У Смаргонскім сацыяльна-педагагічным цэнтры з пачатку бягучага навучальнага года ідзе рэалізацыя двух цікавых інавацыйных праектаў. І гэта даволі рэдкая з’ява для такой установы адукацыі.
Чаму? Таму што звычайна інавацыйнай дзейнасцю займаюцца ва ўстановах адукацыі, дзе ёсць вучэбны працэс, каб на практыцы можна было апрабаваць, напрыклад, новыя метады выкладання вучэбных прадметаў, прымяненне інфармацыйных тэхналогій і г.д. Пра ход інавацыйнай дзейнасці ў СПЦ, дасягнутыя вынікі і перспектывы расказвае педагог-псіхолаг Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў Наталля Мікалаеўна Мікеня.
Дапамога даступна кожнаму
Наталля Мікалаеўна ў 2006 годзе з адзнакай скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Педагог сацыяльны” з дадатковай спецыялізацыяй “Практычны псіхолаг”. У Смаргонскім СПЦ працуе 16-ы год, і за гэты час яе кліентамі былі дзеці з дэвіянтнымі паводзінамі, суіцыдальныя кліенты, нядобранадзейныя сем’і і многія іншыя.
— Я не чакала, што мы калі-небудзь будзем уключаны ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць, — прызнаецца педагог-псіхолаг, — аднак у мінулым навучальным годзе ўзялі ўдзел у эксперыментальным праекце. Яго сутнасць заключалася ў тым, каб аказаць псіхалагічную дапамогу ўсім без выключэння ўдзельнікам адукацыйнага працэсу ў любой установе адукацыі. У цяперашні час ёсць установы адукацыі (у нашым раёне такіх 6), дзе няма педагога-псіхолага. У той жа час псіхалагічная дапамога павінна быць даступнай кожнаму. Але як знайсці педагога-псіхолага на 0,5 стаўкі ў вясковую школу? Ну які псіхолаг паедзе з райцэнтра, напрыклад, у школу ў Сыраватках за 60 км ад Смаргоні? Каб вырашыць праблему, на Смаргоншчыне была створана псіхалагічная служба. Мінулы навучальны год мы працавалі ў эксперыментальным праекце, а ў бягучым навучальным годзе эксперыментальны праект быў пераведзены ў інавацыйную дзейнасць.
Такім чынам, Смаргонскім СПЦ у 2021—2023 гадах рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння арганізацыі псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Распрацоўшчыкам і кансультантам праекта з’яўляецца Наталля Віктараўна Смірнова, загадчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт. У інавацыйнай дзейнасці ўдзельнічаюць усе педагогі-псіхолагі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Смаргонскага раёна, яны і складаюць раённую псіхалагічную службу.
— Як арганізаваць аказанне псіхалагічнай дапамогі ўсім? — працягвае Н.М.Мікеня. — Мы ўзгаднілі з упраўленнем адукацыі свой варыянт дзейнасці псіхалагічнай службы. Я з’яўляюся каардынатарам гэтай службы, і мы па загадзе ўпраўлення адукацыі замацавалі некалькі педагогаў-псіхолагаў за тымі ўстановамі адукацыі ў нашым раёне, дзе такога спецыяліста няма. Напрыклад, наш СПЦ замацаваны за ўстановай адукацыі, дзе вучацца шмат дзяцей з прыёмных сем’яў. Улічваецца і фактар тэрыторыі. Вёска Сыраваткі, дзе працуе базавая школа і няма педагога-псіхолага, знаходзіцца непадалёк вёскі Жодзішкі, дзе ёсць сярэдняя школа і ёсць педагог-псіхолаг. Паміж вёскамі арганізаваны падвоз дзяцей, таму псіхолаг школы з Жодзішак аказвае дапамогу школе ў Сыраватках. Такім чынам мы замацавалі спецыялістаў за кожнай з 6 школ, дзе няма педагогаў-псіхолагаў. І пачалі працаваць.
Удалы алгарытм работы
Сярэдняя школа № 3 Смаргоні замацавана за Асінаўшчызненскім яслямі-садам — пачатковай школай. Па словах Н.М.Мікені, спецыфіка 3-й гарадской школы ў тым, што тут вучацца дзеці з некалькіх вёсак Смаргонскага раёна. У школе працуюць адначасова з гарадскімі і сельскімі дзецьмі. Паколькі школа ў Асінаўшчызне пачатковая, то яе выпускнікі ідуць у сярэднюю школу № 3 і трапляюць да таго ж педагога-псіхолага, які з імі ўжо працаваў. Псіхолаг гарадской школы праводзіць таксама мерапрыемствы, запланаваныя ў каляндарным плане вясковай школы, за якой замацаваны.
— Для таго каб урэгуляваць гэтую дзейнасць, мы пішам хадайніцтвы, — дзеліцца вопытам Наталля Мікалаеўна. — Напрыклад, я пішу хадайніцтва, што педагога-псіхолага Таццяну Аляксандраўну Калакольцаву з 3-й школы трэба накіраваць у рамках інавацыйнай дзейнасці ў Асінаўшчызну, а педагога-псіхолага Віталя Рыгоравіча Войтку з 1-й школы накіраваць у Сінькі — для правядзення дыягнастычнага даследавання па выяўленні фактараў суіцыдальнай рызыкі навучэнцаў. Такі дакумент накіроўваецца, зразумела, адразу на дзве ўстановы — гарадскую і сельскую, каб іх кіраўнікі ведалі, дзе іх супрацоўнік і чым ён займаецца, а таксама каб кіраўнік сельскай школы арганізаваў падвоз педагога-псіхолага і забяспечыў яго неабходнымі матэрыяламі для работы. Гэта ўсё прадугледжана ў загадзе ўпраўлення адукацыі. Лічу, што мы распрацавалі ўдалы для нас алгарытм работы ў рамках інавацыйнай дзейнасці.
Расказваючы пра сябе, Н.М.Мікеня адзначае, што яе работа мае высокі ўзровень адказнасці, бо, акрамя іншага, Наталля Мікалаеўна рыхтуе кандыдатаў ва ўсынавіцелі і прыёмныя бацькі.
— У маёй практыцы былі выпадкі, калі я пісала адмоўнае заключэнне. Кандыдаты ўвесь час спяшаюцца, яны ўпэўнены, што гатовы ўзяць дзіця ў сваю сям’ю. Аднак пакуль я не вывучу сямейную сістэму, размеркаванне абавязкаў, чым жывуць усе члены сям’і, мне цяжка зрабіць праўдзівую выснову пра гатоўнасць да гэтага адказнага кроку.
Быў выпадак, калі да мяне па дапамогу звярталіся бацькі пасля ўдачарэння пяцігадовай дзяўчынкі, якая, падросшы, у свае 15 гадоў выйшла з-пад кантролю сваіх удачарыцеляў, вяла свабодны лад жыцця. Спатрэбілася паўгода работы з бацькамі і дзяўчынкай, каб дзіця вярнулася ў сям’ю. Гэты выпадак і для мяне стаў знакавым. Здаралася, што бацькі не ведалі, дзе іх дачка, таму даводзілася яе шукаць з міліцыяй. Спатрэбілася ўрачэбная дапамога з накіраваннем дзіцяці ў стацыянар і медыкаментозным лячэннем, бо дзяўчынка пачала рэзаць рукі, не верачы ў тое, што яна камусьці патрэбна. Зараз тая дзяўчынка ўжо маладая маці. Яна выйшла замуж, нарадзіла дзіця і жыве ў кватэры, якую пакінулі ёй бацькі.
У гэтым навучальным годзе мы праводзілі дыягнастычную і асветніцкую работу згодна з каляндарным планам. У наступным годзе пакінем рэзерв для экстранных сітуацый, запытаў на псіхалагічную дапамогу з-за канфліктаў у класе, суіцыдальнай рызыкі і г.д., каб палепшыць якасць аказання псіхалагічнай дапамогі. Гэта прыярытэтная задача на наступны навучальны год у рамках інавацыйнай дзейнасці. Наталля Віктараўна Смірнова ўзгадніла гэты план. Думаю, што інавацыйная дзейнасць аказваць псіхалагічную дапамогу ў кожнай установе адукацыі, нават калі там няма педагога-псіхолага, у будучыні перарасце ў звычайную практыку работы ўсіх айчынных устаноў адукацыі. Будзе распрацавана адзіная мадэль аказання псіхалагічнай дапамогі.
Справіцца з гвалтам
Другі інавацыйны праект Смаргонскага СПЦ на 2020—2023 гады — “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння сацыяльна-педагагічнага цэнтра і ўстановы адукацыі па забеспячэнні псіхалагічна бяспечнага адукацыйнага асяроддзя”. Кансультантамі інавацыйнай дзейнасці з’яўляюцца Наталля Віктараўна Смірнова, загадчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, і Аксана Пятроўна Аўсяннікава, педагог-псіхолаг упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
— У рамках другога інавацыйнага праекта (сумеснага СПЦ і сярэдняй школы № 3 Смаргоні) працуем на прафілактыку булінгу, падтрымку навучэнцаў незалежна ад іх асобасных асаблівасцей, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Мы дзейнічаем, па сутнасці, як метадычны рэсурсны цэнтр. Сярэдняя школа № 3 была выбрана для такой работы, бо дзеці там вучацца, як я гаварыла раней, розныя — гарадскія і сельскія. Таксама гэтую школу наведваюць усе дзеці нашага прытулку, бо СПЦ размешчаны побач з 3-й гарадской школай.
У краіне зараз сталі больш частымі выпадкі насілля над дзецьмі (у тым ліку і сексуальнага) з боку апекуноў, блізкіх сваякоў, сужыцеляў маці і г.д. Педагог-псіхолаг расказвае пра выпадак у раёне, калі мужчына, вызвалены з месцаў пазбаўлення волі, чуць не ўчыніў сексуальны гвалт над дзяўчынкай-падлеткам. Яго вельмі хутка затрымалі, у тым ліку дзякуючы псіхолагу, якая выкарыстоўвала ў рабоце з дзяўчынкай тэст з партрэтамі, і дзіця пазнала гвалтаўніка на карцінцы. У суседнім раёне прыёмныя бацькі выкарыстоўвалі фізічныя пакаранні ў выхаванні прыёмных дзяцей, яны асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі.
— Існуе магчымасць стварэння пакояў для апытання дзяцей, якія падвергліся гвалту, — расказвае Наталля Мікалаеўна Мікеня. — Я сёлета прайшла навучанне ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па правядзенні такога апытання і мару стварыць такі пакой на базе нашага СПЦ. Гэта быў бы выдатны вынік працы ў праекце. Магчымасці абсталяваць пакой для апытання пакуль няма, але, можа, атрымаецца, стварыць сенсорны пакой для работы з дзецьмі, якія падвергліся гвалту, каб дзіця адчула сябе ў поўнай бяспецы. Упэўнена: дзеці заўсёды павінны знаходзіцца ў бяспечным асяроддзі.
Наталля КАСТЭНКА,
Фота Галіны АНТОНАВАЙ