Што дазваляе зацікавіць школьнікаў фізікай, як знайсці падыход да кожнага дзіцяці і калі двойка носіць стымулюючы характар, ведае настаўніца фізікі сярэдняй школы № 9 Г.М.Халасцякова Баранавіч Брэсцкай вобласці Алена Іванаўна СТУПЧЫК.
Пра выбар прафесіі
— З дзяцінства марыла аб настаўніцкай прафесіі. Яшчэ ў пачатковых класах з сябрамі гуляла ў школу: выклікала іх да дошкі, правярала сшыткі, выстаўляла адзнакі. Дзякуючы сваёй настаўніцы фізікі Тамары Барысаўне Кашчыц, усвядомлена выбрала прадмет. Звычайна так і бывае, вучні спачатку праяўляюць цікавасць да настаўніка, а потым ужо да прадмета. Для мяне мой педагог стаў прыкладам таго, як можна даступна і зразумела патлумачыць дзецям сур’ёзны матэрыял, як якасна арганізаваць работу на ўроку. Гэты чалавек зняў страх цяжкага прадмета, і фізіка стала зразумелай і блізкай.
Мой педагагічны стаж складае 22 гады, чацвёрты год я працую ў баранавіцкай сярэдняй школе № 9. Работа па-ранейшаму прыцягвае найперш тым, што, навучаючы школьнікаў, ты вучышся сам.
Няўпэўненасць у сабе часам перашкаджае настаўніку, і трэба прыслухацца да сябе і свайго вопыту, каб працаваць далей. І вось тут неабходна падтрымка калег, адміністрацыі, родных. Я ўдзячна за тыя ўмовы, якія створаны ў нашай школе: цябе чуюць, дапамагаюць, заўсёды ідуць насустрач. Для настаўніка гэта важна.
Пра прынцыпы работы
— Самае галоўнае ў маёй педагагічнай дзейнасці — навучыць дзяцей вучыцца: калі яны навучацца здабываць веды, то змогуць прымяняць іх на практыцы. Для мяне важна, каб вучань зразумеў пэўнае паняцце, азначэнне, прапусціў яго праз сябе, змог узнавіць матэрыял сваімі словамі на даступнай яму мове, а не зазубрыў.
Імкнуся дапамагчы кожнаму дзіцяці на канкрэтным этапе дасягнуць максімальнага ўзроўню развіцця, даступнага для яго. У гэтым мне дапамагае вопыт, набыты падчас работы ў розных установах, у тым ліку і з дзецьмі, якія адчувалі цяжкасці ў навучанні. Адбіраю формы і метады работы згодна з той мэтай, якая пастаўлена, і праламляю ўсё тое, што ведаю, праз кожнае дзіця.
Пераканана, што дыферэнцыраваны падыход дазваляе атрымаць станоўчы вынік. Усе вучні розныя і ўспрымаюць нас, педагогаў, па-рознаму: хтосьці саромеецца запытацца, хтосьці гаворыць адкрыта, і калі ты выбудаваў даверлівыя адносіны з дзіцем — яно чуе цябе, а ты — яго, то пазбаўляешся і пазбаўляеш выхаванца стрэсавай сітуацыі.
Паколькі спецыфіка нашай школы прадугледжвае работу з класамі ваенна-патрыятычнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці, а таксама з профільнымі фізіка-матэматычнымі класамі, то спачатку высвятляю ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў. Яны пішуць самастойную работу, працуюць у групах і парах, вусна перадаюць змест пэўнага матэрыялу. У залежнасці ад вынікаў праверкі ажыццяўляю дыферэнцыяцыю ў аб’ёме заданняў, у іх узроўні. У профільных класах на дапамогу прыходзяць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. На платформе дыстанцыйнага навучання Moodle размяшчаю заданні для выканання школьнікамі (як тэарэтычныя, так і тэставыя). Тыя вучні, якія прапускаюць заняткі па хваробе, у сувязі са спаборніцтвамі ці зборамі, маюць магчымасць працаваць самастойна ў зручны для іх час.
Пра новыя тэхналогіі
— У сучасных умовах жыцця звыклыя метады і сродкі навучання не спрацоўваюць або недастаткова эфектыўныя. У сувязі з гэтым стараюся быць у курсе сучасных змяненняў у адукацыі з мэтай паляпшэння яе якасці. У сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваю сэрвісы Google. Так, з дапамогай Google-прэзентацыі можна ствараць выдатныя калектыўныя праекты, выкарыстоўваючы гэтую тэхналогію не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Выкарыстанне Googlе-прэзентацый дазваляе стымуляваць пазнавальную цікавасць навучэнцаў і павышае матывацыю да навучання. І як вынік, узрастае эфектыўнасць самастойнай работы школьнікаў. А за кошт дыферэнцыяцыі працэсу навучання, рацыянальнага спалучэння калектыўнай формы работы з індывідуальным падыходам у навучанні развіваецца ўменне ўдзельнічаць у рабоце групы.
Google-формы дазваляюць з лёгкасцю правесці апытанне або праверыць веды навучэнцаў, стварыўшы тэставае заданне. Гэта зручная форма для арганізацыі хуткай зваротнай сувязі.
QR-кадзіраванне таксама прымяняю. Напрыклад, кадзіраванне заданняў для групавой або індывідуальнай работы, спасылкі на мультымедыйныя крыніцы і рэсурсы, якія змяшчаюць дадатковую інфармацыю па пэўнай тэме, і інш. QR-коды могуць быць выкарыстаны для арганізацыі квестаў, віктарын і самастойных работ. Гэта дапамагае не толькі замацаваць і паглыбіць прадметныя веды навучэнцаў, але і павысіць вучэбную матывацыю ў сферы асваення новых камунікацыйных тэхналогій.
Эфектыўным з’яўляецца і выкарыстанне адукацыйнай платформы Effor.by. Яна дазваляе ліквідаваць адставанне навучэнцаў праз тэхналогію выяўлення і ліквідацыі недахопаў у іх ведах, заснаваную на ўзгодненым выкарыстанні адукацыйнай платформы і камплектаў мабільных дадаткаў для настаўніка, вучняў і іх бацькоў, што забяспечвае актыўную работу кожнага навучэнца не толькі на ўроках, але і дома. Часцей за ўсё адукацыйная платформа выкарыстоўваецца на стымулюючых і падтрымліваючых занятках з навучэнцамі, якія маюць часовыя цяжкасці ў вывучэнні прадмета, пры дыферэнцыяцыі дамашняга задання. У выніку выкарыстання адукацыйнай платформы Effor.by якасць навучання школьнікаў павысілася за кошт арганізацыі больш эфектыўнай самастойнай работы.
Пра мабільныя тэлефоны
— На ўроках фізікі гаджэты павінны быць або сродкам для здабывання ведаў, альбо інструментам. Але тут абавязкова трэба гаварыць аб інфармацыйнай бяспецы, каб вучні правільна і з сэнсам выкарыстоўвалі тое, што бяруць з інтэрнэту. З дапамогай мабільных тэлефонаў на ўроку і нават у пазакласнай дзейнасці, праводзячы рознага роду мерапрыемствы (прадметныя тыдні, адкрытыя ўрокі), арганізоўваю квесты, віктарыны, пры гэтым выкарыстоўваю мабільныя дадаткі, QR-коды. Разам з вучнямі мы заходзім у віртуальную лабараторыю, бо не ўсе доследы можам прадэманстраваць у кабінеце. Дарэчы, зараз многія УВА адкрылі доступ да сваіх віртуальных лабараторый і мы можам узяць
там пэўную інфармацыю. У профільных класах выкарыстоўваем мабільны дадатак да падручніка. Дзеці могуць здымаць дамашнія эксперыменты з дапамогай мабільнага тэлефона, напісаць тлумачэнне ўбачанага і даслаць мне.
Пра паспяховы ўрок
— У чым перадумова паспяховага ўрока? Урок павінен быць эфектыўным. Ён не павінен быць паказушным, урокам дзеля ўрока. А эфектыўны ўрок можна распрацаваць, калі настаўнік дакладна ведае, чаго вучні на ім павінны дасягнуць: правільна сфармуляваць мэты, прычым дасягальныя вучнем, стварыць спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, калі дзеці могуць раскрыцца, калі яны разумеюць свае задачы і крытэрыі ацэньвання.
Дыферэнцыраваны падыход дазваляе атрымаць станоўчы вынік. Усе вучні розныя і ўспрымаюць нас, педагогаў, па-рознаму: хтосьці саромеецца запытацца, хтосьці гаворыць адкрыта, і калі ты выбудаваў даверлівыя адносіны з дзіцем — яно чуе цябе, а ты — яго, то пазбаўляешся і пазбаўляеш выхаванца стрэсавай сітуацыі.
Пра адзнакі
— Вучні ведаюць, што я шчодрая на адзнакі. Напрыклад, у мяне можна атрымаць дзясятку, калі школьнікі правядуць дамашняе даследаванне, паставяць пэўны эксперымент і, самае важнае, дадуць тлумачэнне таго, што назіралі. Гэта іх матывуе да вывучэння фізікі, прадмет становіцца цікавым і больш зразумелым. Дзясятку вучні могуць атрымаць таксама ў тым выпадку, калі справіліся з пэўным матэрыялам самі і патлумачылі яго свайму таварышу. Гэта актуальна на тым этапе, калі дзіця саромеецца штосьці запытацца ў настаўніка, але ў свайго аднакласніка можа спытаць.
Калі-нікалі мае навучэнцы атрымліваюць і двойкі, якія, як правіла, носяць стымулюючы характар. Вучні ведаюць, што калі стаіць двойка, то трэба папрацаваць, каб выправіць яе. Звычайна індывідуальны падыход паказвае: каму варта на словах ацаніць работу, а каму паставіць двойку.
У свой час я вельмі захапілася актыўнай ацэнкай. Прайшла дыстанцыйныя курсы, наведала не адзін семінар у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, пабывала на фестывалі педагагічных ідэй, і гэтая любоў да актыўнай ацэнкі дазволіла перабудаваць маю работу. Я стала мяняцца сама. Пасля чаго заўважыла змяненні ў дзецях. Гэта для мяне было вялікім адкрыццём.
Пра матывацыю
— Навукова-даследчая дзейнасць — гэта той напрамак, які ўлюбляе ў прадмет і дапамагае яго зразумець. Мы не толькі павінны вучыць школьнікаў формулам і азначэнням, а павінны прывіць цікавасць штосьці рабіць рукамі, назіраць і ўмець патлумачыць. У нас у школе створана навуковая суполка навучэнцаў. У межах яе дзейнасці мы рыхтуем даследчыя работы і ўдзельнічаем у навукова-практычных канферэнцыях. І даволі паспяхова. Летась Артур Піліпёнак распрацаваў мадэль-прататып калайдара. На гарадской навукова-практычнай канферэнцыі яго работа “Стварэнне і даследаванне электрамагнітнага паскаральніка” была адзначана дыпломам ІІ ступені, а на рэспубліцы — пахвальным водзывам. Сёлета дзесяцікласнік Кірыл Аленічаў вывучаў гукавыя хвалі. Работа хлопца “Даследаванне ўмоў фарміравання фігур Хладні” была адзначана на гарадской НПК дыпломам ІІ ступені.
Пра планы
— Чакаю лета і вельмі хачу трапіць у Альхоўку да Мікалая Іванавіча Запрудскага. Зносіны, падтрымка калег, творчая атмасфера — гэта тое, чаго не хапае ў нашых буднях. Планую рэалізаваць яшчэ адзін праект — на базе ўстановы ў прышкольным лагеры адкрыць атрад “Юны фізік” для вучняў 5—6 класаў. Добра разумею, што мне неабходна расціць змену для профільных класаў і зацікавіць дзяцей фізікай з ранняга ўзросту. А 5—6 клас — гэта той узрост, калі вучні праяўляюць цікавасць да фізічных з’яў і працэсаў. Была ідэя стварыць такі атрад у межах нашай навуковай суполкі, але яна не рэалізавалася. І глабальная мара — я стала фізікам па прыкладзе свайго педагога, і мне было б прыемна, каб у мяне з’явіліся прадаўжальнікі, якія б выбралі прафесію настаўніка фізікі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ