За крок да паступлення

- 12:27В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Паступленне ва ўніверсітэт — вельмі важны этап у жыцці абітурыента і яго бацькоў. Пры выбары навучальнай установы важна мець поўнае і дакладнае ўяўленне пра месца будучай вучобы. У гэтым дапамогуць дні адкрытых дзвярэй, якія ў хуткім часе адбудуцца ледзь не ва ўсіх УВА нашай краіны. Напрыклад, 26 сакавіка пройдзе сустрэча з патэнцыяльнымі студэнтамі ў БДЭУ. Пра асаблівасці мерапрыемства і нюансы ўступнай кампаніі даведаемся ў адказнага сакратара прыёмнай камісіі ўніверсітэта Алены Петрычэнка.

— Алена Уладзіміраўна, раскажыце пра асаблівасці сёлетніх сустрэч з будучымі абітурыентамі?

— 26 сакавіка ў нашым універсітэце адбудзецца першы дзень адкрытых дзвярэй афлайн. З улікам эпідабстаноўкі будуць арганізаваны сустрэчы на факультэтах. У фармаце “пытанне — адказ” абітурыенты даведаюцца пра спецыяльнасці, на якія збіраюцца паступаць. Дэканы і студэнты раскажуць, наколькі цікава вучыцца ў нашым універсітэце.

На красавік запланаваны анлайн-стрымы. Трэці год на ўсіх факультэтах мы практыкуем такі фармат работы з прэзентацыямі нашых спецыяльнасцей, патрабаваннямі і пытаннямі па паступленні.

З пытаннямі прафарыентацыі да нас звяртаюцца школы, гімназіі і каледжы не толькі Мінска, але і іншых рэгіёнаў. Так, напрыклад, два тыдні назад прадстаўнікі нашага ўніверсітэта наведалі Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, дзе правялі, можна сказаць, практычную канферэнцыю па прафарыентацыі выпускнікоў. Пасля сустрэліся яшчэ і з вучнямі старшых класаў школ Навагрудка.

Усё прафесійнае жыццё А.У.Петрычэнка звязана з факультэтам эканомікі і менеджменту БДЭУ. Яна была студэнткай, выкладчыкам-стажорам, асістэнтам, дацэнтам, намеснікам дэкана і вось ужо шосты год працуе дэканам.

19 сакавіка прадстаўнік нашага ўніверсітэта паедзе ў Ліду на сустрэчу з будучымі абітурыентамі. Дарэчы, аналагічныя мерапрыемствы мы ладзім штогод.

— Якія пытанні часцей за ўсё гучаць на такіх сустрэчах?

— Пытанні, якія тычацца пераліку дакументаў для паступлення, медыцынскай спраўкі. Я заўсёды раю ў спраўцы пазначаць: “Годны да навучання ва УВА”. Бо калі штосьці не складваецца і абітурыент не можа прэтэндаваць на выбраную спецыяльнасць, напрыклад, факультэта маркетынгу і лагістыкі, то гэта зусім не азначае, што з гэтай спраўкай яго не возьмуць на ўлікова-эканамічны факультэт або на факультэт фінансаў і банкаўскай справы. Таму пазначаць у спраўцы дакладны пералік спецыяльнасцей, на мой погляд, не апраўдана. Самае галоўнае, каб абітурыент быў здаровы і годны да навучання ва УВА.

Задаюць пытанні і аб прахадных балах. На нашым сайце ў раздзеле “Абітурыенту” прадстаўлены прахадныя балы ў 3-гадавой дынаміцы. Кожны можа паглядзець іх і прааналізаваць. Часта пытаюцца і пра размеркаванне, дзе пасля будуць працаваць выпускнікі. На гэта я заўсёды адказваю, што трэба спачатку вырашыць двуадзіную задачу: адразу паступіць, а затым паспяхова завяршыць навучанне. А ўжо потым, бліжэй да заканчэння вучобы, пачнём гаварыць пра тое, дзе і як будзе працаваць выпускнік. Калі ў такіх сустрэчах удзельнічаюць нашы студэнты, то яны расказваюць пра сваё студэнцкае жыццё, навуковую дзейнасць, спартыўныя і творчыя мерапрыемствы. Часта з патэнцыяльнымі абітурыентамі яны пачынаюць абменьвацца кантактамі ў сацыяльных сетках, каб пасля абмеркаваць розныя пытанні.

— Ці вядомы ўжо якія-небудзь навацыі і магчымыя змяненні ў сёлетняй уступнай кампаніі?

— У гэтым годзе ўсё застаецца без змяненняў. Усе новаўвядзенні пачнуцца ў 2023 годзе.

— А якія факультэты і спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя?

— У топе заўсёды факультэт міжнародных бізнес-камунікацый, там вядзецца падрыхтоўка на стыку лінгвістыкі і эканомікі. На факультэце маркетынгу і лагістыкі дастаткова высокі конкурс і прахадныя балы. Некалькі спецыяльнасцей факультэта міжнародных і эканамічных адносін, факультэта лічбавай эканомікі таксама карыстаюцца павышаным попытам. Увогуле, чым меншы план прыёму і чым вышэйшы прахадны бал, то, адпаведна, і конкурс не такі ўжо і высокі. І калі вялікі план набору, напрыклад, 180 чалавек, то і конкурс не можа быць высокім. Калі ж мы набіраем 25 альбо 50 чалавек, пры гэтым на бюджэт толькі 10—15, то бал будзе вышэйшым і конкурс таксама. Тут усё прадказальна. Папулярны яшчэ і факультэт права. Праўда, канкурэнтамі БДУ мы не з’яўляемся, таму што нашы студэнты арыентаваны на эканамічную падрыхтоўку ў галіне сельска-гаспадарчага права, прававога забеспячэння і знешнеэканамічнай дзейнасці. На кожным факультэце ёсць свае адметнасці і спецыяльнасці, сярод якіх адны больш, а другія менш запатрабаваныя, нават нягледзячы на пэўную “крутасць” факультэта.

Кожны выпускнік БДЭУ атрымлівае вельмі дастойную эканамічную падрыхтоўку, таму незалежна ад атрыманай спецыяльнасці пры жаданні і наступнай самаадукацыі ён зможа рэалізавацца ў абсалютна любой сферы.

Я заўсёды гавару: “Амбіцыі ў абітурыентаў могуць быць абсалютна розныя. Калі ў вас максімум балаў, то вы выбіраеце любую спецыяльнасць, калі ж менш, то вы не зможаце трапіць туды, дзе прахадны бал 400”. І заўсёды на прафарыентацыі нагадваю абітурыентам і іх бацькам: лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Нават калі ў абітурыента ёсць фінансавыя магчымасці, гэта не азначае, што ён паступіць туды, куды яму так хочацца. Неабходна ўлічваць не толькі колькасць набраных балаў, але і асабістыя якасці абітурыента. Пры гэтым я пастаянна падкрэсліваю, што на любым нашым факультэце можна атрымаць дастойную адукацыю. Кожны наш факультэт — гэта брыльянт на каралях, якія называюцца Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам. І калі чалавек — выпускнік нашай УВА, то гэта ў любым выпадку вельмі дастойная эканамічная падрыхтоўка. Таму незалежна ад атрыманай спецыяльнасці пры жаданні і наступнай самаадукацыі ён зможа рэалізавацца ў абсалютна любой сферы. Сярод нашых выпускнікоў ёсць рэктары і прарэктары, міністры і іх намеснікі, кіраўнікі банкаў і буйных прадпрыемстваў.

— Ці адрозніваюцца сучасныя студэнты і абітурыенты ад, напрыклад, тых, што былі 5—10 гадоў назад?

— Канечне, адрозніваюцца. Хоць ва ўсе часы былі студэнты, гатовыя развівацца па ўсіх напрамках жыццядзейнасці — вучэбнай і пазавучэбнай, і тыя, хто адвучыўся, як гавораць, ад званка да званка і “больш мяне не чапайце”. Нават курсы аднаго года могуць адрознівацца. Адзін — ініцыятыўны і актыўны, а другі — абсалютна пасіўны, якому нічога не цікава. Да таго ж студэнты заўсёды бачаць адносіны таго, хто з імі працуе, — куратара, выкладчыка ці старасты групы. Усё залежыць ад іх чалавечых якасцей, наколькі яны могуць аб’яднаць групу і сфарміраваць устойлівы сяброўскі калектыў.

Самае галоўнае, каб абітурыент быў здаровы і годны да навучання ва УВА.

— Алена Уладзіміраўна, вы яшчэ і дэкан факультэта эканомікі і менеджменту, дацэнт кафедры эканомікі прамысловых прадпрыемстваў. Скажыце, якімі вы хацелі б бачыць сваіх будучых студэнтаў?

— Перш за ўсё зацікаўленымі! Студэнтаў, гатовых грызці граніт навукі і стаць гордасцю ўніверсітэта. Бо БДЭУ — гэта не толькі вучоба, але яшчэ і навука, спорт. У нас шмат робіцца для гарманічнага развіцця асобы. Было б жаданне карыстацца ўсімі тымі магчымасцямі, якія дае і ўніверсітэт, і дзяржава.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота БДЭУ

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий