На роўных з царыцай навук

- 13:21В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы сабраў сёлета 168 юных інтэлектуалаў у Слоніме. 

Па выніках алімпіяды школьнікі заваявалі 80 дыпломаў, з якіх 14 — І ступені, 25 — ІІ ступені і 41 — ІІІ ступені, і 5 пахвальных водзываў. Найбольшую колькасць балаў набралі навучэнец 8 класа гімназіі № 41 імя В.Х.Ся­рэбранага Мінска Міхаіл Райхман (Л.І.Лаўрыновіч, Т.У.Валахановіч), навучэнцы 9 класа Уладзіслаў Шымко з гімназіі № 2 Віцебска (настаўнік А.У.Шугаль), Мацвей Вылягжанін з гімназіі № 41 Мінска (Б.Б.Камракоў, Л.І.Лаўрыновіч), Павел Цітоў з гімназіі № 51 Гомеля (А.М.Струк), навучэнцы Ліцэя БДУ дзесяцікласнік Мацвей Зарко (М.В.Карпук) і адзінаццацікласнік Арцём Мялік (І.І.Варановіч). Спецыяль­нага прыза мі­ніс­тра адукацыі быў удастоены дзевяцікласнік Лошніцкай гімназіі Барысаў­ска­га раёна Яўген Шашуноў. 

У настаўніка матэматыкі гімназіі № 2 Віцебска Аляксандра Уладзіміравіча Шугаля чатыры выхаванцы вярнуліся з алімпіяды з дыпломамі: дзевяцікласнікі Уладзіслаў Шымко (дыплом І ступені), Іван Коршунаў і Мацвей Арэшчанка (дыпломы ІІ ступені) і сямікласнік Ігнат Абельскі (дыплом ІІІ ступені). 

— Я задаволены сваім выступленнем на алімпі­я­дзе, — адзначае абсалютны пераможца Ула­дзі­с­лаў Шымко.
— Летась у мяне таксама быў дыплом І ступені. Сёлетнія заданні падаліся прасцейшымі. З 6 класа я захапляўся больш інфарматыкай, а ў 7 класе мой настаўнік А.У.Шугаль прапанаваў паспрабаваць сілы ў матэматыцы. Матэматыка мне лёгка давалася яшчэ з пачатковай школы, гэта сапраўды творчая навука, якая развівае логіку і мысленне, дазваляе ду­маць нестандартна. Асабліва мне падабаецца геаметрыя, а падцягнуць нядрэнна было б камбінаторыку. Каб дасяг­нуць поспеху, трэба займацца штодзень. Планую звя­заць сваё жыццё з ІТ-сферай. 

Аляксандр Уладзіміравіч Шугаль працуе ў цеснай звязцы са сваёй калегай настаўніцай матэматыкі Святланай Георгіеўнай Матросавай. Педагогі ведаюць, як прывіць дзецям цікавасць да дакладных навук, настроіць на поспех, адцягнуць іх увагу ад усемагчымых гаджэтаў.

Па колькасці заваяваных дыпломаў лідзіруюць Віцебская вобласць (17 дыпломаў), Мінск (14 дыпломаў) і Гомельская вобласць (13 дыпломаў).

— Падрыхтоўка да алімпіяды праходзіць круглы год. Сістэмна мы набіраем дзяцей з 4 класа па іх жаданні. Яны прыходзяць да нас на факультатыўныя заняткі, дзе стараемся даваць лагічныя заданні, каб паглядзець, як яны ўмеюць мысліць. У 5—6 класах вучні займаюцца матэматыкай і на ўроках, і пасля іх. Дзеці паступова ўліваюцца ў працэс рашэння задач, бо алімпіядныя задачы — гэта не школьная і не ўніверсітэцкая праграма, гэта задачы, якія патрабуюць абсалютна іншага мыслення і ведаў. З 7 класа прапаную тым вучням, якія нестандартна мысляць, праявілі сябе, займацца матэматыкай прафесійна. Пачынаецца мэтанакіраваная, скрупулёзная, штодзённая работа. Вучні рознага ўзросту прыхо­дзяць да мяне пасля ўрокаў і працуюць па індывідуаль­ным графіку самастойна альбо ў групах. Многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці: хтосьці схоплівае ўсё хутка, на ляту, а камусьці патрэбен час, каб разабрацца. Калі-нікалі тлумачу матэрыял вучню, які хутчэй успрымае, гэты вучань працуе са сваім таварышам і тлумачыць матэ­рыял яму, і гэтак далей па ланцужку. У выніку, з аднаго боку, атрымліваецца, што калі сам тлумачыш — яшчэ лепш разумееш матэрыял. З іншага боку, школьнікі вучацца матэматычнай культуры зносін. 

Юныя матэматыкі адво­дзяць не адну гадзіну любімай дысцыпліне і ў выхадныя дні, прыходзяць на дадатковыя заняткі ў чэрвені і жніўні, а ў ліпені накіроўваюцца ў матэматычны лагер “Брыганціна”. 

— Працэнт поспеху ў алімпіядзе размяркоўваецца прыкладна так:  60—70% — гэта работа вучня, а астатнія 30—40% — сістэмная работа настаўніка. Галоўны стымул для навучэнца — гэта перамогі. Спачатку даводзіцца актыўна матываваць дзяцей, знаходзіць да іх падыходы, уздзейнічаць на іх самалюбства, а потым, пасля першых поспехаў, у іх з’яўляецца ўласная мэта, — адзначае Аляксандр Шугаль. — Каб узяць дыплом на алімпія­дзе, вучню трэба быць моцна матываваным на перамогу і мець спартыўны характар, барцоўскія якасці. Да вялікага жадання дадаюцца матэматычныя здольнасці, а таксама працавітасць і старанне. І тады поспех забяспечаны. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий