Падзеі мінулай серады Ягор Любчык, навучэнец 11 “А” класа сярэдняй школы № 167 Мінска, будзе памятаць доўга. Яшчэ б! Не кожнаму выпадае магчымасць правесці адзін дзень з міністрам.
У аднакласнікаў яшчэ не пачаўся першы ўрок, а Ягор Любчык ужо быў у Міністэрстве адукацыі. У рабочым графіку міністра адукацыі Андрэя Іванца — паездка ў Слуцк, а значыць, і Ягор туды едзе. Дарэчы, міністр адукацыі — выпускнік той жа школы, якую сёлета заканчвае Ягор.
“Раніцай мы з міністрам сустрэліся на яго рабочым месцы і адтуль паехалі ў Слуцк, — расказвае пра свой дзень з міністрам адукацыі Я.Любчык. — У Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, якое мы наведалі першым, праходзіў Каардынацыйны савет па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Я прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. Было вельмі цікава паслухаць усіх удзельнікаў пасяджэння, даведацца, што думаюць дарослыя наконт таго, як трэба выхоўваць патрыятызм і любоў да Радзімы ў дзяцей і моладзі. Таксама я змог азнаёміцца з асаблівасцямі навучання ў вучылішчы, пагаварыць з навучэнцамі. Аказваецца, паступаць у вучылішча можна пасля 7 класа, прычым як хлопчыкам, так і дзяўчынкам.
Калі завяршылася пасяджэнне Каардынацыйнага савета, мы з Андрэем Іванавічам паехалі ў гімназію № 1 Слуцка. Гэта, дарэчы, адна з найстарэйшых школ краіны. Пра гэта я даведаўся падчас экскурсіі па навучальнай установе”.
Ягор разам з Андрэем Іванцом таксама паглядзелі, як працуе школьная акадэмія навук, у якой створаны прадметныя лабараторыі для малодшых школьнікаў, лабараторыі касманаўтыкі і фізікі, а таксама хіміі.
“Дзень прайшоў вельмі насычана, і я не тое што рады, а вельмі шчаслівы, што мне выпаў такі ўнікальны шанс — правесці адзін дзень з міністрам, — дзеліцца эмоцыямі адзінаццацікласнік. — Шчыра кажучы, я захапляюся Андрэем Іванавічам. Ён не толькі дасведчаны кіраўнік. Ён вучоны, у яго многа патэнтаў, работ у галіне хіміі, а яшчэ ён майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіён Еўропы па трохбор’і”.
Сустрэча з міністрам адукацыі паўплывае на выбар будучай прафесіі Ягора. Прынамсі, у гэтым упэўнены сам хлопчык. “У мяне ёсць два варыянты прафесіі, якія па душы, — журналіст і эканаміст, — гаворыць Ягор. — І адзін, і другі кірунак вельмі цікавыя”.
Дарэчы, стаць удзельнікам адукацыйнага праекта “Адзін дзень з міністрам” хлопцу дапамагло яго захапленне журналістыкай. “Падчас фестывалю “Мой Мінск — мая сталіца — творчасці і таленту крыніца!” праводзіцца “Конкурс юных журналістаў”, для ўдзелу ў якім я браў інтэрв’ю ў міністра, — працягвае Я.Любчык. — Мы з адміністрацыяй школы, калі вырашылі, што паспрабуем дамовіцца з Андрэем Іванцом на інтэрв’ю, не разлічвалі, што гэта атрымаецца. Мы разумелі, што міністр адукацыі — заняты чалавек. Але нам пашанцавала! А пасля я даведаўся, што менавіта мяне Андрэй Іванавіч запрашае да ўдзелу ў праекце. У той момант, калі пачуў гэта, хваляваўся і было страшна. Але гэта быў страх нявызначанасці. Я не ведаў, што мяне чакае. Затое зараз я абсалютна спакойны”.
Па слядах свайго дня з міністрам Ягор Любчык будзе пісаць на конкурс юных журналістаў даследчую работу па тэме шматвектарнасці розуму чалавека. “У сваёй рабоце буду параўноваць міністра адукацыі Андрэя Іванца, які мае ў маладым узросце столькі дасягненняў у розных сферах, з вялікімі дзеячамі не толькі беларускай, але і сусветнай гісторыі”, — падзяліўся планамі Я.Любчык.
Наталля САХНО.
Фота аўтара.