3D-­урок

- 11:53В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У межах эксперыментальнага праекта ў ліцэі № 1 Гродна педагогі і навучэнцы выкарыстоўваюць магчымасці 3D­-прынтара для стварэння мадэлей на ўроках астраноміі, хіміі, гісторыі, краязнаўства. 

Традыцыйна 3D-тэхналогіі вывучаюцца і выкарыстоўваюцца на ўроках інфарматыкі і працоўнага навучання, але сфера іх выкарыстання можа быць значна шырэйшай. У сучасным свеце без 3D-прынтара не абыходзіцца інжынерыя, кіна- і відэаіндустрыя, навука. Вытворчасць новага прадукту амаль немагчыма без этапу прататыпавання, стварэння спецыяльнай мадэлі, якая дазво­ліць выявіць магчымыя хібы, недахопы, схаваныя магчымасці, візуальныя эфекты і інш.

Сёння новыя прафесіі і выклікі часу патрабу­юць ад школы не проста да­ваць веды, але і фарміраваць кампетэнцыі, якія дазво­ляць вучням не толькі атрымаць пачатковыя ўяўленні аб мадэляванні, але і выпрацаваць гатоў­насць навучэнцаў да авалодання сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі для далейшай самаадукацыі. Прымяненне 3D-тэхналогій на ўроках дае магчымасць актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, авалодаць практычнымі спосабамі работы з інфармацыяй, праводзіць урокі на высокім узроўні.

Так, вучань 11 класа Аляксандр Куцкель з дапамогай праграмы Blender запраграмаваў мадэль-бочку з сернай кіслатой у якасці нагляднасці да пытання зберагання, транспарціроўкі і тэхнікі бяспекі пры абыходжанні з H₂SO₄. Паколькі для стварэння мадэлі выкарыстоўваўся матэрыял белага колеру, то вучні змаглі праявіць не толькі свае тэхнічныя, але і творчыя здольнасці, размаляваўшы мадэль акрылавымі фарбамі па аналогіі з рэальным прадметам. Калектыўная работа па сутнасці ўяўляла сабой міні-праект, дзе вучні аб’ядналіся ў каманду і самастойна размеркавалі абавязкі. Так вызначыліся праграміст, хімік, тэхнолаг, мастакі. Вучні праявілі здольнасці да самаарганізацыі, выканаўшы праект ад задумы да прэзентацыі мадэлі на ўроку. Настаўніца хіміі Таццяна Іванаўна Бурба ганарыцца вучнямі і рыхтуе новае творчае апераджальнае заданне для ліцэістаў з выкарыстаннем 3D-тэхналогій.

Прымяненне 3D-тэхналогій на ўроках дае магчымасць актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, авалодаць практычнымі спосабамі работы з інфармацыяй.

Вучні 10 “Ю” класа ўдзель­нічалі ў стварэнні мадэлі крыжа Ефрасінні Полацкай. Ліцэісты выкарысталі гатовую мадэль шасціканцовага крыжа і аздобілі яе па прыкла­дзе ўнікальнага шэдэўра, выкарыстоўваючы бісер, стразы, фарбы, фольгу. Рабоце папярэднічала маштабная падрыхтоўка — работа з літаратурай і крыніцамі, вывучэнне ілюстрацый. Вучні адзначалі, што менавіта такая форма работы садзейнічала разуменню каштоўнасці працы майстра ХІІ стагоддзя Лазара Богшы, запамінанню інфармацыі аб дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ранняга сярэднявечча. Варта адзначыць, што такая работа дазваляе адначасова задзейнічаць разумовыя, сенсорныя, псіхаматорныя і валявыя працэсы вучня. Мы лічым, што для эфектыўнага павышэння цікавасці да вывучэння гісторыі і краязнаўства неабходна ствараць такія ўмовы, якія выклікалі б у дзяцей пачуццё задавальнення, радасці, садзейнічалі фарміраванню ў іх асноў асобаснай культуры, развіццю індывідуальных інтарэсаў, творчых здольнасцей.

Каманда астраномаў-пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды распрацоўвала мадэлі шатлаў, самалётаў і ракет. Гатовыя вырабы дазваляюць вучням параў­наць, напрыклад, першы варыянт савецкага чалнака ОС-120 узору 1975 года і шматразовы касмічны комплекс з арбітальным караблём. У планах ліцэістаў папоўніць калекцыю SMART-цэнтра астраноміі і астрафізікі “Сірыус” Гродна калекцыяй мадэлей планет Сонечнай сістэмы.

Сучасныя 3D-тэхналогіі нестандартным шляхам будуць выкарыстаны ў стварэнні дыярамы “Пасля бою”, прысвечанай Году гістарычнай памяці. Традыцыйныя збор­ныя мадэлі будуць суседнічаць з надрукаванымі на  3D-прынтары, а таксама прыроднымі матэрыяламі.

Прымяненне сучасных тэхналогій на ўроках і на пазакласных занятках актывізуе ўвагу навучэнцаў, узмацняе іх матывацыю, развівае пазнавальныя працэсы, мысленне, увагу, развівае ўяўленне і фантазію, садзейнічае стварэнню новага адукацыйнага асяроддзя для аптымізацыі адукацыйнага працэсу і павышэння якасці ведаў, а таксама з’яўляецца эфектыўным спосабам павышэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння школьных прадметаў і творчых праектаў.

Разам з тым варта адзна­чыць і цяжкасці ў выкарыстанні 3D-тэхналогій ва ўстановах адукацыі: гэта дарагавізна абсталявання і расходных матэрыялаў, адсутнасць падрыхтаваных кадраў і бясплатных курсаў, нераспрацава­насць методыкі выкарыстання.

Алена ФІРОНАВА, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя № 1 Гродна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий