Кацярына Андрэеўна Каральчук амаль 46 гадоў выкладае матэматыку ў Чарнянскай сярэдняй школе, што на Маларытчыне. За гэты час у настаўніцы выпрацаваўся адметны стыль, методыка і нават філасофія выкладання.
— Каб быць добрым педагогам, трэба любіць свой прадмет і тых, каго вучыш, — дзеліцца К.А.Каральчук. — Кожны ўрок — гэта маленькі спектакль, у якім настаўнік — рэжысёр. У навучанні “адразу” і “раптам” не бывае. Важна не тое, што вучні прынясуць на ўрок, а тое, што з яго вынесуць: веды, уменні, навыкі. Не толькі паміж заняткамі, але і падчас урока павінен быць перапынак, дзе ёсць месца дарэчнаму жарту, шчырай сяброўскай гутарцы, павучальнай размове. У кожнага вучня — сваё сонца, задача настаўніка — даць яму засвяціцца.
Кацярына Андрэеўна лічыць, што педагогам нельга нарадзіцца. Ды і дыплом аб вышэйшай адукацыі — не паказчык прафесіяналізму. Гісторыя, пэўна, не ведае ніводнага настаўніка, які стаў бы выдатным спецыялістам пасля 2—3 гадоў работы ў школе. Да вяршынь майстэрства трэба мэтанакіравана ісці не адзін год, цярпліва пераадольваючы перашкоды.
Яна з маленства любіла гуляць у школу: “вучыла” сяброўку матэматыцы. З гадамі жаданне працаваць настаўнікам толькі мацнела. Іншыя прафесіі Кацярына Андрэеўна не разглядала і нават у выхадныя аддавала перавагу рашэнню матэматычных задач, а не гульням з сябрамі.
— Канчаткова стаць настаўнікам матэматыкі вырашыла ў 8 класе дзякуючы педагогам Якаву Іванавічу Бондару і Таццяне Сямёнаўне Селівончык, на якіх ёй вельмі хацелася быць падобнай, — расказвае К.А.Каральчук. — Гэтыя таленавітыя настаўнікі былі своеасаблівымі маякамі для яе. Калі паступала ў тагачасны Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, памятала словы маці: не трэба глядзець толькі на заробак, варта ісці туды, куды кліча сэрца, бо ад правільнага выбару жыццёвай сцежкі залежыць 60 і нават больш працэнтаў шчасця. Работа павінна прыносіць задавальненне.
Пасля заканчэння інстытута маладога спецыяліста накіравалі ў Чарнянскую сярэднюю школу, дзе адразу назначылі класным кіраўніком 10 класа, у якім вучыліся 36 дзяцей.
— Працаваць хацелася вельмі моцна, — успамінае К.А.Каральчук. — Уяўляла, як апрануся на першавераснёўскую лінейку, правяду першы ўрок, што скажу на класнай гадзіне дзесяцікласнікам. Разам з тым крыху хвалявалася: улічваючы невялікую розніцу ва ўзросце з вучнямі, трэба было з першага дня выпрацаваць правільную тактыку паводзін і паспрабаваць заваяваць аўтарытэт. На дапамогу прыйшлі вопытныя калегі, да якіх заўсёды прыслухоўвалася.
— У Кацярыны Андрэеўны, педагога творчага, ініцыятыўнага, адказнага, чулага і спагадлівага, усё атрымліваецца, — гаворыць дырэктар школы Ж.М.Рабчынская. — Яна ўмее зацікавіць вучняў не толькі агульнай справай, але і матэматыкай, зрабіць урокі захапляючымі і пазнавальнымі. Дзеці і іх бацькі паважаюць любімага педагога. Вучыцца ў яе — за гонар. Кацярына Андрэеўна — мой класны кіраўнік і адзін з любімых настаўнікаў. У нашым класе было 26 вучняў, няўседлівых і гаманлівых, са сваімі перакананнямі і поглядамі на жыццё. Педагог умела слухаць і чуць, знаходзіць падыход, далікатна і тактоўна падбіраць ключык да сэрца кожнага дзіцяці, каб раскрыць яго ўнутраны свет і далучыць да агульначалавечых каштоўнасцей.
К.А.Каральчук не думала, што затрымаецца ў Чарнянах надоўга. Але сустрэла тут сваё каханне. Так і засталася настаўнічаць у мясцовай школе, аб чым зусім не шкадуе. Ёй тут камфортна і ўтульна. Абедзве дачкі таксама пайшлі па слядах маці.
За сваю доўгую прафесійную дзейнасць Кацярына Андрэеўна дала шмат урокаў, але да сённяшняга часу лічыць, што самы лепшы яшчэ не правяла. Таму натхнёна працуе нават на заслужаным адпачынку. У школе выдатны педкалектыў, а побач з вучнямі настаўніца адчувае сябе заўсёды маладой і шчаслівай.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара