19 мая ў 9-ым класе Грынкаўскага дзіцячага сада-базавай школы Свіслацкага раёна ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” прайшла інфармацыйная гадзіна на тэму: “Вынікі і ўрокі вайны. Памяць аб вайне.”
У ходзе ШАГа 1 было адзначана, што Вялікая Айчынная вайна для СССР і яе Узброеных cіл была самым цяжкім і разам з тым самым гераічным часам. Другая сусветная вайна завяршылася перамогай СССР і краін-саюзніц. Вучні даведаліся, што Чырвоная Армія, савецкі народ, у тым ліку і беларусы, вынеслі асноўны цяжар вайны і адыгралі рашучую ролю ў разгроме фашызму. Непамерны кошт заплацілі народы СССР за Перамогу: загінула каля 27 мільёнаў чалавек, з іх каля 9 мільёнаў – воіны Чырвонай Арміі. У Беларусі загінула каля 3 мільёнаў чалавек, спалена і знішчана 209 гарадоў і пасёлкаў, 9200 вёсак, велізарная колькасць прадпрыемстваў, школ і матэрыяльных каштоўнасцей.,
У ходзе ШАГа 2 вучні актыўна абмяркоўвалі атрыманую інфармацыю. Яны прыводзілі факты, якія канкрэтызавалі прычыны перамогі СССР у Вялікай Айчыннай вайне: гэта, у першую чаргу, мужнасць і гераізм савецкага народа, моц маральнага духу савецкіх людзей. Вучні ўспомнілі сваіх землякоў: 122 чалавекі з вёскі Грынкі змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, 46 з іх загінулі, 32 мірныя жыхары былі расстраляны фашыстамі за сувязь з партызанамі. Гэта сведчыць пра самаахвярнасць нашых землякоў, якія таксама ўнеслі ўклад у Перамогу.
Вучні выказалі свае адносіны да знішчэння і апаганьвання помнікаў і мемарыялаў воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за вызваленне ад фашызму еўрапейскіх краін.
У ходзе ШАГа 3 “Мы падводзім вынікі” вучні прыйшлі да высновы, што ўсе мы разам павінны свята захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнах для будучых пакаленняў. Члены клуба “Пошук” расказалі аб дзейнасці па зборы звестак пра аднавяскоўцаў – удзельнікаў вайны, пра расстраляных мірных жыхароў, сярод якіх былі і настаўнікі. Вынікам пошукавай работы сталі даследчыя работы, з якімі вучні выступалі на канферэнцыях розных узроўняў, удзельнічалі ў конкурсах. Аформлены стэнд “Яны абаранялі родны край”, альбом з аднайменнай назвай, дзе, акрамя звестак пра ветэранаў, ёсць яшчэ і іх успаміны. Матэрыялы выкарыстоўваюцца на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Вучні даглядаюць помнік загінуўшым аднавяскоўцам, памятны знак на месцы гібелі экіпажа самалёта ІЛ-2, брацкую магілу расстраляных мірных жыхароў. Дзевяцікласнікі ўпэўнены, што памяць пра вайну патрэбна для таго, каб такое больш ніколі не паўтарылася і каб мы заўсёды жылі пад мірным небам у свабоднай незалежнай краіне.
Надзея МАЦЮК,
настаўнік гісторыі Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна