Сёння журналісцкая дарога прывяла нас у Палац Друцкіх-Любецкіх, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Той самы, які стаў двайніком Версальскага палаца “Малы Трыанон” — рэзідэнцыі французскіх каралёў. Але ў гэтай рэзідэнцыі гаспадараць не каралі, а юныя жыхары Шчучына і наваколля. А паўнапраўная гаспадыня Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі — яго дырэктар Ірэна Дзегцярова.
Захоўваем традыцыі
Гледзячы на гэтую абаяльную, стройную і маладую жанчыну, вам можа здацца, што я блытаю лічбы, але Ірэна Пятроўна ўжо больш за 40 гадоў працуе ў сістэме дадатковай адукацыі — з 1979 года. І з іх 30 гадоў узначальвае творчы калектыў палаца, радуецца творчым поспехам яго выхаванцаў і прафесійным поспехам педагогаў. Самыя значныя ўзнагароды самой І.П.Дзегцяровай таксама звязаны з палацам: яна пераможца адкрытага Усерасійскага конкурсу “Фестываль педагагічнага майстэрства” сярод педагагічных работнікаў і кіраўнікоў адукацыйных устаноў, фіналіст абласнога конкурсу “Кіраўнік года”. У 2021 годзе за лепшую сістэму духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання Ірэна Пятроўна стала лаўрэатам прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, атрымала дыплом І ступені ХVІІ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.
Сёння Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі — гэта больш за 2000 дзяцей, 182 аб’яднанні па інтарэсах і 82 педагогі. Гэта адзіная шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі на тэрыторыі раёна. Для зручнасці дзяцей з сельскай мясцовасці адкрыты пакоі па месцы жыхарства ў Астрыне. У горадзе вучняў запрашае пакой па месцы жыхарства “Арляня”, а на базе сельскіх школ дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах Палаца творчасці — у школах у Орлі, Скрыбаўцах, Васілішках, Дзембраве.
Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі атрымаў сваю назву ў 2016 годзе, калі пераехаў у адрамантаваны і адрэстаўраваны будынак Палаца Друцкіх-Любецкіх. З таго часу калектыў палаца стараецца захоўваць і прымнажаць яго традыцыі. Напрыклад, навучэнцы і педагогі пачалі пошукавую работу і літаральна праз год адкрылі музей гісторыі Шчучыншчыны. У ім тры экспазіцыі: першая прысвечана Друцкім-Любецкім, другая мае назву “Шчучын у кантэксце сусветнай гісторыі”, трэцяя — “Шчучын — горад авіятараў”. З 2016 года традыцыйна тут праходзяць балі XIX стагоддзя. У палацы быў адкрыты і дзіцячы цэнтр бяспекі “ПлЮС”. Жыццё тут кіпіць і віруе з самага ранку і да позняга вечара.
“Колькі сябе памятаю, я заўсёды бегаю. Узімку часта хаджу на лыжах, нават маю разрады. Заўсёды была прыхільнікам здаровага ладу жыцця. І цяпер стараюся падтрымліваць сябе ў добрай форме. І родных далучаю, асабліва ўнучак — Ілону і Ганну. Для нас сумесныя вячэрнія прабежкі сталі традыцыяй”.
Творчыя інавацыі
“Я перш за ўсё перад сабой як кіраўніком стаўлю задачу — ісці ў нагу з часам, — гаворыць дырэктар. — Таму і калектыў накіроўваю на ўдасканаленне інавацыйнага асяроддзя, выкарыстанне сучасных падыходаў у рабоце. Інакш да нас не прыйдуць дзеці, ім не будзе з намі цікава. Для нас галоўнае — дзіцячая цікавасць”.
Сапраўднай падзеяй стала адкрыццё чайнага клуба “Чайныя сустрэчы”. Гэта стала вынікам перамогі навучэнцаў палаца ў адным з конкурсаў экалагічных праектаў і супрацоўніцтва з размешчаным непадалёк саўгасам лекавых траў “Вялікае Мажэйкава”.
“Мы, педагогі, разам з дзецьмі збіраем і сушым лекавыя травы, гатуем чайныя зборы. Любыя святы, свае дні нараджэння дзеці праводзяць за гарбатай, частуючыся ласункамі. Да нас на конкурсы прыязджаюць госці — дружба з імі таксама завязваецца за кубкам гарбаты, — гаворыць І.П.Дзегцярова. — Наш педагог кіраўнік студыі “Батлейка” Міхаіл Міхайлавіч Чарнадзедаў дасканала ведае рытуалы правядзення чайнай цырымоніі, вучыць гэтаму дзяцей і праводзіць такія цырымоніі для гасцей. Ладзім мы і вечары музыкі, сустрэчы з паэтамі, выставы лепшых работ нашых педагогаў і навучэнцаў, фотавернісажы і інш.”
Свой стыль мае і нядаўна створаная тут дзіцячая тэлестудыя “ПРО100TV”. Пераканацца, наколькі прафесійна хлопчыкі і дзяўчынкі асвоілі ролі відэааператараў і фотарэпарцёраў, дыктараў і карэспандэнтаў, можна, паглядзеўшы іх шматлікія выпускі на YоuTube.
Не менш поспехаў выхаванцы палаца маюць і на сцэне. Так, студыя эстраднай песні “Апрель”, студыя моды “Гармонія” паспяхова пацвердзілі, а танцавальны калектыў “Кантрасты-МІХ” і студыя эстраднага вакалу “Элегія VOICE” атрымалі званне “ўзорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. На працягу апошніх гадоў навучэнцы палаца станавіліся пераможцамі прэстыжных міжнародных фестываляў-конкурсаў мастацтваў “Музыкі свет”, “Хрустальны васілёк”, Talented Kids, Super Hits with Orchestra, “ZaГранню”, “Прывітанне, свет!”, M&DANCE, “Сонца — Радасць — Прыгажосць” (Балгарыя), “Караван культур” (Польшча) і інш. Толькі за мінулы навучальны год творчы калектыў установы атрымаў 203 узнагароды: 72 — міжнароднага ўзроўню, 59 — рэспубліканскага, 72 — абласнога.
“Мы выкарыстоўваем усе шляхі і спосабы, каб даць дзецям магчымасць творча рэалізоўвацца. Нават ва ўмовах пандэміі не робім паўз — прымаем удзел ва ўсіх магчымых конкурсах, праўда, пакуль найчасцей у дыстанцыйным фармаце”, — гаворыць мая суразмоўніца.
Актыўная грамадская дзейнасць заўсёды была часткай жыцця І.П.Дзегцяровай. Яшчэ ў юнацтве яна ездзіла ў складзе будатрадаў у Малдову, за што мае ўзнагароды. Была камандзірам студэнцкага атрада, які працаваў і ў сваім раёне, у Вялікім Мажэйкаве. Гэта стала для яе добрай школай жыцця. Шмат гадоў Ірэна Пятроўна натхняе юных жыхароў Шчучыншчыны быць актыўнымі і пражываць сваё жыццё з карысцю як для сябе, так і для іншых.
Ні дня без спорту
Асобнае месца ў палацы адводзіцца спорту — у многім дзякуючы ўласнаму стаўленню яго кіраўніка. Ірэна Пятроўна ў студэнцтве займалася веласпортам, заўсёды ў руху яна і цяпер, не ўяўляе, як можна пражыць дзень без зарадкі і прабежкі.
“Колькі сябе памятаю, я заўсёды бегаю. Узімку часта хаджу на лыжах, нават маю разрады. Заўсёды была прыхільніцай здаровага ладу жыцця. І цяпер стараюся падтрымліваць сябе ў добрай форме. І родных спрабую далучаць, асабліва ўнучак — Ілону і Ганну. Для нас сумесныя вячэрнія прабежкі сталі традыцыяй”, — дзеліцца Ірэна Пятроўна.
Прытрымліваюцца здаровых традыцый і навучэнцы. Так, клуб спартыўных адзінаборстваў імя У.Б.Шурупава працуе ў палацы больш за 20 гадоў. Ён быў заснаваны яшчэ Аляксандрам Юр’евічам Натаравым, а сапраўднага росквіту дасягнуў, калі ім кіравалі яго ж выпускнікі. Так, адзін з іх — Уладзімір Барысавіч Шурупаў — за кароткі час кіраўніцтва паспеў падрыхтаваць 7 кандыдатаў у майстры спорту і 2 майстры спорту па тайскім боксе, 5 кандыдатаў у майстры спорту па кікбоксінгу і 2 чэмпіёны Еўропы. Яго былы навучэнец Ілья Сырыцкі, які ўжо займаецца ў Мінску ў СДЮШАР, — трохразовы чэмпіён свету па тайскім боксе.
Цяпер клубам кіруюць выпускнікі Аксана Булах і Данііл Дземянчук. Шмат яго выпускнікоў дзейныя спартсмены, таму ім цяжка сумяшчаць спартыўную кар’еру з трэнерствам, але ў палацы чакаюць, што яшчэ адзін выпускнік далучыцца да зорнай трэнерскай каманды.
Зрэшты, планы ў цэнтра смелыя і ў іншых кірунках. “Што тычыцца аддзялення спартыўна-тэхнічнай творчасці, то там мы адкрылі такія кірункі, як стэндавае мадэляванне, робатацэнтр, ствараем маладзёжную пляцоўку “IT-клуб”, стараемся актывізаваць работу дзіцячага тэхнапарка. Нядаўна на фестывалі маладзёжных ініцыятыў быў падтрыманы наш праект па стварэнні міні-музея LEGO”.
Так, ідучы за дзецьмі, Ірэна Пятроўна выводзіць калектыў палаца наперад.
Святлана НІКІФАРАВА