Сарыентавацца ў свеце прафесій

- 9:45В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

“Выпускнікі ўстаноў адукацыі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці пры выбары прафесіі аддаюць прыярытэт спецыяльнасцям інжынерна-тэхнічнага, эканамічнага, медыцынскага і педагагічнага профіляў. Большасць з іх паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Упэўнена, і гэты год не стане выключэннем”, — расказала начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Святлана Анатольеўна Шчастная. 

— Скажыце, што дапамагае школьнікам сарыентавацца ў свеце прафесій?

— Дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка. Так, сёлета на ўроках працоўнага навучання 109 навучэнцаў 10—11 класаў асвойваюць адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па спецыяльнасцях “Візажыст”, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “Тынкоўшчык”, “Прадавец”. Штогод 90 навучэнцаў 9-х класаў праходзяць дапрафесійную падрыхтоўку “Уводзіны ў прафесію” на базе політэхнічнага прафесійнага ліцэя ў Смаргоні па спецыяльнасцях “Тынкоўшчык”, “Аператар ЭВМ”, “Швейная справа”. У сярэдняй школе № 2 рэалізуюцца прафесійныя пробы. У вучняў 6—10 класаў ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі журналіста, разьбяра па дрэве, экскурсавода, педагога. Ва ўстановах адукацыі функцыянуюць 4 профільныя групы педагагічнай накіраванасці, 4 — аграрнай, 1 — ваенна-патрыятычнай. У сярэдніх школах №№ 2 і 3 Смаргоні, Сінькоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе распрацаваны планы ўзаемадзеяння з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна, частыя госці тут прадстаўнікі аграрных універсітэтаў. Традыцыйна праходзяць сустрэчы вучняў 10—11 класаў з прадстаўнікамі ваеннага камісарыята Смаргонскага раёна, Ваеннай акадэміі, Інстытута пагранічнай службы, воінскіх часцей. Падтрымліваецца супрацоўніцтва з установамі прафтэхадукацыі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Развіваюцца школьныя бізнес-кампаніі: вучні займаюцца вырабам і рэалізацыяй сувенірнай прадукцыі, тэкстыльных вырабаў, правядзеннем экскурсій, аўтэнтычных абрадаў, рэканструкцыяй народных свят.

— Як арганізавана падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяд і конкурсаў? Раскажыце аб выніках такой работы.  

— У раёне працуе школа алімпіяднага руху па 12 вучэбных прадметах. Вопыт работы настаўнікаў, якія маюць высокія вынікі ў рабоце з адоранымі вучнямі, распаўсюджваецца на занятках школы ўдасканалення педмайстэрства, майстар-класах, практыкумах па рашэнні алімпіядных заданняў. На вясновых канікулах вучняў рыхтуюць да алімпіяд па грамадазнаўстве, англійскай мове, гісторыі. Летам працуюць дзве профільныя змены аздараўленчага лагера для вучняў 7—11 класаў, якія маюць талент у матэматыцы і фізіцы, рускай і беларускай мове і літаратуры. Арганізавана ўзаемадзеянне (дыстанцыйна) з БДУ па падрыхтоўцы алімпіяднікаў па матэматыцы. А да абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі і хіміі вучняў рыхтуюць ва ўзаемадзеянні з ГрДУ імя Янкі Купалы.

Упершыню ў Смаргонскім раёне ў 2017 годзе бронзавым прызёрам Міжнароднай алімпіяды па біялогіі стала выпускніца сярэдняй школы № 5 Паліна Тумаш. Па выніках заключнага этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы (2019 год) Аляксандра Дурэйка, вучаніца гімназіі Смаргоні, узнагароджана дыпломам III ступені і дыпломам II ступені — за ўдзел у конкурсе рытарычнага майстэрства. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах з 2017 па 2022 год вучні раёна атрымалі 98 дыпломаў, на заключным этапе — 2. Выніковы ўдзел у абласным конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ “Крышталёвая Альфа”: у 2021 годзе заваяваны тры дыпломы. На рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) работ даследчага характару ў 2020 годзе вучань сярэдняй школы № 2 Мікіта Шчасны атрымаў дыплом II ступені па геаграфіі, у 2021 годзе вучаніца гімназіі Юлія Шэлест — дыплом II ступені па хіміі. У мінулым годзе 35 лепшых навучэнцаў атрымалі грашовыя прэміі раённага Савета дэпутатаў і Смаргонскага райвыканкама. 

— Якія дасягненні ў сістэме адукацыі раёна за апошнія гады вы можаце адзначыць? 

— На працягу шасці гадоў выпускнікі нашых устаноў адукацыі дэманструюць высокія вынікі на ЦТ: па 9 вучэбных прадметах вынік вышэйшы за абласны паказчык. У 2021 годзе атрыманы два стабальныя вынікі. Добры працэнт замацавання маладых кадраў — каля 90%. У 2021 годзе ўзяліся за работу 13 маладых спецыялістаў, з іх 4 — па мэтавым дагаворы. Тры гады запар выхавальнікі дашкольнай адукацыі раёна ў ліку пераможцаў міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый “Майстэрства без меж” (Санкт-Пецярбург). Прэмія імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі” і дыплом I ступені ў намінацыі “Праца педагога як служэнне” ўручаны настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні Людміле Антонаўне Захарэвіч.

У 2021/2022 навучальным годзе на базе ўстаноў адукацыі раёна рэалізуецца 34 інавацыйныя і эксперыментальныя праекты.

У гімназіі Смаргоні завяршыўся праект “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”, які адзначаны АПА ў ліку найбольш паспяховых і рэкамендаваны да шырокага выкарыстання. З 1 верасня 2021 года ў Смаргонскім СПЦ, 17 установах агульнай сярэдняй адукацыі (100%) укараняецца ў практыку мадэль праграмна-метадычнага забеспячэння арганізацыі псіхалагічнай дапамогі. 

Ва ўстановах адукацыі актыўна вывучаецца гісторыя і традыцыі роднага краю — дзейнічаюць 17 музеяў, з якіх 3 “народныя”, 9 “узорных” калектываў мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У сярэдняй школе № 2 нядаўна быў адкрыты музей электрычнасці, а ў Смаргонскім яслях-садзе — пачатковай школе — музейны пакой лялек.

Надзея ЦЕРАХАВА. 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий