Каб паляўнічым быць, трэба прыроду любіць. Гэтую ісціну дванаццаты год засвойваюць навучэнцы Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Юныя паляўнічыя і рыбаловы” пад кіраўніцтвам Андрэя Ярмольчыка.
Жыццё ў паходах
Любоў да лесу ў Андрэя Мікалаевіча доўжыцца ўсё жыццё. Яшчэ дзіцем, жывучы ў вёсцы Мокіш, што на Хойнікшчыне, ён не мог наталіцца яго водарам, нахадзіцца яго сцежкамі, нарадавацца грыбам. Зачытваўся кнігамі пра прыроду, з ахвотай пераглядваў “Палескіх рабінзонаў”. І ва ўласныя паходы з сябрамі адпраўляўся — на возера, у лес. Карасікаў лавіў, каб запусціць іх у слоік і даглядаць, як акварыумных. Дзевяцікласнікам ён гэта ўсё страціў — здарылася аварыя на ЧАЭС, і хлопцу прыйшлося пакінуць радзіму.
Але прывычны “лясны” лад жыцця не знік. Паходы аднавіліся. Праўда, ужо ў іншым лесе. Пасля Магілёўскага педінстытута Андрэй Ярмольчык прыехаў працаваць настаўнікам гісторыі на Уздзеншчыну. Гэты край стаў для педагога новым домам. Тут ён пасябраваў з вопытным паляўнічым Іванам Адамавічам Пармонам. Шмат чаму ў яго навучыўся. У прыватнасці, любові да сабак. Нават завёў сабе першага паляўнічага сабаку. Хадзіў з ім на качак і зайцоў. Потым з’явіўся і сярэднеазіяцкі харт.
Менавіта тэмай паляўнічага сабакаводства і зацікавіліся навучэнцы Андрэя Ярмольчыка. Яна стала часткай іх вялікай краязнаўчай работы (дарэчы, статус выбітнага краязнаўца за настаўнікам захоўваецца ўжо дзясяткі гадоў). А пачалося ўсё з таго, што, вывучаючы з настаўнікам старыя кнігі, хлопцы знайшлі ўскосныя звесткі аб тым, што ў Беларусі былі свае пароды паляўнічых сабак, і перш за ўсё ганчакоў. Так пачалася цікавая даследчая веха ў жыцці школьнікаў. Пра свае напрацоўкі дзеці рыхтавалі артыкулы, друкавалі ў газеце “Паляўнічы і рыбалоў”. Праз іх на кіраўніка секцыі выйшаў і знакаміты кінолаг Уладзімір Лазарэнка і дапамагаў парадамі далейшым іх даследаванням.
Андрэй Ярмольчык:
“Мая мэта, каб дзеці былі ў родным лесе як дома. Каб ведалі тут кожнае дрэва, кожны кусцік, каб не заблукалі. І каб адносіліся да яго, як да свайго дому, шанавалі яго і бераглі”.
Лясныя клопаты
Такую дасведчанасць і цікавасць да тэмы не маглі не заўважыць у раёне. І ў 2010 годзе кіраўніцтва раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў прапанавала Андрэю Ярмольчыку ўзначаліць юнацкую секцыю на базе школы. Настаўнік з ахвотай пагадзіўся. Праграму для секцыі распрацавалі ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, а першапраходцамі сталі каля 20 падлеткаў з усіх трох школ Узды.
І тут завіхурыла лясное жыццё. Школьнікі былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў таварыства, ладзілі спаборніцтвы, конкурсы, хадзілі ў паходы, вывучалі тэхніку рыбалкі… Асабліва любілі слухаць юных калег вопытныя паляўнічыя. Збіраючыся разам на сходы, дзеці так выступалі са сваімі дакладамі, што дарослыя губляліся ад іх дасведчанасці і зацікаўленасці.
Але ўсё ж галоўныя заняткі праводзіць настаўнік у лесе. Ён перакананы: палюбіць лес і яго насельнікаў за партай немагчыма. І такія суботнія паходы з вогнішчам, са смажанымі каўбасамі і салам — галоўны і самы жаданы бонус для кожнага гурткоўца. Але такія сустрэчы з шампурамі — менавіта бонус, а не мэта. Бо ў любога паходу ў лес заўсёды ёсць канкрэтная мэта. Хаця, вядома, і сала немалаважна, бо засвойваюцца навыкі распальвання вогнішча, правільнага абыходжання з агнём, сяброўскай падтрымкі.
У зімовым лесе юныя паляўнічыя чытаюць сляды звяроў, вясной праводзяць аперацыю “Чысты лес”, восенню збіраюць грыбы (“Грыбны фестываль”), а бліжэй да зімы ладзяць аперацыю “Саланец”. Соль неабходна для зайцоў і казуль. Калі яе недастаткова, то звяры выбягаюць за такім ласункам на шашу, якую пасыпаюць спецыяльнай сумессю, што часта прыводзіць іх да гібелі. Менавіта клопат пра лес і яго насельнікаў — галоўны наказ навучэнцам ад настаўніка.
“Каб паляваць, трэба, каб было на каго паляваць. Возьмем воўка. Гэта вельмі прагматычная істота — палюе на таго, каго здабыць лягчэй. І калі ў лесе будзе шмат жывёл, воўк ніколі не прычыніць бяды ні чалавеку, ні свойскай жывёле. І ў той жа час, колькасць воўка трэба кантраляваць, бо, калі будзе воўка ў лесе больш, чым трэба, там звера не будзе, прычым у першую чаргу воўк палюе на маладняк. Па-другое, каб можна было паляваць на капытных, трэба звера цэлую зіму карміць. Калі снег выпадзе 50 см, уся казуля ляжа — не дастане да корму. Ды і кабана трэба карміць, аленя, а вось лось выжыве пры любых умовах, была б толькі соль. Таму мы гадуем жывёл, як на ферме. Для кабаноў нават прэпараты для прафілактыкі захворванняў падмешвалі ў камбікорм і раскладвалі ў 3-узроўневыя кармушкі (маленькія — для маладняку, каб іх порцыі дарослыя не з’елі). Так, жывёл у лесе трэба і лячыць, і карміць, і абараняць і ад ваўкоў, і ад браканьераў. Пра гэта мы з дзецьмі і гаворым”.
Уласна паляваннем дзеці ў секцыі, канечне, не займаюцца. А вось пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі па мішэнях любяць. Нават праводзяць спаборніцтвы па стральбе. Сярод лідараў тут — Кіра Буткевіч. Дзякуючы доўгім трэніроўкам стральбы па мішэнях, на мінулых спаборніцтвах яна адстраляла без адзінага штрафнога. А можа, поспеху паспрыяла і падтрымка бацькоў: і тата, і мама дзяўчынкі — таксама выпускнікі гэтай секцыі.
Дарэчы, хлопцы з першага выпуску ўжо здалі экзамен на права нашэння зброі і афіцыйна сталі членамі раённай структуры БТПР. А некаторыя з іх, як, напрыклад, Уладзіслаў Семянчук, зараз працуюць прафесійнымі егерамі. З усімі сваімі выпускнікамі настаўнік часта сустракаецца… у лесе. Тата Арсенія Казакова — таксама выпускнік секцыі. Час ад часу ён ходзіць з Андрэем Ярмольчыкам на паляванне і бярэ з сабой Арсенія. Зрэшты, мала хто з бацькоў сённяшніх навучэнцаў не займаўся, калі быў школьнікам, у Андрэя Мікалаевіча.
Галоўнае правіла, якое засвоілі дзеці ад педагога:
“Паляўнічы не толькі той, хто дабывае звера, а той, хто клапоціцца пра яго”.
Паэзія паляўнічай музыкі
З першага дня работы секцыі яе членамі з’яўляюцца і сігналісты, якія іграюць паляўнічую музыку. Гэта цэлая культура. “Калі ты сігналіст і паляўнічы, то гэта на ўсё жыццё”, — упэўнены А.Ярмольчык. Выдатным сігналістам у першым наборы быў яго сын Іван Ярмольчык. На міжнародным фестывалі ў Польшчы ў свой час ён заняў 4-е месца. Пасля Івана месца галоўнага сігналіста заняў Аляксандр Барташ, але ён ужо адзінаццацікласнік, рыхтуецца да паступлення, і вольнага часу стала менш. Цяпер яму на змену прыйшоў сямікласнік Мацвей Шымановіч. Хлопчык пяты год вучыцца ў музычнай школе, а цяпер выдзімае са свайго карнэта сігнальныя мелодыі “Заклік да палявання”, “Пачатак загону”, “Абед”, “Канец палявання” і г.д. Дарэчы, ноты аўтэнтычныя, менавіта па іх некалі арыентаваліся паляўнічыя Белавежскай пушчы. Іх настаўнік здабыў падчас праекта “Адраджэнне беларускага ганчака” (гэта першая нацыянальная парода, якая каранямі ідзе ў XVI стагоддзе, згубілася, але потым знайшлася). А вось аўтэнтычнага інструмента, на жаль, не знайшлося.
“Здаўна паляўнічыя выдзімалі паляўнічую музыку з фонплеса, ці ляснога рога (падобны да валторны, але без клапанаў), але цяпер гэты інструмент у продажы не знайсці. Таму мы выкарыстоўваем іншыя інструменты, на якіх іграюць нашы навучэнцы, — альт, барытон, карнэт. Аднойчы нават сыгралі паляўнічую музыку на піянерскім горне”, — гаворыць педагог.
Мацвей з Аляксандрам ужо адкрывалі паляўнічай музыкай школьнае дог-шоу. У раёне ладзіцца падобнае шоу для дарослых, а ў гэтай школе зрабілі традыцыяй ладзіць сваё, дзіцячае. І традыцыі гэтай ужо 3 гады. Гэта магчымасць прыйсці ў школу са сваім сабакам, расказаць пра яго, паказаць, прадэманстраваць сябе як дрэсіроўшчыка, як кінолага. І, магчыма, падштурхнуць некага з гледачоў завесці і сабе хвастатага сябра.
Уладзіслаў Курловіч, навучэнец секцыі:
“Паляванне дзеля здабычы ўжо страціла сваю актуальнасць. Сёння гэта больш адпачынак. Любое мяса можна купіць у магазіне. Тое ж і з рыбалкай. Калі ўдасца злавіць вялікую — добра, а калі на вуду трапяць маленькія рыбкі — лепш адпусціць, няхай падрастаюць”.
Лавіся рыбка, вялікая і маленькая…
Шмат жадаючых сярод падлеткаў і парыбачыць, паспаборнічаць у лоўлі рыбы. Цэлае лета ў іх сабраны вуды, і па суботах яны адпраўляюцца выпрабоўваць удачу на мясцовым вадаёме. Не адварочваецца ад іх удача і на спаборніцтвах. На рахунку юных рыбакоў шмат узнагарод. Ёсць дыплом ІІІ ступені каманды юных рыбаловаў у абласных спаборніцтвах і дыплом І ступені ў асабістым заліку. Ёсць граматы раённай структуры. Вынікам апошняга летняга міжраённага спаборніцтва па спартыўнай рыбнай лоўлі (з удзелам 6 раёнаў Мінскай вобласці) стала “серабро” ў асабістым заліку Мацвея Шымановіча. На другую прыступку ён вывеў і сваю каманду.
Хлопец ведае ўжо ўсе рыбацкія сакрэты і таму рэдка прыходзіць дадому з пустым вядзерцам. “Калі толькі прыходзіш на вадаём, зірнеш на хвалю і ўжо ведаеш, ці добра будзе брацца рыба, — гаворыць ён. — Але тут трэба ведаць, якая рыба на якую прыкормку бярэцца. Трэба ведаць, і дзе сесці. Напрыклад, удачы не чакай, калі хваля ідзе на цябе”.
“Тут трэба мець і цярпенне, — падказвае Арцём Юрачка. — Вось учора мы з дзедам прасядзелі цэлых 2 гадзіны ўпустую, дзед ужо прапанаваў збірацца дадому, але я чакаў. І потым як задалося! Ледзь паспявалі вуды выцягваць! І краснапёрак было шмат, і плотак, і іншых”.
“Каб не страчваць спаборніцкі дух, акрамя афіцыйных, ладзім і свае міні-спаборніцтвы. Высвятляем, хто больш рыбы налавіў, кто злавіў самую маленькую, самую вялікую. Калі дзяцей шмат, дзелімся на каманды. Гэта паднімае самаацэнку. Так важна, каб дзеці паверылі ў сябе, — дзеліцца настаўнік. — Апошнім часам мы развіваем і зімовую рыбалку. Гэта тое, чаму не я навучыў дзяцей, а наадварот. Я раней не рыбачыў з лёду, але хлопцы сабралі мне вуду і заразілі зімовай рыбалкай”.
Святлана НІКІФАРАВА,
Фота аўтара і Андрэя ЯРМОЛЬЧЫКА