“Наша родная Беларусь”. Канспект інтэграванага занятку па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства” і “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” з дзецьмі старшай групы (5–6 гадоў)

- 15:00Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

Наталля СКОК,
намеснік загадчыка
ДУА “Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Занятак накіраваны на вырашэнне задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі адкацыйных галін “Дзіця і грамадства” (кампанентаў “Пазнанне соцыуму”, “Бяспека жыццядзейнасці”, “Рукатворны свет”) і “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” (кампанентаў “Маўленчыя зносіны”, “Звязнае маўленне”) з дзецьмі старшай групы (5–6 гадоў).

У час занятку выхаванцы папоўняць уяўленні пра Беларусь, пра знакамітыя мясціны і прамысловыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь; пра значэнне правільнага бяспечнага карыстання прадметамі рукатворнага свету з мэтай аховы свайго жыцця; будуць створаны ўмовы для замацавання ўмення рухацца згодна простаму плану; выхавання маральнага, станоўчага стаўлення да прыроды і мясцін роднага краю.

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць усведамленне сваёй прыналежнасці да краіны; уменне складаць апісальны аповед па мадэлі; навык сумеснай дзейнасці з аднагодкамі; пашыраць уяўленні пра прамысловыя прадпрыемствы Мінска;
– развіваць цікавасць і павагу да дзяржаўных і прыродных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, да роднага краю; моўную творчасць і фантазію;
– выхоўваць каштоўнаснае стаўленне да беларускай мовы, жаданне гаварыць правільна; культуру маўленчых зносін.

Матэрыял і абсталяванне: “білеты” з выявай карты Беларусі і простага плана падарожжа; мультымедыйная ўстаноўка; навучаючыя прэзентацыі “Дрэвы Беларусі”, “Белавежская пушча”; фотаздымак зубра; мальберт; мадэль для састаўлення апісальнага аповеда; падстаўка для выставы “Старадаўнія рэчы”, “чароўныя” акуляры; малюнкі з выявамі старадаўніх і сучасных рэчаў; указка; дзіцячыя крэслы па колькасці дзяцей; фатаграфіі будынкаў прадпрыемстваў “Камунарка”, “Гарызонт”, “Атлант”, “МАЗ”, “Мінскі малочны завод”, “Мінскі трактарны завод”; каляровыя карткі (чырвоная і жоўтая) з выявай лагатыпа прадпрыемства па колькасці дзяцей.

Папярэдняя работа: гутарка “Мая Беларусь”, разглядванне малюнкаў выяў герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, прыродных сімвалаў Беларусі; разглядванне фатаграфій прамысловых прадпрыемстваў Мінска і іх лагатыпаў; знаёмства з лагатыпам Белавежскай пушчы; чытанне і абмеркаванне твораў мастацкай літаратуры пра родны край, матэрыялаў пра звяроў Беларусі; маляванне на тэму “Сімвалы Беларусі”, ”Беларусь сінявокая”, “Прырода нашага краю” і інш.; слоўнікавыя і дыдактычныя гульні па тэме “Наша сталіца”.

 

Ход занятку

Выхавальнік (звяртаецца да дзяцей):

Дзеці! У мяне ёсць для вас вельмі прыемная навіна. Хочаце ведаць, якая? (Адказы дзяцей). Тады давайце прысядзем на дыванок і я вам скажу. (Садзяцца на дыване). За тое, што вы ў мяне ўважлівыя, старанныя, сумленныя, мы з вамі атрымалі падарунак – білеты ў падарожжа. Але каб іх атрымаць, трэба прыкласці намаганні – правільна адказаць на пытанні. Я ўпэўнена, што мы з лёгкасцю з гэтым справімся і зможам адправіцца ў падарожжа. (Выхавальнік задае пытанні і ўручае дзецям білет).

– Як называецца наша краіна? (Рэспубліка Беларусь)
– Якія дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь (Герб, сцяг, гімн)
– Якія колеры сцяга нашай краіны. (Чырвоны, зялёны, белы)
– Які горад з’яўляецца сталіцай Беларусі? (Мінск)
– Колькі абласцей на тэрыторыі нашай краіны? (Шэсць)
– У якой вобласці мы жывем? (У Гродзенскай вобласці)
– Як называецца наша малая радзіма? (Карэлічы)
– Калі мы жывём у Беларусі, то мы..? (Беларусы)
– Якая самая вялікая жывёла Беларусі? (Зубр)

Выхавальнік: Вось, цяпер у кожнага з вас ёсць білеты. Уважліва разглядзіце іх. Што вы бачыце? (Адказы дзяцей). Так, карту Беларусі. Але як вы здагадаліся? (Адказы дзяцей). Як яшчэ можна сказаць пра сцяг і герб Беларусі? (Адказы дзяцей). Правільна, дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь). Як вам здаецца, чаму тут бусел намаляваны? (Адказы дзяцей). Сапраўды, бусел – гэта прыродны сімвал нашай Беларусі. Малайчынкі, так. А якія яшчэ прыродныя сімвалы Беларусі вам вядомыя? (Сасна, зубр, лён, кветка канюшыны, васілька).Вельмі добра, что вы гэта памятаеце.

Білеты ў нас ёсць. Але куды ж мы можам трапіць па іх? Дапаможа нам карта-схема на адваротнай старонцы білета. Давайце паглядзім. Тут намаляваны наш шлях. Які малюнак вам тут добра вядомы? Так, фотаздымак нашага дзіцячага сада. Знайдзіце яго пальчыкам. Вось з дзіцячага сада і пачнецца наша падарожжа. А куды ўказвае стрэлка ад сада? (Управа). Так, і далей мы апынімся дзе? Белавежскай пушчы). Вы здагадаліся? Як? (Бо тут намаляваны лагатып Белавежскай пушчы). Добра. А далей? Вам невядома, што азначае гэты знак? (Адказы дзяцей). І мне таксама не вядома. Але давайце спадзявацца, што калі мы туды трапім, то пра ўсё даведаемся. Згодны?

Зайсці пяшком мы не зможам, бо вельмі далёка. Засталося вырашыць, на чым ехаць. Калі ўважліва паслухаеце, то даведаецеся, які транспарт нам прапануюць. Гэта наземны від транспарту, пачынаецца на гук “а” і мае ў слове тры склады. (Аўтобус). Так, правільна. Значыць, мы з вамі не пешаходы, а …? (Пасажыры). У кожнага на білеце ёсць нумар месца, якое трэба заняць у аўтобусе. Будзьце ўважлівымі! (Садзяцца ў “аўтобус”, пабудаваны з дзіцячых крэслаў). Спадзяюся, што кожны з вас ведае правілы бяспечных паводзін у якасці пасажыра. Назавіце іх. (Падчас руху не высоўваць галаву, не выстаўляць руку з акна, не адчыняць дзверы). Добра, паехалі.

 

Прыгажосць прыроды Беларусі
(Навучаючая прэзентацыя “Дрэвы Беларусі”)

 

Выхавальнік: Паглядзіце ў вокны. Якая прыгожая прырода вакол! Колькі розных дрэў! А ці запомнілі вы, як называюцца дрэвы, якія растуць у нас у Беларусі? (Так). Тады давайце будзем уважліва глядзець і называць дрэвы, якія сустракаюцца на нашым шляху за “акном”. (Таполь, ясень, язмін, яблыня, дуб). Так, дрэвы не толькі прыгожыя, яны і вельмі патрэбныя. Згодны? А чым? (Свежае паветра, вырабляюць паперу, мэблю, хата для птушак і г. д.). Значыць, калі яны такія карысныя, які вынік з гэтага? (Берагчы, садзіць новыя дрэвы, не ламаць галінак і г. п.).

Выхавальнік: Вось і прыпынак. Мы з вамі дзе апынуліся? (У Белавежскай пушчы). Так, дзеці. Гэта адна з важнейшых мясцін Беларусі, з’яўляецца самым вялікім лесам.

 

Белавежская пушча
(Навучаючая прэзентацыя “Расліны і жывёлы Белавежскай пушчы”)

 

Выхавальнік: Тут расце вельмі шмат відаў раслін, у тым ліку рэдкіх і знікаючых. Парк вядомы сваімі старажытнымі дубамі і векавымі дрэвамі (ёлкі, сосны, ліпы), жывёламі (воўк, зубр, рысь, выдра), птушкамі (журавель, дзяцел і інш). Пра Белавежскую пушчу складзены нават вершы і песні.

Паглядзіце, колькі людзей тут. Усе яны таксама, як і мы, падарожнічаюць, любуюцца прыродай нашай Беларусі.

А ці змаглі б мы з вамі расказаць пра гэтую прыгажосць таму, хто не змог пабываць у гэтых мясцінах? (Адказы дзяцей). Якая жывёла вам больш за ўсіх спадабалася? (Зубр). Тады давайце паспрабуем успомніць, што я некалі чытала вам пра зубра ў “Энцыклапедыі пра жывёл” і саставім аповед пра гэтую жывёлу. Каб было вам лягчэй, прапаную карыстацца вось такім дапаможнікам. (Мадэль (карткі) для складання аповеда).

 Зубр самая вялікая жывёла. Ён вельмі шмат важыць. Пярэдняя частка яго тулава вышэйшая і большая. Уся яго шыя пакрытая густой, доўгай шэрсцю карычневага колеру. На галаве вялікія рогі. Бегае ён вельмі хутка.
 Бачыць зубр дрэнна, але ў яго вельмі добра развіты нюх і слых. Летам зубр харчуецца травой і лісцем, а зімой – карой дрэў.
 Вясною ці летам нараджаюцца маленькія зубраняты. Кормяцца яны малаком сваёй маці.
 Зубры ўцякаюць ад чалавека, калі бачаць здалёку. Але трэба быць асцярожным, бо зубр можа накінуцца.

Выхавальнік: Якія вы малайцы! Вельмі добра расказалі пра зубра, відаць, уважліва слухалі. Спадзяюся, што той, хто нічога не ведаў пра гэтых жывёл, атрымаў шмат цікавай інфармацыі.

Прыгожа тут, прыемна, але нам хочацца ўсё паспець. Так? Зараз мы паедзем далей. Займайце месцы ў аўтобусе. (Садзяцца).

Выхавальнік: Пакуль мы едзем, я прапаную паслухаць і здагадацца, дзе будзе наш наступны прыпынак. Гэта месца, дзе знаходзяцца рэчы даўніх гадоў. Імі карысталіся людзі даўным-даўно, калі нас з вамі яшчэ на свеце не было. Некаторыя рэчы не захаваліся, а некаторымі з іх мы з вамі нават і цяпер карыстаемся. Знаходзяцца яны ў асобным будынку. Можа хто ведае? Не? Называецца гэты будынак музей. Вось туды мы з вамі і накіраваліся. А чаму ён размаляваны так, мы даведаемся пазней. Хочацца вам напомніць, каб вы не парушалі цішыню ў музеі. Там ёсць свае правілы: наведвальнікі павінны весці сябе ціха, спакойна, не крычаць, не раскідаць рэчы. Дамовіліся? Вось і добра.

 

Дыдактычная гульня “Музей рэчаў

Мэта: выкарыстоўваць у маўленні словы на беларускай мове, якія абазначаюць назвы прадметаў.

Дыдактычны матэрыял: чароўныя акуляры, мальберт, фатаграфіі старадаўніх і сучасных рэчаў (лапці – туфлі, печ – мікрахвалёўка, карыта – ванна, свечка – лямпачка, венік – пыласос і інш.).

Правілы і дзеянні гульні: выхавальнік паказвае дзецям рэч і просіць назваць яе. Затым прапануе дзіцяці надзець “чароўныя” акуляры. Дзякуючы ім “з’яўляецца” магчымасць праз акуляры “убачыць”, у што ператварылася старадаўняя рэч у сучасным свеце.

Ход гульні. Дзеці па чарзе называюць старадаўнія рэчы, якія знаходзяцца на выставе, а затым, гледзячы праз “чароўныя” акуляры, называюць сучасныя рэчы. Выхавальнік замяняе названыя фатаграфіі.

 

Выхавальнік: Як называлася наша выстава адразу? (“Старадаўнія рэчы”). А як мы можам назваць вось гэту выставу, якая ў нас з вамі атрымалася. (“Сучасныя рэчы”).

Сапраўды, дзеці. Тут знаходзяцца рэчы, якімі мы з вамі карыстаемся. Што вы можаце пра іх сказаць, калі параўнуеце са старадаўнімі? (Прыгожыя, дапамагаюць чалавеку, хутка ўсё робяць, смачна гатуюць ежу, робяць модную прычоску, можна паглядзець кіно, мультфільм).

Так. Усе гэтыя рэчы нам патрэбныя. Але дзе іх нам узяць? (У магазіне, на базары, дома ёсць). А адкуль яны з’явіліся ў хаце, у магазіне, на базары? Правільна, іх вырабілі на прадпрыемствах. Шмат прадпрыемстваў знаходзіцца ў горадзе Мінску – сталіцы нашай Рэспублікі Беларусь. Хочаце пабываць на іх?

 

Дыдактычная гульня “Будуем прадпрыемства”

Мэта: пашыраць уяўленні дзяцей пра прамысловыя прадпрыемствы горада Мінска, іх знешняе аблічча.

Дыдактычны матэрыял:

1) фатаграфіі будынкаў прадпрыемстваў “Камунарка”, “Гарызонт”, “Атлант”, “МАЗ”, “Мінскі малочны завод”, “Мінскі трактарны завод”. На кожнай фатаграфіі – лагатыпы прадпрыемства;
2) гэтыя ж фатаграфіі, разрэзаныя на 30 элементаў (пазлы).

Правілы і дзеянні гульні: дарослы прапануе дзецям разглядзець фатаграфіі, успомніць, якія прамысловыя прадпрыемствы на іх адлюстраваны і як яны называюцца. Звяртае ўвагу на лагатыпы прадпрыемстваў. Затым дарослы прапануе дзецям “пабудаваць” сваё прадпрыемства. Фатаграфіі раскладваюцца на стале выявай уніз. У падарунак дзеці атрымліваюць каляровую картку з выявай лагатыпа прадпрыемства, якое “пабудавалі”.

Ход гульні. Дзеці дзеляцца парамі (хто з кім хоча “будаваць” разам), выпадковым чынам выцягваюць канверт з фатаграфіяй і малюнкам-пазлам. Пасля называюць, якое прадпрыемства яны “пабудавалі”.

 

Выхавальнік: Бачыце, дзеці, колькі розных прадпрыемстваў ёсць у Мінску. На іх працуюць шмат людзей, выпускаюць розную прадукцыю, якая і трапляе ў нашы магазіны і на базар. Давайце мы з вамі паспрабуем вызначыць, што ж вырабляецца на гэтых прадпрыемствах. Згодны?

Для гэтага нам патрэбна раздзяліцца на каманды. Калі ласка, той, у каго картка з лагатыпам прадпрыемства чырвонага колеру, падыходзіць да стала, абазначанага чырвоным колерам, а ў каго жоўтая картка, то да стала з жоўтым абазначэннем.

 

Дыдактычная гульня: “Вырабляем прадукцыю”

Мэта: пашырыць уяўленні дзяцей пра прадукцыю прамысловых прадпрыемстваў, развіваць вобразную памяць з выкарыстаннем прыёмаў групоўкі і класіфікацыі; фарміраваць навык сумеснай дзейнасці з аднагодкамі.

Дыдактычны матэрыял:

1) фатаграфіі будынкаў прадпрыемстваў “Камунарка”, “Атлант”, “Гарызонт”, “МАЗ”, “Мінскі малочны завод”, “Мінскі трактарны завод”;
2) 6 камплектаў па 6 картак. У кожным камплекце карткі злучаюцца паміж сабой па тыпу пазла, складаючы ланцужок з фатаграфій прадпрыемства і шэрагу прадукцыі, што вырабляецца на гэтым прадпрыемстве.

Правілы і дзеянні гульні: дарослы прапануе разгледзець фатаграфіі, успомніць, якія прамысловыя прадпрыемствы на іх адлюстраваны, што на іх вырабляецца і “наладзіць вытворчасць прадукцыі” на сваім прадпрыемстве. Перамагае тая каманда, якая хутчэй правільна збярэ свае ланцужкі.

Ход гульні. На сталах перамяшаныя карткі, якія трэба сабраць у ланцужкі. Прадстаўнік каманды, якая перамагла, называе па выявах сабраных ланцужкоў прадпрыемствы і адпаведную ім прадукцыю. Калі дзіця не можа дакладна назваць выяву, яму дапамагаюць члены яго каманды.

 

Выхавальнік: Малайцы, хутка ўсе справіліся з заданнем. Былі вельмі стараннымі і ўважлівымі. Мы ўпэўніліся, як шмат рознай прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы горада Мінска. Тут шмат электрапрыбораў, якія сапраўды дапамагаюць людзям. У нас дома таксама ёсць, так?

А хто помніць правілы бяспечнага абыходжання з электрапрыборамі (у разетку ўключае і выключае толькі дарослы, забараняецца гуляць з разеткай, дакранацца да электрапрыбораў мокрымі рукамі). Малайцы, правільна. Вы ў мяне ўсё ведаеце і правіл бяспекі не парушаеце. Так?

 

Ой, дзеці. Час хутка бяжыць. Нам ужо пара ў дзіцячы сад вяртацца. Давайце займаць месцы ў аўтобусе. Едуць.

 

Выхавальнік: Вось якое цудоўнае падарожжа ў нас з вамі атрымалася. Спадабалася вам? А ці здагадаліся вы, чаму на плане нашага падарожжа будынак музея быў так размаляваны? (Палова будынка чорным і белым колерам – бо там захаваны рэчы старадаўнія, а палова каляровым – о сучасныя). Правільна.

А давайце мы з вамі ўявім сабе, што вы дарослыя. Нехта стаў дырэктарам, нехта будаўніком, прадаўцом… Якую прадукцыю вы бачыце на прадпрыемствах будучыні? (Адказы дзяцей). Мабыць, жыць будзе яшчэ лягчэй і цікавей. Але для гэтага нам з вамі што патрэбна? (Вучыцца, быць уважлівымі і стараннымі). Я згодна з вамі.

Дзеці, а калі таты і матулі пацікавяцца, дзе мы з вамі былі, што бачылі, пра што даведаліся, што вы ім раскажаце? (Дзеці дзеляцца ўражаннямі ад падарожжа).

Выхавальнік: Вось мы і прыехалі ў наш дзіцячы сад. Спадзяюся, што мы з вамі яшчэ шмат дзе зможам пабыць і шмат чаго даведацца.

 

Дадаткі

 

Спіс літаратуры

1 Гракава, К.Г. Твая сталіца: заводы і фабрыкі Мінска: (ад 5 да 7 гадоў): вучэб. нагляд. дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / К.Г.Гракава. – Мінск : Народная асвета, 2016. – 16 с. бел. + 16 с. рус. : 26 с. іл. – (Серыя “Старонкі роднай зямлі”).

2 Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі – Мінск : Нац. ін­т адукацыі, 2019. – 268 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий