SEL: чарговы модны трэнд ці неабходная тэхналогія?

- 8:54Иностранный язык. Идеи, Методичка

Алена ЧАЛ,
настаўнік англійскай мовы, настаўнік-метадыст
ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Навагрудка»,
Гродзенская вобласць

helenuntamed@gmail.com

 

 

 

 

 

Што азначае?

SEL (англ. social emotional learning) – сацыяльна-эмацыйнае навучанне. Хоць у гэтага падыходу няма адназначнага вызначэння, можна сказаць, што ён мае тры асноўныя мэты:

– развіваць эмацыйны інтэлект навучэнцаў;

– ствараць эмацыйна камфортнае асяроддзе, у якім вучань адчувае, што яго шануюць, і ён можа праявіць сябе як асоба;

– натхняць і матываваць на навучанне з дапамогай эмоцый.

Калі коратка, то галоўная місія SEL – стварыць спрыяльнае сацыяльна-эмацыйнае асяроддзе для вучня і навучыць яго граматна працаваць са сваімі эмоцыямі і ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі.

SEL пачало зараджацца ў ЗША яшчэ ў канцы 1960-х гадах. У 1990-х сацыяльна-эмацыйнае навучанне актыўна набірала абароты. У 1994 годзе была сфарміравана арганізацыя CASEL (The Collaborative to Advance Social and Emotional Learning), якая сёння афіцыйна прадстаўляе канцэпцыю SEL.

 

Чаму пра SEL зараз загаварылі асабліва актыўна

Праблемы, выкліканыя недахопам сацыяльна-эмацыйнага навучання, абвастрыла пандэмія. І вучні, і настаўнікі ва ўсім свеце адчувалі моцны стрэс падчас лакдаўнаў. Многім педагогам было складана наладзіць дыстанцыйнае навучанне: акрамя тэхнічных праблем, яны часта скардзіліся, што ім было цяжэй кантраляваць дзяцей анлайн, а навучэнцы таксама скардзіліся, што вучоба на дыстанце стала сапраўдным выпрабаваннем для іх нервовай сістэмы. Гэтыя абставіны зрабілі сацыяльна-эмацыйнае навучанне неабходным як ніколі.

Іншы важны фактар папулярызацыі SEL – попыт на soft skills (гнуткія навыкі). У справаздачы Сусветнага эканамічнага форуму за 2020 год сярод навыкаў, якія будуць найбольш запатрабаваны да 2025 года, названы крытычнае мысленне, крэатыўнасць, эмацыйны інтэлект, лідэрства, здольнасць хутка вучыцца. Гэта шмат у чым звязана з новымі падыходамі да каманднай працы.

 

Як працуе SEL

Арганізацыя CASEL вылучае пяць асноўных кампетэнцый, якія вучань павінен развіць у працэсе сацыяльна-эмацыйнага навучання.

— Самасвядомасць. Здольнасць разумець і аналізаваць уласныя эмоцыі, думкі і каштоўнасці, а таксама тое, як яны ўплываюць на паводзіны ў розных кантэкстах.

— Самакантроль. Здольнасць кантраляваць эмоцыі і думкі ў розных сітуацыях, а таксама ўменне кіраваць імі, каб дасягнуць пастаўленых мэт.

— Сацыяльная дасведчанасць. Здольнасць зразумець іншага чалавека і праяўляць да яго эмпатыю, нават калі вашы погляды, культура і выхаванне зусім адрозніваюцца адзін ад аднаго.

Адносіны з іншымі людзьмі. Здольнасць устанавіць і захоўваць цесны, здаровы кантакт з людзьмі.

— Адказнае прыняцце рашэнняў. Здольнасць прымаць канструктыўныя рашэнні і паводзіць сябе адпаведным чынам у розных сітуацыях.

 

SEL на ўроках англійскай мовы

Паколькі гаворка ідзе пра развіццё гнуткіх навыкаў і наладжванне моцнага, асабістага кантакту з вучнямі, тэхналогія першапачаткова патрабуе ад саміх педагогаў высокай гнуткасці, крэатыўнасці і эмпатыі. Таму сацыяльна-эмацыйнае развіццё трэба пачынаць з дарослых. Сучасная школа мяркуе, што яе педагогі ўмеюць адэкватна рэагаваць на няпростыя сітуацыі, якія адбываюцца ў класе, знаходзіць да кожнага падыход, матываваць, карэктна дзейнічаць пры любых праявах булінга. З гэтага ж выцякае, што ўменне працаваць са сваімі ўласнымі станамі – базавыя кампетэнцыі любога педагога.

На практыцы розныя настаўнікі і ўстановы адукацыі па-свойму адаптуюць гэтую тэхналогію. Некаторыя змяняюць абстаноўку ў класе – напрыклад, ствараюць антыстрэс-куткі. Іншыя аддаюць перавагу ўкараняць SEL непасрэдна ў сам навучальны працэс – выкарыстоўваюць больш гульнявых заданняў, імкнуцца як мага часцей дзяліць клас на групы або пары, каб развіваць навыкі каманднай працы, а таксама праводзяць кароткія warm-up, размаўляючы з вучнямі на адцягненыя тэмы або проста гуляючы з імі. Яшчэ адна добрая практыка – зваротная сувязь навучэнцаў.

З маёй калекцыяй эфектыўных warm-up і feed back можна пазнаёміцца на старонках і сайце Настаўніцкай газеты (Метадычная кухня: “аперытывы” і “дыжэстывы” на ўроку англійскай мовы / А.Чал // Настаўніцкая газета. – 2021. – 22 ліп.) https://portfolio.ng-press.by/pedagagichnaya-majsternya/metadychnaya-kuhnya-aperytyvy-i-dyzhestyvy-na-uroku-anglijskaj-movy/

У артыкуле я прапаную цікавыя спосабы дзялення класа на групы, каб развіваць навыкі каманднай працы.

   1. “Імёны з капелюша”. Напішыце імёны вучняў на палосках паперы, падтрасіце іх у капелюшы/скрынцы і выцягніце неабходную колькасць імёнаў у групе.

   2. Праграма або вэб-сайт. Існуе мноства добрых праграм або вэб-сайтаў для выпадковага фармавання груп. Паспрабуйце праграму Team Shake або вэб-сайт Group Sort.

   3. Каляровыя карткі. Дазвольце навучэнцам выбраць некалькі каляровых картак і пасартаваць іх па колерах, якія яны абралі.

   4. “Адлічы”. Вядома, вы можаце лічыць па лічбах, але, можна паспрабаваць што-небудзь цікавейшае. Калі вам патрэбныя чатыры групы, лічыце, напрыклад, “Шэкспір, Дзікенс, Чосэр і Свіфт” або “Джон, Пол, Джордж, Рынга”.

   5. “Пакінуты”. Няхай вашыя вучні ўстануць, а затым назавіце лік. Навучэнцы павінны хутка згрупавацца ў адпаведнасці з гэтым лікам. Той, хто не паспеў, атрымлівае бонуснае заданне.

   6. Калода карт. Ігральныя карты эфектыўныя і ўніверсальныя. Раздайце карты і згрупуйце навучэнцаў на аснове аднолькавых ці розных масцей, чорных ці чырвоных карт, карт у вызначаным парадку, аднолькавых лікаў ці любых іншых значэнняў, якія вы прысвойваеце калодзе.

   7. Карткі з сінонімамі. Запішыце наборы сінонімаў на розных картках і выпадковым чынам раздайце іх. Затым папрасіце вучняў знайсці чалавека, які мае слова, якое азначае тое ж самае, што і іх картка. Таксама паспрабуйце антонімы!

   8. “Знакамітыя пары”. Разнавіднасць картак-сінонімаў: раздайце карткі з рознымі парамі дуэтаў, якія адносяцца да тэмы ўрока. Напрыклад: “Гек Фін” і “Марк Твен”, “Рамэа” і “Джульета”.

   9. Кавалачкі пазла. Вазьміце невялікія пазлы і прапануйце навучэнцам выбраць любую частку. Затым ім неабходна знайсці іншых вучняў, у якіх ёсць астатнія часткі гэтага пазла.

   10. Цукеркі. Пакладзіце ў пакет 4 або 5 розных цукерак. Папрасіце вучняў выбраць цукерку і аб’яднацца ў групы ў залежнасці ад тыпу цукерак, якія ў іх ёсць. Напрыклад, у вас можа быць група ледзянцоў, група toffee, група M&M’s і г.д.

   11. Станьце ў шэраг. Папрасіце вучняў выстраіцца ў лінію. Яны павінны стаць у алфавітным парадку па першай літары прозвішча. Затым адлічыце ў групах 1, 2, 3, 4, 5 і г. д. столькі груп, колькі вам неабходна.

   12. “Бінга” – выдатны спосаб для ўдзельнікаў пазнаёміцца адно з адным і ўтварыць пары або групы на аснове агульных інтарэсаў або вопыту. На лісце паперы складзіце спіс крытэрыяў у левай частцы старонкі (напрыклад, “Я люблю чытаць”), пакіньце пустыя месцы справа старонкі. Зрабіце копіі спісу для кожнага з вашых удзельнікаў. Дайце ім час пагаварыць з кожным са сваіх аднакласнікаў. Як толькі яны знаходзяць чалавека, які адпавядае крытэрыям, яны пішуць іх імя ў правай калонцы. Калі ў іх аднолькавыя крытэрыі, яны могуць утварыць пару або групу ў залежнасці ад мэт вашай дзейнасці.

   13. “Зашыфраваныя словы”. Дайце вучням спіс з пяці ці шасці зашыфраваных слоў (ці больш, у залежнасці ад таго, колькі груп вы хочаце сфарміраваць). Папрасіце ўдзельнікаў расшыфраваць як мага больш слоў у спісе за пэўную колькасць хвілін. Затым аб’яднайце групы ў залежнасці ад таго, хто расшыфраваў аднолькавую колькасць слоў (група А), расшыфраваў адно слова (група B), расшыфраваў два словы і г. д.

   14. Паштоўкі. Разрэжце паштоўкі на неабходную вам колькасць частак. Раздайце часткі паштоўкі кожнаму вучню. Папрасіце вучняў знайсці часткі іх паштоўкі і аб’яднацца ў групы.

   15. Псіхалагічныя тэсты. Гэты прыём асабліва любяць мае навучэнцы. Такія тэсты не толькі дазволяць вам сфарміраваць групы, але і раскажуць пра характар вашых вучняў. Расшыфроўкі тэстаў лёгка знайсці ў інтэрнэце. Прывяду прыклады некаторых з іх.

1) Тэст “Як вы трымаеце тэлефон?”, 4 групы

Папрасіце навучэнцаў узяць у рукі тэлефон і пачаць набіраць паведамленне.

2) Тэст “Сціснуты кулак”, 3 групы

Усё, што трэба зрабіць, гэта не задумваючыся сціснуць руку ў кулак.

 

3) Тэст “Замок”, 3 групы

Складзіце пальцы ў замок і паглядзіце, дзе апынуўся ваш вялікі палец.

 

Чаканыя вынікі SEL

Праз тэхналогію сацыяльна-эмацыйнага навучання вучні набываюць навыкі, веды і лінію паводзінаў, якая дазволіць эфектыўна кіраваць сабой. Вучні гатовы фарміраваць адэкватныя адносіны з іншымі і прымаць адказныя рашэнні, неабходныя для асабістага і сацыяльнага дабрабыту. Даследаванні паказваюць трывалую сувязь паміж вынікамі SEL і вучнямі ў галіне інтэлекту, развіцця, фарміравання характару, паспяховасці ў школе, поспеху ў кар’еры і грамадзянскай адказнасці.

SEL – важная частка выхавання і навучання, каб падрыхтаваць вучняў да жыцця ў ХХІ стагоддзі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий