З такім дэвізам крочыць па жыцці Ігар Кулініч — мэтанакіраваны малады вучоны, загадчык лабараторыі “Машыны і тэхналогія апрацоўкі металаў ціскам” БНТУ. Людзям, далёкім ад металургіі, нават думка ў галаву не прыходзіць, наколькі гэта цікавая і шматгранная навука. Для нашага ж героя яна стала справай жыцця. Якім быў яго шлях да яе — зараз даведаемся.
— Ігар, чаму вы выбралі менавіта механіка-тэхналагічны факультэт БНТУ?
— БНТУ — кузня інжынерных кадраў. Любой дзяржаве неабходны настаўнік, урач і інжынер. Я заўсёды марыў ствараць нешта сваімі рукамі і наконт паступлення ў БНТУ нават не сумняваўся. Выбар МТФ даўся мне складана, але, як толькі я ўбачыў спецыяльнасці, зразумеў: гэта менавіта тое, што мне трэба. Усе спецыяльнасці на факультэце вельмі перспектыўныя і імкліва развіваюцца. Механіка-тэхналагічны факультэт — асноўны цэнтр краіны па падрыхтоўцы інжынерных і навукова-педагагічных кадраў у галіне металургіі і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці, апрацоўкі матэрыялаў ціскам, працэсаў зваркі, тэрмічнай апрацоўкі металаў, матэрыялазнаўства, кампазіцыйных і парашковых матэрыялаў, пакрыццяў.
— Чым запомнілася вучоба ва ўніверсітэце?
— Навучанне ў БНТУ паспрыяла майму прафесійнаму станаўленню, яно было цікавым і захапляючым дзякуючы цудоўнаму прафесарска-выкладчыцкаму складу. Пяць гадоў праляцелі як адно імгненне. Вучоба на факультэце — гэта не толькі наведванне лекцый і лабараторных заняткаў, здача залікаў і экзаменаў, гэта і магчымасць займацца спортам і спалучаць навукова-даследчую работу з актыўнай грамадскай дзейнасцю.
Я актыўна займаўся навуковымі даследаваннямі ў студэнцкім бюро “Сплаў” механіка-тэхналагічнага факультэта. Удзельнічаў у штогадовай Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай студэнцкай канферэнцыі “Новыя матэрыялы і тэхналогіі іх апрацоўкі” і Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, а яшчэ стаў адным з уладальнікаў гранта Міністэрства адукацыі, пастаянна выступаў з дакладамі на канферэнцыях, было апублікавана некалькі маіх навуковых артыкулаў і тэзісных дакладаў.
Акрамя таго, я пераможца конкурсу “Лепшы студэнт-даследчык БНТУ” 2015, 2016, 2017 гадоў у намінацыі “Металургія”, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, член зборнай каманды Мінска і БНТУ па лёгкай атлетыцы, кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы, прызёр рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.
— Хто з выкладчыкаў паўплываў на ваша прафесійнае станаўленне?
— Калектыў МТФ дастаткова разнастайны і прафесійны. Кожны выкладчык факультэта ўнёс свой уклад у маё прафесійнае развіццё. Хочацца адзначыць загадчыка кафедры прафесара Баляслава Мечыслававіча Немянёнка і майго навуковага кіраўніка дацэнта Анатоля Рыгоравіча Слуцкага, а таксама выказаць словы падзякі калектыву кафедры “Металургія чорных і каляровых сплаваў”, на якой я вучыўся, за падрыхтоўку і атрыманыя веды.
Гэтая кафедра мае сучасную лабараторную базу для правядзення вучэбных заняткаў і навуковых даследаванняў. Высокапрафесійныя навукова-педагагічныя работнікі выкарыстоўваюць прагрэсіўныя адукацыйныя тэхналогіі, сучасныя тэхнічныя сродкі навучання. Студэнты на працягу ўсёй вучобы авалодваюць сучаснымі спецыялізаванымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і праграмамі. Кафедра рыхтуе інжынераў па спецыяльнасці “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка”.
Для павышэння ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў пры навукова-тэхнічным садзейнічанні кафедры ў складзе НДІЛ “Ліцейныя тэхналогіі” функцыянуе студэнцкае навукова-даследчае бюро “Сплаў”.
— Ваша дыпломная была прысвечана вывучэнню тэхналагічных асаблівасцей атрымання лігатур для высокатрывалага чыгуну. Чаму ўзяліся за гэтую тэму?
— Высокатрывалы чыгун шырока выкарыстоўваецца ў машынабудаванні. Доля выпуску адлівак з чыгуну з шарападобным графітам (ЧШГ) — адзін з крытэрыяў ацэнкі ўзроўню тэхналагічнага развіцця краіны. Для Беларусі гэта актуальная праблема.
— Як вы сталі загадчыкам лабараторыі “Машыны і тэхналогія апрацоўкі металаў ціскам”?
— Мае навуковыя інтарэсы знаходзяцца на стыку дзвюх тэхналогій і закранаюць ліцейна-дэфармацыйную тэхналогію. Ва ўсім свеце актуальная праблема дэфармавання матэрыялаў, якія раней ніколі не падвяргаліся апрацоўцы ціскам. У прыватнасці, найбольш цікавым матэрыялам выступае дэфармаваны чыгун. Ён, з’яўляючыся тыповым ліцейным матэрыялам пры апрацоўцы ціскам, набывае не толькі патрэбную форму, але і ўнікальныя ўласцівасці.
Актывізацыя работы па шэрагу перспектыўных напрамкаў апрацоўкі матэрыялаў ціскам дазволіла дасягнуць значных вынікаў, якія былі адзначаны кіраўніцтвам, што і прывяло да кар’ернага росту. Мне заўсёды падабалася і падабаецца працаваць на абсталяванні, праводзіць эксперыментальныя даследаванні, лабараторныя работы. Загадваючы лабараторыяй, магу сумяшчаць навукова-даследчую, педагагічную і нават адміністрацыйную работу па арганізацыі вучэбнага працэсу.
— Чым цікавая тэхналогія апрацоўкі металаў ціскам?
— На цяперашнім этапе сучаснай вытворчасці апрацоўка металаў ціскам уносіць бясспрэчны ўклад у яе развіццё. Вы чулі калі-небудзь пра магнітна-імпульсную апрацоўку матэрыялаў?.. Гэта адметная тэхналогія, пры якой з дапамогай магнітнага поля адбываецца дэфармацыя металу. Што тычыцца напалову гарачай апрацоўкі, то пры адносна невысокіх тэмпературах можна апрацоўваць усе віды вядомых матэрыялаў. Тэхналогія апрацоўкі металаў ціскам — гэта даволі перспектыўны напрамак, цесна звязаны з рознага роду сферамі. Прымяненне тых ці іншых метадаў апрацоўкі ціскам дазваляе атрымліваць высакаякасную прадукцыю.
— Ігар, раскажыце, калі ласка, пра сваю апошнюю распрацоўку.
— Я займаюся павышэннем эфектыўнасці сфераідызуючай апрацоўкі спецыяльнымі лігатурамі (дапаможнымі сплавамі) пры атрыманні высокатрывалых чыгуноў для адлівак адказнага прызначэння. Адным з варыянтаў павышэння эфектыўнасці спецыяльнай лігатуры з’яўляецца ўвядзенне ў яе склад ультрадысперсных злучэнняў такіх эфектыўных элементаў, як аксід ітрыю, нітрыд тытану. У маім выпадку гэта лігатуры на аснове медзі і магнію з дабаўкамі ўльтрадысперсных злучэнняў актыўных элементаў. Практычныя ўзоры такіх нанаматэрыялаў былі прадстаўлены ў рамках супрацоўніцтва з інстытутам даследавання атамнай энергіі Рэспублікі Карэі.
Увогуле, металургія вельмі цікавая і шматгранная. Гэта і плавільнае абсталяванне, працэсы плаўкі і пазапячной апрацоўкі сплаваў, асаблівасці крышталізацыі і фарміравання канчатковай структуры і ўласцівасцей.
— У цэлым, якія магчымасці маладым вучоным дае БНТУ?
— Навукова-даследчая работа з’яўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі інжынераў металургічнага профілю і накіравана на пашырэнне, паглыбленне і замацаванне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў студэнта.
Перад маладымі вучонымі адкрываюцца магчымасці перадаваць атрыманыя веды студэнтам, актыўна ўдзельнічаць у навукова-даследчай рабоце па гаспадарчай і бюджэтнай тэматыках.
— Якімі асабістымі адкрыццямі і назіраннямі дзеліцеся са сваімі студэнтамі?
— Пачынаючы са студэнцкай лаўкі і па сённяшні дзень прымаю актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце студэнцкага бюро “Сплаў”. Пад маім кіраўніцтвам падрыхтаваны і прадстаўлены на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў 2020 і 2021 гадоў дзве навуковыя работы, якія занялі 1-е і 2-е месца. Рэгулярна абмяркоўваю са студэнтамі вынікі маёй навуковай дзейнасці.
Работа са студэнтамі прыносіць мне сапраўднае задавальненне, мы заўсёды з імі на адной хвалі. Яны адгукаюцца на мае ідэі і прапановы, стараюцца якасна выконваць заданні. Мяне гэта радуе і стымулюе далей развівацца ў прафесійным плане. Я стараюся кожныя заняткі зрабіць для іх цікавымі і асаблівымі.
Вучоба ў БНТУ — гэта не толькі лекцыі і лабараторныя заняткі, залікі і экзамены, гэта яшчэ магчымасць займацца спортам і спалучаць навукова-даследчую работу з актыўнай грамадскай дзейнасцю.
Работа са студэнтамі прыносіць мне сапраўднае задавальненне, мы заўсёды з імі на адной хвалі. Яны адгукаюцца на мае ідэі і прапановы і стараюцца якасна выконваць заданні.
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА