На перадавой тэхнічнай адукацыі

- 9:10В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Пра сябе і свой шлях да пасады рэктара БНТУ, дасягненні і перспектывы вядучай вышэйшай тэхнічнай школы краіны, а таксама пра абноўленыя Кодэкс аб адукацыі і Канстытуцыю Беларусі расказаў доктар тэхнічных навук дацэнт Сяргей ХАРЫТОНЧЫК.

Пяты год галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны ўзначальвае Сяргей Васільевіч Харытончык. Яго жыццё звязана з БНТУ не адно дзесяцігоддзе. “У дзяцінстве я марыў канструя­ваць аўтамабілі. У выпускным класе зразумеў, што трэба ісці вучыцца ў Беларускі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць “Аўтамабілебудаванне”. Конкурсы тады былі вялікія, але паколькі я скончыў школу з сярэбраным медалём, то здаваў толькі адну матэматыку. Экзаменацыйныя заданні рашыў адным з першых, атрымаў выдатную адзнаку і быў залічаны. Аднак у той час была агульная спецыяльнасць “Аўтамабіле- і трактарабудаванне”, якая дзялілася адпаведна на дзве спецыялізацыі. Размеркаваннем па іх зай­маўся дэканат, які залічыў мяне на “Трактарабудаванне”. У той момант мне здалося, што жыццё страчана і лепшае, што магло быць, ужо скончана”, — з усмешкай прыгадаў рэктар.

Аднак, нягледзячы на расчараванне, Сяргей Васільевіч застаўся вучыцца і ніколі аб гэтым не пашкадаваў. Яму пашчасціла пазнаёміцца з выдатнымі выкладчыкамі, займацца навуковай дзейнасцю і нават практыкавацца на вядучых заводах краіны. Дарэчы, паступаў ён у Беларускі політэхнічны інстытут, а скончыў у 1994-м ужо Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Затым пайшоў працаваць у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. “20 гадоў пад кіраўніцтвам акадэміка, Героя Беларусі, генеральнага канструктара па аўтамабільнай тэхніцы М.С.Высоцкага я займаўся сваім любімым напрамкам — аўтамабілебудаваннем. А ў 2002 годзе, працуючы па-ранейшаму ў НАН, пачаў выкладаць ужо ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. У 2014-м стаў дэканам машынабудаўнічага факультэта, праз два гады — прарэктарам па вучэбнай рабоце, а з верасня 2017-га прызначаны рэктарам”, — расказаў С.В.Харытончык.

За час свайго кіраўніцтва ён адкрыў новыя спецыяльнасці, пашырыў міжнароднае супрацоўніцтва, павялічыў коль­касць замежных студэнтаў, нала­дзіў сувязі з узбекскімі калегамі. Ра­зам з імі быў адкрыты сумесны Беларуска-Узбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый, а яшчэ актывізаваў работу з прадстаўнікамі Шры-Ланкі і Кітая. Да таго ж менавіта на чале з Сяргеем Ва­сілье­вічам універсітэт адзначыў 100-гадовы юбілей, прайшоў праверку пандэміяй і падышоў да такіх значных падзей, як абнаўленне Кодэкса аб адукацыі і Канстытуцыі Беларусі.

Інжынерная адукацыя — адзін з ключавых элементаў развіцця эканомікі.

“У жыцці ўніверсітэта адбываліся і адбываюцца важныя па­дзеі. Так, на працягу юбілейнага года мы актыўна дэманстравалі свае дасягненні, прапагандавалі і прапаноўвалі грамадскасці шырока паглядзець на іх. У выніку многія нашы супрацоўнікі былі ўганараваны ордэнамі і медалямі. А самай вялікай узнагародай для ўсіх нас стаў нечаканы візіт Прэзідэнта краіны на ўрачысты сход нашага працоўнага калектыву. І ўдвая нечаканым было ўзнагароджанне калектыву ордэнам Працоўнай Славы. Дарэчы, ён упершыню ў гісторыі суверэннай краіны быў прысуджаны не асобе, а арганізацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, які значны ўклад у развіццё краіны зрабілі нашы выпускнікі — інжынеры. Бо, сапраўды, незалежная Беларусь у пэўным сэнсе пабудавана розумам і працай нашых спецыялістаў, якіх мы рыхтуем амаль для ўсяго рэальнага сектара эканомікі”, — не без гордасці адзна­чыў рэктар.

За стагоддзе БНТУ падрыхтаваў больш за 220 тысяч спецыялістаў як для Беларусі, так і для 90 краін свету. Сёння ў яго структуры 19 факультэтаў (з улікам двух замежных), 9 каледжаў, ліцэй, філіял у Салігорску, навукова-даследчы політэхнічны інстытут, навукова-тэхналагічны парк і доследны завод, адзіны ў сваім родзе Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы. У іх навуку спасцігаюць каля 35 тысяч юнакоў і дзяўчат, з якімі працуюць амаль 6 тысяч работнікаў. “Вялікай папулярнасцю сярод замежных студэнтаў, якіх у нас каля 3,6 тысячы чалавек, карыстаюцца спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Архітэктура”, “Тэхналогія машынабудавання”. У гэтым го­дзе ў нас рэкорд па экспарце адукацыйных паслуг — даход склаў звыш 5 млн долараў”, — канстатаваў С.В.Харытончык.

Дарэчы, у міжнародных рэйтынгах БНТУ займае даволі добрыя пазіцыі. Так, паводле QS World University Rankings, на які арыентуюцца многія прадстаўнікі навуковага асяроддзя і бізнесу, універсітэт уваходзіць у лік 800 лепшых УВА свету. “Хоць, на мой погляд, самы лепшы рэйтынгавы паказчык — гэта запатрабаванасць яго выпускнікоў. У нас яна вельмі высокая, і дыпломы нашага ўніверсітэта каціруюцца на міжнародным рынку працы. Бачым гэта па тых запытах, што паступаюць ад нашых выпускнікоў. Нехта пераехаў працаваць за мяжу, і да нас паступае запыт аб тым, ці сапраўды ён прахо­дзіў навучанне ў БНТУ. Мы гэта пацвярджаем, і ніякай дадатковай інфармацыі ад нас не патрабу­юць, — патлумачыў рэктар. — А яшчэ па многіх нашых спецыяльнасцях заяўкі на выпускнікоў у некалькі разоў перавышаюць іх колькасць, таму нашы спецыялісты сапраўды запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі”.

Будучыня непарыўна звязана з лічбавізацыяй адукацыі, абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне нанатэхналогій, робататэхнікі, беспілотнага і электрычнага транспарту. Таму за апошняе дзесяцігоддзе ў БНТУ адкрыта больш за 50 новых спецыяльнасцей. “У будучыні некаторыя нашы традыцыйныя спецыяльнасці могуць знік­нуць, і нам сёння трэба думаць, як рыхтаваць спецыяліста пад эканоміку будучыні, пры гэтым арыентуючыся не толькі на попыт, які можа нарадзіцца заўтра, але і паслязаўтра. Нам трэба быць наперадзе пастаянна, — адзначыў С.В.Харытончык. — У перспектыве акцэнт будзе зроблены на навуковых праектах, інавацыйнай дзейнасці, каб мы заўсёды былі ў авангардзе перадавой сусветнай навукі. Ёсць планы па далейшым развіцці ўласнага тэхнапарка, каб ён папаўняўся прадпрыемствамі, створанымі нашымі выпускнікамі і выкладчыкамі. Ад гэтага ўсе атрымаюць карысць: выпускнік створыць бізнес, універсітэт убачыць, якія веды і методыкі ўвасабляюцца ў рэальны тавар і паслугі, а дзяржава атрымае новы інавацыйны прадукт, які карыстаецца попытам. Вось да такой мадэлі мы і імкнёмся”.

Самы лепшы рэйтынгавы паказчык для ўніверсітэта — высокая запатрабаванасць яго выпускнікоў.

Спрыяць развіццю ўніверсітэта будзе ў тым ліку і абноўлены кодэкс. “Мы чакалі гэты дакумент даўно, і ўнесеныя ў яго змяненні сапраўды актуальныя. Цяпер ім можна карыстацца і станавіцца на новы ўзровень развіцця, — дадаў Сяргей Васільевіч. — Вельмі важна, што ўзаконена атрыманне ступені бакалаўра, бо мы вучым замежных грамадзян, а ў некаторых краінах адсутнічае паняцце “інжынер”. Таму зараз, маючы магчымасць выдаваць такі дыплом, знікнуць абмежаванні па наборы замежных грамадзян. Кодэкс паўплывае і на ўступную кампанію, актывізуецца мэтавая падрыхтоўка, будуць спрошчаны падыходы па залічэнні абітурыентаў. Канечне, мы захаваем і бесперапынную 5-гадовую падрыхтоўку спецыялістаў, напрыклад, па атамнай энергетыцы, дзе нельга скара­чаць узровень ведаў. Шэраг іншых пазітыўных навацый у кодэксе мы таксама шматразова абмяркоўвалі, многія нашы папраўкі ўлічаны. Увогуле, кодэкс — гэта жывы дакумент і вялікая калектыўная праца, таму мы з удзячнасцю ставімся да таго, што такі кодэкс хутка ўступіць у дзеянне”.

Гэтымі днямі абмяркоўваюць не толькі Кодэкс аб адукацыі, але і маючы адбыцца рэферэндум. “Мы адзіная краіна, дзе робяць такую сур’ёзную трансфармацыю сістэмы кіравання, якая будзе насычана прадстаўнікамі працоўных калектываў — сапраўднымі элементамі народнага кіравання. Абмеркаванні, што ўжо адбыліся, паказваюць: наша грамадства з разуменнем ставіцца да тых прагрэсіўных норм, якія закладзены ў Канстытуцыі, — перакананы С.В.Харытончык. — У пачатку нашай незалежнасці мы, магчыма, капіравалі замежны вопыт, але сёння ў нас ёсць свой уласны нацыянальны шлях — і гэта наша вялікае дасягненне, якое мы замацоўваем у Канстытуцыі. Рэферэндум — важны і значны крок у развіцці нашага грамадства, і кожны беларус павінен разумець, што яго голас сапраўды важны”.

Вольга АНТОНЕНКАВА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий