Мы выбіраем — нас выбіраюць

- 10:09Диалоги об образовании

Аб ходзе сёлетняй прыёмнай кампаніі, яе асаблівасцях і ўвогуле аб развіцці вышэйшай адукацыі пагутарылі з начальнікам Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Сяргеем Каспяровічам.

— Сяргей Антонавіч, не за гарамі пачатак прыёмнай кампаніі. Якой яна будзе сёлета?

— Прыём ва ўстановы вышэйшай адукацыі сёлета пройдзе ў традыцыйным фармаце. Значныя новаўвядзенні чакаюць нас толькі з 2023 года. У гэтую прыёмную кампанію з 18 ліпеня пачынаецца прыём на бюджэтную і платную формы навучання, а таксама на скарочаны тэрмін атрымання адукацыі для выпускнікоў профільных спецыяльнасцей устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асноўныя этапы прыёмнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі завершацца ў другой дэкадзе жніўня. Як і раней, прыём абітурыентаў на завочнае навучанне па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях плануецца правесці ў лістападзе і завяршыць у снежні. Па колькасці абітурыентаў у сёлетняй прыёмнай кампаніі мы застаёмся амаль на ранейшых пазіцыях. За кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць 27,7 тысячы чалавек, на платнай аснове — каля 25,7 тысячы. Гэтыя лічбы крыху меншыя за мінулагоднія. Калі мы планавалі колькасны склад абітурыентаў, то ўлічвалі колькасць сёлетніх выпускнікоў 11-х класаў агульнаадукацыйных устаноў, а таксама выпускнікоў устаноў ПТА і ССА, якія маюць намер працягваць вучобу ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Безумоўна, пры фарміраванні прыёму ўлічваем інфармацыю аб патрэбах у кадрах па тых ці іншых спецыяльнасцях. 

— Ці ёсць змяненні ў правілах сёлетняга прыёму? 

— У асноўным правілы прыёму гэтага года не зведалі значных змяненняў, але асобныя, лакальныя, усё ж з’явіліся. У прыватнасці, для выпускнікоў профільных спартыўна-педагагічных класаў пры паступленні на спецыяльнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту ёсць магчымасць паступіць без здачы цэнтралізаванага тэсціравання пры адпаведным узроўні паспяховасці. А гэта адзнакі не ніжэйшыя за 8 па профільных прадметах і не ніжэйшыя за 7 па ўсіх школьных прадметах, а таксама  наяўнасць неабходнай рэкамендацыі з навучальнай установы. Гэтая льгота аналагічная той, што існуе для выпускнікоў педагагічных класаў і якая ўжо пэўны час выкарыстоўваецца пры паступленні ва УВА педагагічнага профілю. У гэтым годзе, дарэчы, у педагагічных установах вышэйшай адукацыі адбыўся першы выпуск маладых педагогаў, якія папярэдне скончылі педагагічныя класы і паступалі па льготнай траекторыі. Яшчэ адно змяненне тычыцца паступлення выпускнікоў профільных ваенна-патрыятычных класаў, а таксама клубаў “Юны пагранічнік”. Такія выпускнікі могуць паступаць па-за конкурсам пасля здачы ўсіх неабходных іспытаў у Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, на ваенныя факультэты іншых устаноў вышэйшай адукацыі. 

Пры фарміраванні прыёму ўлічваем інфармацыю аб патрэбах у кадрах па тых ці іншых спецыяльнасцях.

Яшчэ адно змяненне тычыцца грамадзян Расійскай Федэрацыі. У рамках адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы расійскія грамадзяне пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі маюць такія ж правы, як і нашы грамадзяне. У гэтым годзе расіяне змогуць паступаць без здачы цэнтралізаванага тэсціравання на платную форму навучання ў межах 20% ад лічбаў прыёму, прадугледжаных для паступлення на платнай аснове. Пры гэтым яны павінны прадаставіць сертыфікаты Адзінага дзяржаўнага экзамену. Калі гаварыць у цэлым, то ў нашай краіне вучацца каля 30 тысяч замежных студэнтаў, што пацвярджае экспартную накіраванасць нашай вышэйшай школы, а таксама высокую якасць, сучаснасць і мабільнасць прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.

— Як вядома, новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі ўступае ў сілу з 1 верасня і на прыём, па сутнасці, уплыву не аказвае. Адзіная норма дакумента, якая тычыцца сёлетняй прыёмнай кампаніі, — гэта пашырэнне магчымасці для мэтавай падрыхтоўкі.

— Сапраўды, згодна з новай нормай кодэкса, зняты абмежаванні з месцаў знаходжання заказчыкаў кадраў, што адкрывае перспектывы для развіцця мэтавай падрыхтоўкі ў сістэме адукацыі, пашырэння кола патэнцыяльных заказчыкаў кадраў, прыцягнення да гэтага працэсу іншых галін эканомікі, удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, на якія зроблены заказ. Такім чынам, мэтавая падрыхтоўка за бюджэтныя сродкі задаволіць патрэбы ў кадрах канкрэтных арганізацый незалежна ад форм уласнасці і месцазнаходжання. Ужо зацверджаны загад міністра адукацыі аб арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі з гэтага года. Цяпер заказчыкі кадраў, якія бачаць траекторыю развіцця свайго прадпрыемства або арганізацыі і могуць спрагназаваць патрэбу ў кадрах, ужо маюць магчымасць заказаць падрыхтоўку патрэбных кадраў у рамках мэтавага набору. Кіраўніцтва таго ці іншага прадпрыемства, арганізацыі папярэдне заключае дагавор з будучым работнікам і гарантуе яму забеспячэнне працоўнага месца пасля заканчэння ўстановы. Перавага мэтавай падрыхтоўкі яшчэ і ў тым, што яна дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання непасрэдна пад патрэбы заказчыка. Гэта можна зрабіць праз практыкі на канкрэтным прадпрыемстве альбо ў арганізацыі, выкананне курсавых работ, дыпломных праектаў, якія пішуцца па тэме профільнай дзейнасці заказчыка.  Мы мяркуем, што мэтавая падрыхтоўка — гэта магчымасць атрымаць менавіта такога спецыяліста, які падрыхтаваны для канкрэтнай арганізацыі. 

— Ці абновіцца пералік спецыяльнасцей, па якіх рыхтуюць спецыялістаў нашы ўніверсітэты?

— Абнаўленне спецыяльнасцей адбываецца практычна штогод. Пры гэтым улічваецца месцазнаходжанне ўстановы, патрэба пэўнага рэгіёна ў адпаведных спецыялістах. Абсалютна новая спецыяльнасць “Урбаналогія і сіці-менеджмент” у гэтым годзе будзе ўведзена ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. У БДУ адкрываюцца дзве новыя спецыяльнасці — “Геатэхналогія турызму і экскурсійная дзейнасць”, “Біяінжынерыя і біяінфарматыка”. БНТУ ў рамках спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” адкрыў новы кірунак “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве”, які арыентаваны на развіццё лічбавай эканомікі, Індустрыі 4.0. Шэраг УВА адкрылі спецыяльнасці, падрыхтоўка па якіх вялася ў іншых універсітэтах, або перафармаціравалі існуючыя спецыяльнасці. БДТУ з улікам сучасных патрабаванняў абнавіў спецыяльнасць “Тэхналогія і перапрацоўка палімераў”, МДЛУ адкрыў спецыяльнасць “Японская мова і другая замежная мова”, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт —
“Інструментальныя сродкі і тэхналогіі праектавання інтэлектуальных сістэм”, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога — “Кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве”. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы адкрывае набор абітурыентаў на новыя напрамкі спецыяльнасці “Біяхімія” (“Біяхімія лекавых сродкаў” і “Аналітычная біяхімія”), а таксама новы напрамак “Вэб-журналістыка” па спецыяльнасці “Журналістыка”. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава будзе рыхтаваць спецыялістаў па спартыўна-педагагічным кірунку, а таксама па спецыяльнасці “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”. Нашы ўніверсітэты дадаткова інфармуюць абітурыентаў аб магчымасці паступлення як на свае традыцыйныя спецыяльнасці, так і на новыя. Спадзяюся, што нашы абітурыенты ўсвядомлена, кіруючыся ўласнымі інтарэсамі, жаданнямі, своечасова вызначацца са сваім прафесійным выбарам і для гэтага яны цікавяцца не толькі ўмовамі навучання ва ўніверсітэце, але і тым месцам, дзе яны будуць працаваць пасля заканчэння ўстановы.

— Сяргей Антонавіч, наколькі абнаўляецца змест вышэйшай адукацыі? І што ўласціва гэтаму году?

— Сёлета мы будзем прымаць абітурыентаў на першую ступень вышэйшай адукацыі, як і ў папярэднія гады. Прыём на бакалаўрыят упершыню адбудзецца ў наступным, 2023 годзе. Студэнты, якія сёлета паступяць, будуць вучыцца па тых адукацыйных стандартах і вучэбных планах, якія былі распрацаваны да прыняцця новай рэдакцыі кодэкса і па якіх вучацца іх папярэднікі. Але змест вышэйшай адукацыі абнаўляецца рэгулярна.

Мэтавая падрыхтоўка — гэта магчымасць атрымаць менавіта такога спецыяліста, які падрыхтаваны для канкрэтнай арганізацыі.

Па ўзгадненні з заказчыкамі кадраў змяненні адбываюцца праз вучэбныя праграмы канкрэтных вучэбных дысцыплін. Фундаментальныя дысцыпліны, у асноўным, не патрабуюць змяненняў штогод, а вось профільныя, спецыяльныя, прафесійныя дысцыпліны карэкціруюцца па змесце пастаянна. Уносяцца для вывучэння новыя тэмы, мяняецца тэматыка курсавых работ, дыпломных праектаў, карэкціруецца самастойная работа. Могуць быць унесены змяненні і ў колькасць гадзін на вывучэнне асобных тэм. Згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, Канцэпцыяй развіцця адукацыі да 2030 года, мы будзем працягваць работу па ўдасканаленні зместу, тэхналогій і методык навучання. Пры гэтым трэба ўлічваць змяненні адукацыйных патрэб студэнтаў. Сёння яны не задавольваюцца толькі той інфармацыяй, якую ім дае выкладчык. Яны жадаюць атрымліваць кантэнт з розных крыніц, у большасці з інтэрнэт-рэсурсаў. Таму выкладчыку важна арганізаваць адукацыйны працэс такім чынам, каб студэнты ўмелі працаваць з інфармацыйным полем, выбіраць менавіта тую інфармацыю, якая нясе ім карысць у прафесійным і асобасным развіцці.

— Сёння шмат гавораць пра новую канцэпцыю выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўніверсітэтах. Калі яна пачне рэалізоўвацца? У чым яе сутнасць?

 — Канцэпцыя выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўніверсітэтах пачне рэалізоўвацца з 1 верасня гэтага года. Сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны прызваны фарміраваць набор кампетэнцый, якія не толькі спатрэбяцца маладому чалавеку ў жыцці, але і паспрыяюць паспяховаму засваенню прафесійнага блока ведаў. У якасці абавязковага кампанента ўводзіцца вывучэнне дысцыпліны “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Гэта канцэптуальна новая дысцыпліна, прызваная фарміраваць грамадзянскую самасвядомасць, развіваць патрыятычнае мысленне, вызначаць сваё месца ў развіцці нашай дзяржавы. Таксама ў адукацыйны працэс будзе ўведзена новая міжпрадметная дысцыпліна — сучасная палітэканомія, якая сёння вельмі актуальная. Эканоміка — тая галіна, якая фарміруе дабрабыт кожнага чалавека і праламляецца праз палітычную сістэму грамадства. Таму вельмі важна не толькі разумець эканамічныя законы, але і ведаць, як яны працуюць. Новы курс па філасофіі пабудаваны на сучасным праламленні філасофскіх ісцін у практычным жыцці чалавека. Яшчэ тры дысцыпліны па выбары ўводзяцца ва УВА ў новым навучальным годзе. Будуць вывучацца пытанні сацыялогіі, паліталогіі, этыкі з улікам профілю спецыяльнасці, інтарэсаў студэнтаў і кадравага складу выкладчыкаў. Павышэнне іх кваліфікацыі па выкладанні новых дысцыплін будзе арганізавана ў РІВШ. 

Атрымае развіццё адукацыйная праграма магістратуры ў вышэйшай школе. Сёння магістратура — навукова арыентаваная адукацыя, якой могуць займацца менавіта тыя маладыя людзі, якія схільны да навука-даследчай дзейнасці і хацелі б прадоўжыць навучанне ў аспірантуры. Змест навучання ў магістратуры абнаўляецца, праводзіцца работа па карэкціроўцы тэрмінаў навучання, вызначэнні новых падыходаў да прыёму. 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий