Даць веды і выхаваць патрыётамі

- 16:10Диалоги об образовании

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама стала лепшым у краіне па выніках работы за 2021 год. У гэтым заслуга ўсіх педагогаў вобласці. Аб найбольш важкіх дасягненнях і планах на будучыню ў інтэрв’ю нашаму карэспандэнту расказаў кіраўнік адукацыйнай галіны рэгіёна Андрэй Барысавіч ЗАБЛОЦКІ.

Пра сістэму і актуальныя задачы

— Андрэй Барысавіч, што сабой сёння ўяўляе сфера адукацыі Магілёўшчыны?

— Сістэма адукацыі вобласці налічвае 340 агульнаадукацыйных устаноў, 473 дашкольныя і 35 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 33 спецыяльныя, а таксама 34 установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. За парты сёлета селі звыш 114 тысяч школьнікаў, у каледжах і ліцэях навучаюцца больш за 12 тысяч маладых людзей, а дзіцячыя сады наведваюць звыш 41 тысячы малышоў. Над тым, каб дзеці атрымлівалі якасныя веды і ўсебакова развіваліся, штодня працуюць больш як 22 тысячы педагогаў. 

Акрамя таго, у абласным падпарадкаванні знаходзяцца адзін дзіцячы дом і 53 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 26 сацыяльна-педагагічных цэнтраў, 10 выхаваўча-аздараўленчых устаноў і інстытут развіцця адукацыі. Адукацыйная сфера накіравана на рэалізацыю актуальных задач. Усе навучальныя ўстановы функцыянуюць у кантэксце рацыянальнага выкарыстання кадравага патэнцыялу і наяўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Такі падыход дазваляе забяспечваць выкананне ўсіх устаноўленых дзяржаўных сацыяльных стандратаў.

— Ці адпавядае ўзровень матэрыяльнай базы магілёўскіх навучальных устаноў сучаснасці?

— Несумненна. Толькі на правядзенне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі летась было выдаткавана каля 10 млн рублёў бюджэтных сродкаў. Пры падтрымцы Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця мэтанакіравана ажыццяўляецца мадэрнізацыя навучальных устаноў сельскай мясцовасці. У прыярытэце знаходзіцца і будаўніцтва новых адукацыйных аб’ектаў: у мінулым годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю сярэдняя школа на 1020 месцаў і дзіцячы сад на 240 месцаў у Бабруйску, пабудавана дашкольная ўстанова на 200 месцаў у Магілёве, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў абласным цэнтры і Слаўгарадскім раёне. Для забеспячэння бесперабойнага падвозу сельскіх вучняў рэгулярна абнаўляецца аўтобусны парк. Па неабходнасці ўмацоўваецца матэрыяльная база на харчаблоках і фізкультурна-спартыўных аб’ектах навучальных устаноў.

Сёлета на сферу адукацыі плануецца выдаткаваць 29,1% кансалідаванага бюджэту Магілёўскай вобласці. Большая частка гэтых сродкаў зноў будзе накіравана на стварэнне ва ўстановах умоў для арганізацыі бяспечнага і якаснага адукацыйнага працэсу.

— У сённяшніх рэаліях на першы план у функцыянаванні навучальных устаноў выходзіць не толькі якасць адукацыі, але і эканомія бюджэтных сродкаў. Як улічваецца гэтая тэндэнцыя?

— Дадатковыя крыніцы матэрыяльных сродкаў магчыма знайсці і ў бюджэтным фінансаванні. Трэба толькі навучыцца рацыянальна іх выкарыстоўваць. На гэта быў скіраваны пілотны праект па нарматыўным фінансаванні ўстаноў адукацыі, які даволі паспяхова рэалізаваны ў рэгіёне. Дадатковыя грашовыя сродкі ўстановы адукацыі атрымліваюць таксама праз развіццё пазабюджэтнай дзейнасці і платных адукацыйных паслуг. Сэканомленыя і заробленыя сродкі накіроўваюцца на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, павелічэнне заработнай платы педагогаў. Дарэчы, у мінулым годзе сярэдні заробак педагагічных работнікаў па вобласці склаў 866 рублёў, непасрэдна настаўнікаў — 1128 рублёў.

 

Пра школы, дзіцячыя сады і прафтэх

— Шматлікі кантынгент навучэнцаў і педагогаў засяроджаны ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Наколькі эфектыўнай была іх дзейнасць у апошні час?

— У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі назіраецца добрая дынаміка развіцця. Даступнасць забяспечваецца за кошт шматфункцыянальнай сеткі ўстаноў. Дзеці валодаюць роўнымі ўмовамі для вывучэння на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў. Важна, што профільнае навучанне мае выразны прафесійны напрамак. Сёлета ў рэгіёне функцыянуе дастатковая колькасць педагагічных, аграрных, спартыўных і ваенна-патрыятычных класаў. Захавана таксама магчымасць функцыянавання базавых 10—11 класаў, для вучняў якіх арганізавана прафесійная падрыхтоўка ў рамках працоўнага навучання. 

Калі гаварыць пра поспехі, то па выніках мінулага навучальнага года было выдадзена 513 пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, а таксама ўручана 394 атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатымі і сярэбранымі медалямі. Летась па вобласці ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі на ЦТ павысіўся па 9 з 14 вучэбных прадметаў. Звыш дваццаці выпускнікоў атрымалі сертыфікаты з максімальнымі 100 баламі.

— А якая сітуацыя з адукацыяй дзяцей дашкольнага ўзросту?

— Мы цалкам выконваем сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю. Існуючыя віды дашкольных устаноў забяспечваюць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаванасць на індывідуальныя запыты дзяцей і іх бацькоў. Штогод уводзяцца ў эксплуатацыю новыя дзіцячыя садкі. Дзякуючы гэтаму, павялічылася забяспечанасць месцамі ў дашкольных установах, у тым ліку з акцэнтам на крокавай даступнасці. Зараз гэты паказчык складае 99,8 працэнта ад агульнай колькасці дзяцей. Палепшылася аснашчэнне дзіцячых садоў сродкамі навучання, гульнявым і фізкультурным абсталяваннем, што дазваляе захоўваць наладжаную здароўезберагальную сістэму. 

— Сетка ўстаноў прафесійнай адукацыі таксама дынамічна развіваецца?

— У прафесійнай адукацыі апошнім часам мы робім упор не толькі на якасць, але і на забеспечэнне балансу інтарэсаў рэгіёна, арганізацый-заказчыкаў кадраў. Падрыхтоўка рабочых вядзецца з улікам рынку працы, тэхнічных і тэхналагічных змяненняў у эканоміцы. Ажыццяўляецца перападрыхтоўка дарослага насельніцтва, адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Набыццё прафесіі становіцца папулярным сярод моладзі. За мінулы год ва ўстановах прафтэхадукацыі выпуск склаў 4,4 тысячы чалавек. Амаль усім прадастаўлена першае працоўнае месца. 

Падрыхтоўка будучых рабочых ажыццяўляецца на самым высокім узроўні, што пацвярджаюць перамогі нашых навучэнцаў на разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства.

 

Пра выхаванне і кадры

— Адна з ключавых задач сучаснай адукацыі — не толькі даць веды, але і выхаваць падрастаючае пакаленне дастойнымі асобамі, сапраўднымі патрыётамі…

— Гэтаму напрамку работы мы ўдзяляем самую вялікую ўвагу, бо разумеем, што сёння ідзе своеасаблівая барацьба за розумы і душы маладога пакалення. Мы сутыкаемся з пагрозай страты моладдзю традыцыйных духоўных арыенціраў, устойлівых маральных прынцыпаў. Паўплываць на сітуацыю можна толькі агульнымі намаганнямі сям’і і школы, таму значны ўпор зараз робім на павышэнне далучанасці бацькоў да выхавання дзяцей.

З мэтай узмацнення ў свядомасці моладзі ролі традыцыйных духоўна-маральных і культурна-гістарычных каштоўнасцей другі год займаемся рэалізацыяй маштабнага абласнога праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе». Гэтая ініцыятыва ўжо аб’яднала ў імкненні да вывучэння здабыткаў роднага краю тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту — ад дашкольнікаў да навучэнцаў каледжаў. Вывучэнне знакавых аб’ектаў малой радзімы дазволіла дзецям адчуць сваю датычнасць да гераічнай гісторыі, духоўна-маральных рэліквій і традыцый беларускага народа.

Сярод апошніх рэалізаваных ініцыятыў таксама стварэнне на базе Магілёўскага кадэцкага вучылішча імя Я.Нікалаенкі абласнога патрыятычнага цэнтра. Наогул, у найбліжэйшы час па рэгіёне запланавана шмат новаўвядзенняў, якія павінны паспрыяць таму, каб выхаваўчая работа адпавядала сучасным рэаліям.

— Надзённым з’яўляецца пытанне забеспячэння ўстаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі. Ці хапае ў магілёўскіх навучальных установах настаўнікаў?

— У сферы адукацыі педагогі — асноўны складнік эфектыўнай і паспяховай работы, таму ў вобласці развіта высокая адказнасць кіраўнікоў на месцах за кожнага работніка, за прагназаванне патрэбы ў кадрах, своечасовае павышэнне іх кваліфікацыі.

Зараз усе ўстановы адукацыі ўкамплектаваны кадрамі ў поўным аб’ёме. Адметна, што з кожным годам павышаецца адукацыйны ўзровень педагогаў. Сёння 82% педагагічных работнікаў вобласці маюць вышэйшую адукацыю. Узровень іх кваліфікацыі таксама дастаткова высокі — 36 педагогаў маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 71% — вышэйшую або першую кваліфікацыйныя катэгорыі.

Далі свае вынікі і павелічэнне мэтавага набору, стварэнне педагагічных класаў, узмацненне прафарыентацыйных мерапрыемстваў, падтрымка маладых спецыялістаў. Сёння на першым працоўным месцы замацоўваюцца больш як 66% маладых педагогаў. 

 

Пра дасягненні і планы

— Вы адзначылі высокі прафесійны ўзровень магілёўскіх настаўнікаў. Гэта адбіваецца на выніках работы? Якімі поспехамі педагогі і навучэнцы вобласці могуць ганарыцца?

— Адораных дзяцей, чый талент раскрыўся дзякуючы плённай працы педагогаў, на Магілёўшчыне вельмі многа. Штогод нашы навучэнцы паспяхова выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, праяўляюць сябе ў спорце і творчасці.

Сярод найбольш значных перамог мінулага года — тры медалі міжнародных алімпіяд, 81 дыплом па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У творчых конкурсах летась вунямі было заваявана 2313 дыпломаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Што да спартыўных поспехаў, прадстаўнікі рэгіёна ўвайшлі ў лік лідараў на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў і на прэстыжных нацыянальных спаборніцтвах, мелі перамогі і на міжнароднай арэне.

Дзейнасць устаноў адукацыі рэгіёна перыядычна прызнаецца лепшай у рэспубліцы. Рэгулярна самымі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаюцца і магілёўскія настаўнікі. 

— Што чакае сістэму адукацыі ў найбліжэйшай будучыні? Якія планы на перспектыву?

— Галоўным арыенцірам для сферы адукацыі вобласці застаюцца асоба дзіцяці, накіраванасць на выхаванне сапраўдных патрыётаў, адказных і ініцыятыўных грамадзян. У прыярытэце таксама павышэнне якасці адукацыі, рэалізацыя ўсіх даведзеных адукацыйных стратэгій. Мы нядрэнна папрацавалі летась, але чарговы год акрэсліў новыя мэты. Таму будзем ісці наперад, да новых дасягненняў, абапіраючыся на ўжо створанае. Думаю, агульнымі намаганнямі магілёўскім педагогам любыя, нават самыя складаныя, задачы будуць па сілах.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий