Шанс дамовіцца

- 12:15В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

За 7 гадоў сваёй дзейнасці школьная медыяцыя вырасла з першапачатковых маштабаў: канцэпцыя аб развіцці медыяцыі ў сферы адукацыі распрацавана да 2025 года. У дакуменце абгрунтавана неабходнасць яе прымянення ва ўстановах адукацыі, а таксама распрацаваны кірункі, па якіх будзе працаваць сістэма дасудовага вырашэння канфліктаў. 

Падрабязней аб прынцыпах работы медыятара ў адукацыі, фестывалі для школьнікаў і студэнтаў і тым, якая роля ў медыяцыі належыць бацькам, расказала выканаўчы дырэктар Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў намеснік дырэктара “Цэнтра “Медыяцыя і права” Ірына Уладзіміраўна АРЛОЎСКАЯ.

— Ірына Уладзіміраўна, нядаўна прайшоў V фестываль школьнікаў і студэнтаў “Медыяцыя будучыні”. Чым ён адметны?

— Наш фестываль накіраваны на тое, каб павысіць кваліфікацыю і даць нешта новае тым, хто ўваходзіць у склад каманд створаных службаў медыяцыі. Сёлетні фес­тываль не стаў выключэннем. У ім прынялі ўдзел тыя школы, у якіх летась нічога, што было б звязана з медыяцыяй, не існавала. Яны нядаўна далучыліся да інавацыйнага праекта па дасудовым вырашэнні канфліктаў. Значна, што сёлета да фестывалю далучыліся новыя рэгіёны і тыя ўстановы адукацыі, якія толькі чулі пра медыяцыю. Пасля таго, як быў праведзены першы фестываль, школьныя службы медыяцыі былі створаны ў 20 установах адукацыі Мінска і 6 — у Гро­дзенскай вобласці. 

Сёння маштабы школьных службаў медыяцыі прыметна выраслі. Так, у Мінску ў 58 установах адукацыі працуюць службы мірнага ўрэгулявання канфліктаў, у Гомельскай вобласці такіх структур 10, у Віцебскай пакуль што 4 школы далучыліся да нас. З астатнімі рэгіёнамі мы таксама спрабуем наладзіць супрацоўніцтва. Дарэчы, у Салігорскім раёне ўжо 12 школ пад­рыхтавалі дакументы, каб з пачатку новага навучальнага года ў іх пачалі дзейнічаць школьныя службы медыяцыі. Навучэнцы, якія будуць працаваць там, ужо прайшлі навучанне.            

Адметнасць сёлетняга фестывалю — укараненне ў медыяцыю малюнка. Нам з гэтым дапамаглі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава. Так, з дапамогай выяўленчага мастацтва дзеці за 4 гадзіны змаглі адлюстраваць свае эмоцыі і прычыны тых канфліктаў, з якімі яны сутыкнуліся. Педагогі, якія працуюць з намі з 2016 года, арганізавалі на фестывалі дыскусію, падчас якой абмеркавалі магчымасць і шляхі арганізацыі школьнай службы медыяцыі. Увогуле, мы гатовы праца­ваць і распрацаваць для педагогаў праграму па павышэнні кваліфікацыі. 

— Ці значыць гэта, што сучасная школа гатова да новых форм камунікацыі і да ства­рэння службаў медыяцыі?

— Так, я ўбачыла гэтую гатоўнасць. І ўбачыла, што педагагічныя калектывы гатовы дапамагаць ­адзін аднаму. Напрыклад, калі ў адной са школ ужо створана служба медыяцыі, а ў іншай — не, то тыя настаўнікі, што ведаюць асновы медыяцыі, гатовы дапамагчы сваім калегам разабрацца з усімі нюансамі. Яшчэ адзін варыянт — можна звярнуцца да нас у цэнтр. Такой  магчымасцю педагогі з рэгіёнаў таксама карыстаюцца, звяртаюцца з запытамі на вырашэнне розных па сваіх маштабах канфліктных сітуацый. А калі, напрыклад, ёсць канфлікт паміж навучэнцамі, то перадаём інфармацыю пра такі выпадак у тую школу, дзе ёсць вопыт вырашэння аналагічнай праб­лемы. Прынцып “роўны навучае роўнага” — найбольш прымальны ў пытаннях узаемадзеяння паміж навучэнцамі. Дзеці вельмі хутка і лёгка знаходзяць кропкі паразу­мення і даверу, раскрываюцца адно перад адным. 

Медыяцыя — гэта магчымасць і дзецям, і бацькам быць пачутымі.

Сутыкаючыся з цяжкім выпадкам, напрыклад, калі дзіця трапляе на камісію па справах непаўналетніх, дзе вырашаецца яго лёс, самастойна разбіраемся з такім выпадкам. Але практыку, якую атрымліваем падчас работы з ім, распаўсюджваем праз майстар-класы. Гэта робіцца для таго, каб падзяліцца атрыманым вопытам з педагогамі. Увогуле, мы імкнёмся распаўсюджваць самы розны вопыт. 

— Як медыяцыя ўплывае на бацькоўска-дзіцячыя адносіны? 

— Варта пачаць з таго, што дзеці, якія вучацца прымяняць медыяцыю, мяняюцца. І зваротную сувязь мы якраз атрымліваем ад дарослых. Бацькі прыхо­дзяць ці тэлефануюць і кажуць, што іх дзіця змянілася, яно прапаноўвае абмеркаваць хвалюючыя праблемы. Такім чынам, дзеці гатовы да таго, каб не крыўдамі, а менавіта праз размову вырашаць праблемы. Безумоўна, гэта тычыцца толькі тых дзяцей, якія навучаны медыя­цыі і разумеюць: канфлікт — гэта не страшна, з ім трэба працаваць. 

Калі дзіця трапляе ў складаную сітуацыю, медыяцыя дае магчымасць і дзецям, і бацькам быць пачутымі. Але ў першую чаргу магчымасць быць пачутым з’яўляецца менавіта ў дзіцяці. Неяк да нас звярнуліся з адной мінскай школы. Адзін з навучэнцаў практычна заўтра павінен быў адправіцца ў калонію: дрэнная кампанія, пастаянныя бойкі, бацькі скасавалі шлюб і дзіця стала нікому не патрэбным. Мама перажывае, педагогі таксама хвалююцца, але знайсці кампраміс у іх не атрымліваецца. Дзіця ўвогуле ніхто з гэтых двух бакоў не чуе, а яно сваімі паводзінамі стараецца звярнуць на сябе ўвагу. Хлопчыку хочацца ўвагі ад таты, які ўжо стварыў новую сям’ю, падтрымкі ад мамы, якая дапаможа добрым словам і парадай, а не будзе папракаць і крычаць. 

На сумесную сустрэчу прыйшлі і мама, і тата. Калі сын пачуў ад таты, што ён для яго вельмі важны і, будучы старэйшым сынам, стане аўтарытэтам для дзяцей баць­кі, якія растуць у новай сям’і, то гэта многае вырашыла. Літаральна за месяц паводзіны хлопчыка змяніліся. Дырэктар школы расказала, што ён стараецца вучыцца, стаў больш спакойным. Падобныя сітуацыі вучаць адказнасці. І медыя­цыя — гэта якраз пра адказ­насць. У заканадаўстве не прапісана адказнасць за тыя ці іншыя ўчынкі, напрыклад, за крыўдныя словы, сказаныя ў адрас аднакласніка, ці дзеянні, што нашкодзілі яму. Але дзеці цудоўна ўсведамляюць, дзе і што зрабілі не так, разумеюць, што сваімі словамі і ўчынкамі робяць іншым балюча, прыносяць шкоду. Падчас мірнага ўрэгулявання канфлікту дзіця само разумее, якую памылку здзейсніла, і прапануе варыянты яе выпраўлення.

— У мінулым годзе паняцце медыяцыі было ўнесена ў крымінальнае заканадаўства. Наколькі аднаўленчая медыяцыя неабходна ў крымінальным працэсе ў адносінах да непаўналетніх? 

— Ужо сёння наш цэнтр стараецца ўкараніць у крымінальны працэс элементы аднаўленчай медыяцыі, асабліва калі гэта тычыцца дзіцяці. У крымінальным працэсе медыяцыя ўведзена ў адносінах да тых правапарушэнняў, што пад­разумяваюць прымірэнне. Мы плануем арганізаваць праект, які дапаможа “ўкласці” медыяцыю з усімі яе крокамі ў тыя тэрміны, што заканадаўствам вызначаны для правя­дзення тых ці іншых працэ­суальных дзеянняў. Працуючы з Міністэрствам юстыцыі і іншымі дзяржаўнымі структурамі, што ма­юць адносіны да крымінальнага пра­цэсу, думаем над метадалогіяй і тым, як медыя­цыя можа працаваць для дзяцей у крымінальным працэсе. Тое, што медыяцыя патрэбна ў рабоце з дзецьмі, — гэта дакладна. Яна дапамагае вяр­нуць пачуццё адказнасці, свядомасці. Даць шанс і магчымасць дзіцяці выправіцца — вельмі важна, бо дрэнныя, супрацьпраўныя ўчынкі ў першую чаргу здзяйсняюцца з той мэтай, каб звяр­нуць на сябе ўвагу бацькоў, настаўнікаў ці іншых лю­дзей, якія з’яўляюцца аўтарытэтам. 

Калі дзіця з’яўляецца правапарушаль­нікам і крымінальная справа ўжо заведзена, у яго з дапамогай медыяцыі ёсць магчымасць быць пачутым. Толькі дзякуючы канструктыўнаму дыялогу, у непаўналетняга ёсць шанс выправіцца.

Калі дзіця з’яўляецца правапарушальнікам і крымінальная справа ўжо заведзена, у яго з дапамогай медыяцыі ёсць магчымасць быць пачутым. Толькі дзякуючы канструктыўнаму дыялогу, у непаўналетняга ёсць шанс выправіцца. Быў выпадак, калі да мяне прыйшоў непаўналетні, у адносінах да якога ўжо была ўзбу­джана крымінальная справа, ішло следства. З дзіцем мы працавалі ў медыяцыі 2 месяцы. Аказваецца, праблема была ў тым, што баць­кі не прымалі прафесію, якую выб­раў для сябе падлетак. Бацька быў упэўнены, што сыну патрэбна мужчынская спецыяльнасць, а сын хацеў стаць прафесіяналам у іншай сферы. 

Дзякуючы медыяцыі, нам удалося ўстанавіць правілы, якія падтрымалі ўсе. Таксама абмеркавалі, як бацькі могуць прымаць сяброў хлопчыка, як гэта будзе праходзіць. І закранулі пытанне атрымання будучай прафесіі. Нягледзячы на тое, што наш герой ужо заканчвае навучанне ў той УВА, што рэкамендавалі бацька і маці, у яго на жыццё іншыя планы. Ён паступіў на выбраную татам спецыяль­насць, але хлопчыку было дадзена абяцанне, што як толькі ён атрымае дыплом з добрымі адзнакамі, то зможа паступіць яшчэ і туды, куды хацеў першапачаткова. Прычым з бацькоў было ўзята абяцанне аплаціць, калі ўдасца паступіць толькі на платнае аддзяленне, навучанне па тым кірунку, што даўно быў выбраны нашым героем. Гэты выпадак паказвае, што ў адносінах да паўналетніх медыяцыя з’яўляецца важнай, неабходнай і яна працуе.

Работа з гэтай сям’ёй завяршылася тым, што хлопчык змог зразумець, з-за чаго на яго заведзена крымінальная справа. Ён ведае, каму і якую шкоду нанёс сваімі дзеяннямі. Калі гэта стала відавочна, хлопец напісаў пакаяльны ліст, які мы накіравалі ў пракуратуру. Туды ж накіравалі тыя пагадненні, да якіх прыйшлі бацькі і дзіця. У выніку быў вынесены больш мяккі прыгавор, чым першапачаткова. Не ведаю, ці паўплывала на гэта наша работа, але дакладна тое, што такое ўзаема­дзеянне паказала, як сітуацыю ўспрымаюць дарослыя і дзіця, а таксама гатоўнасць бацькоў знайсці сілы справіцца з сітуацыяй і аказаць падтрымку дзіцяці.   

Асноўныя прынцыпы медыяцыі 

Добраахвотнасць — гэта першы і самы важны прынцып. Гвалтоўна ў медыяцыю нікога не прывядзеш. 

Нейтральнасць школьнай службе медыяцыі дапамагае забяспечваць знешні куратар. Гэта, дарэчы, прапісана ў канцэпцыі, прапанаванай Міністэрствам адукацыі. Куратар не ўваходзіць у штат супрацоўнікаў установы адукацыі. Ёсць сітуацыі, калі бацькі не гатовы абмяркоў­ваць праблемы з медыятарамі, ролю якіх выконваюць супрацоўнікі школы. Затое са знешнімі медыятарамі згаджаюцца працаваць. Гэта дазваляе баць­кам адчуваць сябе ў бяспецы, яны разумеюць, што нейтраль­насць медыятара будзе забяспечана. 

Канфідэнцыяльнасць забяспечваецца заканадаўствам для ўсіх без выключэння. Калі спецыяліст з’яўляецца медыятарам па канфлікце, то ён не можа выступаць сведкам па крымінальнай справе, за выключэннем вядомых яму фактаў пра здзейсненае злачынства ці пра тое, што будзе здзейснена. Калі дзецям тлумачым прынцып канфідэнцыяльнасці і прапануем вырашыць канфлікт у межах адпаведнага метаду, гэта з’яўляецца тым аргументам, што схіляе на карысць вырашэння спрэчкі ў медыяцыі. Дзецям важна пачуць, што за межы пакоя размова не выйдзе. Безумоўна, ведаючы гэта, яны раскрываюцца і гатовы да далейшага абмеркавання сваёй праблемы. Калі ў дзіцяці ёсць сумненні ў захаванасці інфармацыі, то можна заключыць пагадненне аб дадатковай канфідэнцыяльнасці.  

Раўнапраўнасць: бакі ў медыяцыі надзелены роўнай колькацю правоў і абавязкаў. Кожны з бакоў мае права выказваць думкі, прапаноўваць варыянты вырашэння канфлікту, рабіць заявы, прадстаўляць дакументы, якія адносяцца да сутнасці спрэчкі.

Супрацоўніцтва ўключае ў сябе гатоўнасць бакоў сумленна і адкрыта ўдзельнічаць у перамовах, прыкладаць неабходныя намаганні для выпрацоўкі варыянтаў вырашэння спрэчкі і інш.

Такім чынам, аднаўленчая медыяцыя не адмяняе таго, што прадугледжана заканадаўствам. Яна не замест заканадаўства. Медыяцыя працуе і дае вынік, калі дзейнічае сумесна з законам. 

— Ірына Уладзіміраўна, аналізуючы гэты выпадак, становіцца відавочна, што медыяцыя выходзіць за межы школы, ці не так?

— Безумоўна, медыяцыя пачала выходзіць за межы навучальнай установы. Зыходзячы з выпадкаў, якія мы разгледзелі, хочацца сказаць, што папулярызаваць інстытут медыяцыі, укараняць яго неабходна ўжо сёння. Дастаткова толькі кансалідацыі намаганняў усіх структур і арганізацый, якім неабыякава, што адбываецца з непаўналетнімі. Тыя, каго хвалюе будучыня дзяцей, хто працуе з імі, таксама могуць далучацца да нашай сумеснай дзейнасці. Думаю,
грамадства ўжо гатова да такога кроку. 

Гутарыла Наталля САХНО, 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий