Кластар па рабоце з адоранай моладдзю ствараецца на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Як адзначыў дырэктар тэхнапарка Сяргей Сачко, гэта дазволіць у разы павысіць эфектыўнасць сістэмы выяўлення, падтрымкі і прасоўвання адоранай моладзі.
Эфектыўны механізм
“Стварэнне такога кластара — эфектыўны механізм у аб’яднанні намаганняў усіх зацікаўленых. Сучасныя тэндэнцыі паказваюць, што ў адукацыі, як і ў іншых сферах, прадукцыйным падыходам для дасягнення мэт развіцця варта лічыць фарміраванне кластараў. Менавіта кластары з’яўляюцца ўстойлівымі арганізацыйна-эканамічнымі формамі, здольнымі па-новаму прадставіць адукацыйную прастору, у поўнай меры выявіць і рэалізаваць перавагі інтэграцыі мэт і рэсурсаў розных суб’ектаў адукацыйнай дзейнасці”, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.
Кластар па рабоце з адоранай моладдзю аб’ядноўвае ўстановы адукацыі, навуковыя арганізацыі, органы дзяржаўнай улады і кіравання. Яго ўдзельнікі будуць узаемадзейнічаць на аснове пагадненняў аб супрацоўніцтве, сацыяльным і сеткавым партнёрстве. І ўсё гэта дзеля інтэграцыі і развіцця вучэбнага, навуковага, інавацыйнага і вытворчага патэнцыялу ўстаноў і арганізацый для фарміравання ў адораных дзяцей і моладзі ўстойлівай матывацыі да выбару будучай прафесіі ў высокатэхналагічных галінах эканомікі. Ядро кластара — Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
“Удзельнікі кластара па сваёй функцыянальнай дзейнасці размеркаваны на чатыры групы: выяўленне і падтрымка адоранай моладзі, арганізацыйна-распарадчая дзейнасць, навукова-метадычнае суправаджэнне, узаемадзеянне ў суправаджэнні адоранай моладзі. У цэтры ўвагі будзе дзейнасць педагагічных саветаў школ у плане выяўлення адораных навучэнцаў, іх суправаджэння на этапе адбору, а пасля навучання — у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.
У кожным рэгіёне і Мінску вызначаны апорныя ўстановы адукацыі. У іх кампетэнцыю ўваходзяць пытанні рэалізацыі рэгіянальных праграм па рабоце з адоранай моладдзю, а таксама аказанне арганізацыйнай падтрымкі ў адборы школьнікаў для навучання ў тэхнапарку. Улічваючы, што абласныя інстытуты развіцця адукацыі займаюцца арганізацыйна-метадычным суправаджэннем работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі, у межах кластара яны будуць займацца арганізацыйнай, інфармацыйнай і метадычнай дапамогай рэгіянальным апорным установам адукацыі”, — паведаміў Сяргей Міхайлавіч.
Акрамя таго, у кластарную мадэль уваходзяць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, установы вышэйшай адукацыі краіны, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Навукова-метадычнае суправаджэнне, павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку педагагічных кадраў у кластарнай мадэлі на рэспубліканскім узроўні ажыццяўляюць Нацыянальны інстытут адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Праводзіцца работа па наладжванні супрацоўніцтва савета маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам.
Індывідуальны маршрут
Кластарная мадэль уключае індывідуальны адукацыйны маршрут для адораных дзяцей, які пачынаецца з выяўлення адукацыйных магчымасцей і запытаў школьнікаў. Асноўным інструментам на гэтым этапе з’яўляецца свядомы выбар навучэнцамі адукацыйных напрамкаў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і трохэтапны працэс адбору. У выніку фарміруецца база індывідуальнай дэталізаванай матрыцы адукацыйных магчымасцей і патрэб, якая вызначае план індывідуальнага суправаджэння навучэнца, механізмы і працэдуры, якія забяспечваюць рэалізацыю індывідуальнай адукацыйнай траекторыі на практыцы.
“Індывідуальная адукацыйная траекторыя будуецца і рэалізуецца паэтапна па спіралі. На кожным вітку такой адукацыйнай спіралі навучэнцам прапануецца магчымасць асваення адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў дзённай, а затым у дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі. Такім чынам, навучэнцы маюць магчымасць атрымаць дадатковую адукацыю для адораных дзяцей і моладзі неаднаразова, пры гэтым выбіраючы той жа альбо блізкі па змесце кірунак навучання. З кожным новым вітком засваенне праграмы прадугледжвае пашырэнне і паглыбленне спектра набытых кампетэнцый, карэкцыю індывідуальных праграм з улікам дасягненняў.
Паралельна з засваеннем праграм школьнікам прапануецца комплекс прафарыентацыйных мерапрыемстваў (індывідуальнае тэсціраванне і кансультацыя па выніках дыягностыкі, трэнінг па развіцці сучасных сацыяльных, інтэлектуальных і валявых кампетэнцый.
Таксама адным з інструментаў пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі з’яўляюцца конкурсная падтрымка і суправаджэнне навучэнцаў (удзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, алімпіядах і іншых адукацыйных мерапрыемствах). Пераможцы і прызёры вышэйзгаданых конкурсных мерапрыемстваў могуць быць уключаны ў банк даных спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Кластары становяцца адносна ўстойлівымі арганізацыйна-эканамічнымі формамі, здольнымі па-новаму прадставіць адукацыйную прастору.
Важным элементам пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі стане фарміраванне пула перспектыўных праектаў. Тут плануецца падтрымка навучэнцаў у патэнтаванні распрацовак і вынаходстваў, аказанне дапамогі ў размяшчэнні публікацый аб работах у перыядычных выданнях, зборніках навукова-практычных канферэнцый”, — паведаміў С.М.Сачко.
У развіцці кірункаў
На сённяшні дзень навучанне адораных дзяцей у дзіцячым тэхнапарку праходзіць у рэжыме апрабацыі па пяці кірунках: “Зялёная хімія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Робататэхніка”, “Інжынерная экалогія”, “Біятэхналогіі”. За першыя тры месяцы бягучага года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку навучанне прайшлі 120 чалавек, з якіх 36 — прадстаўнікі Гомельшчыны, 23 — Віцебскай вобласці, 17 — Гродзенскай, 12 — Мінскай, па 11 чалавек з Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, 10 чалавек з Мінска.
“Работа ў рэжыме апрабацыі дазволіць у гэтым годзе да завяршэння будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю ўсіх аб’ектаў інфраструктуры дзіцячага тэхнапарка прааналізаваць і ўдасканаліць змест вучэбных праграм, працэдуру адбору навучэнцаў, парадак арганізацыі навучання. З верасня 2022 года інфраструктура Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка будзе ўключаць у сучасны вучэбна-лабараторны корпус з высокатэхналагічным абсталяваннем камфортны інтэрнат на 300 месцаў і побач — новую школу, якая ўжо ўведзена ў строй. Штогод навучанне ў дзіцячым тэхнапарку будуць праходзіць звыш 1,5 тысячы навучэнцаў па 15 самых сучасных кірунках у галіне навукі, тэхнікі і тэхналогій”, — адзначыў дырэктар.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.