Моладзь ідзе ў навуку

- 10:57В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Маладыя вучоныя і аспіранты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы займаюцца перспектыўнымі навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі.

Мы папрасілі некаторых з гэтых маладых людзей раска­заць пра свой шлях у навуку, пра тэматыку даследаванняў і першыя поспехі.

Таццяна Гіжук, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы:

— Я прайшла класічны шлях у навуцы: у 2011 годзе з чырвоным дыпломам скончыла навучанне па спецыяльнасці “Псіхалогія” ў ГрДУ імя Янкі Купалы, у гэтым жа годзе паступіла ў магістратуру, а ў год яе заканчэння была залічана ў аспірантуру. І ўжо ў 2017-м ва ўзросце 28 гадоў стала кандыдатам псіхалагічных навук.

Увесь час старалася замацоўваць атрыманыя веды на практыцы: яшчэ ў студэнцкія гады стаяла ля вытокаў валанцёрскага атрада “Жыццё — адчыненыя дзверы”, які быў накіраваны на псіхалагічную дапамогу людзям з анкалагічнымі захворваннямі. Будучы валанцёрам, атрымала неацэнны вопыт практычнай работы. Пасля ўніверсітэта працавала ў школе педагогам-псіхолагам, а затым на факультэце псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе паслядоўна прайшла ўсе этапы: лабарант — выкладчык-стажор — выкладчык — старшы выкладчык — дацэнт. У 2019 годзе атрымала вучонае званне “дацэнт”.

Аўтар больш як 85 навуковых публікацый, з якіх 3 манаграфіі, 18 артыкулаў у часопісах з пераліку ВАК Беларусі і ВАК Расіі. Штогод бяру ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, у тым ліку ў якасці дакладчыка на пленарных пасяджэннях. Прыкладная эфектыўнасць маіх даследаванняў пацверджана актамі аб укараненні, на сённяшні дзень аформлена больш за 25 актаў.

Я з’яўляюся аўтарам псіхадыягнастычных методык “Метафары прафесійнай дзейнасці” і “Шкала задаволенасці кар’ерай”, распрацоўшчыкам аўтарскай праграмы індывідуальнага біяграфічнага трэнінгу, накіраванага на павышэнне прафесійнай паспяховасці педагогаў.

За высокія дасягненні ў навуцы была ўдастоена розных узнагарод і заахвочванняў. Самымі значнымі для мяне з’яўляюцца прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2012 год), стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам на 2015 год, стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маладым вучоным на 2019 год. Маё прозвішча ўнесена ў Банк даных адоранай мола­дзі Рэспублікі Беларусь.

Мае навуковыя інтарэсы даўно выйшлі за рамкі прафесійнай дзейнасці. Актыўна ўдзельнічаю ў рэалізацыі навуковых праектаў пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Кіравала вывучэннем такіх тэм, як “Псіхалагічныя фактары павышэння прафесійнай паспяховасці настаўнікаў ва ўмовах аптымізацыі агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь” і “Псіхалагічныя фактары вызвалення дзелавой ініцыятывы студэнцкай моладзі”, а таксама была выканаўцам у праектах “Псіхалагічныя фактары павышэння дзетанараджэння ў сучаснай беларускай і расійскай сям’і”, “Псіхалагічныя фактары фарміравання пазітыўнага вобраза мнагадзетнай сям’і ў сучасных беларусаў і расіян”.

Дзякуючы ўсебаковай падтрымцы дзяржавы, рэалізацыі комплексу мер па падтрымцы таленавітай моладзі, зацікаўленасці ўстаноў вышэйшай адукацыі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для беларускай навукі, моладзь мае магчымасць праявіць сябе ў розных сферах навуковай дзейнасці.

Стараюся зрабіць так, каб псіхалагічныя веды сталі даступныя вялікай колькасці людзей і дапамаглі зрабіць іх жыццё лепшым. Для гэтага актыўна пачала развіваць свой блог у Instagram, з’яўляюся пастаянным аўтарам у часопісе “Гродна” ў рубрыцы “Простая псіхалогія”.

Калі гаварыць пра навуку, то тут я пакуль сканцэнтравалася на сваіх студэнтах. Пад маім кіраўніцтвам за апошнія 4 гады апублікавана больш за 60 студэнцкіх навуковых артыкулаў. Акрамя гэтага, мае студэнты штогод атрымліваюць першую катэгорыю на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, а сёлета ў мяне адразу 4 студэнты сталі прызёрамі названага конкурсу. А яшчэ ў 2021 годзе ў мяне з’явіўся свой аспірант, які толькі робіць першыя крокі ў дарослую навуку.

Кірыл Ананька, аспірант ГрДУ імя Янкі Купалы, выкладчык гісторыі гімназіі № 7 Гродна:

 — Займацца навукай я пачаў са студэнцкіх гадоў. Калі паступаў на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, гэта была ў нейкай ступені аванцюра, не было такой любові да гістарычнай навукі, увогуле не разумеў яе, ведаў толькі факты ці нейкія падзеі. Любоў да гісторыі прыйшла ва ўніверсітэце. Лічу, што паўплывалі выкладчыкі і іншыя студэнты. Ужо з першага курса пачаў улівацца ў навуку, пісаць артыкулы, вывучаць дадатковыя матэрыялы, каб раскрыць тэму курсавой работы. Потым уцягнуўся, атрымліваў задавальненне ад таго, што раблю.

Зараз, ужо маючы чырвоны дыплом УВА, магістарскую ступень, вучуся ў аспірантуры. Каб працягваць свой навуковы шлях, займаўся ў студэнцкія часы вывучэннем гісторыі Лацінскай Амерыкі, беларуска-лацінаамерыканскіх сувязей. У магістратуры пачаў вельмі актыўна цікавіцца беларускай дыяспарай у Злучаных Штатах, у свеце увогуле. Цяпер займаюся вывучэннем беларускіх гімназій у міжваенны час, іх ролі ў грамадска-культурным, грамадска-палітычным жыцці.

З апошніх публікацый — звязаныя з гістарыяграфіяй эміграцыі беларусаў у ЗША пасля Першай сусветнай вайны. Зараз вельмі актуальнае вывучэнне біяграфій дзеячаў, якія былі непасрэдна звязаны з гэтай праблемай.

З апошніх дасягненняў — дыплом I ступені на X Абласных Каложскіх навукова-адукацыйных чытаннях за распрацоўку тэмы пра выкладчыкаў праваслаўнага Закона Божага ў беларускіх гімназіях у міжваенны перыяд. У планах напісанне дысертацыі, яе абарона. Мару працаваць ва ўніверсітэце са студэнтамі.

Ірына АНІКЕВІЧ

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий