Самому быць мастаком, творцам ці быць педагогам і вучыць творчасці дзяцей? Пытанне няпростае, але не для гэтай прыгожай жанчыны, якая родам з Клецкага раёна Мінскай вобласці. У Марыі Уладзіміраўны КІСЕЛЬ выдатна спалучаюцца абодва гэтыя таленты.
Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці сустракае нас гоманам дзіцячых галасоў, што абсалютна заканамерна, і нетыповай для такой установы планіроўкай памяшканняў. Справа ў тым, што пад цяперашні цэнтр дзіцячай творчасці перафармаціраваны колішні… гарадскі кінатэатр “Іскра”. Такая нетыповасць адразу наводзіць на думку: тут павінны працаваць крэатыўныя педагогі. Наша гераіня — кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Скарбніца” Марыя Уладзіміраўна Кісель — якраз адна з такіх.
Марыя Уладзіміраўна родам з вёскі Сцяпужычы Клецкага раёна. Яна выхаваная і выпеставаная роднай зямлёй і зараз гэтак жа песціць і выхоўвае юныя таленты Клеччыны.
“Маляваць я любіла з дзяцінства, — пачынае свой аповед М.У.Кісель. — З малых гадоў памятаю сябе з фламастарамі, алоўкамі, фарбамі. Талент мне перадаўся ў спадчыну ад бацькі, які вельмі добра маляваў. Тата працаваў ляснічым, таму асабліва ўдаваліся яму выявы жывёл. Я ж часцей за ўсё малюю кветкі. (Сцены кабінета, у якім працуе наша гераіня, завешаны карцінамі, на якіх кветкі, пейзажы і каты. — Заўвага аўтара.)
Я скончыла Даматканавіцкую сярэднюю школу Клецкага раёна. Яшчэ вучаніцай марыла стаць мастаком, раілі мне гэта і мае аднакласнікі, якія лічылі мяне здольнай да такой прафесіі. Гэтым яны мяне падтрымлівалі, давалі магчымасць адчуць сябе таленавітай. Ды і сама я пра іншую спецыяльнасць і не думала”.
Па словах педагога, стаць мастаком у той час было вельмі складана, на адпаведныя спецыяльнасці быў вялікі конкурс. І ўсё ж у нашай гераіні атрымалася: яна скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці “Інкрустатар саломкай, мастак роспісу па дрэве”.
На першае працоўнае месца Марыя Уладзіміраўна адправілася ў Клецкі дзіцячы дом. Установа знаходзілася непадалёк яе роднай вёскі, да таго ж дзяўчына сумавала па доме, таму з радасцю пачала працаваць інструктарам па рабоце з дзецьмі-сіротамі. “Мы з выхаванцамі шмат займаліся творчасцю, а я для сябе атрымала агромністы вопыт зносін з дзецьмі, навучылася любіць іх і сваю прафесію. Для дзяцей-сірот самым важным у нашых занятках, на мой погляд, была ўвага. Мяне, як і іншых педагогаў, маленькія сіроты называлі мамай… Я сачу за іх лёсам, і зараз дзеці тых маіх першых навучэнцаў наведваюць мае заняткі ў цэнтры дзіцячай творчасці. Гэта, напрыклад, Віталіна Дудук, маму якой, Іну, я калісьці вучыла”, — успамінае М.У.Кісель.
У дзіцячым доме яна працавала 15 гадоў. За гэты час паспела стварыць уласную сям’ю, нарадзіць сына і дачку. Яе Насця, якой зараз 12 гадоў, цяпер займаецца ў “Скарбніцы” пад кіраўніцтвам матулі і марыць стаць дызайнерам адзення, нават спрабуе сябе ў гэтай якасці. Юныя ўдзельніцы аб’яднання па інтарэсах “Скарбніца” прыдумалі сваю калекцыю адзення “Джынсавы бум”, у аздабленні мадэлей выкарыстоўвалі тэхнікі мастацкага роспісу тканіны, аплікацыі са святлоадбівальнай тканіны, кветкі з тканіны.
Пасля работы ў дзіцячым доме наша гераіня крыху папрацавала свабодным мастаком — каб перазагрузіцца, адчуць новыя эмоцыі. Аднак засумавала па дзецях, таму што творчаму чалавеку заўсёды патрэбна пазітыўная энергія, а дзеці яе заўсёды даюць з лішкам. Прызнаецца, што зразумела: ёй падабаецца маляваць для кагосьці, вучыць кагосьці, адчуваць сваю запатрабаванасць.
— Я прыйшла ў Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці ў 2018 годзе, — працягвае М.У.Кісель. — Мы з дзецьмі займаемся жывапісам, графікай, робім аплікацыю. І нам заўсёды хочацца пахваліцца сваёй работай. А як гэта зрабіць? Вырашылі з дзецьмі размалёўваць джынсавыя касцюмы. Пачалі эксперыментаваць са старых рэчаў з джынсавай тканіны. Хацелі, каб работа не проста вісела, збірала пыл, а, так бы мовіць, выходзіла ў людзі. Каб усе бачылі, якія нашы дзеці малайцы! Для гэтага мы актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, у прыватнасці, выставе-конкурсе “АрхНавацыя”, конкурсе “Паштоўка.бай”. У гэтым навучальным годзе заваявалі дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” — стварылі шоперы з джынсавай тканіны. І пакуль мы прыйшлі да стварэння сваіх цудоўных шопераў, вы не ўяўляеце, што мы толькі з джынсамі не выраблялі! Мы іх і рэзалі, і варылі, і рвалі, выразалі з іх кветкі, клеілі на іх аплікацыі, блёсткі. Гэта ўсё, каб зрабіць з шопера сапраўдны мастацкі твор, не падобны на іншыя, эксклюзіўны, унікальны.
Акрамя работы з джынсавай тканінай, Марыя Уладзіміраўна Кісель са сваімі выхаванцамі займаліся вырабам калекцыі адзення “Поры года” — стварылі калекцыю дзявочых сукенак, нядаўна за яе атрымалі дыплом І ступені абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет” у намінацыі “Тэатр моды” ва ўзроставай катэгорыі 6—12 гадоў. Зараз педагог з дзецьмі рыхтуюцца да чарговага конкурсу: падчас нашага візіту ў цэнтр творчасці дзве выхаванкі Марыі Уладзіміраўны старанна малявалі храмы.
“Творчасць — гэта не проста прыгожая карціна ці песня, гэта тое, што ідзе ад самага сэрца”, — так сказала нам Каця, адна з выхаванак Марыі Уладзіміраўны Кісель. А сама педагог прызнаецца, што не хацела б пражыць сваё жыццё па-іншаму, што лепш для яе і немагчыма. Яе жыццё — адна суцэльная творчасць. Ды і сама Марыя Уладзіміраўна Кісель — сапраўдная скарбніца, квінтэсэнцыя таленту клецкай зямлі.
Наталля КАСТЭНКА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА