Унікальныя вырабы з дрэва, лазы, саломкі, скуры… Каля 300 работ падрыхтавалі выкладчыкі і навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў да справаздачнай выставы. У каледжы ў другім паўгоддзі традыцыйна праходзіць паказ творчых работ, і кожны раз яны здзіўляюць разнастайнасцю ідэй, матэрыялаў і тэхнік выканання.
Дырэктар навучальнай установы Алена Аляксеенка 20 гадоў у крэсле кіраўніка і хварэе ўсім сэрцам за ўсё, што тут адбываецца.
— Наш каледж унікальны. Мы захоўваем народныя промыслы, падтрымліваем і развіваем. Мы развіваем нашых дзяцей падчас навучання, вытворчасці і выхавання. Калі дзеці разам з педагогамі ствараюць вырабы, яны шукаюць інфармацыю, якая не ляжыць на паверхні. Кожнае дзіця такім чынам вывучае гісторыю краіны. Пасля яны абараняюць свае праекты. Часта работы становяцца экспанатамі нашых шматлікіх выставачных залаў ці ўпрыгожваюць інтэр’еры ўстановы.
Работы сапраўды ўражваюць разнастайнасцю ідэй, матэрыялаў і тэхнік выканання. Яркія стужкі і карункі ператвараюцца ў букеты цюльпанаў, а скура ў спалучэнні з дрэвам становіцца сталовымі прыборамі. Нямала арыгінальных швейных, вязаных вырабаў і вышыўкі. Мноства дэкаратыўных пано, арганайзераў для канцылярскіх прылад, падставак для тэлефона…
— Дызайнерскі падыход і высокая якасць выкананых работ, вядома, ускладняюць іх ацэнку для журы, але агульныя вынікі выставы гэтага года не могуць не радаваць, — гаворыць загадчык аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каледжа Галіна Хадасок. — Творчы працэс у каледжы ніколі не спыняецца, кожны год прыносіць новыя адкрыцці, новыя таленавітыя імёны.
У каледжы некалькі тэматычных выставачных залаў. Мастацкія вырабы, якія ў іх трапляюць, з’яўляюцца прыкладам для наступных пакаленняў навучэнцаў. З пластыку дзеці ствараюць макеты будынкаў самых розных архітэктурных стыляў. Адначасова ўдасканальваюць майстэрства, сур’ёзна вывучаюць помнікі дойлідства.
— Мы паказваем, як у побыце можна выкарыстоўваць народныя промыслы. Напрыклад, у афармленні інтэр’ераў і экстэр’ераў, — падкрэслівае дырэктар Алена Аляксеенка. — З лазы раней рабілі просты кошык для грыбоў, а сёння гэта, напрыклад, выдатны кораб для бялізны. З традыцыйных народных матэрыялаў можна ствараць шыкоўныя рэчы — у спалучэнні з пацінай, з пазалотай. Мы транспануем народныя промыслы для сённяшняга часу. Паказваем, як вырабы можна ўпісаць у сучасную кватэру.
Конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці і майстар-клас у каледжы праходзяць на працягу 17 гадоў. Між іншым, адзначае дырэктар навучальнай установы, вырабляюцца не толькі выключна выставачныя ўзоры, але і тыя, якія потым могуць быць увасоблены на вытворчасці.
— Дзеці пад кіраўніцтвам майстра вырабляюць рэч. Мы глядзім: калі яна цікавая, можам запусціць у вытворчасць, і потым жыхары горада змогуць набыць такую ў нашых магазінах. Дарэчы, запрашаем незалежнае журы, якое выбера самае цікавае. Частку экспанатаў з гэтай выставы адправім на конкурс у Мінск. Мы ўвесь час выстаўляемся ў сталіцы і штогод займаем прызавыя месцы.
Гледзячы на выставачныя вырабы, задаюся пытаннем пра ўнікальнасць майстроў, якія натхняюць і вучаць падлеткаў. Алена Аляксееўна падкрэслівае, што частка з іх — прафесіяналы з велізарным вопытам работы, якія свайму рамяству аддалі практычна ўсё жыццё.
— Мы іх падтрымліваем. Той вопыт, які яны набылі на працягу доўгіх гадоў работы ў нашай навучальнай установе, трэба перадаваць маладому пакаленню педагогаў. Практычна палова з іх — гэта нашы былыя выпускнікі. Яны прайшлі ўзровень прафтэхадукацыі, навучыліся працаваць рукамі. Затым атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Атрымалі яшчэ дзве кваліфікацыі. Пасля заканчэння УВА вярнуліся да нас і працуюць майстрамі. Гэта творчыя педагогі, яны ўмеюць арганізаваць і зацікавіць дзяцей.
Сёння каледж набірае навучэнцаў як на аснове агульнай базавай, так і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Тэрмін навучання — адпаведна 3 і 1 год. Пасля заканчэння першага ўзроўню маладыя людзі атрымліваюць кваліфікацыі вышывальшчыц, швачак, аператараў камп’ютарнай графікі, выканаўцаў мастацка-афарміцельскіх работ, вытворцаў мастацкіх вырабаў з саломкі, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, разьбяроў па дрэве і бяросце. Прычым навучэнец атрымлівае адразу дзве кваліфікацыі. У далейшым гэта аблягчае працаўладкаванне.
На наступны ўзровень можна выйсці на аснове атрыманай прафесійна-тэхнічнай адукацыі. І тут ужо прапануюць спецыялізацыі: “Мастацкія вырабы з тэкстылю”, “Мастацкія вырабы з саломкі, лёну, паперы”, “Мастацкая апрацоўка дрэва”, а таксама “Дызайн вырабаў бытавога ўжытку”. Кваліфікацыя — “мастак і настаўнік” ці “дызайнервыканаўца і настаўнік”.
— Мы даём прафесію па народных промыслах і адначасова яшчэ адну кваліфікацыю, па якой таксама можна будзе працаўладкавацца. Не так даўно была адкрыта запатрабаваная спецыяльнасць “Фатаграфія”. Мы таксама высветлілі, што сёння вельмі не хапае настаўнікаў працы. Магчыма, у будучыні будзем рыхтаваць мадэльераў-канструктараў і тэхнолагаў. Мы вывучаем рынак, разаслалі лісты па ўсёй краіне і атрымалі заяўкі на навучанне па новых спецыяльнасцях. Пакуль не буду раскрываць усе сакрэты, але мы глядзім, што запатрабавана на рынку працы. Дарэчы, ужо сёлета адкрываем набор майстроў па манікюры. Гэта не народныя промыслы, але гэты кірунак мы інтэгруем з іншай прафесіяй, якой будзем вучыць дзяўчынак, — швачка. Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці маюць патрэбу ў такіх спецыялістах.
Выпускнікі, якія атрымаюць пасля заканчэння кваліфікацыю “фатограф”, ужо сёння маюць магчымасць практыкавацца на прафесійным абсталяванні. У каледжы для гэтага абсталявалі майстэрню і фотастудыю са зменнымі фотазонамі. Яе могуць узяць у арэнду і выкарыстоўваць для здымак усе жадаючыя. Дарэчы, будучыя фатографы пад патранатам педагогаў сёлета запрошаны для ўдзелу ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фотаконкурсе “Млын моды”.
Сёння каледж набірае навучэнцаў як на аснове агульнай базавай, так і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Тэрмін навучання — адпаведна 3 і 1 год. Пасля заканчэння першага ўзроўню маладыя людзі атрымліваюць адразу дзве кваліфікацыі. У далейшым гэта аблягчае працаўладкаванне.
Між тым часам вучыцца ў каледж народных промыслаў прыходзяць і дарослыя людзі — нават з вышэйшай адукацыяй. Некаторыя таму, что не адразу разабраліся, што іх прызванне — работа рукамі і навучыцца ёй можна толькі ў дасведчаных майстроў-прафесіяналаў. У цэлым жа палова з тых, хто сюды паступае, — гараджане. Яшчэ столькі ж прыязджае з іншых населеных пунктаў Гомельшчыны і нават з іншых абласцей краіны.
— Яны сталеюць на нашых вачах, — адзначае Ірына Аляксеенка. — Прыемна бачыць, як дзеці з вуглаватых падлеткаў становяцца зацікаўленымі і матываванымі дарослымі людзьмі. Мы знаходзім ім першае працоўнае месца. Нашы выпускнікі працягваюць нашу справу. Яны працуюць у дашкольных установах, у цэнтрах дадатковай адукацыі, у аддзелах культуры, становяцца прадпрымальнікамі і рамеснікамі. Важна, што нашы дзеці працягваюць развіццё беларускіх народных промыслаў.
Метадыст каледжа Ірына Вялічка гаворыць, што педагогі ўстановы ў сваёй штодзённай рабоце карыстаюцца прынцыпам: “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”:
— Толькі за мінулы навучальны год у каледжы было 49 пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных выстаў і конкурсаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота Алісы ТАКАЛЕВІЧ