“Народы Беларусі”. Пятнічная віктарына для вучняў 10–11-х класаў

- 15:25Воспитательная работа, Сценарии

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
“Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Полікультурнае выхаванне – найважнейшы элемент сучаснай сістэмы выхавання, накіраваны на інтэграцыю прадстаўнікоў розных народаў, і спосаб, які спрыяе нараджэнню формаў талерантнага ўзаемнага суіснавання. Ад нас, дарослых, залежыць, як нашы дзеці навучацца паважаць людзей, якія знаходзяцца побач, будуць ведаць гісторыю, побыт і культуру свайго народа, будуць разумець традыцыі і культуру народаў, якія пражываюць побач з імі. Рэалізацыі гэтых каштоўных задач спрыяе пятнічная віктарына “Народы Беларусі”.

Пятнічная віктарына – гэта гульня для старшакласнікаў, якая заклікае атрымаць зарад станоўчых эмоцый, развівае пазнавальную актыўнасць, калектывізм, фарміруе пазітыўныя адносіны да апошняга вучэбнага дня тыдня, дапамагае адпачыць у сяброўскай кампаніі.

 

Мэты: фарміраванне ў старшакласнікаў умення жыць у полікультурным свеце, заснаванае на міжнацыянальнай талерантнасці; выхаванне павагі да іншых народаў і культур, прадстаўнікоў рэлігій, этнасаў; фарміраванне пазітыўнага стаўлення да культурных адрозненняў; засваенне культуры ўласнага народа; удасканаленне ўмення прымяняць набытыя веды аб культуры свайго народа і іншых народаў на практыцы; развіццё інтэлекту, памяці, эрудзіраванасці, лагічнага мыслення.

Абсталяванне: мульціборд, карткі “Народы Беларусі”.

Умовы гульні: дзве каманды адказваюць на пытанні віктарыны (на мульцібордзе), за кожны правільны адказ атрымоўваюць адну картку “Народы Беларусі”. У канцы гульні каманды павінны вызначыць, які народ адлюстраваны на картцы. Перамагае тая каманда, якая дала больш правільных адказаў на працягу ўсёй гульні. Вядучы задае пытанні да таго часу, пакуль не раздасць усе карткі.

 

Ход пятнічнай віктарыны

Уступнае слова настаўніка. Беларусь – шматнацыянальная дзяржава. Па выніках перапісу 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь пражывае 9 413 446 чалавек, з іх беларусы – 7 990 719 (84,9 %), рускія – 706 992, палякі – 287 693, украінцы – 159 656. У меншай колькасці ў Рэспубліцы Беларусь пражываюць яўрэі, армяне, татары, цыгане, азербайджанцы, літоўцы, туркмены, немцы, грузіны, малдаване, кітайцы, латышы, узбекі, казахі, арабы, таджыкі, в’етнамцы, балгары, грэкі, карэйцы, афганцы, башкіры, туркі. Усе яны ў значнай меры захавалі свае этнакультурныя асаблівасці, шануюць свае традыцыі і перадаюць іх ад пакалення да пакалення, узбагачаючы і беларускую культуру. У краіне створаны ўмовы для развіцця ўсіх этнасаў рэспублікі як адзінага беларускага народа. Мы таксама павінны з павагай адносіцца да кожнага прадстаўніка іншай нацыянальнасці, які жыве ў Беларусі. А больш даведацца пра народы нашай краіны і праверыць свае веды, эрудыцыю дапаможа пятнічная віктарына “Народы Беларусі”.

 

Аб’яўленне правіл гульні.

 

Пытанні віктарыны

1. Круглая ці вастраверхая шапачка народаў Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі з вышыванымі або тканымі ўзорамі? (Цюбецейка).

2. Адгадайце латышскую загадку: “Чырвоны бычок на валаску прывязаны”. (Журавіны).

3. Як называецца традыцыйны польскі суп на мучной заквасцы з грыбамі або каўбасой? (Журок).

4. Кісламалочны напой качэўнікаў-жывёлаводаў з кабылінага малака. (Кумыс).

5. Якое дрэва з’яўляецца ў беларусаў сімвалам вечнага жыцця? (Дуб).

6. Род якога мецэната Гродна і Гродзеншчыны, які заснаваў кадэцкі корпус, друкарню, гандлёвую і медыцынскую школы, адкрыў тэатр, паходзіць са старадаўняга і магутнага нямецкага роду? (Антоні Тызенгаўз).

7. Працягніце ўзбекскую прыказку: “Калі выбіраеш паркаль – глядзі на даўжыню, калі выбіраеш нявесту – глядзі на …” (Маці).

8. Старадаўні сольны мужчынскі і парны танец грузін, армян і іншых каўказскіх народаў. (Лязгінка).

9. Тэхналогію і дызайн вырабу якога прадмета гардэробу ў 1758 годзе паказаў беларусам армянін Аванэс Маджаранец па просьбе Міхаіла Казіміра Радзівіла? (Слуцкія паясы).

10. Лёс якога яўрэйскага жывапісца, графіка, скульптара, манументаліста непарыўна звязаны з двума гарадамі – беларускім Віцебскам, ураджэнцам якога ён быў, і Парыжам, дзе мастак адбыўся як жывапісец? (Марк Шагал).

11. Якім музычным творам знакаміты польскі кампазітар-аматар, дыпламат, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, адзін з лідараў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі Міхаіл Агінскі? (Паланэз).

12. У гонар якой украінскай паэткі, якая ў 1898–1901 гадах жыла ў Мінску, устаноўлена ганаровая дошка? (Леся Украінка).

13. Адгадайце армянскую загадку: “Цэлы табун коней на адным ланцугу” (Гронка вінаграду).

14. Адным з аўтараў якога мемарыяльнага комплексу, прысвечанага падзеям Вялікай Айчыннай вайны, быў архітэктар рускага паходжання Юрый Градаў? (“Хатынь”).

15. Украінскі народны танец, а таксама музыка да гэтага танца. (Гапак).

16. Традыцыйны элемент нацыянальнага мужчынскага касцюма ва Узбекістане, які ў перакладзе з арабскай мовы азначае “ганаровая сукенка”. (Чапан).

17. Мужчынскі футравы (з аўчыны або каракулю) галаўны ўбор, які распаўсюджаны ў народаў Каўказа, а таксама казакоў у Сярэдняй Азіі. (Папаха).

18. Як называеццая яўрэйскі свяшчэнны хлеб? (Маца).

19. Месяц абавязковага для мусульман посту. (Рамадан).

20. Кім па нацыянальнасці быў пісьменнік Змітрок Бядуля? (Яўрэй).

21. У якім горадзе Беларусі з 1997года праводзіцца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур? (Гродна).

22. Беларускі, літоўскі і польскі літаратар, музыкант, кампазітар, мастак, скульптар, які паходзіў з абяднелага татарскага роду і пры нараджэнні атрымаў імя знакамітага французскага палкаводца Напалеона Банапарта. (Напалеон Орда).

23. Гэта слова з татарскай мовы перакладаецца як “чорны камень”. (Карандаш).

24. Які народ адзначае Мэрцішор – свята надыходу вясны? (Малдаване).

25. Кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. (Кітабы).

26. Бронзавая скульптура якога ўкраінскага паэта з’яўляецца падарункам Кіева Мінску і сімвалам міжнацыянальнага сяброўства? (Тараса Шаўчэнкі).

27. Адгадайце літоўскую загадку: “Ідзе па саломе – не шамаціць, ідзе па вадзе – не тоне, ідзе па агні – не гарыць” (Цень).

28. Пераноснае жыллё ў качэўнікаў, якое хутка збіраецца і лёгка разбіраецца сіламі адной сям’і на працягу адной гадзіны, лёгка перавозіцца на вярблюдах і конях. (Юрта).

29. Доўгія шырокія штаны, сабраныя каля шчыкалатак, якія звычайна мужчыны засоўваюць у боты, а жанчыны носяць навыпуск, з’яўляюцца часткай нацыянальнай адзення ўкраінцаў і некаторых народаў Усходу. (Шаравары).

30. Назва гэтай стравы прыйшла ў нашу мову з кітайскай, азначае “паравы хлеб”, складаецца з дробна насечанага мяса ў тонка раскатаным цесце. (Манты).

31. Хуткі танец польскага паходжання. (Кракавяк).

32. Якая птушка з’яўляецца сімвалам Каўказа? (Арол).

33. Растлумачце значэнне фразеалагізма “цыганскае сонца” (Месяц).

34. Адгадайце туркменскую загадку: “Знізу камень, зверху камень, чатыры нагі ды адна галава” (Чарапаха).

35. Данінай памяці якому народу, расстралянаму падчас карнай аперацыі нацыстаў, з’яўляецца мемарыял “Яма”? (Яўрэйскаму народу).

36. Старадаўні рускі народны промысел, які ўяўляе сабой дэкаратыўны роспіс драўлянага посуду і мэблі, выкананы чырвонымі, зялёнымі і залацістымі танамі па чорным фоне (Хахлама).

37. Сімвалам якога народа з’яўляецца дыван, прадстаўнікі якога здаўна займаліся дыванаткацтвам? (Туркмены).

38. Як перакладаецца з украінскай мовы слова “абетка”, якое таксама мае значэнне “буквар”? (Алфавіт).

39. З якой французскай нацыянальнай гераіняй параўноўваюць графіню нямецкага паходжання, збіральніцу беларускага фальклору, удзельніцу паўстання 1830–1831 гадоў Эмілію Плятэр? (З Жаннай Д’арк).

40. Страва грузінскай кухні, грузінскі нацыянальны мучны выраб, піражок з начыннем з сыру і яйка. (Хачапуры).

41. У якога народа ў нацыянальным касцюме прысутнічае туніка? (Грэкі).

42. Якая страва не з’яўляецца нацыянальнай у карэйцаў? (Карэйская морква).

43. Паколь – адзін з традыцыйных галаўных убораў у выглядзе берэта “дзве аладкі”. Які народ яго носіць? (Афганцы).

44. Калі бацька леў, то і сын ільвяня. Якая беларуская прыказка адпавядае гэтай в’етнамскай? (Якое дрэва такі і клін, які бацька такі сын).

45. Які народ ганарыцца гадулкай – смычковым музычным інструментам? (Балгары).

46. Якая беларуская прыказка адпавядае нямецкай: Галасы асла і салаўя гучаць па-рознаму? (Гусь свінні не таварыш).

47. Гэта слова з арабскай мовы перакладаецца як “казна”. (Магазін).

 

Каманды называюць народы, якія адлюстраваны на картках. Затым падводзяцца вынікі пятнічнай віктарыны.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий