У Храме-помніку ў гонар Усіх Святых адбылося ўрачыстае шанаванне галоўных партнёраў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” — начальнікаў абласных упраўленняў адукацыі. Як адзначыла дырэктар выдавецкага дома Кацярына Дубінская, гэта не проста партнёры, а сябры і паплечнікі.
Ідэя такой сустрэчы-падзякі з граматамі і падарункамі нарадзілася яшчэ ў мінулым годзе, калі дырэктар выдавецкага дома наведвала рэгіёны і сустракалася з начальнікамі галоўных абласных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў. Гаворка падчас такіх сустрэч ішла пра развіццё і ўдасканаленне “Настаўніцкай газеты”, пра абнаўленне інфармацыйнага ўзаемадзеяння.
Усе камандзіроўкі пакінулі добрае ўражанне, бо адчуваліся партнёрскія сувязі і разуменне агульных прынцыпаў развіцця педагагічнай прэсы. Такія сустрэчы яшчэ і вельмі карысныя, бо даюць прастору для роздуму, натхняюць на новыя рубрыкі і праекты. Менавіта таму мы не стамляемся паўтараць, што начальнікі абласных упраўленняў адукацыі, іх намеснікі — нашы галоўныя дарадчыкі і калегі.
Так, падчас такой сустрэчы з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Русланам Абрамчыкам прагучала ідэя акцэнтавання ўвагі на магчымасцях прафесійнага росту ў педагагічным асяроддзі. “Моладзі патрэбны перспектывы, інакш яе цяжка зацікавіць прафесіяй. А настаўнік — гэта дакладна прафесія будучыні, у якой прафесійнае шчасце спазнае кожны”, — адзначыў тады Руслан Юр’евіч.
А начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкамам Руслан Смірноў прапанаваў больш увагі ўдзяляць метадычным дасягненням настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, сярод якіх шмат творчых і ініцыятыўных людзей.
І, канечне, мы прыслухаліся. Цяпер імкнёмся знаёміць сваіх чытачоў найперш з гісторыямі поспеху на педагагічнай ніве. Канкрэтызацыя журналісцкай дзейнасці заўсёды дапамагае арыентавацца ў вялікай інфармацыйнай прасторы. Нам важна мець зваротную сувязь ад чытачоў, каб разумець траекторыю далейшага руху.
Плённае супрацоўніцтва будзе працягвацца і далей. Пра гэта на ўрачыстасці ў храме гаварылі і начальнікі ўпраўленняў, і дырэктар выдавецкага дома.
Акрамя таго, на мерапрыемстве прысутнічалі і інфармацыйныя парнёры “Настаўніцкай газеты” — старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, дырэктары дзіцячага тэхнапарка, рэспубліканскага экалагічнага цэнтра, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі, старшыня грамадскага аб’яднання “Веды”, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса.
Для гасцей была праведзена экскурсія па крыпце і пастаяннай экспазіцыі “Музей памяці”, а таксама арганізавана сустрэча з протаіерэем Фёдарам Поўным, з якім пагутарылі пра актуальнасць духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання.
Духоўна-музейныя маршруты таксама нікога не пакінулі абыякавымі. З 2010 года ў крыпце стаіць нязгасная лампада ад Жыватворнага агню, прывезенага з Іерусаліма, і тут жа пахаваны астанкі трох воінаў-беларусаў: загінулага ў 1812 годзе грэнадзёра, салдата Першай сусветнай і байца Вялікай Айчыннай войнаў.
З тых часоў у аніксавыя нішы сцен крыпты ўрачыста закладваюць капсулы з зямлёй з брацкіх магіл, з месцаў гістарычных бітваў і гібелі мірных беларусаў. З 2016 года ў пахавальні знаходзіцца урна з попелам спаленых вязняў лагера смерці “Трасцянец”, захоўваецца тут і зямля з магілы беларускага паэта Максіма Багдановіча.
Мы вельмі ўдзячны за сустрэчу. На жаль, жыццёвыя акалічнасці не дазволілі прыехаць усім запрошаным. Але ж падзякі і падарункі ад Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” даедуць да кожнага.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА