Галіна БЯЛЯЕВА: “Патрыятызму трэба вучыць на канкрэтных справах”.

- 10:45Персона

Жыццё Галіны Мікалаеўны Бяляевай звязана з сістэмай адукацыі ўжо звыш 25 гадоў. За гэты час ёй быў пройдзены шлях ад педагога-арганізатара да намесніка дырэктара сярэдняй школы № 34 Магілёва. 

Сёння яна мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, з’яўляецца выдатнікам адукацыі, пераможцам праекта грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы “Настаўнік — гэта прызванне”, лаўрэатам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, членам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, аўтарам шэрага кніг і электронных сродкаў навучання па гісторыі і краязнаўстве. Знаходзячыся на пасадзе намесніка дырэктара, Галіна Мікалаеўна працягвае выкладаць. Акрамя таго, у яе атрымліваецца сумяшчаць актыўную педагагічную дзейнасць з грамадсказначнай працай. Галіна Бяляева — член гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня гарадскога каардынацыйнага савета грамадскіх і нацыянальных аб’яднанняў, тройчы станавілася дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Была адзначана медалём “За працоўныя заслугі”. 

Паспяховасць і здольнасць усё паспяваць гэтага неардынарнага педагога хаваецца ў простым. Яна любіць тую справу, якой займаецца. А яшчэ не толькі праяўляе ініцыятыву, але і ўмее рэалізоўваць свае ідэі. Немалаважны таксама ўважлівы падыход Галіны Мікалаеўны да кожнай без выключэння справы.

— Я сапраўды люблю сваю прафесію, бо педагагічная дзейнасць дае магчымасць гарманічна сумяшчаць розныя сацыяльныя ролі. У залежнасці ад сітуацыі магу быць кіраўніком, археолагам, музейным работнікам, супрацоўнікам архіва. Але галоўная роля ўсё ж настаўнік. Гэта не проста прафесія, а яшчэ і высокае званне ў дзіцячым разуменні. Таму яму неабходна адпавядаць, — лічыць Галіна Бяляева.

Адпавядаць званню настаўніка яна стараецца праз максімальную рэалізацыю свайго прафесійнага патэнцыялу. Бо кожная яе ідэя, задума прама ці ўскосна накіравана на ўдасканаленне якасці навучання і выхавання вучняў.

Так, Галіна Мікалаеўна даволі даўно мэтанакіравана займаецца распрацоўкай і ўкараненнем у адукацыйны працэс электронных сродкаў навучання. Характэрна, што ў іх аснове рэгіянальны кампанент. На думку педагога, менавіта з дапамогай мясцовых, добра знаёмых навучэнцам прыкладаў можна дасягнуць не толькі высокай паспяховасці па прадмеце, але і аказаць станоўчы ўплыў на фарміраванне пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей.

Дарэчы, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў Галіна Бяляева ўдзяляе асаблівую ўвагу. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічае вучнёўскі пошукавы атрад “Т-34”, які аб’ядноўвае падлеткаў з розных школ горада. 

— Кожнаму народу патрэбны героі, на якіх трэба раўняцца, якімі хочацца ганарыцца, на прыкладах якіх можна выхоўваць маладое пакаленне. Нашы героі не з паданняў, яны рэальныя. Гэта нашы дзяды і прадзеды. Іх перамога ў вайне — гэта якасць нашай крыві, аўтарытэт нашага народа на міжнароднай арэне, іх мужнасць, вытрымка, самаахвярнасць — гэта рысы нашага нацыянальнага характару, — упэўнена Галіна Мікалаеўна.

Разам са сваім атрадам Галіна Бяляева рэгулярна прымае ўдзел у пошукавых экспедыцыях абласнога ваенна-патрыятычнага клуба “ВІККРУ”. Для яе вельмі важна, каб дзеці ведалі пра вайну не па чутках.

— Імкнуся да таго, каб навучэнцы разумелі: вайна — гэта не сухія старонкі з падручніка гісторыі, а раздробленыя косці салдат, партрэт сына, які не вярнуўся, сціснуты ад болю кулак, косці якога яны зачышчаюць на раскопках, — падкрэсліла Галіна Мікалаеўна.

Не менш важным Галіна Бяляева лічыць захаванне гістарычнай памяці. Па яе меркаванні, неверагодную значнасць мае тое, што ў праекце Канстытуцыі ў артыкуле 15 выразна прасочваецца адна з фундаментальных ідэй нашай краіны: “захаванне памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. 

— Я ўспрымаю гэтыя словы як заяву ўсёй сусветнай супольнасці — беларусы шануюць памяць загінуўшых, памятаюць, што яны нашчадкі пераможцаў. Для мяне як педагога і гісторыка, неабыякавага да лёсу нашай дзяржавы чалавека важна таксама, што 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, — адзначыла Галіна Мікалаеўна. 

Дарэчы, Галіна Бяляева і яе вучні ўжо ўнеслі важкі ўклад у гэтую справу. На працягу апошніх некалькіх гадоў у фондах расійскіх архіваў яны шукаюць матэрыялы па гісторыі Беларусі і вяртаюць іх на радзіму. Вынікам стала кніга “Неапублікаваны рускі правінцыяльны некропаль М.М.Раманава. Магілёўская епархія” і каталог пахаванняў XIX—XX стагоддзяў з магілёўскага некропаля, дзякуючы якому нашчадкі магіляўчан з розных краін лёгка знаходзяць звесткі пра сваіх продкаў. 

Значнай стала таксама работа над стварэннем кнігі “Вялікая Айчынная вайна: сямейныя гісторыі”. Гэтая дзейнасць захапіла навучэнцаў магілёўскіх школ, ліцэяў, гімназій. Пасля далучыліся і дарослыя жыхары горада, якія хацелі ўвекавечыць памяць аб сваяках, што жылі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

У выніку карпатлівай працы было апублікавана 596 біяграфій, больш за 1200 фатаграфій і дакументаў з сямейных архіваў, успаміны з рукапісных дзённікаў ветэранаў, інтэрв’ю вязняў канцлагераў, мірных жыхароў, якія апынуліся ў акупацыі.

— Многія біяграфіі, што ўвайшлі ў кнігу, належаць людзям, якія аддалі жыццё за Радзіму, загінулі ў выніку генацыду. Многія з іх не паспелі пакінуць нашчадкаў, і гэтая кніга — магчымасць захаваць сваё імя, пазбегнуць забыцця. Для мяне ж мае вялікае значэнне, што наша моладзь, прыйшоўшы ў сем’і, падняла сваіх бацькоў, ускалыхнула сямейную памяць і пачула словы, якія пакінулі ім прадзеды, — паведаміла Галіна Бяляева.

Наогул, на думку Галіны Мікалаеўны, каб выхаваць у дзецях патрыятычныя пачуцці, флэш-мобаў і акцый недастаткова. Трэба больш актыўна прыцягваць вучняў да сапраўды значных, складаных, сацыяльных праектаў. Неабходна далучаць іх да канкрэтных карысных спраў. Менавіта гэта найлепшым чынам фарміруе якасці грамадзяніна і патрыёта.

Ганна СІНЬКЕВІЧ

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий