Інжынер свайго жыцця

- 10:00В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Вячаслаў Хадзякоў праектуе масты, выкладае ў БНТУ, піша дысертацыю, робіць мэблю сваімі рукамі. Якімі яшчэ навыкамі валодае лепшы малады вучоны СНД?

Час эксперыментаў

Нарадзіўся Вячаслаў у Мінску. Бацька — архітэктар, маці — педагог-псіхолаг. У 1994 годзе сям’я пераехала ў далёкі горад Нягань, что ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Расіі. Там будучы вучоны скончыў пачатковую школу, да дзявятага класа вучыўся ў сярэдняй школе ў Ханты-Мансійску, а потым паступіў у Югорскі фізіка-матэматычны ліцэй-інтэрнат.

— Гэта ўнікальная навучальная ўстанова, якая працуе пры Югорскім НДІ інфармацыйных тэхналогій, і апынуцца там імкнуцца таленавітыя школьнікі з усёй акругі, плошча якой большая, чым наша краіна. Вучыцца было складана, але цікава. Нягледзячы на тое, што на выдатныя адзнакі выкладчыкі не былі шчодрымі, выпускнікі каледжа з лёгкасцю паступалі ў лепшыя УВА. Я ж вырашыў вярнуцца на радзіму і падаў дакументы ў БНТУ на факультэт транспартных камунікацый. Пра навуковую дзейнасць тады і не думаў, — прызнаецца Вячаслаў.

Вучоба пачалася ў 2010 годзе. Прайшло крыху больш за дзесяць гадоў, і Вячаслаў стаў уладальнікам шматлікіх дыпломаў і ўзнагарод, атрымаў кваліфікацыю “інжынер-будаўнік”, ступень магістра тэхнічных навук пасля заканчэння магістратуры і кваліфікацыю “даследчык у галіне тэхнічных навук” пасля навучання ў аспірантуры.

А першым крокам, які прывёў студэнта ў навуку, стала згода на прапанову выкладчыка Валерыя Генадзьевіча Пастушкова напісаць артыкул у зборнік тэзісаў. Адбылося гэта на другім курсе і нечакана вельмі захапіла маладога чалавека.

“Хочаш зрабіць добра — зрабі сам” — дэвіз маладога навукоўца. Ім ён кіруецца як падчас уласных навуковых даследаванняў, так і пры рабоце на кафедры і са студэнтамі.

Чатыры разы ён паспяхова прымаў удзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Разам з гэтым, дзякуючы старэйшым братам-архітэктарам, Вячаслаў трапіў у цікавае асяроддзе творчых людзей, якія распрацоўвалі ўнікальныя архітэктурныя праекты і рэалізоўвалі іх у горадзе. Гэта дало цудоўную магчымасць прымяняць свае веды на практыцы: як матэматык, фізік і праграміст ён дапамагаў вырашаць канструктарскія інжынерныя пытанні. Перш за ўсё, наколькі магчыма ўвасобіць у жыццё задумы архітэктараў.

— Мы працавалі над канцэпцыяй алгарытму, які дапаможа стварыць аптымальную канструкцыю будынка. Галоўная мэта была — атрымаць канструкцыю, якая будзе мець неабходную трываласць без перарасходу матэрыялаў. На аснове тых распрацовак у мяне атрымалася стварыць праект металічнай бэлькі, якая на 30 працэнтаў лягчэйшая за звычайную. Вырашыў запатэнтаваць яе. У 2016 годзе падаў заяўку і праз два з паловай гады атрымаў патэнт. Практычнага прымянення бэлька не знайшла, але для мяне было важна іншае. Я зразумеў, што навуковая дзейнасць — гэта доўгі праект, а даследаванні трэба пачынаць з пошуку актуальнай праблемы і планамерна яе вырашаць, — разважае Вячаслаў.

Потым усе тры гранты ад Міністэрства адукацыі, якія ён атрымаў, мелі прыкладны характар.

— Грант — гэта добрая матывацыя для маладога навукоўца, пацвярджэнне запатрабаванасці працы. Таксама ты атрымліваеш грошы за тое, чым бы і так займаўся. За год неабходна выканаць даследаванне, пры гэтым рабіць справаздачу кожныя тры месяцы. Тэмай апошняга гранта, які я атрымаў у 2021 годзе, стала “Дыягностыка ўчасткаў маставога палатна ў зонах усталявання дэфармацыйных швоў на аўтадарожных мастах”. Дзеля гэтага я пабываў на многіх мастах і пуцеправодах сталіцы, Мінскай вобласці, усталёўваў прыборы, знімаў паказанні па вібрацыі і напружанні, — расказаў Вячаслаў.

Вячаслаў Хадзякоў — уладальнік званняў “Лепшы малады спецыяліст установы адукацыі 2019”, “Лепшы аспірант БНТУ 2020”, “Лепшы малады навуковец СНД”, аўтар 58 навуковых прац, 8 яго распрацовак ужо выкарыстоўваюцца ў вытворчасці. Ён мае 34 граматы, дыпломы і іншыя ўзнагароды. З’яўляецца аўтарам чатырох метадычных дапаможнікаў і аднаго вучэбна-метадычнага комплексу, складальнік і рэдактар трох зборнікаў навуковых прац студэнтаў.

Патрыёт сваёй кафедры 

Калі Вячаслаў вырашыў паступаць у магістратуру, ён дакладна не ведаў, навошта яму гэта патрэбна. Зараз, пасля заканчэння аспірантуры, ужо ведае адказ: для таго, каб родная кафедра “Масты і тунэлі” развівалася. Малады вучоны хварэе за яе ўсім сэрцам і зацікаўлены ў яе развіцці.

Пачаўшы працаваць на кафедры ў 2015 годзе, Вячаслаў, акрамя выкладання дысцыплін і куратарскіх абавязкаў, стаў актыўным удзельнікам арганізацыі вучэбнай лабараторнай базы.

— Калі я быў студэнтам, мне і маім аднакурснікам не давялося правесці мноства лабараторных работ з выпрабаваннямі канструкцый па аб’ектыўных прычынах. На шчасце, зараз сітуацыю атрымалася выправіць: ужо адноўлены больш за дзясятак лабараторных работ, распрацавана некалькі новых, створана метадычка для іх выканання. А я паставіў перад сабой новую мэту: публікаваць па адной метадычцы ў семестр. Пакуль спраўляюся, — з усмешкай падкрэсліў малады чалавек.

Улічваючы вялікі вопыт Вячаслава ў навуковай дзейнасці, на кафедры яго адразу назначылі адказным за студэнцкую навуку. Праз тры гады — адказным за навуку на ўсім факультэце. А сёння ён навуковы кансультант міжкафедральнага Студэнцкага бюро “Транспартныя збудаванні”.

— Перада мной стаяла задача зацікавіць студэнтаў навуковай дзейнасцю, і я пачаў працаваць у гэтым кірунку. Растлумачыў ім, якія бонусы, акрамя павышанай стыпендыі, яны атрымаюць: навучацца правільна афармляць свае работы, выступаць перад аўдыторыяй. Падказваў, у якіх конкурсах могуць прыняць удзел, якія дакументы неабходна падрыхтаваць. Праблем з выбарам тэм няма, і, канечне, важна, каб студэнтам самім было цікава над імі працаваць. Аднак улічваючы свой вопыт, разумею, што неабходна і прапаноўваць тэмы. Сваю тэму, якую распрацоўваў яшчэ студэнтам і магістрантам, — “Аптымізацыя металічных канструкцый” — замяніў на больш запатрабаваную — “Дынаміка канструкцый дэфармацыйных швоў на мастах Рэспублікі Беларусь”, — зазначыў малады спецыяліст.

“Я ганаруся тым, што з’яўляюся навукоўцам, нягледзячы на тое, што гэта не знаходзіць разумення ў шырокіх колах. Перамога ў кожным конкурсе, публікацыя маіх артыкулаў — пацвярджэнне таго, што я займаюся патрэбнай справай”.

Прыкладзеныя намаганні не прайшлі дарэмна. Сёння больш за трэць студэнтаў факультэта транспартных камунікацый займаецца навуковымі даследаваннямі, яны выпускаюць больш за сто публікацый у семестр.

Вячаслаў упэўнены: каб быць навукоўцам, неабходна валодаць пэўнымі якасцямі характару.

— Мае браты таксама скончылі магістратуру і аспірантуру, але не засталіся працаваць у вышэйшых навучальных установах. Мне ж хапіла цярпення не кінуць гэтую справу. Мне камфортна на кафедры, удалося знайсці ўзаемаразуменне з прафесурай. Дапамагае і ўменне максімальна засяродзіцца і не распыляцца падчас работы над пэўнай тэмай. Я ўмею атрымліваць асалоду ад самога працэсу, — прызнаецца Вячаслаў.

Штрыхі да партрэта

Яго жыццё вельмі насычанае, але ён ведае, як справіцца з усімі пастаўленымі задачамі. Кожныя два дні запісвае справы, якія неабходна выканаць. Спіс падчас рэалізацыі карэкціруецца, таму лісток заўсёды пад рукой. Першая палова працоўнага дня Вячаслава праходзіць у БНТУ, а дома, пасля невялікага адпачынку, пачынаецца другая яго частка, якая можа плаўна перайсці ў ноч.

— Выхадныя для мяне — цудоўная магчымасць папрацаваць, паглыбіцца ў табліцы, вылічэнні, бо мяне ніхто не турбуе. Выключэнне — маленькі сын, які таксама патрабуе ўвагі. Калі адчуваю, что неабходна адпачыць, адпраўляюся ў гараж з дошкамі ў руках і там што-небудзь майструю. Навучыўся гэтаму ў бацькі. Калі мы пераехалі ў Нягань, ён сваімі рукамі зрабіў усю мэблю. Вось і я да гэтага імкнуся. Змайстраваў нават для камп’ютара драўляны сістэмны блок, — усміхаецца мой суразмоўнік.

Супрацоўнікі БелдарНДІ, які лічыцца заканатворцам дарожнай моды ў Беларусі, высока ацэньваюць  навуковыя работы Вячаслава Хадзякова і іх актуальнасць. У гэтым годзе вучоны плануе апублікаваць тэкст сваёй манаграфіі і будзе рыхтавацца да абароны дысертацыі, каб атрымаць званне дацэнта кафедры “Масты і тунэлі”.

Яшчэ адзін момант свайго жыцця Вячаслаў успамінае з усмешкай. Калі вучыўся ў ліцэі, ездзіў на вучобу на роліках. Калі ж стаў студэнтам БНТУ, набыў веласіпед і імчаў на заняткі па праспекце з вялікай хуткасцю. Яму хапала 11 хвілін, каб даехаць ад аднаго корпуса ўніверсітэта на “Акадэміі навук” да другога на “Барысаўскім тракце”.

— Аднагрупнікі ішлі ў метро, а я ехаў на веласіпедзе. І мы адначасова заходзілі ў корпус. Нават зімой ганяў на вучобу на веласіпедзе, праўда, хапіла мяне на дзве зімы. Зараз у мяне ёсць машына, а веласіпедам карыстаюся для асалоды, — удакладніў Вячаслаў.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий