— Міхаіл Сяргеевіч, як так атрымалася, што вы шукалі сябе на сцэне, а знайшлі ў школе?
– Я скончыў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Акцёр тэатра і кіно”, паспеў папрацаваць як малады спецыяліст у Гомельскім драматычным тэатры, але мяне прызвалі на службу ў армію. Перад самым прызывам я прыехаў дадому ў Рагачоў, і дырэктар маёй роднай школы запрасіла хоць крыху папрацаваць у школе. Сюды я і вярнуўся пасля арміі.
Тэатр і школа — зямля і неба. Мне камфортней быць на сцэне і займацца самаразвіццём у гэтай сферы, але я ні кроплі не шкадую, што памяняў прафесійную сцэну на школьную. У школе я заснаваў тэатральную студыю. Першапачаткова я прыйшоў у школу як яе кіраўнік, а дырэктар мне прапанавала стаць яшчэ і педагогам-арганізатарам.
— Як дапамагае тэатр у рабоце педагога-арганізатара?
— Ведаючы творчыя таленты кожнага дзіцяці на сцэне, я пры падрыхтоўцы любога школьнага ці пазашкольнага мерапрыемства з лёгкасцю вызначаю тых, хто зможа чытаць, гаварыць, спяваць, каму камфортна на сцэне. Калі педагог-арганізатар прыходзіць у незнаёмы клас, ён не ведае, што можа кожнае дзіця. У маёй студыі 60 навучэнцаў — ад 1 да 11 класа. Гэта той касцяк, на які я магу разлічваць. Але ж у кожнага з іх ёсць свая кампанія, якая рада далучыцца да сябра. Таму я ведаю пра творчыя здольнасці большасці навучэнцаў.
— Як вам удаецца збіраць вакол сябе столькі дзяцей? Чаму пасля ўрокаў у вашым кабінеце не зачыняюцца дзверы?
— Я стараюся быць з дзецьмі на адной хвалі. Мне ўсяго 24 гады, і я не прэтэндую на месца мудраца, які мае за плячыма доўгі жыццёвы шлях і таму вучыць дзяцей розным жыццёвым прамудрасцям. Мы размаўляем з імі на адной мове. Мне вельмі падабаецца, калі яны прыходзяць пасля ўрокаў ці цікавяцца: “Што ў нас сёння будзе цікавага?”
— І што вы ім адказваеце? Што прапаноўваеце?
— Напрыклад, цяпер мы здымаем ролікі для TikTok. Я не саромеюся здымацца і сам, не баюся быць смешным. Не кожны педагог на гэта ідзе. З году ў год мы стараемся развівацца, а насамрэч далёка наперад не рухаемся — імкнёмся працаваць па-новаму, але ўсё роўна працуем па-старому. Колькі б мы ні гаварылі пра новыя тэхналогіі, пра новыя формы работы, мы практычна застаёмся на месцы.
Мне, напрыклад, хочацца змяніць фармат работы з піянерамі. Каб іх работа была відаць. Каб мы не проста рэпеціравалі з імі парады і шэсці, а каб ім было цікава развіваць у сабе пэўныя якасці, каб яны ішлі за ўласнымі інтарэсамі. Кожны павінен для сябе вызначыць пэўны кірунак, які будзе цікавы яму самому. Можа, гэта будзе экалагічны атрад, можа — валанцёрскі, і ён пад апеку возьме бяздомных жывёл. І рабіць гэта трэба не дзеля справаздач, не дзеля фота, а дзеля ўласнага задавальнення. Я перакананы — не трэба імкнуцца ўсё арганізоўваць для дзяцей самому, вядучую ролю тут трэба аддаваць дзецям. Калі мы прапаноўваем школьнікам нейкія маштабныя акцыі, праекты, яны, можа, і згодны далучыцца, але, запэўніваю вас, без усякага энтузіязму. А калі яны будуць самі ініцыятарамі нейкіх актыўнасцей, калі гэта будзе іх уласная ініцыятыва, няхай маленькая, — вынік будзе кардынальна іншы.
— Але тым не менш нават традыцыйныя рэчы вы ўмеце зрабіць цікавымі для дзяцей. Падчас конкурсу праведзеныя вамі экспедыцыя па Рагачоўшчыне, інтэрактыўны перапынак і асабліва “Урок асобы” ў межах прадстаўлення агітбрыгады не пакінулі раўнадушным ніводнага члена журы і аднялі ўсе шансы на перамогу ў вашых калег-сапернікаў.
— Тут мы зрабілі стаўку на акцёрскія таленты дзяцей. Агітбрыгады — неад’емная частка патрыятычнага выхавання школьнікаў. Наша школа і наша піянерская дружына носяць імя В.М.Калеснікава. І свой “Урок асобы” мы таксама прысвяцілі яму — паставілі на сцэне кавалачак жыцця яго сястры Зіны, якая напісала сваім родным 14 лістоў пра жахі вайны. І калі 8-класніцы Паліне Казакевіч я прапанаваў прачытаць лісты так, як яна адчувае, не было патрэбнага выніку, бо ўжыцца ў ролю цяжка — пра саму Зіну мала інфармацыі, мы не ведаем, якой яна была, ёсць толькі яе фота. І на дапамогу прыйшлі акцёрскія трэнінгі, падчас якіх Паліна вучылася гаварыць, адчуваць і суперажываць агучанаму. Мы вечарамі інтанацыйна выбудоўвалі логіку паводзін нашых герояў. Тэма вайны складаная для сучасных падлеткаў, дзяцей, бо мала ў каго з іх засталіся ў жывых родныя-ветэраны. Пра вайну яны даведваюцца з фільмаў, кніг, з расказаў тых, хто ведаў ветэранаў. Але ўсё ж у фінальных пастаноўках нават мяне, чалавека, прафесійна звязанага са сцэнай, прабірала ад эмоцый.
— А якія акцёрскія прыёмы вы выкарыстоўвалі? І ўвогуле, як гаварыць пра вайну з сучаснымі дзецьмі, ужо далёкімі ад гэтай тэмы?
— У першую чаргу нам тут дапамагае псіхааналіз саміх сябе. Мы павінны прыняць пэўную ролю, сітуацыю на сябе. А як прыняць? Супаставіць блізкія для сябе акалічнасці з тымі, якія мы хочам паказаць. І я гаварыў Паліне — не старайся ўявіць вайну, бамбёжкі. Усё роўна гэта табе напоўніцу не ўдасца, бо, дзякуй богу, у тваім жыцці гэтага не было. Тут не навязвайце свае ці агульнапрынятыя асацыяцыі — паслухайце дзіця. У яго, напэўна, ёсць свае ўласныя асацыяцыі, і іх трэба зафіксаваць, за іх можна зачапіцца. Для Паліны вайна — гэта страх, а страх для яе, як яна адзначыла, — гэта чорнае неба і… цішыня. І калі яна прамаўляе тэкст, я яе прашу ўявіць, што навокал няма нікога — толькі чорнае неба і цішыня… І тады ў яе мяняецца нават тэмбр голасу, візуальнае ўспрыманне, псіхасаматыка, паводзіны на сцэне. Я пра тое, што зачапіцца трэба толькі за асобаснае ўспрыманне канкрэтнага дзіцяці. І так у любой тэме, не толькі ў ваеннай.
— А якія яшчэ тэмы вы ўзнімаеце?
— Адзін з нашых спектакляў “Легенда пра сэрца маці” на вершы Васіля Сухамлінскага. Мы іх пераклалі на прозу, дадалі свае рэмаркі і свае словы і пастараліся раскрыць мацярынскую любоў. Ёсць у нас і спектакль “Каханне, падобнае на сон”. Гэта лёгкая рамантычная камедыя. Так мы разбаўляем сацыяльныя спектаклі спакойнымі лёгкімі рэчамі, каб можна было і пасмяяцца, і паплакаць. Цяпер мы працуем над спектаклем “Дарога ў нікуды” — пра жыццё дзяўчынкі-падлетка, якая ўжывае наркотыкі. Тут мы пачалі аповед з яе ўзаемадносін з бацькамі, каб нашы дзеці і іх бацькі змаглі супаставіць сябе з героямі і зрабіць высновы. 9-класніца Ксюша Мельнікава шыкоўна ўжылася ў ролю гэтай дзяўчынкі.
— А ці ёсць выхад дзіцячых талентаў за межы сцэны? Што вы яшчэ плануеце рэалізаваць у школе?
— З гэтымі дзецьмі мне цікава планаваць, марыць і рэалізоўваць задуманае. У нас з імі ёсць ідэя наладзіць музычныя перапынкі, каб школьнікі маглі пераключыцца на некалькі хвілін на іншыя рэчы. Каб, скажам, дыджэй з 9 “Б” ці 8 “А” класа змог павіншаваць сваіх аднакласнікаў ці прапанаваць паслухаць сваю музыку. Хочам мы запусціць і сваё тэлебачанне — ёсць ідэя рыхтаваць вядучых, выпускаць прамыя эфіры. Яшчэ адна мая мара — арганізаваць фестываль творчасці “Залатая маска”. Я хацеў бы, каб творчыя калектывы школ і ўстаноў дадатковай адукацыі горада і раёна дзяліліся сваімі творчымі дасягненнямі — не толькі тэатральнымі, а каб кожны год яго кірунак мяняўся — адзін год тэатр, другі — вакальная творчасць, трэці — харэаграфія. Хочацца, каб дзеці знаёміліся, хваліліся сваімі поспехамі, аб’ядноўваліся, планавалі і марылі разам, каб ездзілі з творчымі візітамі адно да аднаго ў госці.
— Ці не шкадуеце, што пакінулі сцэну і саступілі месца на ёй сваім навучэнцам?
— Мае калегі мяне клічуць вярнуцца на сцэну, але я ўжо прыкіпеў да сваіх вучняў. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, прыемна, што і ім са мной цікава. Шчыра кажучы, не ўласна тэатр быў маёй мэтай — галоўная мая мара, якую я выношваю з моманту, калі вырашыў стаць артыстам сцэны, — рэалізавацца як вакаліст. Я ўжо знайшоў сабе педагога па вакале ў Рагачове, каб працягваць сваю адукацыю далей. Таму спадзяюся, што знайду сябе якраз у дзвюх сферах — і як вакаліст, і як педагог.
Святлана НІКІФАРАВА