такую атмасферу, каб яны ўспрымалі мяне не як стрымліваючы фактар, а як апору і дапамогу. З першых заняткаў пераконваю, што я тут дзеля іх і для іх, — расказвае пра свае падыходы да работы малады педагог. — Я падкрэсліваю, што мэты і праблемы ў нас агульныя, мы робім адну справу. Калі чалавек сам не ідзе на кантакт, то раблю першы крок насустрач. Самае галоўнае — імкнуцца іх зразумець, паспрабаваць стаць на іх месца, калі трэба. Так, знайсці да кожнага падыход бывае нялёгка, бо ўсе навучэнцы розныя. Але як інакш?
Дар’я РЭВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА