Прафарыентацыйнае мерапрыемства Profyland, што прайшло ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным прафесійна-тэхнічным каледжы, хочацца параўнаць са шматфункцыянальным трэнажорам, на якім можна пракачваць розныя групы мышц. Гэтак жа і Profyland — гэта мерапрыемства, якое вырашае мноства задач. Тут дзеці адпачывалі, спаборнічалі, даведваліся аб прафесіях, развівалі свае камунікатыўныя навыкі і ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта.
У каледжы рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”. Праект, які стартаваў у 2021 годзе, разлічаны на 3 гады. У яго рэалізацыю ў Мінску ўключыліся 22 установы адукацыі. Адзіная ўстанова прафесійнай адукацыі сярод іх — Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж.
Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці кожнай установы адукацыі і ўвогуле сістэмы адукацыі на сучасным этапе.
— Наша ўстанова дае навучэнцам прафесію, і сёння навыкі камунікацыі абавязковыя для поспеху ў любой прафесійнай дзейнасці. Таму для нас праект, які прадугледжвае развіццё камунікатыўнай кампетэнтнасці, вельмі актуальны. Тым больш на сучасным этапе, калі мы заўважаем, што звычка камунікаваць з дапамогай гаджэтаў негатыўна ўплывае на навыкі камунікацыі ў рэальным свеце, — расказвае аб праекце Наталля Пятроўна Стадольнік, намеснік дырэктара каледжа.
Праект дае магчымасць значнага пашырэння асяроддзя камунікацыі. Пры традыцыйнай арганізацыі выхаваўчай дзейнасці навучэнцы найчасцей маюць зносіны ўнутры свайго калектыву ва ўстанове адукацыі, а гэта значыць, асяроддзе камунікацыі атрымліваецца даволі вузкім. У рамках праекта ўстановы-ўдзельніцы ўключаюцца ў сумесныя мерапрыемствы. Кожная ўстанова праводзіць раз на год адкрытае мерапрыемства, на якое запрашае іншых удзельнікаў праекта. Найбуйнейшы сталічны валанцёрскі маладзёжны фестываль “NашеSтвие-2022” таксама запрашае навучэнцаў і педагогаў, якія рэалізуюць рэспубліканскія інавацыйныя праекты.
— Пры ўзаемадзеянні ўстаноў адукацыі асяроддзе ўзаемадзеяння павялічваецца і вынікі працы становяцца больш прадукцыйнымі і якаснымі, у кожнага ўдзельніка з’яўляецца ўнікальная магчымасць развіцця і ўдасканалення сваіх прафесійных ключавых кампетэнцый, камунікатыўных навыкаў, назіраецца асобасны рост. Менавіта над усталяваннем такіх сувязей мы працуем у рамках ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці, — працягвае Н.П.Стадольнік.
Набываць камунікатыўныя навыкі лепш за ўсё на практыцы, таму навучэнцы каледжа максімальна ўключаюцца ў разнастайныя мерапрыемствы і актыўнасці. У гэтай рабоце задзейнічаны не толькі супрацоўнікі, якія непасрэдна займаюцца выхаваўчай работай, але і выкладчыкі розных дысцыплін. Напрыклад, яны праводзяць пазавучэбныя мерапрыемствы па сваіх прадметах, якія прадугледжваюць і трэніроўку камунікатыўных навыкаў. Так, выкладчык англійскай мовы правяла мерапрыемства, прысвечанае чайным традыцыям народаў свету. Навучэнцы разам пілі чай па-англійску, па-японску, па-беларуску і, канечне, за кубачкам гарачага напітку мелі зносіны.
Ключавая роля ў актывізацыі камунікатыўнай актыўнасці адводзіцца грамадскім арганізацыям. Каледж супрацоўнічае з БРСМ, Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, ва ўстанове актыўна дзейнічае навучэнская прафсаюзная арганізацыя. Навучэнцы найбольш актыўна праявілі сябе ў валанцёрскай дзейнасці. Дарэчы, валанцёрскія традыцыі ў каледжы моцныя — на працягу некалькіх гадоў валанцёры каледжа займаліся “LEGО-тэрапіяй” — дапамагалі маленькім пацыентам дзіцячай бальніцы адцягнуць увагу ад болю, думак пра хваробу і суму па бацьках. На жаль, з-за каранавіруса трапіць у бальніцы стала практычна немагчыма. Аднак валанцёры заўсёды знаходзяць для сябе карысныя справы. Навучэнцы каледжа, напрыклад, актыўна ўключыліся ў работу па інфармаванні насельніцтва падчас пандэміі, падтрымліваюць дабрачынную дзейнасць, накіраваную на дапамогу бяздомным жывёлам, займаюцца добраўпарадкаваннем.
Цудоўныя магчымасці для развіцця камунікатыўных навыкаў дае прафарыентацыйная работа. Таму яна стала важным элементам у рэалізацыі праекта — згадзіцеся, для таго каб добра прадставіць сваю ўстанову, трэба ўмець узаемадзейнічаць з людзьмі. Менавіта гэтаму навучэнцы вучацца, рыхтуючыся да прафарыентацыйных мерапрыемстваў і ўдзельнічаючы ў іх. Таму і кульмінацыйная падзея ў рамках праекта была менавіта прафарыентацыйнай. Маштабнае прафарыентацыйнае мерапрыемства Profyland запрасіла да ўдзелу навучэнцаў школ і гімназій сталіцы, якія ўдзельнічаюць у праекце, і яшчэ шэрага ўстаноў.
Школьнікам прапанавалі займальны прафарыентацыйны квест: выконваючы заданні на розных станцыях, юнакі і дзяўчаты даведаліся пра асаблівасці работы халадзільшчыкаў, афіцыянтаў, кухараў, кандытараў.
Так, на станцыі “Масленіца” ўдзельнікам прапанавалі палюбавацца бліннай выставай і на смак вызначыць, чым начынены бліны. І адначасова расказалі, што ў каледжы рыхтуюць кулінараў мучных вырабаў. А на станцыі “Лёдаправод” школьнікі стваралі карціны на лёдзе, так іх увагу прыцягнулі да спецыяльнасці “Машыніст халадзільных установак”. Падчас кава-паўзы “Ноткі натхнення” яны паспрабавалі сябе ў ролі кандытараў і ўпрыгожвалі капкейкі. Таксама іх чакалі танцавальны флэш-моб, музычны квіз, інтэлектуальная віктарына, бармен-шоу і фотазона. І ўсюды школьнікаў сустракалі і суправаджалі навучэнцы каледжа, якія расказвалі пра сваю ўстанову і адначасова адточвалі на справе свае камунікатыўныя ўменні.
Уменне ладзіць зносіны, весці гутарку, працаваць у камандзе, вырашаць самыя розныя камунікатыўныя задачы — гэта той скарб, які каледж дае сваім выпускнікам у дадатак да прафесіі.
Дар’я РЭВА