Дзеля выніковай прафесійнай арыентацыі выпускнікоў у навучальных установах Магілёўшчыны прымаюцца разнастайныя меры. У ліку асноўных — адкрыццё профільных класаў рознай накіраванасці.
У рэгіёне абмеркавалі асноўныя аспекты функцыянавання аграрных класаў. Падчас тэматычнага абласнога форуму, арганізаванага галоўным упраўленнем па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, было разгледжана актуальнае пытанне наконт матывацыі навучэнцаў на выбар сельскагаспадарчых прафесій. На базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі пра спосабы эфектыўнай прафарыентацыі гаварылі педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прафесары і выкладчыкі, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, якія выступаюць непасрэднымі заказчыкамі кадраў, прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады. У фармаце круглага стала прысутныя вызначалі асноўныя напрамкі ўдасканалення прафарыентацыйнай работы, формы ўзаемадзеяння сельгасарганізацый і навучальных устаноў, дзе функцыянуюць агракласы.
— Такія сустрэчы вельмі важныя, бо яны даюць магчымасць дэталёва абмеркаваць актуальныя задачы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу. Але ж дзе ўзяць такіх дзяцей, як іх правільна матываваць на работу ў сельскагаспадарчай галіне? Ва ўстановах адукацыі вядзецца вялікая і разнапланавая прафарыентацыйная работа. Аднак, як паказваюць рэаліі, сёння трэба працаваць не толькі непасрэдна з вучнямі, але і з сям’ёй, з бацькамі. Канцэнтраваць намаганні трэба і на ўзаемадзеянні навучальных устаноў з заказчыкамі кадраў, мясцовымі органамі дзяржаўнай улады. Работа па матывацыі маладых людзей на выбар сельскагаспадарчых спецыяльнасцей павінна быць комплекснай і аб’ядноўваць усіх зацікаўленых. Неабходна таксама прадумваць шэраг дадатковых стымулюючых мер, якія дапамогуць не толькі падрыхтаваць спецыялістаў, але і ўтрымаць гэтыя кадры ў вёсцы, — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка.
Па меркаванні начальніка аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алены Паштовай, для павышэння эфектыўнасці прафарыентацыі неабходна прадаставіць навучэнцам магчымасць праяўляць сябе і сваю ініцыятыву ў канкрэтнай практычнай дзейнасці.
— Мы пайшлі ўжо гэтым шляхам. Вучні нашых школ актыўна займаюцца земляробствам, пчалярствам і не толькі. У гэтым напрамку створаны розныя рэгіянальныя праекты, якія дапамагаюць навучэнцам на справе азнаёміцца з сельскагаспадарчай працай і яе асаблівасцямі. Далучаем да ўдзелу ў іх вучняў, пачынаючы з пачатковай школы. І бачым, што для дзяцей гэта найлепшая прафарыентацыя, — паведаміла Алена Паштовая.
У ходзе дыялогу адбывалася і прэзентацыя лепшага вопыту работы. Асаблівую цікавасць выклікаў праект “Малая акадэмія”, які ўжо дзесяць гадоў рэалізуецца ў сярэдняй школе № 2 Горак. Ініцыятыва ўяўляе сабой вучэбна-навуковы комплекс, закліканы забяспечваць бесперапыннасць у развіцці і ўдасканаленні ўменняў творчай, навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў на аснове супрацоўніцтва школы і БДСГА. Па сутнасці, праект з’яўляецца рэгіянальнай мадэллю адукацыйнага і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Прычым не толькі канкрэтна гэтай школы, а ўсяго раёна. Ажыццяўленне праекта ідзе па шасці блоках: факультатыўныя заняткі, самаразвіццё, самаадукацыя, прафарыентацыя, работа з сям’ёй, псіхалагічнае суправаджэнне. Адукацыйны працэс праводзіцца па двух напрамках: падрыхтоўка да ЦТ і алімпіяд, а таксама даследчая дзейнасць. Такі падыход робіць навучанне больш матываваным і дазваляе вучням мэтанакіравана падыходзіць да прафесійнага выбару. Як вынік — значны працэнт выпускнікоў школы і ўдзельнікаў праекта становяцца студэнтамі БДСГА.
Наглядна азнаёміцца з дзейнасцю аграрнага класа ўдзельнікі форуму маглі ў ходзе наведвання Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёна. Гэты профіль карыстаецца папулярнасцю сярод навучэнцаў. І нядзіўна, бо кабінет, дзе праходзяць заняткі, — асаблівая гордасць установы. Памяшканне аснашчана патрэбным абсталяваннем, нагляднымі стэндамі, метадычнымі дапаможнікамі. А для адпрацоўкі практычных навыкаў навучэнцаў у школе нават ёсць уласны трактар. Такое добрае матэрыяльнае забеспячэнне стала магчымым дзякуючы падтрымцы з боку Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Як адзначалася, падобнае супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі трэба ўсяляк пашыраць і ўдасканальваць.
Як правільна матываваць дзяцей на работу ў сельскагаспадарчай галіне? Ва ўстановах адукацыі вядзецца вялікая прафарыентацыйная работа. Аднак, як паказваюць рэаліі, сёння трэба працаваць не толькі непасрэдна з вучнямі, але і з сям’ёй.
Дарэчы, пакуль педагогі і навукоўцы разважалі над наяўнымі праблемамі, навучэнцы агракласаў знаёміліся з лабараторыямі, выставачнымі павільёнамі і комплексамі БДСГА. Зараз у аграрных класах па вобласці вучыцца звыш 500 маладых людзей. Значная частка з іх прыехала на форум. Па словах падлеткаў, вучоба дазваляе ім загадзя вызначыцца з будучай прафесіяй. Больш за тое, некаторыя маладыя людзі нават вызначаюцца і з УВА, у якой маюць намер працягнуць адукацыю.
— Я вырас у вёсцы. Аб асаблівасцях сельскагаспадарчай працы ведаю не па чутках, таму і выбраў аграпрофіль. Прафесію яшчэ не выбраў, але дакладна ведаю, што прыеду паступаць у БДСГА, — падзяліўся вучань агракласа з Баркалабаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Быхаўскага раёна Данііл Шыбека.
— Такія форумы — добрая магчымасць для нашых навучэнцаў не на словах, а на справе ўбачыць умовы для навучання, больш падрабязна даведацца пра спецыяльнасці, азнаёміцца з матэрыяльнай базай факультэтаў. Многім дзецям менавіта гэта дапамагае больш свядома падысці да прафесійнага выбару, — дадала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баркалабаўскага ВПК Людміла Самыкова.
Арганізаваны форум сапраўды атрымаўся практыка-арыентаваным і інфармацыйна насычаным. Адметна, што яго завяршэннем стала ўзнагароджанне пераможцаў міжнароднай алімпіяды для навучэнцаў профільных класаў аграрнай накіраванасці, якую зладзіў абласны інстытут развіцця адукацыі. Гэтае інтэлектуальнае спаборніцтва праводзілася ў рэгіёне ўжо другі раз. Сёлета алімпіяда аб’яднала 102 вучні агракласаў з Магілёўшчыны і 30 навучэнцаў з агульнаадукацыйных устаноў Расіі. Па агульных выніках максімальную колькасць балаў набралі вучань Гарбацэвіцкай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Віктар Лук’янаў і навучэнец Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёна Мікіта Калько. Усяго ж на ўрачыстасці дыпломамі былі адзначаны звыш шасцідзесяці маладых людзей. Заслужаныя ўзнагароды ім уручалі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч і старшыня Горацкага райвыканкама Міхаіл Гулый. Звяртаючыся да моладзі, яны падкрэслілі важнасць свядомага выбару прафесіі і пажадалі кожнаму навучэнцу правільна вызначыцца са сваёй жыццёвай дарогай.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара