Карта слова як сродак засваення новай лексікі і папаўнення актыўнага слоўніка вучня  

- 18:43II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Ідэі

 

Марыя ДЗЯТКОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Работа з любым тэкстам на ўроках мовы і літаратуры не ўяўляецца без работы з канкрэтным словам, значэнне якога вучні не ведаюць і не разумеюць.

Для таго каб вучні паспяхова папаўнялі свой слоўнікавы запас, з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі маўленчага працэсу, на сваіх уроках я выкарыстоўваю карты слоў, якія ўяўляюць сабой схему ўключэння новага слова ў існуючую сістэму паняццяў праз асноўныя прыёмы: падбор сінонімаў, антонімаў, фразеалагізмаў, асацыяцый, асабістых прыкладаў, кароткае апісанне, адмысловае ўжыванне і актыўнае выкарыстанне яго ва ўласным маўленні.

Яшчэ з 5-га класа ўсе мае вучні вядуць апорныя канспекты, якія ўмоўна для сябе мы назвалі “Скарбонка”. Яна складаецца з некалькіх раздзелаў, якія паступова запаўняюцца схемамі, табліцамі, алгарытмамі. У адным з раздзелаў “Словы для мовы” мы і складаем карты новых слоў.

Праца з такой картай пачынаецца са знаёмства з тэкстам, творам і высвятлення значэння незразумелых слоў. Спыняемся на тым слове, якое для вучняў зусім новае, з якім яны сустрэліся ўпершыню.

У цэнтр квадрата ці круга вучні ўпісваюць гэта слова, указваюць нумар старонкі, назву твора ці тэксту. Вышэй пазначаюць сказ, частку сказа, у якім фігурыруе гэта слова ў кантэксце. Спачатку спрабуем растлумачыць сэнс слова, зыходзячы з кантэксту. Пасля падключаем слоўнікі: тлумачальны, фразеалагічны, слоўнік сінонімаў і антонімаў. У час працы са слоўнікамі навучэнцы павінны выпісаць не ўвесь слоўнікавы артыкул, а толькі адпаведнае кантэксту значэнне. Гэта ўсё вучні адлюстроўваюць у верхняй частцы карты.

У ніжнюю частку карты, якая пазначана як “адмысловае ўжыванне, фразеалагізм, асацыяцыя або прыклад”, дзеці ўпісваюць свае ўласныя прыклады, тлумачэнні, коратка апісваюць слова, асацыяцыі да яго. Гэта частка карты дае магчымасць навучэнцам лепш усвядоміць значэнне новага слова, запомніць яго, таму што для гэтага вучням трэба думаць і супастаўляць, абапіраючыся на папярэднія веды і асабісты вопыт. З вялікім жаданнем дзеці выносяць свае здагадкі на калектыўнае абмеркаванне, дыскусіруюць, даказваюць. У выніку чаго, на заключным этапе працы са словам, яны самастойна складаюць сказы, у якіх ужываюць вывучаемае слова. Сказы ўпісваюць у ніжнюю частку карты. Карта новага слова гатова.

Такім чынам, карта слова – гэта адзін з найбольш эфектыўных і прывабных для вучняў сродкаў, які дапамагае фарміраваць чытацкую пісьменнасць, далучае да культуры чытання, садзейнічае развіццю маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий