Любоў да педагагічнай справы, захапленне фізікай з матэматыкай са школьнай пары дапамаглі ярка раскрыцца таленту маладога вучонага і педагога.
Выкладчык кафедры геаметрыі і матэматычнага аналізу Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Міхаіл Чарняўскі з тых, пра каго коратка і ёміста гаварылі — настаўніцкае дзіця. Родам ён з невялічкай вёскі Каўшэлева на захадзе Віцебшчыны. Маці прыйшла ў мясцовую базавую школу піянерважатай, потым выкладала нямецкую мову, доўгі час працавала завучам і вырасла да дырэктара ўстановы адукацыі. Зараз Алена Генадзьеўна на дэпутацкай рабоце, узначальвае сельвыканкам.
— Мяне ніхто ў настаўніцтва не падштурхоўваў: сам назіраў, з дзяцінства азнаёміўся з плюсамі і мінусамі прафесіі, яна год за годам усё больш прываблівала, — адзначае наш герой. — Самае галоўнае, што ў сям’і не адгаворвалі. Параіць — так, але рашэнне было за мной. Базавую школу скончыў у Шаркаўшчынскім раёне, сярэднюю — у суседнім Мёрскім, бо мая вёска знаходзіцца амаль на іх памежжы. Вучэбныя прадметы даваліся дастаткова лёгка, аднак у старшых класах інтарэсы змясціліся ў бок дакладных навук. У Новапагосцкай сярэдняй школе пашчасціла вучыцца ў Валянціны Аўласевіч. Я ўдзячны ўсім сваім настаўнікам, а Валянціне Сцяпанаўне асабліва: наш класны кіраўнік прывіла мне любоў да матэматыкі. Шчыра прызнацца, на выбар прафесіі паўплываў практычны разлік: школьнае жыццё я ведаў у падрабязнасцях і разумеў, што менавіта як настаўнік фізікі (з матэматыкай або інфарматыкай) буду заўсёды запатрабаваны і забяспечаны цікавай для сябе работай.
Дзе лепш вучыцца? Залатому медалісту настойліва раілі мінскія ўніверсітэты, а той падумаў ды падаў дакументы ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Так у 2011 годзе прыйшоў на фізічны факультэт (зараз факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій). Ён неаднаразова пераконваўся ў правільным рашэнні: каб стаць добрым настаўнікам фізікі, зусім не прынцыпова ехаць у сталіцу. На 3 курсе выбраў напрамкам навукова-педагагічную дзейнасць. Пра поспехі ў вучобе сведчаць сярэдні бал 9,7 і дыплом з адзнакай. Па словах Міхаіла, можна б вышэй — толькі адзнакі не былі самамэтай. Затое з 1 курса сур’ёзна захапілі навуковыя даследаванні.
На перспектыўнага студэнта звярнуў увагу загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Юрый Трубнікаў, які чытаў лекцыі па матэматычным аналізе. Для пачатку прапанаваў паўдзельнічаць у студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі.
Не бачу сябе вучоным, які займаецца выключна пэўнай навуковай праблемай у галіновым інстытуце. Мне таксама цікава выкладаць: падабаецца сам працэс, жывыя зносіны з аўдыторыяй.
— Зразумела, у мяне тады не было значнай матэматычнай падрыхтоўкі, — расказвае Міхаіл. — А мая першая тэма хітрая, яна даступная для разумення нават пачаткоўцу і добра ўспрымаецца слухачом. У геаметрыі існуе такое паняцце, як ступень кропкі адносна акружнасці. Каб не ўдавацца ў падрабязнасці, можна ўвесці аналагічнае паняцце ў дачыненні да эліпса. Тады мой навуковы кіраўнік разам з аспірантамі якраз развівалі названы напрамак, я далучыўся. Падрыхтаваў прэзентацыю, выступленне — і нечакана для сябе атрымаў дыплом І ступені.
У цэлым справа спадабалася. З 2 курса — студэнцкае навуковае таварыства. Мяне не дужа цікавіць матэматыка выключна абстрактная, калі навука дзеля навукі: бліжэй даследаванні прыкладнога характару, якія можна прымяніць пры разліках. Мы цесна супрацоўнічаем з Юрыем Валянцінавічам. Нягледзячы на тое, што я вучыўся на фізічным факультэце, курсавыя і дыпломныя рабіў па матэматыцы. Пачынаў з даследавання матрычных нелінейных ураўненняў, калі невядомая велічыня, аб’ект з’яўляюцца матрыцай. Асноўная праблема тут у некамутатыўнасці матрычнага множання: іншымі словамі, матрыца А памножыць на Б у большасці выпадкаў не раўняецца Б памножыць на А. Класічныя тэарэмы не працуюць, і немагчыма абагульніць рашэнне простага скалярнага выпадку. Між тым з’явіліся канкрэтныя задачы — напрыклад эканамічныя, — дзе трэба было рашаць менавіта матрычныя ўраўненні. Наступны напрамак, якім займаюся зараз, — развіццё аналітычных метадаў для набліжанага і дакладнага рашэння алгебраічных ураўненняў. Тэма гучыць звычайна, бо алгебраічныя ўраўненні пранізваюць практычна ўсе сферы і галіны чалавечай дзейнасці, дзе прымяняецца матэматыка. Ды вось застаўся нярэшаным шэраг задач. Раней вучоныя не маглі падступіцца да іх без прымянення камп’ютара, у наш час гэта рэальна.
Пасля заканчэння магістратуры Міхаіл Чарняўскі невялікі час працаваў па размеркаванні настаўнікам інфарматыкі ў Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна, затым паступіў у аспірантуру. Глабальных жыццёвых мэт малады чалавек, па яго словах, ставіць не любіць: лепш невялікія тактычныя, гарантавана дасягальныя. У планах на бягучы год абарона кандыдацкай дысертацыі. Варта дадаць, што ў 2020 годзе Міхаіл стаў уладальнікам стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўвайшоў у склад савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. З 2016 года бесперапынна з’яўляецца адным з выканаўцаў заданняў дзяржпраграмы “Канвергенцыя”, на сёння кіруе праектам Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў “Распрацоўка новых метадаў знаходжання каранёў алгебраічных ураўненняў у сімвальным выглядзе”.
— Адчуваю сябе часцінкай навуковай школы, яшчэ мацней — факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій, — прызнаецца выкладчык. — Працую на кафедры геаметрыі і матэматычнага аналізу, у той жа час работа цесна звязана з фізікай. Так, на падрыхтоўчым аддзяленні вяду курсы, задзейнічаны ў падрыхтоўцы каманды вобласці да рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце. Пастаянна ўваходжу ў журы абласнога этапу алімпіяды, конкурсу работ даследчага характару “Эўрыка”, абласной канферэнцыі “Квант”. Плюс конкурсы, турніры, алімпіяды і, безумоўна, супрацоўніцтва з іншымі ўніверсітэтамі, сацыяльнымі партнёрамі.
У наступным навучальным годзе пры ВДУ адкрываецца ліцэй — таксама будуць мяне далучаць. Як ні дзіўна ў наш прагматычны час, сярод маіх студэнтаў шмат тых, хто збіраецца стаць настаўнікам. Хтосьці да навукі праяўляе схільнасць. Стараюся такіх падтрымліваць і ўсіх астатніх на гэта нацэльваць. Напэўна, педагагічны складнік усё ж бліжэйшы для мяне.
Таццяна БОНДАРАВА,
Фота аўтара