“Мой любімы прадмет у школе — працоўнае навучанне”, — менавіта так сцвярджаюць многія сённяшнія вучні і выпускнікі Краснаслабодскай сярэдняй школы Салігорскага раёна. Ім пашчасціла спасцігаць асновы працоўнага навучання ў таленавітага педагога настаўніка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікалая Дзмітрыевіча Бойкі.
“Я пачаў захапляцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю яшчэ з дзяцінства, — расказвае Мікалай Дзмітрыевіч. — Заўсёды хацеў навучыцца сваімі рукамі ствараць прыгожыя рэчы з дрэва, карэння, бяросты. Галінка цікавай формы, карэньчык, кавалачак кары хаваюць у сабе частку прыгожага. А апрацаваныя рукамі майстра, яны ператвараюцца ў арыгінальныя творы мастацтва. Іх стваральнікам становіцца той, хто ўмее бачыць прыгажосць і імкнецца перадаць яе ў рэчах, зробленых сваімі рукамі”.
Першым настаўнікам для будучага педагога быў бацька Дзмітрый Аляксеевіч, сапраўдны майстар-самародак. Калі перад выпускніком 10 класа Гаўрыльчыцкай сярэдняй школы Мікалаем Бойкам паўстала пытанне аб выбары жыццёвага шляху, яго рашэнне было цвёрдым — стаць настаўнікам працоўнага навучання. Адразу паступіў у Аршанскае педагагічнае вучылішча. Пасля заканчэння першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Педвучылішча Мікалай Дзмітрыевіч скончыў у 1983 годзе, тады ж малады спецыяліст быў прыняты на работу ў Краснаслабодскую сярэднюю школу. У 1984 годзе завочна паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, які скончыў у 1989 годзе.
З гарадскім пасёлкам Красная Слабада (гэты пасёлак і родную вёску Мікалая Дзмітрыевіча раздзяляюць усяго два дзясяткі кіламетраў), з Краснаслабодскай школай звязана амаль уся жыццёвая і працоўная біяграфія педагога. Тут жа, у Краснай Слабадзе, Мікалай сустрэў сваю будучую жонку Людмілу Уладзіміраўну, якая таксама пачынала свой працоўны шлях у школе: была настаўніцай пачатковых класаў.
Не адразу прыйшло прафесійнае майстэрства. Не было і належнай матэрыяльнай базы для правядзення ўрокаў працоўнага навучання.
Сучасны будынак Краснаслабодскай школы быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1987 годзе, а да гэтага ўрокі працоўнага навучання праводзіліся ў асобным драўляным будынку. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, малады настаўнік заўсёды адчуваў падтрымку калег, дырэктараў школы ў перыяд з 1980-х да пачатку 1990-х гадоў — Валянціны Мацвееўны Францкевіч, Міхаіла Абрамавіча Фарфеля.
З самага пачатку ўключэння працоўнага навучання ў спіс алімпіядных прадметаў выхаванцы Мікалая Дзмітрыевіча Бойкі нязменна становяцца пераможцамі раённых і абласных этапаў спаборніцтва. На працягу апошніх 10 гадоў яны маюць дыпломы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі заключнага этапу. Па выніках удзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды 2019 года вучань Мікалая Дзмітрыевіча Станіслаў Шакалаў быў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Сваім вопытам настаўнік заўсёды рады падзяліцца з калегамі. На працягу 10 гадоў ён з’яўляўся кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў тэхнічнай працы. У 2019 годзе чытаў лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Сваім маладым калегам Мікалай Дзмітрыевіч раіць пачаць з простага: “На ўроках і занятках па інтарэсах імкніцеся даваць дзецям магчымасць стварыць такі выраб, які спатрэбіцца дома, тым самым непрыметна прывучаючы іх быць гаспадарамі. Вучні ствараюць утульнасць у сваім доме і тым самым павышаюць свой статус у сям’і”.
Работа гэтага педагога адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Для Мікалая Дзмітрыевіча самая запамінальная — Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі, атрыманая ў 2013 годзе. Тады яго выхаванец Аляксандр Варашкевіч дайшоў да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды і быў узнагароджаны пахвальным водзывам, а сам настаўнік быў запрошаны ў Мінск, дзе ва ўрачыстай атмасферы Сяргей Аляксандравіч Маскевіч (міністр адукацыі ў той час) асабіста ўручыў яму заслужаную ўзнагароду.
Высока ацэньвае прафесійныя і асабістыя якасці Мікалая Дзмітрыевіча Бойкі дырэктар школы Галіна Аляксееўна Івашкевіч: “Мікалай Дзмітрыевіч умее паставіць перад сабой мэту і дасягнуць яе. Праводзіць урокі цікава, дынамічна, на пазітыве, выклікаючы ў дзяцей жаданне многаму навучыцца, пра многае даведацца. Добразычлівы, мэтанакіраваны, працаздольны, уважлівы, дысцыплінаваны. І Мікалай Дзмітрыевіч імкнецца гэтыя якасці прывіваць сваім выхаванцам”.
Сам педагог не выстаўляе напаказ свае дасягненні. На пытанне пра галоўны сакрэт свайго поспеху як настаўніка ён адказвае: “Я ўпэўнены: кожнае дзіця таленавітае! Педагогу трэба толькі дапамагчы яму раскрыцца, паказаць усе свае магчымасці. Радасць працы не параўнаецца ні з якой іншай радасцю. Яна немагчымая без пачуцця прыгажосці, але ў гэтым выпадку прыгажосць — не толькі вынік, які атрымлівае дзіця, але і сам працэс працы”.
Мікалай Дзмітрыевіч Бойка не ўяўляе сваё жыццё іншым: без школы, урокаў, вучняў. “Я не шкадую, што выбраў гэтую прафесію, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Калі сустракаеш сваіх былых вучняў, калі яны з удзячнасцю ўспамінаюць мае ўрокі, калі да гэтай пары захоўваюць вырабы, змайстраваныя на ўроках працы, то разумееш: ты на сваім месцы. Калі дзеці пасля заняткаў кажуць табе: “Дзякуй за ўрок!”, то гэта і ёсць самая вялікая ўзнагарода”, — прызнаецца М.Д.Бойка.
Сяргей ЧЫБРЫКАЎ,
настаўнік гісторыі Краснаслабодскай сярэдняй школы Салігорскага раёна.