Да навукі — з любоўю

- 11:59В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У Беларусі прайшоў першы форум выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка “Навука. Моладзь. Будучыня”.

Удзельнікамі форуму сталі школьнікі і гімназісты, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, якія з’яўляюцца навучэнцамі адукацыйных змен дзіцячага тэхнапарка. Учора яны наведалі Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і завод “Палітэхнік” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, а затым прэзентавалі свае паспяховыя навуковыя праекты ў фае тэхнапарка, абмяняліся вопытам і намецілі сумесныя навукова-адукацыйныя планы.

Акрамя таго, удзельнікі форуму мелі магчымасць сустрэцца з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом, які паведаміў, што на пачатку верасня плануецца адкрыццё новага ўласнага лабараторна-вучэбнага корпуса тэхнапарка, а ў хуткім часе завершыцца і будаўніцтва інтэрната на 300 месцаў, таму ўсе навучэнцы змогуць жыць у камфортных умовах.

— Далёка не ўсе ўніверсітэцкія лабараторыі маюць такое ж сучаснае абсталяванне, якое будзе размешчана ў лабараторна-вучэбным корпусе тэхнапарка, — адзначыў міністр. — Будзе створана цудоўная інфраструктура для таго, каб вы маглі займацца спортам і творчасцю: актавая зала, асобныя спартыўныя пляцоўкі — як на вуліцы, так і крытыя. Такім чынам, будуць ідэальныя ўмовы для навучання.

У час адкрытага дыялогу прагучалі шматлікія пытанні. Многія з іх тычыліся льгот пры паступленні. Андрэй Іванавіч нагадаў пра новаўвядзенне, якое з’явіцца ў наступным годзе:

— Нашы ўніверсітэты пачнуць праводзіць прадметныя алімпіяды, пераможцы якіх у лютым — сакавіку будуць залічвацца без экзаменаў. Тут мы падтрымліваем лозунг: дзе нара­дзіўся, там і спатрэбіўся. Рэгіянальныя УВА будуць у прыярытэце. Гэта робіцца для таго, каб дзеці абласных цэнтраў імкнуліся станавіцца студэнтамі сваіх рэгіянальных
універсітэтаў.

Да таго ж міністра адукацыі папрасілі патлумачыць, што сабой будзе ўяўляць цэнтралізаваны экзамен:

— Ён будзе праходзіць у форме тэсціравання. Ужо сёння вызначана каля 115 пунктаў здачы ЦЭ, іх у 2,5 разу больш, чым пунктаў ЦТ. Заданні будуць у многім падобныя, глабальных новаўвядзенняў не будзе. За выключэннем таго, што частка А будзе скарочана, а частка В пашырана. Мы выдатна разумеем, што важна развіць навыкі, а не проста атры­маць веды па нейкіх асобных элементах вучэбнай праграмы. Узровень заданняў будзе адпавядаць школьнай праграме. А яшчэ мы разлічваем, што будзе поўная карэляцыя з гадавой адзнакай. Так, калі гадавая адзнака 8, а па цэнтралізаваным экзамене вучань атрымаў 9, то ў атэстат пойдзе
дзявятка.

На форуме паведамілі, што падпісана пагадненне паміж саветам маладых вучоных НАН Беларусі і Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам.

— Гэта заканамерны вынік супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Акадэміі навук. Да таго ж намі створаны кластар па рабоце з адоранай моладдзю ўсёй краіны, каб нашы таленавітыя юнакі і дзяўчаты маглі атрымліваць пуцёўкі ва ўстановы дадатковай адукацыі, у тым ліку і на паўторнае праходжанне навучання ў тэхнапарку, — дадаў А.І.Іванец.

Лепшым выпускнікам тэхнапарка ў канцы адкрытага дыялогу былі ўручаны пуцёўкі на адпачынак у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. На развітанне міністр адукацыі пажадаў усім удзельнікам форуму любіць сваю справу:

— Трэба любіць сваю справу і прадмет — і тады ўсё атрымаецца і будзе вынік. Без любові нічога не бывае нават у навуцы!

Вольга АНТОНЕНКАВА,
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий