Адукацыя ў любой развітой краіне — наша Беларусь не выключэнне — пранізвае ўсе сферы жыцця грамадства. Заканамерна, што і на VI Усебеларускім народным сходзе, які ў Год народнага адзінства стаў галоўнай грамадска-палітычнай падзеяй, адным з прыярытэтаў наступнага пяцігоддзя былі названы якасная і даступная адукацыя, выхаванне грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны.
Самай маштабнай і значнай падзеяй для сістэмы адукацыі ў 2021 годзе стаў Рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам кіраўніка дзяржавы, дзе абмяркоўваліся стратэгічныя пытанні развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі на найбліжэйшую перспектыву.
Асноўныя вынікі мінулага года падводзім з першым намеснікам міністра адукацыі Ірынай Старавойтавай.
— 2021 год быў вельмі насычаным для сістэмы адукацыі краіны. Назавіце падзеі, якія, на ваш погляд, асабліва паўплывалі на выхаваўчы і вучэбны працэс у школах.
— У 2021/2022 навучальным годзе быў завершаны пераход на новыя вучэбныя праграмы, уключаючы базавы і павышаны ўзроўні вывучэння вучэбных прадметаў. З новага навучальнага года ў 5—6 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена і новая пасада “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”, у функцыі якога ўваходзяць планаванне, арганізацыя і ажыццяўленне выхавання навучэнцаў па ваенна-патрыятычным напрамку, арганізацыя дапрызыўнай падрыхтоўкі і экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, ажыццяўленне кантролю за выкананнем у школе патрабаванняў бяспекі.
Выкарыстанне лічбавых тэхналогій дазволіла ва ўмовах эпідэмічнай сітуацыі распрацаваць адзіную адукацыйную платформу для дапамогі ў навучанні. Міністэрствам створаны кантэнт для гэтага рэсурсу. З верасня ён працуе ў пастаянным рэжыме. У галіне лічбавай трансфармацыі ўсёй сферы адукацыі праведзена падрыхтоўка да распрацоўкі і фарміравання рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя — асновы для стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы галіны.
Але пры сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базе, самых лепшых праграмах і падручніках без педагога яны не маюць жыцця. Настаўнік, выхавальнік, майстар, выкладчык, кіраўнік установы адукацыі па-ранейшаму застаюцца ключавымі фігурамі ў сістэме адукацыі. У краіне створана эфектыўная сістэма падрыхтоўкі педагагічных работнікаў, праблем з забеспячэннем кадрамі няма. Але над якасцю кадравага патэнцыялу работа будзе весціся пастаянна.
— Важным стала і прыняцце законапраекта “Аб змяненнях Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”. Наколькі абноўлены кодэкс адпавядае рэаліям у адукацыі?
— Большасць змяненняў у сферы адукацыі пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі кодэкса наўрад ці хтосьці назаве рэвалюцыйнымі. Яны, хутчэй, удасканалены. Гэтыя новаўвядзенні — вынік эвалюцыі сістэмы, а таксама вынік аналізу дзесяцігадовай практыкі прымянення дзеючага цяпер дакумента. З верасня ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу давядзецца вучыцца і працаваць па новых правілах. У Кодэкс аб адукацыі ўключаны 17 новых артыкулаў — іх цяпер 297. Абнаўленні тычацца як агульных пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і патрабаванняў да ўсіх удзельнікаў працэсу, а таксама сацыяльнай абароны і падтрымкі навучэнцаў і выпускнікоў.
У абноўленым кодэксе прапанавана іншае азначэнне самой адукацыі. Яе мэтай становіцца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый. З улікам напрамкаў далейшага развіцця краіны прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дапоўнены інклюзіяй у адукацыі і абавязковасцю агульнай сярэдняй адукацыі.
У кодэксе замацавана нарматыўнае фінансаванне дзяржаўных устаноў адукацыі, якія паказалі ў ходзе эксперыментаў сваю эфектыўнасць. Для ўпарадкавання работы прыватных устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі закладзена магчымасць фінансавання часткі расходаў такіх устаноў за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у парадку, вызначаным урадам. У новай рэдакцыі кодэкса ліквідавана залішняя дэталізацыя. Напрыклад, шкала адзнак, самі адзнакі і запісы, якія выкарыстоўваюцца для ацэньвання вучобы, будуць устанаўлівацца не кодэксам, а Правіламі правядзення атэстацыі. Гэта дазволіць пры неабходнасці хутка ўнесці змяненні не ў кодэкс, што дастаткова складана і доўга, а ў правілы.
— У абноўленым кодэксе ўрэгуляваны і пашыраны пытанні выхаваўчай работы, што сёння асабліва актуальна…
— Мэты, задачы, асноўныя патрабаванні да выхавання вызначаны ў Канцэпцыі і Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Узмоцнены патрыятычны складнік выхавання. Таксама да асноўных складнікаў выхавання аднесены полікультурнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне талерантных адносін да прадстаўнікоў іншых культур, нацыянальнасцей, веравызнання, і эканамічнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне эканамічнай культуры асобы.
Працэс выхавання ідзе як на вучэбных занятках, так і ў пазавучэбны час, у тым ліку і ў шосты школьны дзень. Для гэтага ўдакладнены функцыі педагагічных работнікаў у галіне выхавання. Выхаваўчая работа будзе арганізавана ва ўсіх установах адукацыі і будзе ажыццяўляцца ўсімі педагагічнымі работнікамі, у тым ліку педагагічнымі работнікамі, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка і куратара вучэбнай групы. Гэтая норма дазволіць распрацаваць нарматыўны дакумент аб арганізацыі работы класнага кіраўніка, куратара вучэбнай групы.
Патрыятычнае выхаванне разглядаецца як адзін з галоўных прыярытэтаў сістэмы адукацыі нашай краіны. Работа па патрыятычным выхаванні ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі. Кожная дысцыпліна аказвае значны ўплыў на фарміраванне светапогляду дзяцей і моладзі, але найбольш моцнае — сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны. Так, вывучэнню Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь удзяляецца асаблівая ўвага.
Гаворачы пра праекты, якія былі прэзентаваны ў 2021 годзе, трэба адзначыць Усебеларускую маладзёжную экспедыцыю “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, прысвечаную Году народнага адзінства. Ва ўстановах адукацыі краіны прайшоў і рэспубліканскі культурна-патрыятычны кінамарафон “Глядзі і помні”, прысвечаны 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Быў запушчаны пілотны праект па арганізацыі і правядзенні экскурсій для навучэнцаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Новая форма работы з навучэнскай моладдзю — стварэнне ваенна-патрыятычных клубаў на базе вайсковых часцей. У 2021 годзе было адкрыта 9 ваенна-патрыятычных клубаў, па сутнасці — цэнтраў патрыятычнага выхавання, якія сапраўды цікавыя навучэнскай моладзі.
У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” і адзіных дзён інфармавання кіраўнікамі і намеснікамі кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання праведзены ў мінулым годзе 444 сустрэчы з навучэнскай і студэнцкай моладдзю, супрацоўнікамі, выкладчыкамі і прафесарска-выкладчыцкім складам устаноў адукацыі. З мэтай удасканалення арганізацыі патрыятычнага выхавання створана інтэрактыўная платформа патрыятычнага выхавання “Патрыёт.by”.
— Не менш важным стала зацвярджэнне ўрадам Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Раскажыце пра перспектывы, якія яна адкрывае.
— На Рэспубліканскім педсавеце вызначылі асноўныя напрамкі работы сферы адукацыі, прыняўшы за аснову Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Канцэпцыя вызначае ў якасці асноўнай мэты развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі забеспячэнне даступнай і якаснай адукацыі і прадугледжвае пашырэнне варыятыўнасці зместу агульнай сярэдняй адукацыі. Вучоныя-педагогі распрацоўваюць новую структуру тыпавога вучэбнага плана агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае выдзяленне абавязковых для вывучэння вучэбных прадметаў і прадметаў, што вывучаюцца па выбары навучэнцаў. Важнай умовай дасягнення высокай якасці адукацыі з’яўляецца эфектыўная сістэма яе ацэнкі. Будуць удасканальвацца нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, механізмы і формы маніторынгавых даследаванняў якасці адукацыі, рэспубліканскіх кантрольных работ па вучэбных прадметах. Добрым стымулам для ўдасканалення сістэмы ацэнкі якасці адукацыі стаў удзел рэспублікі ў міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA-2018. Вынікі ўдзелу ў гэтай праграме прааналізаваны, распрацаваны рэкамендацыі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Чакаецца, што ў 2022 годзе Беларусь будзе другі раз прымаць удзел у міжнароднай праграме ацэнкі якасці PISA.
— 2021 год стаў вырашальным у функцыянаванні і развіцці Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Як міністэрства ацэньвае работу тэхнапарка і якой бачыцца будучыня гэтай установы адукацыі?
— У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку вучацца навучэнцы з ліку пераможцаў, прызёраў міжнародных, рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемстваў, якія асвойваюць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. І яны працягваюць удзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных адукацыйных мерапрыемствах. Каля 68% навучэнцаў, якія прайшлі навучанне ў 2021 годзе, сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, турніраў, алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і інш.
Сёння вядзецца работа па супрацоўніцтве ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з установамі вышэйшай адукацыі па пытаннях прафарыентацыі навучэнцаў на інжынерныя спецыяльнасці, развіцця навукова-даследчыцкіх кампетэнцый навучэнцаў і павышэння матывацыі падлеткаў да праектнай і навукова-даследчай дзейнасці, развіцця STEM-адукацыі шляхам забеспячэння доступу да высокатэхналагічнага абсталявання.
— Сістэма вышэйшай адукацыі мае свае традыцыі і навуковыя школы — мінулы год быў шчодрым на юбілеі ўніверсітэтаў… Якімі сталі асноўныя дасягненні ў гэтай сферы адукацыйнай галіны?
— Установы вышэйшай адукацыі ў 2021 годзе забяспечвалі падрыхтоўку спецыялістаў па 387 спецыяльнасцях I ступені і па 159 спецыяльнасцях ІІ ступені.
З мэтай узмацнення практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў установы вышэйшай адукацыі ажыццяўлялі цеснае ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў рэальнага сектара эканомікі. На працягу года УВА заключылі больш за 500 дагавораў з арганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці аб узаемадзеянні і правядзенні практыкі (усяго дзейнічае каля 6,5 тысячы дагавораў) і больш за 500 дагавораў аб узаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў (усяго дзейнічае больш за 2,5 тысячы дагавораў).
На высокатэхналагічных прадпрыемствах краіны, у арганізацыях Парка высокіх тэхналогій, інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на працягу 2021 года было створана 76 філіялаў кафедр устаноў вышэйшай адукацыі. Усяго ў арганізацыях эканомікі і сацыяльнай сферы функцыянавала 1170 філіялаў кафедр.
Яшчэ некалькі лічбаў. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі працуюць 82 сумесныя з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторыі (у 2021 годзе створана 6 лабараторый) і 33 адукацыйныя цэнтры вядучых сусветных кампаній. Практыку ў арганізацыях — заказчыках кадраў у 2020/2021 навучальным годзе прайшла больш як 71 тысяча студэнтаў (усяго практыку прайшло каля 200 тысяч студэнтаў).
Для фарміравання ў студэнтаў кампетэнцый і навыкаў, неабходных для вынаходніцкай, інавацыйнай, прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэння інавацыйнай прадукцыі ў 12 УВА краіны рэалізуецца праект “Універсітэт 3.0”, у 33 УВА рэалізуецца праект “Лічбавы ўніверсітэт”.
— Праект “Маладзёжная сталіца” ў 2021 годзе рэалізоўваўся ў Гродне. Калі і дзе будзе адкрывацца “Маладзёжная сталіца” — 2022?
— Ініцыятыва, народжаная ў Год моладзі, аказалася папулярнай. Акрамя таго, гэты маштабны, творчы, культурны і адукацыйны праект стаў нашай добрай традыцыяй. У маладзёжнай сталіцы — 2021 на працягу ўсяго года праводзіліся розныя рэспубліканскія мерапрыемствы: форум “Беларусь. Моладзь. Адзінства”, семінар па актуальных аспектах арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы, тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі і шмат чаго іншага. Думаю, што і ў гэтым годзе праект будзе такім жа насычаным і разнастайным.
У 2022 годзе маладзёжнай сталіцай вызначаны Віцебск. У сакавіку плануем урачыста адкрыць яе.
Людміла ВЫСОКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА