Аб сучасных трэндах у прафесійным развіцці педагогаў Міншчыны, актуальных вектарах развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дарослых і планах работы на год Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі мы пагутарылі з рэктарам, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Інгай Пятроўнай Кандрацьевай.
— Асноўны складнік паспяховай работы сістэмы адукацыі — кадры. Яркія, захопленыя, з жаданнем прафесійна развівацца, здольныя выхаваць такіх жа вучняў. Якія магчымасці для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў Мінскай вобласці прадастаўляе інстытут?
— Асноўная функцыя інстытута — прафесійнае развіццё педагагічных кадраў вобласці. На працягу мінулага года больш за 28 тысяч кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі наведалі 276 курсаў павышэння кваліфікацыі і 304 тэматычныя семінары. Сёлета плануецца працягнуць рэалізацыю праграм па такіх запатрабаваных тэмах, як удасканаленне прафесійнай дзейнасці педагога ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу, развіццё прадметна-метадычных кампетэнцый настаўніка ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі, фарміраванне метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў. Сярод новых зместавых ліній — псіхалагічныя аспекты развіцця асобы ў сучасным сацыякультурным асяроддзі, прыярытэтныя напрамкі ў арганізацыі і правядзенні вучэбнага даследавання, фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці менеджара дашкольнай адукацыі, мадэляванне ўрока ў фармаце відэаканферэнцыі, інавацыйныя адукацыйныя практыкі ў аспекце развіцця матэматычнай і фінансавай дасведчанасці навучэнцаў.
У арганізацыйным дызайне павышэння кваліфікацыі робім акцэнт на лічбавізацыю. Зачынам для гэтага сталі створаныя намі прадукты, якія дазваляюць аўтаматызаваць аддалены запіс на вучэбныя курсы, фарміраваць спіс слухачоў, ствараць і рэдагаваць вучэбна-праграмную дакументацыю, складаць расклад заняткаў (вынік рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця электронных сэрвісаў для павышэння якасці прадастаўлення адукацыйных паслуг ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых”. — Заўвага аўтара).
— Інга Пятроўна, акрамя тэматычных семінараў, якія формы работы з педагогамі вы лічыце прадукцыйнымі і выніковымі?
— Сёння эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных праблем адукацыйнай практыкі, генерацыі новых ідэй, стварэння сучасных дыдактычных прадуктаў з’яўляюцца 14 абласных творчых груп. Яны аб’ядноўваюць 177 крэатыўных, ініцыятыўных і паспяховых у сваёй справе кіраўнікоў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікаў-прадметнікаў. Сёлета ў фокусе ўвагі дзейнасці творчых груп будуць падрыхтоўка заданняў да прадметных алімпіяд, у тым ліку дыстанцыйных, экспертыза і адбор на ўзроўні вобласці вучэбных матэрыялаў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, рэцэнзаванне кампанентаў вучэбна-метадычных комплексаў, падрыхтоўка прапаноў і рэкамендацый па вывучэнні асобных раздзелаў вучэбных праграм, распрацоўка метадычных матэрыялаў па развіцці функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, дыдактычных сцэнарыяў вучэбных заняткаў, лічбавых адукацыйных рэсурсаў.
Важную ролю ў падтрыманні прафесійнага тонусу спецыялістаў адукацыі адыгрываюць штогадовыя дыстанцыйныя алімпіяды для педагагічных работнікаў. Сёлета пры праходжанні гэтых выпрабаванняў педагогам неабходна будзе прадэманстраваць прафесійныя кампетэнцыі, якія адлюстроўваюць іх узровень валодання зместам вучэбнага прадмета і методыкай яго выкладання, выкарыстання лічбавых адукацыйных рэсурсаў і сэрвісаў для арганізацыі вучэбнага працэсу.
— Якія катэгорыі спецыялістаў сістэмы адукацыі сёння маюць патрэбу ў дадатковым прафесійным суправаджэнні?
— Асаблівае месца ў дзейнасці інстытута займае прафесійнае суправаджэнне педагогаў сацыяльных і педагогаў-псіхолагаў. На семінарах і трэнінгах дэталёва прапрацоўваюцца пытанні ранняга выяўлення сямейнага недабрабыту, абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыкі суіцыдальных, дэвіянтных і адыктыўных паводзін у непаўналетніх, арганізацыі постінтэрнатнага суправаджэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей.
— Што яшчэ ў планах работы інстытута на 2022 год?
— Плануецца пашырыць спектр мерапрыемстваў па імплементацыі асноўных палажэнняў канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Беларусі на 2019—2025 гады. Базісам для абноўленай дарожнай карты лічбавізацыі рэгіянальнай адукацыі з’яўляюцца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей, сістэмная метадычная работа па пытаннях абароны інфармацыі ва ўстановах адукацыі, выніковы ўдзел навучэнцаў і педагогаў вобласці ў IT-конкурсах рознага ўзроўню.
Відавочна, што за поспехамі навучэнцаў стаяць педагогі, якія разумеюць патрабаванне бесперапыннага прафесійнага развіцця. На абласны конкурс “Педагагічная IT-мазаіка” ў гэтым годзе зарэгістравана 336 конкурсных работ. Лепшыя праекты будуць прадстаўлены на XV Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У адпаведнасці з сучаснымі трэндамі, у бягучым годзе ўсе намінацыі абласнога конкурсу набылі не толькі новую назву, але і змест. Сярод іх — “Анлайн-вучэбныя заняткі”, “Інтэрактыўная стужка часу”, “Дынамічная карта”, “Інтэрактыўны плакат”, “Кірмаш прафесій”.
На нацыянальным адборачным этапе V Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні ў пяці намінацыях з дзесяці дыпломы пераможцаў атрымалі 8 навучэнцаў Міншчыны. Каманда вобласці перамагла і па выніках паўфіналу конкурсу “Mobiквіз”. Перамогу заваяваў вучань сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Павел Барбук.
Інстытут імкнецца падрыхтаваць педагога да эфектыўнага адукацыйнага ўзаемадзеяння з сучасным “лічбавым” вучнем. У бягучым годзе будзе прадоўжана работа па распаўсюджванні STEM-падыходу ў рэгіянальнай адукацыі. Ужо некалькі гадоў рэалізуецца ўнікальны адукацыйны праект для педагогаў “Мабільны STEM-клас”. Кантэнт праекта ў гэтым годзе будзе пашырацца і развівацца. Сярод запланаваных тэм — “Выкарыстанне робататэхнічнага набору MatataLab у STEM-адукацыі”, “Развіццё ІКТ-кампетэнцый педагогаў у STEM-адукацыі”, “Асновы 3D-прататыпавання для рэалізацыі STEM-падыходу ў адукацыі”.
— А якія новыя кірункі работы асвойваюць супрацоўнікі інстытута ў галіне развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў?
— Варта акцэнтаваць увагу на такім даволі новым напрамку работы, як суправаджэнне адбору высокаматываваных навучэнцаў вобласці на адукацыйныя змены ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і распрацоўка механізмаў іх педагагічнай падтрымкі пасля завяршэння навучання. На гэты момант 143 навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці прынялі ўдзел у другім этапе адбору, 56 з іх былі залічаны на адукацыйную змену і прайшлі навучанне ў тэхнапарку.
— Як вядома, педагогам для асобаснага росту і развіцця важна адчуваць падтрымку калег-аднадумцаў, абменьвацца вопытам. Як гэта адбываецца ў Мінскай вобласці?
— Важную стымулюючую і мабілізацыйную функцыю ў пошуку трэка індывідуальнага прафесійнага росту педагога выконвае клуб педагагічных работнікаў “Флагман”. Каманда аднадумцаў з 2009 года прырастае таленавітымі і актыўнымі педагогамі. Сёння членамі клуба з’яўляюцца 45 педагогаў. Дзесяць з іх маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” (усяго ў галіне 66 настаўнікаў-метадыстаў).
У 2022 годзе дысемінацыя эфектыўных педагагічных практык будзе рэалізоўвацца па кластарным тыпе ў фармаце фестываляў і выязных акцый, падчас якіх члены клуба будуць праводзіць адкрытыя ўрокі, дзяліцца аўтарскімі распрацоўкамі ў творчых лабараторыях, на майстар-класах, круглых сталах і прафесійных дыялогавых пляцоўках.
Марына КУНЯЎСКАЯ