Зразумець з паўслова

- 11:19В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сённяшнюю гераіню рубрыкі “Класны класны” навучэнцы разумеюць з паўслова, на якой бы мове яна ні гаварыла. Бо для дзяцей галоўнае не тое, што вы гаворыце, а як вы гэта робіце. Калі ў кожнай фразе любоў да сваёй працы — вас абавязкова пачуюць.

Мы лечым душы

Таццяна Міхайлаўна Машканава, настаўніца нямецкай мовы вышэйшай катэгорыі і класны кіраўнік 7 “А” сярэдняй школы № 34 Віцебска, — педагог у трэцім пакаленні. Па яе ўласным прызнанні, шансаў стаць кімсьці іншым у яе проста не было.

— Калі твае дзядуля, бабуля, мама, дзядзька, цётка — педагогі, калі ты з дзяцінства “варышся” ў гэтым, расцеш у своеасаблівай атмасферы, гэта ўваходзіць у тваю кроў. Я заўсёды кажу: педагогам трэба нарадзіцца, гэта прызванне. Для мяне галоўныя прафесіі ў свеце — настаўнік і ўрач. Адзін лечыць цела, другі — душу. Калі мы звяртаемся да тых рэчаў, што нас траўміравалі, узрушылі, сфарміравалі, то заўсёды даходзім да нашага дзяцінства, да ранніх успамінаў, і не апошняя роля ў іх належыць настаўнікам. Тое, што мы, педагогі, гаворым, якія словы для гэтага выбіраем, можа нанесці дзіцяці траўму на ўсё жыццё, а можа, наадварот, стаць для яго лякарствам, раздзьмуць ветразі яго надзеі і веры ў сябе. Гэта маё меркаванне пра ролю настаўніка і класнага кіраўніка ў сучаснай школе.

Сур’ёзна задумацца над гэтым пытаннем Таццяну Міхайлаўну падштурхнуў удзел у рэалізацыі міжрэгіянальнага даследавання “Мадэляванне і стварэнне персаніфікаванай сістэмы выхавання дзіцяці”, публікацыі ў навукова-метадычных часопісах, пазнавальныя і асветніцкія лекцыі, гутаркі, дыспуты і круглыя сталы.

— Думаю, ніхто не стане спрачацца з тым, што школа — адна з асноўных сфер, што ўплываюць на фарміраванне асобы. Пачынаючы з 5 класа дзеці праводзяць у ёй па 5—6 гадзін штодня. І, вядома ж, значную частку гэтага часу яны знаходзяцца побач са сваім класным кіраўніком. Ён ключавая фігура ў выхаваўчай дзейнасці школы, той, хто аб’ядноўвае бацькоў, дзяцей і настаўнікаў-прадметнікаў. Калі гэтыя чатыры пункты скаардынаваны і працуюць ва ўнісон, то квадрат устойлівы: дзеці паказваюць станоўчыя вынікі, атмасфера ў класе добразычлівая. Дзесьці я прачытала, што для паўнавартаснай работы класнаму кіраўніку неабходна мець каля 10 асноўных навыкаў і ўменняў: трэба быць выдатным артыстам на свяце, аратарам падчас бацькоўскага сходу, добрым псіхолагам у зносінах з дзецьмі, дасведчаным адвакатам у вырашэнні канфліктаў, добрым дыпламатам у гутарках, блізкім сябрам для сваіх вучняў… Можна сказаць, класнаму кіраўніку адводзіцца роля сацыяльнага тэрапеўта.

Пра згуртаванне і самакіраванне

Сёння Таццяна Міхайлаўна не толькі класны кіраўнік 7 “А”, яна ўзначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Тэатр мініяцюр”, дзе яны з навучэнцамі робяць пастаноўкі на рускай, беларускай і нямецкай мовах. Калі 2 гады назад Таццяна Міхайлаўна атрымала класнае кіраўніцтва, дзеці ўяўлялі сабой зборную лепшых “немцаў” трох паралельных класаў (у “А” класе яны пачалі вывучаць нямецкую мову на павышаным узроўні). Гэта матываваныя, захопленыя вучобай дзеці, якія гатовы шмат працаваць. Такім чынам, праблем з паспяховасцю і матывацыяй ніколі не было. Была іншая — як з’яднаць маленькі калектыў (17 дзяўчынак і 6 хлопчыкаў), які толькі пачынае знаёміцца паміж сабой.

Каб згуртаваць клас, Таццяна Міхайлаўна адразу выдала серыю мерапрыемстваў: круглыя сталы, дні імянінніка, сумесныя экскурсіі, гадзіны зносін з запрашэннем бацькоў, удзел у школьных канцэртах з песнямі на нямецкай і рускай мовах.

— Сумесная занятасць выдатна яднае дзяцей. А калі далучаюцца бацькі, атрымліваецца паўнавартасная трывалая сувязь. У гэтым плане работа ў школьным тэатры нам вельмі дапамагла. Усё супала: і спробы наладзіць адносіны ў калектыве, і пачатак тэатральнай дзейнасці, і дапамога дарослых, і энтузіязм дзяцей. Бо цікава працаваць з тымі, каму цікава. У маім класе ўсе навучэнцы заняты ў гуртках і секцыях — няма ніводнага дзіцяці, хто б ні займаўся па-за школай. Вядома, калі б ім было нецікава рабіць пастаноўкі ў нашым тэатры, я не заманіла б іх, стомленых вучобай і дамашнімі заданнямі, на рэпетыцыі ніякімі пернікамі.

Настаўніцай Таццяна Міхайлаўна працуе ўжо 23 гады. За гэты час відавочна змяніліся не толькі вучні, але і яе асабістае стаўленне да прафесіі і лад жыцця.

— Калі я пачынала працаваць у школе, і мае дзеці былі зусім малыя, значную частку майго часу забіралі побытавыя праблемы. Сёння я магу дазволіць сабе, напрыклад, дадаткова папрацаваць вечарам над тэмай спектакля, пашукаць адпаведны рэпертуар. Гэта толькі здаецца, што 20-мінутная пастаноўка — дробязь, а на самай справе, каб было не сорамна яе паказаць, каб дзецям было цікава над ёй працаваць, каб знайсці драматычны матэрыял, адпаведны іх узросту і ўзроўню ведаў, патрэбна шмат часу. Але праўду кажуць: калі ты робіш тое, што цябе натхняе, калі з задавальненнем ідзеш на работу, ты шчаслівы. Трэба цаніць гэта і жыць тым, што маеш сёння, бо што рыхтуе заўтрашні дзень — невядома. У наступным годзе маім вучням будзе па 14 гадоў — гэта складаны ўзрост, магчыма, яны ўжо не захочуць займацца тэатрам. Але сёння яны захопленыя ім — і я шчаслівая.

Каб наладзіць супрацоўніцтва з дзецьмі, падтрымліваць эмацыянальны кантакт з імі, Таццяна Міхайлаўна стараецца даваць ім больш самастойнасці.

— Цудоўна дапамагае ў гэтым сістэма самакіравання. Падчас класных гадзін я магу выступіць як каардынатар сустрэчы, а ўсю інфармацыю, выступленні перад аднакласнікамі дзеці рыхтуюць самі. Гэта дапамагае засваенню матэрыялу (навучэнцы лепш успрымаюць інфармацыю з вуснаў равеснікаў — яна падаецца ў эмацыянальнай манеры, а класныя гадзіны праходзяць не як лекцыі, а ў форме жывой гутаркі). У нас з навучэнцамі партнёрскія адносіны, мы разам абмяркоўваем планы, вырашаем, куды адправімся ў падарожжа (кожную чвэрць стараемся некуды выехаць). Усё гэта выдатна працуе на з’яднанне калектыву. Калі вы праводзіце суткі побач, бачыце адно аднаго ў побытавых сітуацыях, то становіцеся значна бліжэйшымі адно аднаму.

“З гадамі, з вопытам да мяне прыйшло разуменне таго, што ў рабоце настаўніка, каб эмацыянальна не перагарэць, трэба навучыцца аддаваць, не патрабуючы нічога на ўзамен. Трэба проста зразумець, што, аддаючы такім чынам, мы ўсё роўна атрымліваем — бясцэнны вопыт”.

Заўсёды на сувязі

У Viber Таццяны Міхайлаўны ёсць абавязковы чат з бацькамі сваіх выхаванцаў, і — асобны — з дзецьмі. Па яе меркаванні, гэта вельмі дапамагае ў рабоце. Праз Viber дзеці даюць імгненную рэакцыю: да іх лягчэй данесці інфармацыю, дамовіцца. Тыя, хто саромеюцца падняць руку афлайн, не могуць рашыцца праявіць ініцыятыву, лягчэй праяўляюць сябе ў агульных чатах, калі на іх ніхто не глядзіць. А самыя няўпэўненыя ў сабе заўсёды могуць звярнуцца да класнай асабістым паведамленнем.

— Індывідуальная работа павінна весціся з кожным вучнем. Ёсць дзеці, якіх адным толькі словам можна “заблакіраваць”, і яны больш ніколі ў жыцці не скажуць табе шчырага слова. І, вядома, вельмі важна пазнаёміцца з бацькамі, наведаць сям’ю: часам дастаткова паглядзець, як жывуць людзі, і ўсё адразу становіцца на свае месцы. Школа не можа памяняць тыя ўстаноўкі, што дае сям’я, можа толькі крыху адкарэкціраваць іх, што значна цяжэй, — падагульняе Таццяна Міхайлаўна.

Яе старэйшы сын вырашыў стаць інжынерам, а малодшая дачка пакуль вучыцца ў першым класе. На пытанне, ці хацела б педагог бачыць сваю дачку ў якасці калегі, Таццяна Міхайлаўна задумваецца: няхай, калі яна будзе добрым настаўнікам, калі гэта прызванне.

— Мне здаецца, што ў апошнія гады ў грамадстве змяняецца стаўленне да працы педагога ў лепшы бок (ці гэта толькі мне так шанцуе на людзей?). Але нават калі б усё было інакш, мяне ўсё роўна прыцягнула б школа. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, падабаецца знаходзіць водгук у іх сэрцах. Раней я лётала ў аблоках, здавалася: я раблю для іх усё, што магу, трэба, каб яны былі мне ўдзячны. А зараз да мяне прыйшло разуменне: усё недарэмна, калі хтосьці з вучняў успомніць пра мяне добрым словам не сёння, а праз 20 гадоў, а можа, і праз 50, калі я ўжо не змагу пра гэта даведацца… Галоўнае, знайсці гармонію з сабой, а потым ужо — з іншымі людзьмі. Як прынята гаварыць: рабі, што трэба, і будзь што будзе.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий