Навучэнцы сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна ствараюць тактыльныя кнігі для невідушчых і дзяцей са слабым зрокам.
Зыходным пунктам пректа “Убачыць сэрцам” стаў 2017 годзе, калі школьнікі разам з педагогам дадатковай адукацыі Дзмітрыем Аляксандравічам Трафімавым наведалі Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Знаёмства са слабавідушчымі дзецьмі падштурхнула навучэнцаў да стварэння тактыльных кніг і дыдактычных дапаможнікаў. Ініцыятыўныя падлеткі аб’ядналіся ў творчую каманду, якая потым стала валанцёрскім атрадам.
— На спецыяльна арганізаванай пляцоўцы “Карпарацыя дабра” ў нас атрымліваецца ствараць кнігі, якія потым правяраюць невідушчыя валанцёры, — расказала педагог-арганізатар сярэдняй школа № 35 і суаўтар праекта “Убачыць сэрцам” Настасся Пятроўна Ханько. — Пад чулым кіраўніцтвам Дзмітрыя Аляксандравіча дзеці вырабляюць дыдактычныя дапаможнікі і развіццёвыя гульні. Хтосьці выразае ці вышывае, хтосьці склейвае. Тэкст выконваецца шрыфтам Брайля, а затым дубліруецца кірыліцай.
У 2019 годзе праект “Убачыць сэрцам” заняў 2-е месца ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” на рэспубліканскім конкурсе па арганізацыі шостага школьнага дня.
Праца вельмі карпатлівая, таму ў ёй, як правіла, удзельнічаюць старэйшыя школьнікі. У сукупнасці з дыдактычнымі дапаможнікамі мы падрыхтавалі каля 50 асобнікаў. Кнігі робяцца максімальна якасна і акуратна, таму на стварэнне адной ідзе некалькі месяцаў. Падрыхтаваныя экзэмпляры перадаюцца на бязвыплатнай аснове ў Гродзенскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.
Праект “Убачыць сэрцам” працягвае развівацца. У 2021 годзе ён стаў лаўрэатам конкурсу “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё”, а ў 2022-м быў адзначаны адкрытай Усерасійскай грамадска-дзяржаўнай ініцыятывай “Гарачае сэрца”, пасля чаго валанцёрскі атрад сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава занеслі ў ганаровую кнігу.
— Наш праект унікальны, таму што тактыльныя кнігі — адзінкавы тавар, — дадала Настасся Пятроўна. — Дзякуючы падрыхтаваным дапаможнікам у дзяцей з парушэннямі зроку з’яўляецца дадатковая магчымасць вывучаць навакольны свет. Навучэнцам таксама падабаецца валанцёрская дзейнасць. Яны дапамагаюць іншым, адчуваюць сябе патрэбнымі і важнымі для грамадства.
Матэрыялы Дзмітрыя АРХІПЕНКІ.